ЮРЭ́ВІЧ Мануіл Серафімавіч (н. 27.6.1927, в. Станькаўшчына Мінскага р-на),

бел. кінааператар. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1956—88 — Рэсп. студыі тэлебачання, у т. л. аб’яднанні «Тэлефільм». Зняў фільмы: дакумент. — «Беларусь мая, песня мая» (1958), серыял «Біяграфія маёй рэспублікі» (2-я, 3-я, 5-я, 6-я серыі; 1968), «Мера любві» (1970), «Жывая ніць» (1972), «Старт», «Імгненні Перамогі» (абодва 1975), «Высокі гонар» (1976), «Дом на былой Сялянскай» (1981, з Ю.​Санжарэўскім) і інш.; маст. — «Камлючок» (1967), «Мы — хлопцы жывучыя» (1974). З канца 1980-х г. за мяжой.

т. 18, кн. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЙЦАКЛЕ́ТКА,

жаночая палавая клетка (гамета), з якой зараджаецца новы арганізм. Утвараецца ва ўсіх вышэйшых раслін, у некат. водарасцей і грыбоў; у мохападобных, папарацепадобных і голанасенных Я. ўзнікаюць у архегоніях. У пакрытанасенных уваходзіць у склад яйцавога апарата зародкавага мяшка. У жывёл Я. часцей наз. яйцом.

Адносна буйная, нерухомая клетка. Форма і велічыня Я. ў раслін розныя. Па памерах Я. значна буйнейшая за мужчынскую гамету: у верхняй ч. ёсць вакуоля. Звонку ўкрыта тонкай плазматычнай мембранай, якая садзейнічае абмену рэчываў паміж Я. і цытаплазмай зародкавага мяшка і пранікненню ў яе спермія пры апладненні. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, з якой развіваецца зародак.

т. 18, кн. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎ II (James; 14.10.1633, Лондан — 5.9.1701),

кароль Англіі [1685—88]. З дынастыі Сцюартаў. Сын Карла I, брат Карла II. Імкнуўся аднавіць абсалютызм і яго апору — каталіцкую царкву. У 1685 распусціў парламент і правіў аднаасобна; у 1687 выдаў «Дэкларацыю аб верацярпімасці», якая адкрывала шлях да ператварэння каталіцызму ў дзярж. рэлігію, замяніў на важных дзярж. пасадах прыхільнікаў англіканства католікамі. Палітыка Я. II выклікала кансалідацыю апазіцыйных сіл. Скінуты ў выніку дзярж. перавароту, т.зв. Слаўнай рэвалюцыі (1688—89), якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Пасля высадкі Вільгельма ў Англіі Я. II у снеж. 1688 уцёк за мяжу.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎ ПАЛАЧА́НІН,

адзін з герояў Неўскай бітвы 1240 паміж наўгародцамі і шведамі, лоўчы наўгародскага кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага), ураджэнец Полацка. «Жыціе Аляксандра Неўскага» называе яго 3-м сярод 6 «мужей храбрых и сильных», якія вызначыліся ў бітве. Я.П. наехаў на варожы полк з мячом «и мужествовал», за што атрымаў пахвалу князя. У позніх кніжных мініяцюрах са сцэнамі Неўскай бітвы захавалася выява Я.П. З’яўленне Я.П. ў Вял. Ноўгарадзе і яго высокае становішча пры двары князя было звязана, відаць, са шлюбам Аляксандра Яраславіча з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239.

Літ.:

Мансикка В. Житие Александра Невского: Разбор редакций и текст. [СПб.], 1913.

В.​А.​Варонін.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НІНГС (Jannings) Эміль (23.7.1884, г. Роршах, Швейцарыя — 2.1.1950),

нямецкі акцёр. Працаваў у т-рах Германіі (з 1914 у Ням. т-ры М.​Райнгарта ў Берліне). Яго мастацтву ўласцівы праўдзівасць, пластычная і мімічная выразнасць, экспрэсіўнасць, імкненне да тонкай псіхал. дэталізацыі і філас. абагульнення. Сярод роляў: Мефістофель («Фауст» І.​В.​Гётэ), Геншэль («Возчык Геншэль» Г.​Гаўптмана), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Адначасова здымаўся ў кіно (у 1927—29 у Галівудзе); «Апошні чалавек» (1925), «Тарцюф», «Фауст» (абодва 1926), «Апошні загад», «Шлях усякай плоці» (абодва 1927; за абодва прэміі «Оскар»), «Блакітны анёл» (1930), «Уладар» (1938, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎСЕ́ЕВА Святлана Георгіеўна (н. 4.9.1932, Ташкент),

бел. паэтэса, перакладчыца. Скончыла Ташкенцкі пед. ін-т (1957), Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1962). З 1962 жыве ў Мінску. Друкуецца з 1953. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Маладзік» (1965), «Клічу!» (1974), «Еўразія» (1979), «Апошняе развітанне» (1983) і інш. неспакой за жыццё на свеце, станаўленне чалавека як асобы, злітнасць з прыродай. Перакладае на рус. мову творы Я.​Коласа, Я.​Купалы, М.​Танка, А.​Вярцінскага, Н.​Тулупавай і інш. Асобныя вершы Я. пакладзены на музыку.

Тв.:

Женщина под яблоней: Избр. Мн., 1982;

Ищу человека: Стихи, поэмы. Мн., 1988.

т. 18, кн. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФІ́МАЎ Барыс Яфімавіч (н. 28.9.1900, Кіеў),

расійскі графік-карыкатурыст. Нар. маст. СССР (1967). Правадз. чл. АМ СССР (1975). Герой Сац. Працы (1990). З 1922 у перыяд. друку, з 1966 гал. рэдактар творча-вытв. аб’яднання «Агітплакат». Аўтар паліт. карыкатур, выдадзеных у альбомах: «Палітычныя карыкатуры 1924—1934» (1935), «Фашызм — вораг народаў» (1937), «Гітлер і яго зграя» (1943), «Міжнародны рэпартаж» (1961), «Барыс Яфімаў у «Известиях». Карыкатуры за палавіну стагоддзя» (1969).

Тв.:

Основы понимания карикатуры. М., 1961;

Сорок лет: Зап. худож.-сатирика. М., 1961;

Работа, воспоминания, встречи. М., 1963;

Мне хочется рассказать. М., 1970.

Літ.:

Семенова Т. Б.​Е.​Ефимов. М., 1953.

т. 18, кн. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧАНКА Валерый Арсеневіч (1891, с. Зіноўеўка Саратаўскай вобл., Расія — 10.6.1950),

расійскі і бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Праф. медыцыны (1920). Скончыў Саратаўскі ун-т (1914). З 1920 ва Уральскім ун-це. У 1927—30 у Наркамаце аховы здароўя Беларусі (заг. аддзела). З 1930 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова дэкан лячэбна-прафілакт. ф-та (1930—36). У Вял. Айч. вайну (1941—43) выкладаў на курсах мед. сясцёр пры гар. бальніцах (Магілёў, Вільнюс). У 1943 арыштаваны за сувязь з партызанамі; урач савецкіх і замежных вязняў у фашысцкіх лагерах на тэр. Францыі (1943—44). Рэпрэсіраваны (1948). Рэабілітаваны (1966).

т. 18, кн. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСІ́ЛКА Вольга Іванаўна (н. 17.7.1959, в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1987). Скончыла БДУ (1981). Настаўнічала. З 1984 у Віцебскім ун-це (з 1992 заг. кафедры). У яе кн. паэзіі «Табе» (1996) лірыка кахання, знітаванасць з роднай зямлёю, трывога за будучыню. Даследуе сучасную бел. паэзію, праблемы школьнага літ. навучання. Аўтар падручніка «Беларуская літаратура. 7 клас» (з М.​А.​Лазаруком, І.​М.​Слесаравай) і вучэбна-метадычных дапаможнікаў да яго. Пераклала на бел. мову п’есу «Чума на вашы дзве сям’і» Р.​Горына (паст. Нац. т-рам імя Я.​Коласа, 1999).

Літ.:

Астраух А. Цяпло, патрэбнае ўвосень // Маладосць. 1999. № 3.

т. 18, кн. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАНЦІ́НА (Tarantino) Квенцін (н. 27.3.1963, г. Ноксвіл, штат Тэнесі, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, прадзюсер. Дэбютаваў як рэжысёр і сцэнарыст стужкай «Шалёныя сабакі» (1992). Найб. значны яго фільм «Крымінальная чытаніна» (1994, прэмія «Оскар» за лепшы сцэнарый, Залатая пальмавая галіна Міжнар. кінафестывалю ў Канах) стаў этапным у развіцці кінематографа 1990-х г. Аўтар сцэнарыяў да фільмаў «Сапраўднае каханне» (1993), «Прыроджаныя забойцы» (1994), «Чатыры пакоі» (эпізод «Чалавек з Галівуда»; і рэжысёр), «Барвовы прыліў» (абодва 1995), «Ад захаду да світання», «Запечаная кроў» (абодва 1996), «Джэкі Браун» (1997; і рэжысёр). Здымаўся ў большасці сваіх фільмаў і ў інш. рэжысёраў («Роспачны», «Нікі, д’ябал малодшы» і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)