КРА́ЛЕВІЧ (Kraljević) Міраслаў (14.12. 1885, Госпіч, Харватыя — 16.4.1913),

харвацкі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1907—11), акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1911). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і Э.Манэ. У абагульненай свабоднай манеры рабіў партрэты, пейзажы, нацюрморты, анімалістычныя сцэны, якія вызначаюцца стрыманасцю колеравай гамы, рысамі схаванага эмацыянальнага напружання і драматызму. Сярод твораў: «Аўтапартрэт з сабакам» (1910), «Аўтапартрэт з люлькай», «Бонвіван», «Люксембургскі сад» (усе 1912) і інш.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎСУ́Н Эдуард Паўлавіч (н. 29.9.1940, в. Гільцы Чарнухінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1963). З 1967 у Акад. навукова-тэхн. комплексе «Сосны» Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па канструяванні машын ядз. энергет. установак і даследаванні працэсаў герметызацыі. Распрацаваў тэорыю працэсаў трэння ў намінальна плоскіх парах тарцовых герметызатараў і падшыпнікаў з улікам уласцівасцей паверхняў і кавітацыйных з’яў.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў Фёдар Гаўрылавіч (20.4.1922, в. Пушкіна Омскага р-на, Расія — 10.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1944 на 3-м Бел. фронце. Аўтаматчык пагран. палка войск НКУС К. вызначыўся 10.7.1944 пры разгроме групы праціўніка, якая вырвалася з мінскага «катла», падарваў гранатай сябе і абступіўшых яго гітлераўцаў, чым паспрыяў поспеху аперацыі па ліквідацыі групоўкі праціўніка ў 300 чал.

т. 8, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫ́ЎДА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».

Герб «Крыўда».

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗВОН,

помнік бел. ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на медналіцейным з-дзе М.​Чабана для царквы Параскевы Пятніцы. Выш. 62 см, найб. дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім — вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэднім — дата адліўкі звона і выява герба Рас. імперыі; у ніжнім — вязь са шчыльна пераплеценых расл. элементаў і выяў анёлаў. Зберагаецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі.

А.​І.​Сямёнаў.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Мікалай Іванавіч (17.12.1864, С.-Пецярбург — 22.5.1932),

савецкі батанік. Чл.-кар. Пецярб. АН (1904). Чл.-кар. АН СССР (1925). Скончыў Пецярб. ун-т (1888). У 1895—1915 праф. Юр’еўскага (Тартускага), з 1918 Таўрычаскага, з 1921 Ленінградскага ун-таў, адначасова ў 1915—18 дырэктар Нікіцкага бат. сада. З 1922 у Гал. бат. садзе АН СССР. Навук. працы па флоры Каўказа, сістэматыцы і філагеніі кветкавых раслін, геагр. карціраванні СССР. Аўтар поліфілетычнай сістэмы кветкавых раслін.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НЕНКА Васіль Аляксеевіч (н. 29.6.1950, Магілёў),

бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т. л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.​Чачота, Я.​Купалы і інш.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ Генадзь Міхайлавіч (н. 1.11.1945, Мінск),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1974). З 1974 у БДУ (з 1992 заг. кафедры). З 1993 прэзідэнт Бел. рэсп. т-ва псіхолагаў. Навук. працы па псіхал. праблемах свядомасці асобы, мыслення, мовы як сродку зносін паміж людзьмі.

Тв.:

Диалог и мышление. Мн., 1983;

Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;

Псіхалогія ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы // Адукацыя і выхаванне. 1993. № 10.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ Міхаіл Іванавіч (н. 23.12.1911, в. Прысна Магілёўскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў лётную школу (1934). У Чырв. Арміі з 1932. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Варонежскім, Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Гомеля, Жлобіна, Бабруйска, Слуцка. За гады вайны зрабіў 210 баявых вылетаў, да жн. 1944 збіў 7 самалётаў, знішчыў 2 танкі, 6 гармат, 11 зенітных пунктаў, 52 аўтамашыны, 2 склады з боепрыпасамі ворага.

М.І.Кучынскі.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ Эдуард Георгіевіч (н. 23.2.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча (1961). З 1963 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па ацэнцы эфектыўнасці функцыянавання ЭВМ, распрацоўцы высокапрадукцыйных працэсараў.

Тв.:

Параллельная обработка информации. Т. 1, 5. Киев, 1985, 1990 (у сааўт.);

Аппаратурные и программные средства профессиональных персональных ЭВМ: Справ. пособие. Мн., 1991 (разам з Г.​Ф.​Харашавінай).

З.​А.​Валевач.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)