А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen) Джордж Гамільтан Гордан (28.1.1784, г. Эдынбург — 14.12.1860), англійскі паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў партыі торы, з 1850 лідэр пілітаў. У 1852—55 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада, які ўключаў прадстаўнікоў торы, пілітаў, вігаў, ірл. лібералаў. У 1854 урад Абердзіна аб’явіў вайну Расіі (гл. Крымская вайна 1853—56).

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́СКІ О́РДЭН,

партугальскі духоўна-рыцарскі ордэн. Існаваў у 1162—1789. Утвораны з вайск. арг-цыі, заснаванай у 1147 ці 1148 для барацьбы з маўрамі. Партуг. кароль Альфонс I у 1162 ці 1166 падараваў ордэну крэпасць Авіс (адсюль назва). Авіскі ордэн адыграў значную ролю ў гісторыі Рэканкісты ў Партугаліі.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́ДНЫ КЛІ́МАТ, сухі клімат,

клімат абласцей з недастатковым атмасферным увільгатненнем і высокімі тэмпературамі паветра. Характарызуецца вялікімі сутачнымі ваганнямі тэмпературы; велічыня магчымага выпарэння значна перавышае гадавую суму ападкаў. У абласцях з арыдным кліматам пераважаюць ландшафты пустыняў і паўпустыняў, актыўна ідзе фізічнае выветрыванне, пашыраны эолавыя формы рэльефу (гл. Арыдны рэльеф).

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІКА́ГА,

2-я дынастыя ваенна-феад. правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1335 (1338)—1573. Улада Асікага была нетрывалая з-за ўзмацнення мясц. князёў (даймё). Міжусобныя войны, якія пачаліся з сярэдзіны 15 ст., прывялі краіну да распаду на асобныя незалежныя княствы. Апошні прадстаўнік дынастыі скінуты яп. палкаводцам Ода Набунага ў 1573.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,

сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Н IV (Otto) Браўншвейгскі

(каля 1176 або 1182 — 19.5.1218),

кароль з 1198, імператар з 1209 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Пляменнік англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца. Пры ім вялася барацьба Вельфаў, да якіх належаў Атон IV, і Штаўфенаў за герм. прастол. Пасля паражэння пры Бувіне (1214) фактычна страціў уладу.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІТУ́НГ (Belitung),

Білітон, востраў у Малайскім архіпелагу, паміж а-вамі Суматра і Калімантан, тэр. Інданезіі. Пл. 4850 км². Паверхня пераважна раўнінная, з асобнымі масівамі выш. да 510 м. Складзены з архейскіх гранітаў і гнейсаў. Клімат экватарыяльны. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Здабыча алавяных рудаў. Трапічнае земляробства. Гал. горад — Танджунгпандан.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУ,

у егіпецкай міфалогіі бог у выглядзе чаплі, якога шанавалі ў г. Геліопаль. Паводле міфа, Бену з’явіўся з воднага хаосу на камені-абеліску «Бенбен», што азнаменавала пачатак стварэння свету. Бену лічыўся ба (душой) Ра, пазней — Асірыса, і такім чынам, звязаны з культам мёртвых. Стараж. грэкі наз. Бену феніксам.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРК (Berck),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Кале, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Развіваецца з 19 ст. Умерана вільготны марскі клімат з мяккай зімой і цёплым сонечным летам спрыяльны для лячэння дзіцячых хвароб туберкулёзнага паходжання; клімататаласатэрапію выкарыстоўваюць пры хваробах органаў руху і апоры.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІДЖАПУ́Р,

феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)