СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,

прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.​Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА́БА-ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (грэч. syllabē склад + tonos націск),

сістэма вершаскладання, засн. на мерным чаргаванні націскных і ненаціскных складоў у паэтычным радку. Характэрна мовам з нефіксаваным націскам (бел., рус., укр., англ., ням. і інш.). У бел. паэзіі зараджэнне С.-т.в. як сістэмы адносіцца да канца 18—пач. 19 ст. («Уваскрэсенне Хрыстова», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»):

Прайшоў вёрст дзевяць тэй дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць;
Пад тэй гарой народу многа,
Як бы кірмаш які кіпіць.
(«Тарас на Парнасе»).

У творчасці паэтаў 19 ст. (Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, А.​Гурыновіч і інш.) пад уплывам нар. танічнага верша (гл. Танічнае вершаскладанне), рус. і ўкр. паэзіі адбывалася дэфармацыя форм сілабічнага верша (гл. Сілабічнае вершаскладанне) і набліжэнне іх да С.-т.в. У пач. 20 ст. гэты працэс завяршыўся станаўленнем класічных форм бел. верша. Дзякуючы творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча С.-т.в. стала пануючым у бел. л-ры.

Рытм у сілаба-танічным вершы ўтвараюць радкі, у якіх мерна паўтараюцца націскныя і ненаціскныя склады. Сілаба-танічны верш мае стапу — метрычную адзінку з адным націскным і адным або двума ненаціскнымі складамі. У С.-т.в., найб. пашыраны 4-стопныя («Родны хлеб» П.​Глебкі) і 5-стопныя («Маёй рукой пасаджанай бярозе...» А.​Куляшова), найменш — 1-стопныя («Зімовыя малюнкі» П.​Броўкі) і 2-стопныя («Лета» Р.​Барадуліна) радкі. Вершы, радкі якіх складаюцца больш чым з 6 стоп, сустракаюцца вельмі рэдка («Паэты рэвалюцыі» А.​Дудара). Некат. шматстопныя памеры атрымалі (па аналогіі з ант.) сваю назву: александрыйскі верш («Летапісец» Багдановіча), гекзаметр («Дзень гневу» А.​Дудара, «Гекзаметры» У.​Жылкі), пентаметр («Чорныя рукі» М.​Рудкоўскага, «Пентаметры» Жылкі). Найчасцей у сілаба-танічных вершах адзін і той жа памер захоўваецца ва ўсіх радках («Мора» Цёткі, «Чырваніць, чырваніць...» Броўкі). Есць творы, у якіх спалучаюцца рэдкі рознай даўжыні, што разнастаіць іх рытм («Жаба ў каляіне» К.​Крапівы). Сэнсавыяўленчыя, інтанацыйныя магчымасці сілаба-танічнага верша пашыраюць і інш. рытмаўтваральныя кампаненты — ужыванне разнастайных строф, рыфмаў, цэзуры. С.-т.в. — асноўная сістэма вершаскладання сучаснай усх.-слав., у т. л. бел., вершатворчасці.

Літ.:

Лазарук М.А., Лянсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,

адзін з найб. ранніх помнікаў стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Створана невядомым аўтарам у канцы 11 ст. (паводле інш. меркаванняў, у пач. 12 ст.). Захавалася больш чым у 170 спісах. Адносіцца да жыцій-марцірый (ад грэч. marturos сведка, пакутнік).

У аснову «Сказання...» пакладзены драм. эпізод забойства сыноў кіеўскага князя Уладзіміра Барыса і Глеба іх братам Святаполкам. У адрозненне ад кананічнай формы візант. жыція, не гаворыцца пра іх імкненне прысвяціць сябе служэнню Богу і г.д. Паводле агіяграфічнага канона, вызначаецца ўмоўнасцю сюжэтных сітуацый, рытарычнасцю, этыкетнасцю паводзін і моўных формул персанажаў. Характарыстыкі гал. герояў схематычныя, пазбаўлены яркіх індывідуальных рыс. Разам з тым аўтар тонка перадаў псіхал. стан Барыса і Глеба перад забойствам, імкнуўся да дакладнага абазначэння падзей і фактаў (згадаў гіст. мясціны і імёны), надаў твору выключную эмацыянальнасць. Вял. месца ў «Сказанні...» займаюць унутраныя маналогі, плачы, ёсць вытрымкі са Свяшчэннага пісання.

«Сказанне...» — твор тэндэнцыйны: у ім асуджаецца братазабойства. сцвярджаюцца ідэі родавага старшынства (з мэтай узмацнення паліт. адзінства ўсх.-слав. зямель), паліт. і рэліг. незалежнасці Русі. Сюжэт «Сказання...» карыстаўся вял. папулярнасцю. Вядома каля 255 спісаў помнікаў пра Барыса і Глеба, у т. л. «Чытанне пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», Нестара, «Жыціе Барыса і Глеба» і інш. Пытанні пра іх узаемадзеянне і храналогію складаныя і не высветлены. «Сказанне...» было добра вядома на Беларусі. Бытавала ў складзе пралогаў, чэццяў-міней і інш. зборнікаў. Адзін са спісаў твора захаваўся ў Чэцці 1489. Сюжэт «Сказання...» выкарыстаны ў п’есе «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», што ставілася ў Полацку (каля 1693).

Публ.:

Памятники литературы древней Руси: Начало рус. лит., XI — начало XII в. М., 1978.

Літ.:

Абрамович Д.И. Жития святых мучеников Бориса и Глеба и службы им. Пг., 1916;

Бугославский С. Українськоруські пам’ятки XI—XVIII вв. про князів Бориса та Гліба. Київ, 1928;

Воронин Н.Н. «Анонимное» сказание о Борисе и Глебе, его время, стиль и автор // Тр. Отд. древнерусской литературы. М., 1957. Т. 13;

Еремин И.П. «Сказание» о Борисе и Глебе // Еремин И.П. Литература древней Руси: (Этюды и характеристики). М.; Л., 1966;

Словарь книжников и книжности древней Руси. Л., 1987. Вып. 1. С. 398—108.

У.​Г.​Кароткі.

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАПАДЗЕ́Л,

вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.​І.​Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.​У.​Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.​В.​Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЦА,

асноўная крыніца энергіі для ўсіх працэсаў на Зямлі; распалены плазменны шар, найбліжэйшая да Зямлі зорка; цэнтральнае цела Сонечнай сістэмы. Астр. знак . Маса 1,99∙10​30 кг (каля 99% масы Сонечнай сістэмы), радыус 690 тыс. км, сярэдняя шчыльнасць 1,409∙10​3 кг/м³ (цэнтр. абласцей 1,55 × 10​5 кг/м³, на паверхні 3∙10​−4 кг/м³). Тыповая зорка-карлік спектральнага класа 2 з абс. зорнай велічынёй +4,85. Свяцільнасць 3,86∙10​23 кВт. Эфектыўная т-ра паверхні каля 5785 К. Напружанасць агульнага магн. поля адносна невялікая ~80 А/м, мяняецца ў часе, у актыўных абласцях дасягае ~100 кА/м. С. верціцца ў тым жа напрамку, што і Зямля, вакол восі, нахіленай да плоскасці зямной арбіты пад вуглом 82°45. Перыяд абарачэння (сінадычны) мяняецца ад 27 сут на экватары да 32 сут каля полюсаў, лінейная скорасць пунктаў каля экватара ~2 км/с, паскарэнне свабоднага падзення 274 м/с​2. Адлегласць ад цэнтра Галактыкі 10 кпк, перыяд абарачэння вакол яго ≈ 220 млн. гадоў, арбітальная скорасць 250—300 км/с. Адносна бліжэйшых зорак С. рухаецца са скорасцю 20 км/с у напрамку да сузор’я Геркулес. Прыблізны ўзрост С. каля 5 млрд. гадоў (паводле тэарэт. мадэлей будзе актыўна існаваць прыблізна такі ж час).

Складаецца з ядра, зоны праменнага пераносу энергіі, канвектыўнай зоны, фотасферы, храмасферы і сонечнай кароны. Зямны назіральнік бачыць паверхневую вобласць С. — фотасферу. Паводле спектральных даследаванняў яна складаецца з 90% вадароду, 9,9% гелію і 0,1% жалеза, кальцыю, натрыю і інш. Крыніца сонечнай энергіі — тэрмаядзерныя рэакцыі ператварэння вадароду ў гелій у ядры С., дзе т-ра ≈ 15 млн. К. Энергія з нетраў пераносіцца выпрамяненнем, потым у вонкавым слоі таўшчынёй каля 0,2 радыуса — канвекцыяй. Інтэнсіўнасць плазменных працэсаў на С. перыядычна мяняецца (11-гадовы цыкл; гл. Сонечная актыўнасць). Сонечная атмасфера (храмасфера і карона) вельмі дынамічная, у ёй назіраюцца ўспышкі, пратуберанцы, пастаяннае выцяканне рэчыва ў міжпланетную прастору (гл. Сонечны вецер). Зямля знаходзіцца на адлегласці 149,6 млн. км ад С. і атрымлівае за 1 с каля 2∙10​17 Дж сонечнай праменнай энергіі (гл. Сонечная пастаянная).

Літ.:

Гибсон Э. Спокойное солнце: Пер. с англ. М., 1977;

Каплан С.А. Пикельнер С.Б., Цытович В.Н. Физика плазмы солнечной атмосферы. М., 1977;

Никольский Г.М. Невидимое Солние. М., 1980;

Крюгер А. Солнечная радиоастрономия и радиофизика: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Сонца.

т. 15, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ НАВУ́КІ, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны,

зборная назва шэрагу навук. дысцыплін, якія даследуюць асобныя аспекты гісторыі грамадства, тэорыі і метадалогіі гіст. навукі, агульныя і канкрэтныя пытанні методыкі і тэхнікі гіст. даследавання. Большасць С.г.н. развілася з т.зв. дапаможных гіст. дысцыплін (гэты тэрмін шырока ўжываўся з канца 19 ст.), да якіх адносілі этнаграфію, археалогію, антрапалогію, геаграфію гістарычную і інш. У пасляваенны перыяд гэтыя дысцыпліны ў сувязі з іх пэўнымі дасягненнямі сталі называцца спецыяльнымі. Да канца 20 ст. сфарміраваліся са сваімі прадметамі, аб’ектамі і метадамі даследавання археалогія, гістарыяграфія, гіст. геаграфія, гіст. дэмаграфія, метадалогія гісторыі, тапаніміка, фалькларыстыка, этналогія (этнаграфія) і інш. Гэтыя навукі маюць багатыя традыцыі, высокі ўзровень развіцця ў свеце і пэўныя дасягненні на Беларусі. Ад С.г.н. адрозніваюць дапаможныя гіст. дысцыпліны, асн. прызначэнне якіх — абслугоўванне гісторыі як навукі, дапамога ў вырашэнні яе гал. задачы — даследаванні мінулага чалавецтва ва ўсёй яго разнастайнасці і канкрэтным праяўленні. Сярод дапаможных гіст. дысцыплін асобнае месца належыць крыніцазнаўству, задачай якога з’яўляецца распрацоўка тэорыі, гісторыі і методыкі вывучэння і выкарыстання гіст. крыніц. Дапаможныя гіст. дысцыпліны падзяляюцца на 2 групы: якія вывучаюць розныя віды крыніц, але кожная толькі адзін які-небудзь іх бок (археаграфія, архівазнаўства, генеалогія, метралогія гістарычная, палеаграфія, тэксталогія, гіст. храналогія, эпіграфіка) якія даследуюць пэўны від крыніц, але з усебаковым разглядам асаблівасцей іх форм і зместу (геральдыка, дыпламатыка, іканаграфія, нумізматыка, сфрагістыка, філатэлія, фалерыстыка, баністыка, вексілалогія). Існуюць розныя пункты погляду на склад і колькасць дапаможных гіст. дысцыплін. Так, не прызнаюцца асобнымі дапаможнымі гіст. дысцыплінамі берасталогія, кадыкалогія, археалогія і інш. С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны цесна ўзаемазвязаны паміж сабой і інш. гуманітарнымі навукамі; іх даныя выкарыстоўваюцца даследчыкамі комплексна. Пры карыстанні гэтымі тэрмінамі варта ўлічваць іх умоўнасць. У наш час усё больш сціраюцца грані паміж навукамі, якія здабываюць гіст. матэрыял і гіст. інфармацыю з яго, і тымі, што яго выкарыстоўваюць. У канцы 20 ст. ў гіст. навуцы сфарміраваліся т. зв. найноўшыя гіст. навукі — гіст. антрапалогія, гістарычная інфарматыка, псіхагісторыя, гістарыясофія, сацыяльная гісторыя, гендэрная гісторыя, вусная гісторыя, гісторыя штодзённасці і інш. Аднак у некат. з іх яшчэ дакладна не сфармуляваны метады, кола крыніц і тэорыя самога прадмета даследавання.

Літ.:

Вспомогательные исторические дисциплины. Т. 1—26. Л., 1968—98;

Козлов Л.Р. Вспомогательные исторические дисциплины. Мн., 1980;

гл. таксама пры арт. пра адпаведныя С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАХА́НАЎСКІ РУХ,

масавы рух наватараў і перадавікоў вытв-сці ў СССР у сярэдзіне 1930-х — пач. 40-х г. за павышэнне прадукцыйнасці працы і лепшае выкарыстанне тэхнікі. Ўзнік у гады 2-й пяцігодкі ў вугальнай прам-сці Данбаса, названы ў гонар зачынальніка — забойшчыка шахты «Цэнтральная—Ірміна» ў г. Кадзіеўка (цяпер Стаханаў, Украіна) А.​Р.​Стаханава (1905—77), які 31 жн. 1935 здолеў за змену пры норме ў 7 т здабыць 102 т вугалю, а 19 вер. — 227 т. Пры падтрымцы парт. і камсамольскіх органаў С.р. ахапіў усе галіны нар. гаспадаркі і паўплываў на значны рост прадукцыйнасці працы, на паляпшэнне яе якасных паказчыкаў. Стаханаўскія метады працы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы ў гады Вял. Айч. вайны спрыялі перамозе сав. народа над фаш. Германіяй.

На Беларусі С.р. у ліку першых падтрымалі рабочыя-машынабудаўнікі Мінска, Гомеля, Віцебска (С.​Шабалтас, В.​Сямёнаў, П.​Карбановіч, А.​Хаткоўскі, К.​Галаўня, Н.​Лапін, А.​Бальшакоў, І.​Кучарэнка). Іх высокі прафесіяналізм, энтузіязм і адказнасць спрыялі перавыкананню норм выпрацоўкі ў некалькі разоў. У 1936 разгарнуўся рух за рост прадукцыйнасці працы, высокую культуру вытв-сці, замену існуючых норм выпрацоўкі больш высокімі, у 1939 — за шматстаночнае абслугоўванне і сумяшчэнне прафесій. Да пач. 1941 стаханаўцамі і ўдарнікамі ў БССР сталі 50% рабочых. У гады Вял. Айч. вайны на эвакуіраваных ва ўсх. раёны СССР бел. фабрыках і заводах, як і на інш. сав. прадпрыемствах, да раней засвоеных метадаў наватарскай працы дадаліся: хуткасная тэхналогія вытв-сці і буд-ва, рух за выкананне норм выпрацоўкі на 200 і нават 1000%, франтавыя брыгады. Вопыт і традыцыі С.р. дзейнічалі і ў пасляваен. дзесяцігоддзі, калі паступова былі заменены інш. формамі сацыяліст. спаборніцтва.

С.р. не пазбег кампанейскага характару і фармалізму. Калі напачатку ён развіваўся дзякуючы энтузіястам-наватарам, то ў далейшым яго фактычна ў абавязковым парадку навязвалі рабочым калектывам парт., камсамольскія і прафс. органы, што надавала руху ў значнай ступені фармальны характар. Адначасова С.р. паслужыў «абгрунтаваннем» павышэння норм выпрацоўкі. Недастатковая залежнасць матэрыяльнага становішча работніка і калектыву ад колькасці і якасці працы ва ўмовах адм.-каманднай эканомікі не стымулявала наватарскія пошукі для павышэння прадукцыйнасці працы.

Літ.:

Козлов В.А., Хлевнюк О.В. Стахановское движение: время и люди. М., 1984;

Очерки истории Беларуси, 1917—2000. Мн., 2000.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАФА́ (грэч. strophe літар. — паварот) у вершаскладанні, рытміка-сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, звязаных найчасцей агульнай рыфмай або паўторам клаўзул.

У ант. паэзіі, якая не ведала рыфмаў, С. арганізоўвала метрыка — строга ўпарадкаванае размяшчэнне вершарадоў пэўных памераў (гл. Антычнае вершаскладанне). У пазнейшым вершы, у т. л. ў сучасным сілаба-танічным, метрычная арганізацыя С. часткова засталася — у ёй нярэдка ў строгай паслядоўнасці паўтараюцца разнастопныя радкі аднаго памеру. Асн. ў страфічнай будове — рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнка ў межах, аналагічных С., а таксама інтанац.-сінтакс. еднасць, дзякуючы якой С. набываюць адносную сэнсавую завершанасць і самастойнасць, выразна аддзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ і графічна (прагаламі). Розныя спалучэнні метрычнай, рытмічнай, інтанац.-сінтакс. будовы радкоў і рыфмоўка забяспечваюць вял. магчымасці страфічнай арганізацыі верша. Толькі рознае размяшчэнне ў С. вершаваных радкоў пэўных памераў і разнастайная рыфмоўка далі магчымасць М.​Багдановічу стварыць 93 (паводле І.​Ралько) віды С.

Характар С. залежыць ад ідэйнай задумы, намераў аўтара, яго схільнасцей, творчай культуры, канкрэтнага зместу і жанру твора. У лірычных вершах і паэмах С. звычайна простыя з 2, 3, 4 і 5 радкоў, а ў буйных вершаваных творах з развітай архітэктонікай — складаныя, у аснове якіх тыя ці інш. камбінацыі простых С. Аднолькавыя рыфмы застаюцца ў межах адной С., але ў некат. класічных формах яны своеасаблівым ланцужком звязваюць усе С., пераходзячы ад адной да другой, напр. у тэрцынах.

Наяўнасць пэўных відаў С. залежыць ад багацця нац. традыцый, сувязей роднай л-ры з л-рамі інш. народаў. У залежнасці ад колькасці радкоў адрозніваюць С. 2-радковыя (двухрадкоўе, элегічны двуверш), 3-радковыя (трохрадкоўе) і г.д. да дзесяцірадкоўя. Асобныя простыя С., паўтараючыся ў розных камбінацыях, утвараюць новыя складаныя С.: адзінаццацірадкоўе, дванаццацірадкоўе, чатырнаццацірадкоўе (анегінская страфа), шаснаццацірадкоўе. Пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі С. (раўнастрофны верш), аднак частка вершаў не дзеліцца на паасобныя С. і складаецца з 1 С. (аднастрофны верш) або некалькіх страфоідаў. Бывае, што ў творы адны С. змяняюцца другімі без відавочных заканамернасцей (разнастрофны верш) або С. адсутнічаюць (астрафічны верш). Асабліва багатая страфічная арганізацыя ў вершах Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, У.​Дубоўкі, М.​Танка, Р.​Барадуліна, Н.​Гілевіча, Я.​Сіпакова. Пра страфічныя формы бел. верша гл. ў арт. Строфіка.

Літ.:

Гл. да арт. Вершаскладанне, Строфіка.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУ́РНА-ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ,

тэарэтыка-метадалагічны кірунак у сацыялогіі, які зыходзіць з прыярытэту сістэмнага аналізу пры вывучэнні сац. рэальнасці, яе структуры і функцыян. сувязі яе элементаў. Тэарэт. асновы С.-ф.а. распрацоўвалі Э.​Дзюркгейм, А.​Р.​Радкліф-Браўн, Б.​К.​Маліноўскі, В.​Парэта і іх паслядоўнікі Т.​Парсанс, Р.​К.​Мертан, К.​Дэвіс і інш. Яны разглядалі грамадства, сац. з’явы і працэсы як цэласную сістэму, элементы якой узаемазвязаны і выконваюць пэўную функцыян. ролю ў адносінах адзін да аднаго і да сістэмы ўвогуле. Адрозніваюць С.-ф.а. як сацыялагічную тэорыю і як метад сац. даследавання. Як сацыялагічную тэорыю С.-ф.а. распрацоўвалі Парсанс, М.​П.​Фуко, Н.​Дж.​Смелсер, Дэвіс, С.​Айзенштат і інш., якія асн. задачай сацыялогіі лічылі вывучэнне механізмаў, што забяспечваюць цэласнасць сац. структуры, а функцыянаванне грамадства і яго асобных падсістэм разглядалі з пункту гледжання выканання імі пэўнага комплексу функцыян. патрабаванняў. У аснове С.-ф.а. Парсанса — ідэя сац. парадку, які адлюстраваны ў імкненні сац. суб’ектаў да падтрымання раўнавагі сістэмы. Фуко, К.​Леві-Строс гал. задачай С.-ф.а. лічылі выяўленне элементаў грамадскай сістэмы і вызначэнне іх асн. функцый у забеспячэнні цэласнасці грамадства Як метад сацыяльнага даследавання С.-ф.а. распрацаваў Мертан. Унутры метаду С.-ф.а. існуюць 2 асн. падыходы: структурны (аналіз сац. структур) і функцыянальны (аналіз сукупнасці сац. функцый і вызначэнне структур, якія ажыццяўляюць пэўныя функцыі). Сумяшчэнне ідэі стабільнага функцыянавання, грамадства, характэрнай для С.-ф.а., і ідэі развіцця прывяло да распрацоўкі ў 1960—70-х г. канцэпцыі неаэвалюцыянізму (Парсанс, Э.​А.​Шылз), паводле якой устойлівае развіццё сац. сістэмы патрабуе вырашэння 4 асн. праблем: атрыманне рэсурсаў з навакольнага асяроддзя і іх размеркаванне ўнутры сац. сістэмы (адаптацыя), мабілізацыя рэсурсаў для дасягнення пэўных мэт і вызначэнне парытэту паміж імі (метадасягненне), каардынацыя адносін унутры сістэмы (інтэграцыя), забеспячэнне індывідаў неабходнай матывацыяй (падтрыманне «цэласнага стандарту»), Найноўшыя версіі С.-ф.а. характарызуюцца сінтэзам шэрагу ідэй сацыялагічнай думкі. С.-ф.а. пашыраны ў галінах сацыялогіі палітыкі, сацыялогіі сям’і, сацыялогіі злачыннасці і інш.

Літ.:

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Американская социологическая мысль;

Р.​Мертон, Дж.​Мид, Т.​Парсонс, А.​Шюц. М., 1996;

Парсонс Т. О структуре социального действия: Пер. с англ. М., 2000.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВЕРЭНІТЭ́Т (ням. Souveränität ад франц. souveraineté вярхоўная ўлада),

незалежнасць і поўнаўладдзе суб’екта дзярж.-паліт. і прававых адносін пры прыняцці рашэнняў у межах сваёй кампетэнцыі і выкананні паўнамоцтваў улады. У распрацоўку навук. тэорыі С. значны ўклад зрабіў Ж.​Ж.​Русо («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права» 1762). Паводле Русо, улада суверэна ў асобе народа ў цэлым, не абмяжоўваецца ніякімі законамі або дагаворамі і можа быць пашырана на права жыцця і смерці любой асобы; адначасова адмаўляюцца гарантыі яе правоў, што прыводзіць да абсалютызацыі паняцця С. Па сваёй прыродзе і сутнасці С. у Русо — агульная воля народа, якая шляхам грамадскага дагавору перадаецца дзяржаве. У навуцы і паліт. практыцы разглядаюцца асобныя віды С. — дзяржаўны, нацыянальны і народны. Пад дзяржаўным С. разумеюць самастойнасць дзярж. улады, яе вышэйшых органаў у ажыццяўленні атрыманага ад народа мандата на кіраванне дзяржавай; недапушчэнне ўмяшання ва ўнутр. і знешнюю палітыку з боку інш. дзяржаў. Дзярж. С. ажыццяўляецца праз практычную дзейнасць заканад., выканаўчай і судовай улад у адпаведнасці з канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі і прынцыпамі. Нацыянальны С. з’яўляецца канкрэтным увасабленнем права нацыі і яе імкнення да захавання ўласнай ідэнтычнасці ў зносінах з інш. нацыямі і народамі. У межах і на падставе нац. С. вырашаюцца найважнейшыя праблемы нац. жыцця: нацыянальнае самавызначэнне і стварэнне ўласнай дзяржавы; самаст. развіццё ўкладу жыцця, нац. культуры, мовы, традыцый. Арганічная сувязь нац. С. з дзяржаўным выяўляецца ў нац. характары дзяржавы і адстойванні ёю нацыянальных інтарэсаў. Народны С. падкрэслівае прынцып поўнаўладдзя народа, якое служыць асн. вытокам усіх відаў і форм С. З 2-й пал. 20 ст. назіраецца пашырэнне паняцця С. (у філасофіі, эканам. навуцы), калі ён фактычна атаясамліваецца са свабодай індывіда і яго правам самастойна і незалежна выбіраць адпаведны склад мыслення і паводзін (С. «спажыўца», «пакупніка» і г.д.). Прававой асновай С. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Вызначэнне С. абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветраную прастору, нац., культ., і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)