АДНАРО́Г, нарвал (Monodon monoceros),

марское млекакормячае атр. кітападобных. Жыве ў арктычных водах Грэнландыі, Паўн. Канады, Шпіцбергена і ПнУ Зямлі Франца-Іосіфа.

Даўж. да 6,1 м, маса 1—1,5 т. Афарбоўка светлая з мноствам чорных плямаў (дзіцяняты цёмныя). У самцоў (зрэдку ў самак) у левай верхняй сківіцы бівень (рог) даўж. да 3 м (адсюль назва), якім яны прабіваюць аддушыны ў ільдах. Корміцца галаваногімі малюскамі і рыбай. Рэдкі. Ахоўваецца, занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Аднарог: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́Г

(лац. Monoceros),

экватарыяльнае сузор’е з найбольш яркай зоркай 3,8 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі найлепшы час назірання — снежань, студзень.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́Г

(ад назвы міфічнага звера з рогам на лбе),

старажытная руская артылерыйская гладкаствольная гармата. Аднарог — пішчаль-інрог, адліты ў 1577. У 1757—59 распрацавана некалькі ўзораў аднарогу, якія мелі ствалы 7,5—12,5 калібра з ядрамі 1,8—40 кг. 246-міліметровы аднарог страляў на адлегласць да 4 км ядрамі, разрыўнымі і запальнымі гранатамі, бомбамі і карцеччу. Быў на ўзбраенні рус. артылерыі больш за 100 гадоў (да стварэння наразных гармат).

Аднарог. 18 ст.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое не змяняе свайго выгляду пры адначасовым множанні ўсіх (або толькі некаторых) пераменных на адзін і той жа адвольны лік. Ураўненне можа быць аднародным і ў адносінах да адпаведных пераменных, напр., xy + yz + zx = 0 — аднароднае ўраўненне ў адносінах да ўсіх пераменных, ураўненне y + ln(x/z) + 5 = 0 — да х і z. Левая частка аднароднага ўраўнення з’яўляецца аднароднай функцыяй.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНАСЦЬ СУСВЕ́ТУ,

аднароднае размеркаванне рэчыва, што назіраецца ў межах Метагалактыкі. Лічыцца, што ў прасторы, маштабы якой у трох вымярэннях перавышаюць адлегласць у 50 Мпк і якая ўключае каля 6000 галактык, шчыльнасць рэчыва прыблізна аднолькавая.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя адной або некалькіх пераменных, якая адпавядае ўмове: пры адначасовым множанні ўсіх пераменных на адзін і той жа адвольны лік значэнне функцыі памнажаецца на некаторую ступень гэтага ліку.

Напр., f(λx, λy, ..., λu) = λn f(x, y, ..., u) , дзе n — паказчык аднароднасці, або вымярэння аднароднай функцыі. Сустракаюцца ў геам. формулах. Калі x = f(a, b, ... , 1) , дзе a, b, ..., 1 — даўжыні адрэзкаў, вымераных адным адвольным маштабам, то правая частка выразу павінна быць аднароднай функцыяй (вымярэнне 1, 2 або 3 у залежнасці ад таго, што вызначае x — даўжыню, плошчу або аб’ём).

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ пункта, прамой і г.д., каардынаты з уласцівасцю, што аб’ект, які яны вызначаюць, не мяняецца, калі ўсе каардынаты памножыць на адвольны лік.

Напр., аднародныя каардынаты пункта M на плоскасці могуць з’яўляцца лікі x, y, z, звязаныя суадносінамі x : y : z = x : y : 1 , дзе x і y — дэкартавы каардынаты пункта M. Лікі x′, y′, z′ будуць аднароднымі каардынатамі таго ж пункта M у выпадку, калі знойдзецца множнік λ, што x′=λx, y′=λy, z′=λz.

Увядзенне аднародных каардынат дазваляе дадаць да пунктаў эўклідавай плоскасці пункты з трэцяй аднароднай каардынатай, роўнай нулю (т.зв.бесканечна аддаленыя пункты), што істотна для праектыўнай геаметрыі.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.

Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).

А.Я.Міхневіч.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАСЕМЯДО́ЛЬНЫЯ,

тое, што ліліопсіды.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАСКЛА́Д, адначлен,

у матэматыцы, здабытак, які складаецца з лікавага множніка (каэфіцыента) і адной або некалькіх літар (пераменных), кожная з якіх узята з тым або іншым цэлым дадатным паказчыкам ступені; самы просты алг. выраз. Напр., -5ax​3; +a​3c​3xy; -7; -a.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)