ВО́ЧНАЯ СТА́ЎКА,

следчае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым допыце дзвюх (або больш) асоб, у паказаннях якіх выяўлены істотныя супярэчнасці. Праводзіцца па ініцыятыве следчага, суда, пракурора для атрымання больш праўдзівых звестак ці з мэтай высветліць, якое з ранейшых паказанняў адпавядае сапраўднасці. Парадак правядзення вочнай стаўкі рэгламентуецца КПК Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАНТЫ́ЙНЫ КАПІТА́Л,

уласны капітал акцыянерных зямельных банкаў, ашчадных банкаў, страхавых т-ваў. Звычайна знаходзяцца ў ліквідных формах і складае пэўны працэнт да сумы іх абавязацельстваў (паводле заканадаўства штата Нью-Йорк, напр., гарантыйны капітал складае не больш за 10%). Складаецца з узносаў акцыянераў і дапаўняецца потым адлічэннямі з прыбыткаў.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУ́ЗІНА,

шматнасенны несапраўдны ягадападобны плод кветкавых раслін, звычайна з сакаўнымі прамежкавым і ўнутр. слаямі каляплодніка (меза- і эндакарпа), плацэнтамі і тоўстым, шчыльным або цвёрдым вонкавым экзакарпам. Ва ўтварэнні гарбузіны прымае ўдзел кветаложа. Марфалагічна гарбузіна — ніжняя паракарпная ягада. Характэрна для агурка, гарбуза, кавуна, дыні і інш. раслін з сям. гарбузовых.

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГЕРАТЫ́ПІЯ (ад імя франц. вынаходніка Л.Ж.Дагера),

першы з набыўшых пашырэнне спосабаў фатаграфіі, заснаваны на выкарыстанні святлоадчувальных матэрыялаў, якія маюць галагеніды серабра. Прапанаваны ў 1839 (лічыцца годам заснавання фатаграфіі). Выкарыстоўваўся пераважна для партрэтнай здымкі да вынаходства мокракаладыйнага працэсу. Асн. недахопы дагератыпіі — нізкая святлоадчувальнасць фотапласцінак, немагчымасць атрымання копій з выявы.

т. 5, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЬКО́ (Фёдар Пятровіч) (15.2.1921, в. Занькі Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 9.5.1979),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў школу паветр. стралкоў (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Паветраны стралок штурмавога авіяпалка старшына З. вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі, ва Усх. Прусіі, зрабіў 234 баявыя вылеты.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ЦІН (Яфім Ізраілевіч) (2.9.1913, г. Магілёў — 23.8.1965),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскае ваен.-паліт. вучылішча імя Энгельса (1944). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1942 на Варонежскім, Сцяпным франтах. Мінамётны ўзвод на чале з сяржантам З. вызначыўся 24—25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг (Украіна).

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮ́ЗЯ,

у бел. нар. міфалогіі бажаство — увасабленне холаду. З. ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда ў расхлістаным кажусе, які босы хадзіў па снезе. Паводле павер’яў, ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу. Прымхлівыя людзі лічылі, што ў моцны мароз З. біў доўбняй па дрэвах і бярвенні, якія ад гэтага трашчалі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МІДЖ (англ. image літар. вобраз),

1) знешні вобраз, які ствараецца суб’ектам з мэтай выклікаць пэўнае ўражанне, меркаванне, адносіны ў іншых.

2) Сукупнасць уласцівасцей, што прыпісваюцца суб’екту прапагандай, рэкламай, прымхамі, традыцыямі і да т.п. з мэтай выклікаць да яго пэўныя адносіны. І. ўсё больш становіцца першаступеннай праблемай паліт. практыкі.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНШУШЫНА́К,

у эламскай міфалогіі апякун сталіцы Элама г. Сузы, уладар царства нябожчыкаў, бог клятвы і муж багіні клятвы Ішнікараб. У Сузах лічыўся абаронцам правасуддзя. У 2—1-м тыс. да н.э. І. разам з Хумпанам шанаваўся як адзін з двух гал. багоў. Правіцелі Элама называлі сябе яго «любімымі слугамі».

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)