ДЭ ДЗЮЎ ((De Duve) Крысціян Рэнэ) (н. 2.10.1917, Тэмс-Дытан, каля Лондана),
бельгійскі біяхімік. Чл. Каралеўскай бельг.АН, літаратуры і выяўл. мастацтва, Каралеўскай мед. акадэміі Бельгіі, Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Парыжскай АН, Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў ун-т у Лувене (Бельгія, 1941). З 1947 працаваў у ім (з 1951 праф.), з 1962 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку. Заснавальнік і прэзідэнт Міжнар. ін-та клетачнай і малекулярнай паталогіі ў Бруселі. Навук. працы па біяхіміі інсуліну, глюкагону, распрацаваў метад дыферэнц. цэнтрыфугавання і адкрыў з яго дапамогай субклетачныя структуры — лізасомы (1963), выявіў іх прыроду, развіў канцэпцыю пра функцыі (1964) і ўдзел лізасом у фізіял. працэсах у клетках. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і Дж.Э.Паладэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў пакрымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),
продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ТА (Ілья) (? — чэрв. 1649),
адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКА (Васіль Міхайлавіч) (н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-рс.-г.н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1960). З 1963 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.
Тв.:
Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;
Питательность кормов: Справ. пособие. Мн., 1985 (у сааўт.);
Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.Б.Іофе, В.М.Гутманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎСГОФЕР ((Haushofer) Карл Эрнст) (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),
нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯВА́Я (Валянціна Іванаўна) (н. 22.7.1936, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія),
бел. балетмайстар. Нар.арт. Беларусі (1989). Скончыла Вышэйшую прафсаюзную школу ВЦСПС у Ленінградзе (1965). З 1967 кіраўнік дзіцячай харэагр. студыі ў Магілёве, з 1973 балетмайстар Бел. філармоніі. З 1974 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар створанага ёю (з М.Дудчанкам) бел.дзярж. харэагр. ансамбля «Харошкі». Пастаўленыя ёю бел.нар. танцы, вак.-харэагр. кампазіцыі, варыяцыі на тэмы гіст. абрадаў, гіст. балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэагр. мініяцюр «Бывай, 20 стагоддзе!», заснаваны на гар. фальклоры 19 ст., і інш. прывабліваюць спалучэннем нар. пластыкі з сучаснай экспрэсіяй; у іх адлюстраваны ўласныя назіранні балетмайстра над нар. абрадамі, танцамі, адзеннем у розных этнагр. рэгіёнах Беларусі. Паставіла танцы ў оперы «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС ((Jones) Джон Пол) (6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),
ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас.ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.Насаў-Зігена і войскамі А.В.Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ БЕЛАРУ́СКАГА ПІСЬМЕ́НСТВА І ДРУ́КУ,
нацыянальнае бел. свята. Адзначаецца з 1994 у першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нац. культуры, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята становіцца пэўны горад: Полацк (1994), Тураў (1995), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997). Праводзяцца ўшанаванні святых мясцін Беларусі, адкрыццё помнікаў, бюстаў, ганаровых дошак беларусам, што працавалі на ніве асветніцтва (бюст першаму консулу Расіі ў Японіі І.Гашкевічу ў г.п. Астравец Гродзенскай вобл., 1994; помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму ў в. Лаўрышава Навагрудскага р-на, 1996, і інш.), выстаўкі кнігі, «круглыя сталы» па пытаннях бел. кнігадрукавання, фестывалі бел. прэсы і інш.; канцэрты, маст. прадстаўленні, малебны. У свяце ўдзельнічаюць грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў, прадстаўнікі духавенства, шырокая грамадскасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),
французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.