адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫ НУЛЬ,
пачатак адліку абсалютнай тэмпературы па шкале Кельвіна; знаходзіцца на 273,16 К ніжэй за трайны пункт вады. Адпавядае стан з найменшай магчымай энергіяй, пры якой часціцы (атамы і малекулы) выконваюць т.зв. «нулявыя» ваганні. Пры абсалютным нулі ўсе рэчывы, акрамя гелію, знаходзяцца ў цвёрдым крышталічным стане. Атрыманы т-ры, якія толькі на мільённыя долі градуса адрозніваюцца ад абсалютнага нуля, аднак на практыцы абсалютны нуль недасягальны (гл.Нернста тэарэма). Пры ахаладжэнні да т-р, блізкіх да абсалютнага нуля, некаторыя рэчывы набываюць звышцякучасць, звышправоднасць і інш. своеасаблівыя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЭВІ́ЛЬ (франц. Abbeville),
абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва адг. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс.г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУЛЯ́ЦЫЯ (адлац. ovum яйцо),
фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (Яўстафій Філарэтавіч) (26.4.1863, в. Славенск Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 15.12.1913),
гісторык, краязнавец і педагог. Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал.ін-т (1885), выкладаў гісторыю ў Гродзенскай гімназіі. Аўтар прац па гісторыі нас. пунктаў Гродзеншчыны, нар. адукацыі, правасл. царквы. Вывучаў ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ. У дакладзе на 9-м археал. з’ездзе (Вільня, 1893) даказаў тоеснасць летапіснага Городенъ і сучаснага Гродна. Рабіў захады для археал. даследавання на Замкавай гары. У кн. «Гродзенская даўніна» (ч. 1, 1910) даследаваў гісторыю Гродна ад часоў заснавання да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМРЭ́СЛІНГ (англ. arm-wrestling ад arm рука + wrestling барацьба),
від спорту, спаборніцтва ў сіле рук двух спартсменаў. Рукаборац, абапёршыся локцем на стол і абхапіўшы кісць вертыкальна пастаўленай рукі праціўніка, імкнецца паваліць яе. Вольнай рукой ён трымаецца за спец. выступ стала. Як від спорту армрэслінг аформіўся ў пач. 1960-х г. у ЗША. Развіваецца больш як у 70 краінах свету. На Беларусі з 1990, першы чэмпіянат адбыўся ў 1991, праводзіцца міжнар. турнір па армрэслінгу «Белавежскі зубр». Існуе федэрацыя армрэслінгу. Бел. спартсменка А.Кандратава — чэмпіёнка свету па армрэслінгу. (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКЛА́З (адарта... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз.адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,
багаслоўская дысцыпліна, якая займаецца пошукам і вывучэннем рэчаў і помнікаў, звязаных з гісторыяй хрысціянскай царквы. Прадметам археалогіі царкоўнай з’яўляецца таксама аднаўленне і апісанне геагр., побытавага і інш. фону, на якім адбываліся біблейскія падзеі. Выкладаецца ў духоўных навуч. установах пад назвай «Царкоўная археалогія ў сувязі з гісторыяй хрысціянскага мастацтва». Трэба адрозніваць археалогію царкоўную адт.зв. «Археалогіі біблейскай», мэта якой на аснове археал. раскопак на тэр.стараж. Палесціны, Месапатаміі, Егіпта, Міжземнамор’я даказаць міфалагічны характар біблейскіх сказанняў, асобных тэкстаў і сюжэтаў Старога і Новага Запаветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫШТ (нямецкае Arrest ад лацінскага arrestum судовая пастанова),
1) у крымінальным працэсе мера стрымання; часовае пазбаўленне волі, узяцце пад варту абвінавачанага (падсуднага) паводле санкцыі пракурора або рашэння суда.
2) Арышт дысцыплінарны — мера дысцыплінарнага спагнання, якая ўжываецца да ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за наўмыснае парушэнне службовай дысцыпліны і інш. 3) Арышт адміністрацыйны — мера адміністрацыйнага спагнання, якое назначае раённы суд або суддзя за асобныя віды адміністрацыйных правапарушэнняў.
4) Арышт маёмасці — забарона распараджацца маёмасцю; прымусовая мера, якую выкарыстоўваюць органы следства і суда для забеспячэння цывільнага іску або канфіскацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎНА,
возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Нача, за 26 км на Паўднёвы Захад ад Полацка. Плошча 0,47 км², даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,66 км, найбольшая глыбіня 0,8 м, даўжыня берагавой лініі 3,16 км. Плошча вадазбору 179 км².
Пойма забалочаная, парослая хмызняком, схілы катлавіны вышынёй 5—10 м, разараныя, на Пд абразійны ўступ вышынёй 3—4 м. Берагі сплавінныя, нізкія. Востраў плошчай 0,5 га. Уздоўж берагоў і вострава дно пясчанае, глыбей — сапрапелістае. Зарастае. Выцякае рака Нача. Злучана пратокай з возерам Забеліна.