ТРЫПУ́РА,

штат на У Індыі. На ПнЗ і Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 3 млн. чал. (2001), пераважна бенгальцы. У гарадах жыве каля 10% насельніцтва. Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Агартала. Паўд. і цэнтр. частку займаюць невысокія горы (выш. да 523 м), на Пн ускраіна Гангскай раўніны. Клімат трапічны мусонны. У гарах — вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы. Развіта земляробства. Гал. культуры: рыс, джут, бавоўнік, чай, цукр. трыснёг. Лесараспрацоўкі. Пераважае дробная прам-сць і саматужныя промыслы па перапрацоўцы с.-г. прадуктаў і апрацоўцы драўніны.

т. 16, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУР Андрэй Мікалаевіч (н. 20.4.1953, С.-Пецярбург),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1974) і працаваў у ім (у 1982—88, 1991—95 заг. кафедры). У 1983—85 у Гаванскім ун-це (Куба). З 1995 нам. міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па гісторыі эканам. вучэнняў, праблемах фарміравання палітыкі макраэканам. стабілізацыі ў пераходны перыяд, эканам. бяспекі і інавацыйна-інвестыцыйнай дзейнасці.

Тв.:

Основы западной теории рыночной экономики. Мн.. 1997;

Словарь современных экономических и правовых терминов. Мн., 2002 (у сааўт.).

Тур. Кафедральны сабор.

т. 16, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«У НАМЕ́РЫ»,

бел. гульня моладзі ў час посту, калі не дазвалялася спяваць і танцаваць. Збіраліся ў вялікай хаце, пасярод яе ставілі ўслон, на які ўперамежку садзіліся хлопцы і дзяўчаты. Адзін з удзельнікаў гульні хадзіў і пытаўся, ці задаволена суседка суседам. Калі дзяўчыне падабаўся хлопец, што сядзеў побач, яна глядзела ў яго бок. Астатнія ўдзельнікі ў гэты час крычалі: «Раз, два, тры!», а хлопец цалаваў дзяўчыну. Гульня працягвалася, пакуль усе не размяркоўваліся па парах. Тэматычна блізкая да «Жаніцьбы Цярэшкі», «Яшчура» і інш.

В.​Дз.​Ліцьвінка.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́МАНСКІ ДЭНДРАПА́РК «САФІ́ЕЎКА»,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Умань Чаркаскай вобл. (Украіна). Створаны ў 1796—1805 у маёнтку С.​Ш.​Патоцкага (названы ў гонар яго жонкі) пад кіраўніцтвам Л. дэ Метцэля, пры ўдзеле прыгоннага садоўніка Зарэмбы. Парк ландшафтны (больш за 150 га), яго кампазіцыйная вось праходзіць па р. Каменка. У парку створаны разнастайныя віды гідразбудаванняў (вадаспады, шлюзы, фантаны, каскады, сажалкі, падземная р. Стыкс), устаноўлены скульптуры на ант. сюжэты (18—19 ст.), узведзены арх. збудаванні паводле праектаў арх. А.​Штакеншнейдэра (Ружовы павільён, 1850—52) і І.​Макуціна. З 1929 запаведнік.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ДЫ,

водная частка тэр. дзяржавы, за выключэннем тэрытарыяльнага мора. Да У.в. адносяцца воды рэк, ручаёў, азёр і інш. вадаёмаў, у т. л. пагранічныя воды ў межах граніц тэрыторыі дзяржаўнай, а таксама воды, што размешчаны ў бок берага ад зыходных ліній тэр. мора. Пагранічнымі водамі лічацца водныя прасторы ў межах тых участкаў, па якіх праходзіць лінія граніцы, часта і падземныя воды ў створах, дзе праходзіць дзярж. граніца. Прававы рэжым У.в. вызначаецца ўнутр. заканадаўствам дзяржавы, а ў адносінах пагранічных вод — таксама і пагадненнямі з сумежнымі дзяржавамі.

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСО́ЕЎ Сяргей Сяргеевіч (н. 5.3.1942, г. Уладзімір, Расія),

бел. вучоны ў галіне мед. генетыкі і анат. антрапалогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966) і працаваў у ім у 1972—82. З 1982 у Гродзенскім мед. ун-це (да 2001 заг. кафедры). Навук. працы па анат. і мед. антрапалогіі.

Тв.:

Дерматоглифика у детей, страдающих врожденными пороками, с хромосомными аберрациями и без них // Генетика. 1972. Т. 8, № 7;

Использование дерматоглифики родителей в оценке генетического риска // Там жа. 1979. Т. 15, № 3.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў дзікіх жывёл, якая гістарычна-эвалюцыйна склалася на пэўнай тэрыторыі (акваторыі). Аб’ект уліку — жывёлы, што пастаянна, часова або выпадкова існуюць у стане натуральнай свабоды на тэр. краіны. Уключае звесткі пра катэгорыі колькасці і распаўсюджанасці віду, гасп. статус, тэндэнцыі змены стану. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты жывёльнага свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў жывёльным свеце, распрацоўкі мер па рацыянальным выкарыстанні дзікіх жывёл і ўзнаўленні рэдкіх і знікаючых відаў і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ДЧАНКА Аляксей Паўлавіч (19.2.1844, г. Іркуцк, Расія — 15.9.1873),

расійскі натураліст і даследчык Сярэдняй Азіі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1864). У 1868—71 падарожнічаў па Туркестане і нізоўях р. Сырдар’я. Даследаваў Алайскую і Ферганскую даліны, Заалайскі хр. з найвыш. вяршыняй — пік Леніна (7134 м). Склаў араграфічную схему горнай сістэмы Гісара-Алая. Сабраў багатыя бат. і заал. калекцыі. Асн. яго працы надрукаваны пасля смерці пад наз. «Падарожжа ў Туркестан А.​П.​Федчанкі» (т. 1—5, 1872—77, перавыд. ў 1950). Імем Ф. названы горны ледавік на Паміры.

т. 16, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРНА́НДЭС (Fernández) Эміліо (26.3.1904, Онда, Мексіка — 6.8.1986),

мексіканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Па паходжанні індзеец. З 1928 здымаўся ў кіно, пісаў сцэнарыі. Яго фільм «Марыя Кандэлярыя» (1944, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) сведчыў пра нараджэнне новай самабытнай кінашколы. Выкарыстанне індзейскага нац. фальклору, спалучэнне прыгажосці і трагедыйнасці, пластычная выразнасць і жывапіснасць выяўлення ўласцівы яго фільмам «Пакінутыя» і «Бугамбілья» (1944), «Пепіта Хіменес» (1945), «Закаханая» (1946), «Жамчужына» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Рыо Эскандыда» (1948), «Сельская дзяўчына» (1949), «Дзень жыцця» (1950), «Чока» (1974), «Чырвоная зона» (1975), «Эротыка» (1978) і інш.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІСЕ́НКА Міхаіл Канстанцінавіч (н. 1.2.1932, с. Чыгірынаўка Паўладарскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. і праф. (1981). Скончыў Ленінградскі фін.-эканам. ін-т (1953). З 1960 у Бел. эканам. ун-це (у 1987—92 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі фінансаў, праблемах фінансаў, рэнтабельнасці і прыбытку с.-г. прадпрыемстваў.

Тв.:

Финансы сельскохозяйственных предприятий и объединений. Мн., 1980;

Финансы сельского хозяйства. 2 изд. Мн., 1986 (у сааўт.);

Финансы предприятий. Мн., 1995 (у сааўт.);

Теория финансов. 2 изд. Мн., 1998 (у сааўт.);

Налоги. Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 16, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)