горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі падкіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Такое раянаванне выконваюць па назіраемых гравітацыйных і магнітных анамальных палях або паводле комплексу геафізічных характарыстык для вырашэння тэктанічных задач. У 1937 рас. вучоны А.Дз.Архангельскі з групай геафізікаў устанавіў, што ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы, у т. л.тэр. Беларусі, распасціранне восей лінейных магнітных анамалій пераважна адпавядае напрамкам пашырэння метамарфічных тоўшчаў на ўзроўні дакембрыйскага эразійнага зрэзу, а буйныя блокі характарызуюцца аднароднай структурай магнітнага поля. Пазней таксама было высветлена, што разломы ў зямной кары прымеркаваны да ланцужкоў гравітацыйных і магнітных анамалій, да месцаў рэзкага зруху ізаліній геафізічных палёў, «зразання» аднаго поля другім, да градыентных палос і інш. Гэтыя заканамернасці выкарыстоўваюць пры геафізічным раянаванні і цяпер.
Геафізічнае раянаванне тэр. Беларусі паводле тыпаў зямной кары праведзена ў 1986 (удакладнена ў 2003) творчым калектывам у складзе Г.І.Каратаева (Інстытут геалагічных навук Нац.АН Беларусі), І.У.Данкевіча (Геафізічная экспедыцыя РУП «Белгеалогія») і І.К.Пашкевіч (Інстытут геафізікі Нац.АН Украіны). Напачатку на падставе аналізу комплексу геафізічных і геалагічных даных на тэр. Украінскага шчыта і суседніх абласцей была распрацавана паслядоўнасць тыпаў глыбіннай будовы зямной кары, якія адзначаліся пэўнымі прыкметамі геафізічных палёў; паводле комплексу гэтых прыкмет на тэр. Беларусі былі вылучаны геафізічныя тыпы глыбіннай будовы зямной кары, паводле якіх праведзена раянаванне. Паслядоўнасць геафізічных тыпаў будовы зямной кары ўключае 5 галоўных тыпаў A→B→C→D→E і 2 пазасістэмныя тыпы F і G.
Тып A характарызуецца параметрамі: магутнасць ніжняга слоя (b) значна большая за магутнасць сярэдняга (d) і верхняга (g) слаёў, b>>d, b>>g; магутнасць зямной кары большая за 55 км; паверхня Моха ўтварае вялікую ўпадзіну з амплітудай каля 15 км; высокая намагнічанасць рэчыва ніжняй часткі зямной кары больш за 4,5 А/м, шчыльнасць 2,95—3,05 г/см³. У магнітным полі назіраецца рэгіянальная інтэнсіўная дадатная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна дадатнае, насычана дробнымі анамаліямі рознай, зрэдку аднолькавай арыентацыі. Гравітацыйнае поле характарызуецца рэгіянальнымі інтэнсіўнымі дадатнымі або адмоўнымі анамаліямі, лакальнае — рознаарыентаванымі, радзей лінейнымі дадатнымі ці адмоўнымі анамаліямі. Аналагі — Гайсінскі і Вінніцкі блокі Украінскага шчыта.
Тып B: b>d, b>g; магутнасць зямной кары каля 55 км; паверхня Моха ўтварае ўпадзіну з амплітудай каля 10—12 км з горстападобнай лакальнай структурай у цэнтральнай частцы; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй частцы кары каля 4 А/м, шчыльнасць 3—3,15 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная дадатная анамалія ўмеранай інтэнсіўнасці, лакальнае поле рэзка дыферэнцыравана, пераважна дадатнае; гравітацыйнае рэгіянальнае поле расплывістае, лакальныя анамаліі рознай формы і арыентацыі дадатныя і адмоўныя. Аналаг — Наваград-Валынскі блок Украінскага шчыта.
Тып С: b≈d, b≈g; магутнасць зямной кары каля 50 км; паверхня Моха мае ступеньчаты характар з амплітудамі да 15 км; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй яе частцы каля 3 А/м, шчыльнасць 2,82—2,97 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная адмоўная анамалія сярэдняй інтэнсіўнасці, лакальнае поле выражана рэдкімі слабаінтэнсіўнымі дадатнымі і адмоўнымі анамаліямі; гравітацыйнае поле рэгіянальнае адмоўнае слабай інтэнсіўнасці, лакальныя анамаліі рознаарыентаваныя, рознай інтэнсіўнасці з пераменным знакам сілы цяжару. Аналаг — Прыдняпроўскі блок Украінскага шчыта.
Тып D: b<d, b<g; магутнасць зямной кары каля 45 км; паверхня Моха субгарызантальная, пакатая, магчымы ступені вышынёй да 5 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі ўмераная — каля 2 А/м, шчыльнасць 3—3,1 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная анамалія інтэнсіўна адмоўная (больш за 200 нТл), лакальнае поле выражана дадатнымі і адмоўнымі больш дробнымі анамаліямі слабай інтэнсіўнасці; гравітацыйнае поле — адмоўная рэгіянальная анамалія сілы цяжару, лакальнае поле — шмат адмоўных больш дробных анамалій. Аналаг — Кіраваградскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е: b<<d, b<<g; магутнасць зямной кары менш за 40 км; паверхня Моха ўтварае падняцце з амплітудай 8—10 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі слабая — да 0,5 А/м, шчыльнасць каля 3 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна адмоўныя і дадатныя больш дробныя анамаліі рознай формы, прымеркаваныя да перыферыі рэгіянальнай анамаліі; у гравітацыйным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — хаатычна раскіданыя адмоўныя анамаліі. Аналаг — Корасценскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е анамальнай кары са слоем «кора-мантыйнай сумесі». Характарызуецца блізкімі паводле значэння магутнасцямі верхняга, сярэдняга і ніжняга слаёў кары і дзвюма паверхнямі Моха, якія залягаюць на глыбінях 50—53 км (ранняга фарміравання) і 35—40 км (позняга фарміравання), Тып кары адпавядае палеарыфтавым структурам. Аналаг — Прыпяцкі прагін.
Тып G характарызуе зямную кару шыўных зон (напр., Заходне-Інгулецкай, Заходне-Прыазоўскай, Львоўскай). Магутнасць кары 40—55 км, магутнасці ніжняга і сярэдняга слаёў прыблізна аднолькавыя, ступені ў паверхні Моха з амплітудай 5—15 км; намагнічанасць яе ніжніх слаёў да 5 А/ м і больш; шчыльнасць 2,95—3,07 г/см³; рэчыўны састаў нізоў кары — базальтоідны.
Сейсмагеалагічнае раянаванне тэр. Прыпяцкага прагіну выконвалася калектывам геолагаў і геафізікаў падкіраўніцтвам Р.Г.Гарэцкага з канца 1980-х г. на падставе расчлянення часавага сейсмічнага разрэзу на сейсмагеалагічныя комплексы, якія характарызуюцца літалагічнай аднароднасцю, пэўнымі значэннямі пластавых скарасцей сейсмічных хваль і спецыфічнай структурай хвалевай карціны. Беларускія сейсмаразведчыкі І.Дз.Кудравец і С.В.Клушын (РУП «Белгеалогія») вылучылі ў разрэзе платформавага чахла Прыпяцкага прагіну сейсмагеалагічныя комплексы: падсалявыя ніжні (тэрыгенны) і верхні, ніжнесалявы, міжсалявы, верхнесалявыя ніжні і верхні, надсалявы; даследавалі іх распасціранне на тэр. Прыпяцкага прагіну і звязаныя з імі карысныя выкапні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАЛОГІЯ
Развіццё петралогіі на Беларусі цесна перапляталася з літалагічнымі і мінералагічнымі даследаваннямі; найчасцей яны праводзіліся ў комплексе. У пач. 20 ст. П.М.Чырвінскі праводзіў мінералага-петраграфічнае вывучэнне метэарытаў, знойдзеных на Беларусі. У 1920-я г. з больш інтэнсіўным вывучэннем нетраў расшырыліся звесткі пра састаў асадкавых тоўшчаў, але іх петраграфічныя даследаванні абмяжоўваліся ў асн. макра- і мікраскапічным апісаннем структурна-тэкстурных асаблівасцей парод і мінералаў. Звесткі пра мінеральна-петраграфічны і хім. састаў антрапагенавых, мелавых і дэвонскіх глін, балотных руд, цэментавай сыравіны, фасфарытаў змешчаны ў працах М.Ф.Бліадухо, Н.Ф.Дзенісюка, А.М.Жырмунскага, В.І.Маеўскага, С.С.Малярэвіча, Г.Ф.Мірчынка, А.М.Розіна, Б.К.Тарлецкага і інш., а пра петраграфічныя асаблівасці і мінер. састаў асобных тыпаў парод крышт. фундаменту — у Дз.М.Собалева. У пасляваенныя гады прадоўжаны і паглыблены петраграфічныя даследаванні асадкавых, магматычных і метамарфічных парод платформавага чахла і крышт. фундаменту. У 1950—52 Я.М.Махлін зрабіў дэталёвае петраграфічнае апісанне парод крышт. фундаменту, ускрытых свідравінамі ў Мінску, Пінску, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на, г.п. Смілавічы. Сістэматычнае комплекснае мінералага-петраграфічнае даследаванне геал. аб’ектаў пачалося з утварэннем у 1955 лабараторыі літалогіі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (з 1970 Бел.н.-д. геолагаразведачны ін-т Упраўлення геалогіі СМБССР). Падкіраўніцтвам А.С.Махнача ў лабараторыі дэталёва даследаваны пароды дэвонскага і каменнавугальнага ўзросту з мэтай ацэнкі іх перспектыўнасці на нафту і каменны вугаль, дадэвонскія асадкавыя і вулканагенныя адклады, пароды крышт. фундаменту. У 1957 пры Упраўленні геалогіі СМБССР створана мінералага-петраграфічная лабараторыя для аператыўнай апрацоўкі матэрыялаў геолага-здымачных і пошукава-разведачных экспедыцый і партый. З 1965 ва Упраўленні геалогіі (цяпер РУП «Белгеалогія») пачаты тэматычныя мінералага-петраграфічныя даследаванні, звязаныя з праблемай нафтагазаноснасці тэр. Беларусі і вызначэннем перспектыў крышт. фундаменту і платформавага чахла на метал. карысныя выкапні.
У працэсе глыбіннага геал. карціравання (з 1960-х г.) петралагічныя даследаванні дазволілі вылучыць шэраг разнавіднасцей метамарфічных і магматычных парод, вызначыць умовы іх утварэння і скласці першыя геолага-петраграфічныя карты крышт. фундаменту тэр. Беларусі. Дэталёвае вывучэнне працэсаў метамарфізму дазволіла вылучыць у іх гісторыі некалькі этапаў, вызначыць гал. тыпы зыходных парод, з якіх утварыліся метамарфічныя пароды. Створаны карты пашырэння метамарфічных парод, фармацый магматычных парод, геахімічныя і інш.; выдадзены даведнікі хім. саставу парод і мінералаў крышт. фундаменту, таксама геал. карта крышт. фундаменту Беларусі і суседніх тэрыторый маштабу 1:1 000 000 з тлумачальнай запіскай. У наш час у петралогіі ранняга дакембрыю развіваюцца кірункі: петралогія магматычных, метамарфічных і метасаматычных парод. Для іх распрацавана класіфікацыя, якая аб’ядноўвае дзесяткі разнавіднасцей. Блізкія па часе і нярэдка па ўмовах утварэння, становішчы ў разрэзе і геагр. пашырэнні, падобныя па рэчыўным саставе рознасці парод аб’яднаны ў комплексы магматычных і метасаматычных парод і серыі метамарфічных парод, што з’яўляюцца гал. адзінкамі пры карціраванні крышт. фундаменту. Петралагічныя даследаванні праводзяцца таксама пры пошуках нафты і газу тэматычнай партыяй РУП «Белнафта»; вывучэнне парод крышт. фундаменту, мінер. солей, нафтаносных тоўшчаў і інш. — у Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це і інш. Значная частка даследаванняў па розных напрамках петралогіі сканцэнтравана ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі.
Бел. геолагамі вывучана петраграфія і мінер. састаў парод і жал. руд крышт. фундаменту (Н.В.Аксаментава, А.А.Архіпава, В.Е.Астроўскі, І.П.Бардон, Ю.С.Булкін, Д.А.Дамінікоўская, Г.Г.Дамінікоўскі, Н.А.Кажамякіна, В.Ф.Красоўскі, А.С.Махнач, І.В.Найдзянкоў, А.М.Пап і інш.), асадкавых і вулканагенных утварэнняў верхняга пратэразою (В.Я.Бяссонава, М.В.Вераценнікаў, А.С.Махнач, У.І.Шкуратаў), кембрыю (В.І.Абраменка, А.С.Махнач), ардовіку, сілуру (А.С.Махнач, В.Ф.Ропат і інш.), перспектыўных на нафту, мінер. солі і інш. карысныя выкапні дэвонскіх адкладаў (В.З.Кіслік, В.П.Корзун, В.П.Курачка, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, І.І.Ур’еў, Т.А.Шаўчэнка, В.М.Шчарбіна, Д.М.Ярошына і інш.), надсалявых адкладаў дэвону і карбону, перспектыўных на высокагліназёмную сыравіну, гаручыя сланцы, бурыя вуглі (Л.Ф.Ажгірэвіч, Ф.Л.Дзмітрыеў, В.П.Курачка, Л.М.Палер, Н.А.Саўчанка і інш.), адкладаў пермі і трыясу (З.М.Неўмяржыцкая), мергельна-мелавых парод (Ю.Р.Копысаў), пяскоў (З.А.Гарэлік, Э.А.Ляўкоў, Э.Д.Мішагова).
З раздзелаў петралогіі на Беларусі пераважаюць даследаванні рэчыўнага саставу крышт. парод, вызначэнне параметраў іх метамарфізму, тыпу зыходных парод (для метамарфічных) і іх эвалюцыі ў гісторыі зямной кары Беларусі. Мінералага-петраграфічныя даследаванні з’яўляюцца асновай для вызначэння перспектыўнасці тэр. Беларусі на нафту, гаручыя сланцы, каменны і буры вугаль, калійныя і каменную солі, буд. матэрыялы, руды чорных, каляровых і рэдкіх металаў, аграруды і інш.
Літ.:
Геология и петрография калийных солей Белоруссии. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ
У выніку 1-й сусв. вайны рас.-герм. фронт на тэр. Беларусі да кастр. 1915 стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск; каля палавіны тэр. Беларусі апынулася падням. акупацыяй (пазней з прычыны зрыву брэсцкіх мірных перагавораў герм. войскі акупіравалі амаль усю Беларусь). Калі пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі немцы пачалі выводзіць свае войскі, зах. землі Беларусі пачала займаць Польшча, якая абвясціла пра намер аднавіць сваю тэрыторыю ў межах Рэчы Паспалітай 1772. Да жн. 1919 польскія войскі занялі большую частку Беларусі (лінія фронту праходзіла па р.Зах. Дзвіна—Бярэзіна). У выніку сав.-польскай вайны 1920 польскія інтэрвенты ў ліп.—жніўні былі выдалены з Беларусі, але ў вер.—кастр. яны зноў захапілі зах. раёны Беларусі — Гродзенскую губ., паўд.-ўсх. паветы Віленскай, зах. паветы Мінскай губ. — амаль палавіну этнічнай Беларусі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 18.3.1921 Зах. Беларусь (агульная пл. 113 тыс.км²) засталася пад уладай Польшчы. Яе тэр. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяводствы. На тэр.Зах. Беларусі жыло каля 4 млн.чал. (на час перапісу 1921—3372 тыс.чал., паводле ацэнкі 1939—4,6 млн.чал.). Гал. культурным і навук. цэнтрам Зах.
Беларусі быў г. Вільня, у прамысловых адносінах найб. развітым — Беластоцкі прамысловы раён. Найб. гарады: Гродна, Брэст, Навагрудак, Баранавічы, Пінск, Лунінец, Ваўкавыск, Маладзечна, Кобрын, Вілейка, Ліда, Слонім, Стоўбцы, Пружаны, Глыбокае, Браслаў, Ашмяны.
Прамысловасць. Польшча (афіцыйна Другая Рэч Паспалітая) належала да краін з сярэднім узроўнем развіцця. Зах. Беларусь у эканам. адносінах была даволі адсталай яе ўскраінай, аграрным прыдаткам, рынкам збыту прамысл. тавараў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы. Зах. Беларусь складала 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва ўсёй Польшчы, а ўдзельная вага яе ў прамысл. вытворчасці ледзь перавышала 3%, выпрацоўка электраэнергіі — 2%. Разбураная войнамі нар. гаспадарка Зах. Беларусі аднаўлялася марудна, новыя ф-кі і з-ды амаль не будаваліся. Большасць прамысл. прадпрыемстваў — дробныя ф-кі і з-ды, якія перапрацоўвалі мясц. сыравіну. У 1928 у Зах. Беларусі афіцыйна зарэгістравана каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала менш чым па 20 чалавек. Толькі 127 прадпрыемстваў мелі больш як па 20 рабочых, 89 — больш як па 100 і 6 — больш як па 500 рабочых. Значны прамысл. спад адбыўся ў гады сусв.эканам. крызісу 1929—33, калі ў Зах. Беларусі спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў, колькасць занятых рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася амаль напалавіну. Імкнучыся перакласці цяжар крызісу на плечы працоўных, прадпрымальнікі павялічвалі інтэнсіўнасць працы, падаўжалі рабочы дзень да 10—12 гадзін, пазбаўлялі рабочых сац. страхавання, зніжалі заработную плату, якая ў Зах. Беларусі і да таго была значна ніжэйшая, чым у карэннай Польшчы. Працоўныя цярпелі і ад моцнай эксплуатацыі, і ад хранічнага беспрацоўя. У прамысловасці, на транспарце, лесараспрацоўках і інш. было занята 100 тыс. рабочых (каля 5% рабочых усёй Польшчы), мелася каля 50 тыс. рамеснікаў. У 1936 зарэгістравана больш за 25 тыс. беспрацоўных. Шырока выкарыстоўвалася танная праца жанчын і падлеткаў.
Прыродныя багацці краю часта прадаваліся замежным капіталістам. Лясы на высечку, у т. л. Белавежскую пушчу, прадавалі англійскім і французскім прадпрыемствам, тытунёвую манаполію здалі ў арэнду італьянцам, запалкавую — шведам. За 1919—39 у Зах. Беларусі высечана 589,2 тыс.га лясоў, натуральны ж прырост іх склаў толькі 41,8 тыс.га.
Сельская гаспадарка. Больш за 80% насельніцтва Зах. Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Паводле перапісу 1921 большая частка прыватнаўласніцкай зямлі (каля 3 млн.га) належала памешчыкам, якія складалі ўсяго 1,7% землеўладальнікаў (каля 6 тыс. гаспадарак, зямельны надзел кожнай больш за 50 га). На сялянскі двор у сярэднім прыпадала каля 7 га зямлі. Каля 55 тыс. гаспадарак мелі надзелы крыху большыя за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У 15% гаспадарак не было буйн. раг. жывёлы, у 30% — коней (1927). Апрача малазямелля сяляне цярпелі ад шматлікіх падаткаў, прыгонніцкіх перажыткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары шырокага ўжытку і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, ад запазычанасці ў банку і выплаты працэнтаў па ёй, ад самавольства чыноўнікаў і паліцыі, шматлікіх штрафаў. Сял. гаспадаркі пасля вайны аднаўляліся марудна і толькі да 1929 дасягнулі даваеннага ўзроўню.
Зямельная рэформа польскага ўрада (1920, 1921, 1924) была накіравана на развіццё капіталіст. адносін у вёсцы і расшырэнне ўнутр. рынку. Яна ўключала т.зв. парцэляцыю (продаж праз зямельны банк памешчыцкай зямлі дробнымі ўчасткамі — парцэлямі), ліквідацыю сервітутаў (сумесных уладанняў памешчыкаў і сялян) і камасацыю (ліквідацыю цераспалосіцы і звядзенне ў адзін участак дробных сял. палосак з адначасовым высяленнем на хутары). Шляхам т.зв. дзярж. і прыватнай парцэляцыі ў Зах. Беларусі распрададзена каля 20% памешчыцкіх зямель (597 тыс.га з 2948 тыс.га). Значную частку распарцэляваных зямель складалі землі былой царскай казны, якія перайшлі ў дзярж. фонд Польшчы. Такім чынам, буйное памешчыцкае землеўладанне зменшылася, але не на многа. У пач. 1930-х г. памешчыкам і кулакам належала каля 48% усёй зямлі. Выгадна прадаючы зямлю, памешчыкі ўмацоўвалі сваю гаспадарку. Больш за 70% зямлі, якую яны прадалі праз зямельны банк, купілі заможныя сяляне і асаднікі. Толькі нямногія з бедных сялян, парабкаў і дробных арандатараў набылі зямлю. Ад ліквідацыі сервітутаў пацярпела больш за 100 тыс.сял. гаспадарак.
Хутарызацыя ў пераважнай большасці праводзілася прымусова, што выклікала хваляванні на вёсцы. Каб аслабіць супраціўленне сялян, улады абяцалі ў выніку рэформы ліквідаваць цераспалосіцу, павялічыць надзелы, даць крэдыт на перанос будынкаў і на інвентар. Фактычна хутарызацыя была выгадная заможным сялянам і кулакам, бо вялікія выдаткі на перасяленне не давалі магчымасці ўзняць гаспадарку беднякам і парабкам. Да 1939 на хутары расселена каля 200 тыс. двароў.
Асаблівасцю аграрнай палітыкі польскага ўрада было перасяленне на тэр.Зах. Беларусі з цэнтр. раёнаў Польшчы ваенных і цывільных каланістаў, т.зв. асаднікаў, якім на льготных умовах ці бясплатна даваліся зямельныя надзелы да 45 га. Да 1934 на тэр.Зах. Беларусі і Валыні паселена каля 9 тыс. асаднікаў. Асаднікі былі ваеннай і паліт. апорай польскай улады ў Зах. Беларусі.
Адной з прычын збяднення сял. гаспадарак былі нізкія цэны на с.-г. прадукты, асабліва ў гады сусв.эканам. крызісу. У выніку скараціліся пасевы асн.с.-г. культур, менш набывалася і выкарыстоўвалася с.-г. машын, мінер. угнаенняў, што не спрыяла росту культуры земляробства. Толькі ў 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзыходзіла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у аграрным сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Слаба развітая прамысловасць не магла прыняць адток «лішніх рук» з аграрна перанаселенай вёскі, што часам вымушала сялян шукаць работу ў краінах Зах. Еўропы і Амерыкі. Малазямелле і аграрная перанаселенасць не здымала з парадку дня неабходнасць далейшага землеўпарадкавання і было адной з прычын рэв. актыўнасці сялян.
Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Сац. прыгнёт у Зах. Беларусі цесна пераплятаўся з нац. прыгнётам і паліт. бяспраўем бел. народа. Канстытуцыя Польшчы (1921), а таксама ўмовы Рыжскага мірнага дагавора дэкларавалі паліт. і прававую роўнасць усіх грамадзян незалежна ад нац. прыналежнасці. Аднак у дачыненні да беларусаў і інш.нац. меншасцей польскі ўрад з дапамогай дзярж. апарату, друку, школы, каталіцкай царквы праводзіў вялікадзяржаўную палітыку прымусовай паланізацыі. Беларусаў не прызнавалі за самастойную нацыю, забаранялі школы на роднай мове, абмяжоўвалі прыём на работу ў дзярж. ўстановы і ў ВНУ. Зах. Беларусь разам з Валынскім ваяводствам польскія ўлады называлі «крэсамі ўсходнімі» (усходнімі ўскраінамі) або Белапольшчай. Польскі ўрад вышукваў розныя прычыны і зачэпкі, каб закрываць бел. выдавецтвы, б-кі, хаты-чытальні, клубы, рэдакцыі бел. газет і часопісаў. Калі ў 1927 у Зах. Беларусі легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх было 12, у 1932—6, у 1936—13; у 1937 засталося толькі 8 бел. выданняў, пераважна прапольскай і клерыкальнай арыентацыі. Мясц.дзярж. апарат і органы самакіравання (гмінныя рады, павятовыя сеймікі) фарміраваліся з прадстаўнікоў дробнай буржуазіі, памешчыкаў, асаднікаў. Польскі ўрад праводзіў палітыку рэліг. нецярпімасці да пераважна правасл.бел. насельніцтва. З 500 правасл. цэркваў 300 былі пераўтвораны ў касцёлы.
Паводле закона «Аб мове», прынятага 31.7.1924, дапускалася ствараць дзярж. школы з роднай мовай выкладання. Аднак мноства агаворак ператварала яго ў пустую абяцанку. З 500 бел. школ, што працавалі на тэр.Зах. Беларусі да 1921, у 1928 дзейнічала ўсяго 25 і 49 польска-бел. школ; да 1936 засталося 16 бел. школ, астатнія ператвораны ў польскія ці бел.-польскія. Улады закрылі 8 бел. гімназій (у Радашковічах, Навагрудку, Клецку, Нясвіжы, Будславе, Гродне, Гарадку, Маладзечне), 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы); Віленскую бел. гімназію ператварылі ў філіял польскай гімназіі. У выніку бел. настаўнікі засталіся без працы. Урад Польшчы не вельмі імкнуўся даць дзецям Зах. Беларусі адукацыю і на польскай мове. У 1937/38 навуч.г. ў 4221 школе Зах. Беларусі вучылася 546,6 тыс. дзяцей 7—10 гадоў. Пачатковую школу не наведвалі каля 50 тыс. дзяцей. У 1939 каля 35% насельніцтва заставалася непісьменным. Польскія ўлады праводзілі таксама т.зв. пацыфікацыю — прэвентыўнае ўціхаміранне. Тых, хто ў час выбараў агітаваў за кандыдатаў з рабочых і сялян, бралі на ўлік, часам арыштоўвалі. Нават падпісчыка на прагрэсіўную бел. газету лічылі непрыяцелем польскай дзяржавы, а ў дачыненні да дзеячаў рэв. і камуніст. руху праводзіліся масавыя судовыя і паліт. працэсы.
Нацыянальна-вызваленчы рух. Заходнебеларускія партыі і арганізацыі. Неспрыяльнае сац.-эканам. становішча, нац. ўціск, паліт. бяспраўе насельніцтва Зах. Беларусі былі аб’ектыўнымі ўмовамі для разгортвання нац.-вызв. руху. Мясц. жыхары не змірыліся з анексіяй этнічных зямель беларусаў, выступалі супраць гвалтоўнай паланізацыі, каланізатарскай палітыкі польскіх улад. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 актывізавалася ўзброенае антыпольскае змаганне. Адзін з першых партыз. атрадаў падкіраўніцтвам Г.Шыманюка (Скамароха) узнік у Бельскім пав.Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) актыўна займалася пашырэннем партыз. руху на Беласточчыне, Віленшчыне, Гродзеншчыне. Летам 1921 створаны Цэнтр.бел. паўстанцкі камітэт, які ўзначаліў У.Пракулевіч. Гал. штаб бел. партызан (кіраўнік В.Разумовіч) ажыццяўляў каардынацыю дзеянняў партыз. злучэнняў.
Прыняты на 1-й Усебел. паліт. канферэнцыі ў Празе (вер. 1921) курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання быў часткова здзейснены ў Зах. Беларусі. Паводле польскіх вайсковых звестак, восенню 1922 там налічвалася 5—6 тыс. партызан. Масавыя арышты партызан, судовыя працэсы, спыненне падтрымкі з боку Літвы прывялі да аслаблення ўплыву БПС-Р у партыз. руху. Паступова там узмацняліся пазіцыі камуністаў і іх прыхільнікаў, якія абапіраліся на дапамогу Сав. Беларусі. З удзелам камандзіраваных з усходу камуністаў К.Арлоўскага, С.Ваўпшасава, В.Каржа і інш. былі створаны партыз. атрады і групы, якія нападалі на адм. ўстановы, ваенна-паліцэйскія падраздзяленні, гарнізоны, маёнткі памешчыкаў, сядзібы чыноўнікаў, асаднікаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы і г.д. У 1922 ва ўсх. ваяводствах Польшчы адбылося 878, у 1923—503 партыз. выступленні, з іх найбольш у Зах. Беларусі. Пры дапамозе вял. колькасці паліцыі, пагранічных войск, карных фарміраванняў, жорсткіх мер пацыфікацыі, ваенна-палявых судоў партыз. рух быў моцна аслаблены і спынены ў сярэдзіне 1920-х г.
Разам з узброенай барацьбой выкарыстоўваліся і легальныя магчымасці парламенцкай дзейнасці. Пасля выбараў у канцы 1922 у польскім сейме створана нац. дэпутацкая фракцыя — Беларускі пасольскі клуб (БПК), куды ўваходзілі 11 паслоў (дэпутатаў), якія прадстаўлялі ўсе грамадска-паліт. сілы Зах. Беларусі (А.Аўсянік, П.Мятла, Б.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч, С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч, М.Кахановіч, В.Рагуля). З імі супрацоўнічалі сенатары В.Багдановіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў. У студз. 1923 дэпутаты БПК ухвалілі праект стварэння краёвага парламента ў Вільні, дамагаліся таксама вырашэння агр. пытання, спынення асадніцтва, вяртання адабраных у праваслаўных храмаў, выкарыстання бел. мовы ў судах, установах адукацыі. Бел. паслы і сенатары настойліва абаранялі нац.-культ. і сац. правы насельніцтва краю, рэгулярна накіроўвалі інтэрпеляцыі (запыты) аб іх грубых парушэннях. Распрацаваны праект аўтаноміі Зах. Беларусі так і не быў прадстаўлены на абмеркаванне ў польскі сейм. Абмежаванне толькі парламенцкімі формамі не дазваляла пашырыць сац. базу нац.вызв. руху.
Легальныя формы барацьбы падтрымлівалі бел. нац.-дэмакр. партыі і арг-цыі. Агульным для іх было патрабаванне ўтварэння незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Да сярэдзіны 1920-х г. дзейнічалі асобныя групы Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Бел.с.-д. партыі (БСДП), левае крыло якой у 1924 абвясціла стварэнне партыі бел. незалежных сацыялістаў.
Найбольш уплывовай была партыя бел. эсэраў, якая патрабавала дэмакр. свабод, вырашэння аграрнага пытання, «нацыянальнага вызвалення беларускага народа». Левае крыло БПС-Р у ліп. 1922 аформілася ў самастойную Бел.рэв. арг-цыю (БРА). БРА з’яўлялася нелегальнай радыкальнай нац.-дэмакр. арг-цыяй, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. правы насельніцтва Зах. Беларусі. Лідэры БРА І.Лагіновіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, А.Капуцкі наладзілі цесныя сувязі з камуніст. дзеячамі. Па ўсіх асн. пытаннях пазіцыя арг-цыі супадала з тактычнымі ўстаноўкамі камуністаў. У канцы 1923 пасля шэрагу сустрэч і сумесных пасяджэнняў былі выпрацаваны ўмовы зліцця БРА з Камуніст. партыяй Зах. Беларусі (КПЗБ).
З нац.-дэмакр. партый згуртаванасцю вылучалася клерыкальная Бел. хрысціянская дэмакратыя (БХД), на чале якой стаялі каталіцкія ксяндзы А.Станкевіч, Ф.Абрантовіч, В.Гадлеўскі, К.Стаповіч і інш. У сваёй дзейнасці БХД зыходзіла з тэорыі бяскласавасці бел. народа, адмаўляла наяўнасць класавай барацьбы. Партыя адстойвала эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і парламенцкія сродкі змагання. БХД выступала за дэмакр. свабоды, роўнасць перад законам, мясц. самакіраванне, усеагульнае выбарчае права, зямельную рэформу на карысць беззямельных і малазямельных, але з захаваннем прыватнай уласнасці, нац. культуру. У 2-й праграме БХД (1927) канстатавалася, што партыя «імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку». БХД пашырала свой уплыў пераважна сярод беларусаў-католікаў Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў.
Актыўнасць праяўлялі ў Зах. Беларусі і польскія партыі. Значны ўплыў мела рэфармісцкая Польская сацыяліст. партыя (ППС), сял. партыя «Вызволене» і інш. ППС дамагалася дэмакр. свабод, самакіравання, сац. забеспячэння, перадачы памешчыцкіх зямель у арэнду сялянам, аўтаноміі для няпольскага насельніцтва. Патрабаванні дэмакр. рэформ падтрымлівала і партыя «Вызволене». Правыя польскія партыі спрыялі ажыццяўленню асн. кірункаў урадавай палітыкі ў Зах. Беларусі, выступалі з шавіністычных пазіцый адносна нац. меншасцей.
Сярод яўрэйскага насельніцтва зах.бел. гарадоў і мястэчак пераважалі ўплывы Бунда і Паалей Цыёна. Бунд прытрымліваўся с.-д. пазіцый, патрабаваў нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў, самавызначэння Зах. Беларусі, але выступаў супраць яе аддзялення ад Польшчы. Дзеячы партыі сацыял-сіянісцкага кірунку Паалей Цыён прапагандавалі свае ідэі ў асяроддзі яўрэйскіх рабочых, дробных гандляроў, інтэлігенцыі. Як і бундаўцы, яны стараліся адцягнуць сваіх прыхільнікаў ад актыўнай паліт. барацьбы, акцэнтавалі ўвагу на парламенцкай дзейнасці.
Найб. радыкальныя пазіцыі ў зах.бел. нац.-вызв. руху займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая была створана ў кастр. 1923 у Вільні як састаўная частка Кампартыі Польшчы. Першымі арганізатарамі партыі былі С.Мертэнс, А.Славінскі, С.Мілер, С.Дубовік, у яе кіраўніцтва ўваходзілі таксама І.Лагіновіч, Я.Бабровіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, М.Арэхва і інш.КПЗБ была правадніком ідэй Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б, абапіралася на арганізацыйную, паліт. і фінансавую падтрымку з боку СССР і БССР. Сваёй мэтай КПЗБ ставіла барацьбу за інтарэсы рабочага класа, надзяленне сялян зямлёй без выкупу, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, садзейнічала развіццю нац.-вызв. змагання. У канцы 1924 яна налічвала 2296, у канцы 1927 — 3254 камуністаў. Значная частка з іх знаходзілася ў турмах, пастаянна арыштоўвалася польскімі ўладамі. У канцы 1924—1-й пал. 1925 існавала пагроза расколу партыі ў сувязі з утварэннем унутры яе сепаратысцкай групоўкі («сэцэсіі»). Бюро ЦККП(б)Б у студз. 1925 асудзіла дзеянні «сэцэсіі», прызнала іх «недапушчальным, дэзарганізатарскім і антыпартыйным крокам».
Пад уплывам КПЗБ у чэрв. 1925 з Бел. пасольскага клуба выйшла група дэпутатаў і ўтварыла асобны клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) на чале з Б.Тарашкевічам. Камуніст. кіраўніцтва праяўляла пільную ўвагу да новай сеймавай фракцыі. У жніўні 1925 у Сопаце (каля Гданьска) адбылася нелегальная нарада прадстаўнікоў ЦК КПП, КПЗБ, КП(б)Б з лідэрамі пасольскага клуба БСРГ, дзе была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні масавай легальнай арг-цыі рэв.-дэмакр. характару, вызначаны яе асн. праграмныя паліт. мэты.
У маі—чэрв. 1926 пасольскі клуб Грамады стаў самастойнай паліт. арг-цыяй. Старшынёй ЦКБСРГ быў выбраны Б.Тарашкевіч, нам. старшыні — С.Рак-Міхайлоўскі. У склад ЦК увайшлі таксама П.Валошын, П.Мятла, кіраўнік Цэнтр. сакратарыята Грамады М.Бурсевіч. Першапачатковы праект праграмы прадугледжваў стварэнне легальнай камуніст. арг-цыі. Прынятая ў маі 1926 праграма БСРГ змяшчала шырокі спектр дэмакр. патрабаванняў: канфіскацыя памешчыцкіх зямель, падзел іх паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі, скасаванне асадніцтва, дэмакр. самакіраванне, устанаўленне дэмакр. свабод, нац. роўнасць і навучанне на роднай мове, стварэнне сял.-рабочага ўрада, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР і інш.
У 2-й пал. 1926 БСРГ ператварылася ў масавую легальную арг-цыю. Большасць у ёй складалі сяляне-беднякі і сераднякі, а таксама рабочыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі. У студз. 1927 каля 120 тыс. чалавек былі аб’яднаны ў больш як 2 тыс. гурткоў Грамады. Актыўную паліт. работу вялі к-ты БСРГ у Баранавіцкім, Беластоцкім, Бельскім, Валожынскім, Ваўкавыскім, Вілейскім, Віленскім, Гродзенскім, Дзісенскім, Косаўскім, Лідскім, Маладзечанскім, Навагрудскім, Пастаўскім, Пінскім, Сакольскім, Слонімскім і Стаўбцоўскім пав. Больш за 200 камуністаў, што ўступілі ў склад Грамады, у многім вызначылі ідэалагічную лінію, характар дзейнасці арг-цыі.
Масавы рост БСРГ быў выкліканы аб’ектыўнымі ўмовамі зах.-бел. рэчаіснасці ў сац.-эканам., грамадскай і культурнай сферах. Грамада мела прасавецкую арыентацыю не столькі з-за знешняй ідэалагічнай, матэрыяльнай дапамогі, сімпатый да сав. ладу, колькі з-за паўсюднага незадавальнення, непрыняцця палітыкі польскіх улад у Зах. Беларусі. 15.1.1927 рэжым «санацыі» распачаў ліквідацыю гурткоў, к-таў БСРГ, масавыя арышты актывістаў, а 21.3.1927 афіцыйна забараніў арганізацыю. Усіх арыштаваных кіраўнікоў і актывістаў Грамады ў 1927—29 судзілі на некалькіх працэсах, самым гучным з якіх быў «працэс 56-і».
Выбары ў сейм у сак. 1928 адбыліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій польскіх улад. Леварадыкальная частка дэпутатаў [Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (у лют. 1929 яго замяніў П.Крынчык)] утварыла бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне», які супрацоўнічаў з камуніст. фракцыяй у сейме і фактычна стаў парламенцкім прадстаўніцтвам КПЗБ. Паслы клуба «Змаганне» займаліся прапагандысцкай дзейнасцю, арганізоўвалі мітынгі, дэманстрацыі працоўных, востра крытыкавалі ўнутр. і знешнюю палітыку рэжыму «санацыі» Ю.Пілсудскага, выкрывалі адм.-паліцэйскі гвалт, уступалі ў палеміку з паліт. апанентамі. Акрамя інтэрпеляцый, пададзеных разам з інш. клубамі, дэпутаты «Змагання» ўнеслі ў сейме 11 запытаў і 13 прапаноў для абароны сац. і нац. інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі.
Максімалісцкія, празмерна радыкальныя лозунгі «Змагання» перашкаджалі супрацоўніцтву з нац.-дэмакр. партыямі і арг-цыямі. Уцягванне ў барацьбу супраць іх было вынікам рашэнняў VI кангрэса Камінтэрна (ліп.—вер. 1928), які неадкладна выконвалі дзеячы КПЗБ і падкантрольных ім арганізацый. У адрозненне ад кіраўніцтва «Змагання» сярод мясц. актыву перавагу атрымалі не леварадыкальныя, а нац.-вызв. лозунгі. Нягледзячы на моцны камуніст. ўплыў, паслы «Змагання» ішлі на супрацоўніцтва з Бел. пасольскім клубам. Клуб «Змаганне» і яго 50 мясц. сакратарыятаў з’яўляліся цэнтрамі легальнай паліт. дзейнасці зах.-бел. камуністаў сярод шырокіх пластоў працоўных, былі прадаўжальнікамі традыцыі Грамады. 30.8.1930 разам з роспускам парламента было арыштавана кіраўніцтва «Змагання», ліквідаваны яго мясц.арганізац. структуры. У 1931 суд у Вільні прыгаварыў І.Дварчаніна, Я.Гаўрыліка, Ф.Валынца, П.Крынчыка і інш. дзеячаў «Змагання» да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.
Мэтанакіравана адстойвала нац. інтарэсы жыхароў зах.-бел. краю культ.-асветніцкая арг-цыяТаварыства беларускай школы (ТБШ), статут якой быў зацверджаны ў Вільні ў ліп. 1921. Асн. мэтай ТБШ было пашырэнне і дапамога асвеце ў бел. нацыянальным і хрысціянскім духу. Заснавальнікамі арг-цыі былі Б.Тарашкевіч, А.Луцкевіч, Ф.Аляхновіч, А.Смоліч, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч і інш. прадстаўнікі інтэлігенцыі. У пач. 1920-х г.ТБШ мела вузкую сац. базу, яго дзейнасць насіла лаяльны характар да ўлад Сярэдняй Літвы, а потым і Польшчы. Т-ва аказвала дапамогу ў выездзе моладзі на вучобу за мяжу, дапамагала Віленскай і інш.бел. гімназіям, пачатковым школам, правяло ў крас. 1923 з’езд настаўнікаў бел. гімназій. З восені 1924 ТБШ разгарнула кампанію па зборы подпісаў за адкрыццё школ на роднай мове. Пераўтварэнню Т-ва ў масавую культ.-асветную арг-цыю паспрыяла Грамада. У вер. 1926 у склад Гал. управы ТБШ увайшлі Р.Астроўскі (старшыня), А.Уласаў, А.Трэпка (намеснікі), Б.Тарашкевіч, І.Дварчанін, М.Кепель, Я.Шнаркевіч, М.Марцінчык, Ф.Стацкевіч, П.Мятла і інш. Кіраўнікі Грамады і КПЗБ імкнуліся пераўтварыць Т-ва ў «другую лінію акопаў». У канцы 1927 па ўсёй Зах. Беларусі дзейнічала 12 акруговых упраў — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні. 1-ы з’езд ТБШ, які адбыўся 28—29.12.1927 у Вільні, пастанавіў дамагацца адкрыцця дзярж.бел. пачатковых школ, гімназій, настаўніцкіх семінарый, курсаў і інш. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў ТБШ дасягнула 430 (14—15 тыс.чал.), а ў сярэдзіне 1930 перавысіла 500 (больш за 15 тыс. чалавек; па іншых звестках — каля 30 тыс. чалавек), пераважная большасць якіх дзейнічала ў сельскай мясцовасці. Арганізаваная т-вам школьная кампанія набыла масавы характар: да 1928 пададзена больш за 30 тыс. заяў на адкрыццё 1229 бел. школ, аднак абсалютная большасць іх была праігнаравана польскай адміністрацыяй. Для правядзення асветніцкай работы ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, нар. дамы, арганізоўвала драм., харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні, займалася выдавецкай дзейнасцю.
Пасля забароны польскімі ўладамі ў жніўні 1928 Гал. управы (да жніўня 1929) у кіраўніцтве ТБШ узмацнілася ідэйна-паліт. раз’яднанасць. Камуністы, прадстаўнікі «Змагання» імкнуліся надаць арг-цыі радыкальны паліт. характар, група дзеячаў нац.-дэмакр. кірунку схілялася выключна да культ.-асветніцкай працы. На нелегальным з’ездзе ТБШ у Вільні ў маі 1929 праціўнікі палітызацыі (Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, А.Трэпка, Я.Шнаркевіч, А.Коўш і інш.) былі выключаны за «шкодную дзейнасць». У склад новай Гал. управы былі выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Пяткевіч, Р.Шырма, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, П.Крынчык, М.Кепель, М.Марцінчык, П.Петкун.
У 2-й пал. 1920-х г. БХД працягвала ісці шляхам эвалюцыі ад клерыкальна-дэмакр. арг-цыі да свецкай паліт. партыі хрысціянска-дэмакр. кірунку. На нарадзе 1926, з’ездах 1927, 1928 і 1931 выпрацоўвалася праграма партыі, фарміравалася яе ідэалогія. БХД пераадолела вузкія канфесійныя межы, пачала арыентавацца і на католікаў, і на праваслаўных, што пашырыла яе сац. базу. У 1926 кіраўніцтва БХД стварыла альтэрнатыўную ТБШкульт.-асветную арг-цыю — Бел. інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК). Сярод стваральнікаў і кіраўнікоў БІГіК былі А.Більдзюкевіч, А.Станкевіч, А.Назарэўскі, В.Рагуля, В.Багдановіч, А.Уласаў. Арганізацыя выступала ў абарону бел. культуры, мовы, стварала кааператывы, бібліятэкі, вяла асветную работу, займалася мастацкай самадзейнасцю. У пач. 1927 дзейнічалі 50 гурткоў (каля 800 чал.), 22 б-кі БІГіК. Ідэйна-палітычныя рознагалоссі перашкаджалі супрацоўніцтву з ТБШ.
У 1928—30 паралельна з бел. пасольскім клубам «Змаганне» дзейнічаў адноўлены Бел. пасольскі клуб, куды ўвайшлі прадстаўнікі БХД і Бел.сял. саюза — беларускай нац. партыі парламенцкага тыпу, створанай у 1925 у Вільні ў процівагу БСРГ (уваходзілі П.Каруза, А.Стаповіч, Я.Станкевіч, К.Юхневіч, Ф.Ярэміч). З імі супрацоўнічалі бел. сенатары В.Багдановіч, В.Рагуля. БПК працягваў абараняць сац. і нац. інтарэсы, выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе вызв. рух.
Узмацненне аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы прывяло да разгрому ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. левага крыла зах.-бел. руху. У цяжкіх умовах нелегальнага існавання, бязлітасных праследаванняў знаходзілася КПЗБ. Найб. устойлівымі былі падп.камуніст. арг-цыі ў Брэсцкай, Баранавіцка-Слонімскай, Гродзенскай і Навагрудскай акругах. З мясцовага актыву кампартыі вызначаліся А.Багданчук, В.Ласковіч, П.Пестрак, С.Прытыцкі, У.Урбановіч, У.Царук і інш.ПадкіраўніцтвамКПЗБ з 1924 дзейнічаў Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ). У 1933 у яго 10 акругах налічвалася больш за 3 тыс. чал.
У канцы 1920 — пач. 1930-х г. для тактыкі і стратэгіі КПЗБ характэрна імкненне фарсіраваць рэв. працэс з мэтай паскорыць сацыяліст. рэвалюцыю, блізкасць якой беспадстаўна перабольшвалася. У межах падрыхтоўкі сав.-польскага дагавора аб ненападзе на V пленуме ЦККПЗБ (чэрв. 1931) з праграмных дакументаў было знята патрабаванне аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. Да бел.нац. партый з боку кампартыі праяўляліся адмоўныя адносіны, іх расцэньвалі як састаўную частку нацыянал-фашысцкага лагера пілсудчыкаў. Камуністы вылучалі максімалісцкія лозунгі і патрабаванні з разлікам на абвастрэнне барацьбы. Асабліва гэта выявілася ў перыяд сусв.эканам. крызісу 1929—33 і ў першыя гады пасля яго. Камуністы мелі дачыненне да арганізацыі забастовак рабочых, акцый беспрацоўных, антыўрадавых дэманстрацый, мітынгаў, сял. выступленняў у Асташыне (Навагрудскі павет) у 1932, Навасёлках (Кобрынскі павет), Ляплёўцы (Брэсцкі павет) у 1933, нарачанскіх рыбакоў у 1935 і інш.
Знішчальная хваля рэпрэсій польскіх улад, лявацка-сектанцкі падыход КПЗБ да нац. пытання адмоўна паўплывалі на становішча ТБШ. З 1928 па ліп. 1930 забаронена дзейнасць яго 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс.чал.), засталася 1 акруговая ўправа ў Беластоку (забаронена ў 1934). У большасці паветаў дзейнасць гурткоў спынілася. У лют. 1933 у Вільні адбыўся суд над кіраўніцтвамТБШ, якое абвінавачвалі ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы».
Негатыўны ўплыў на зах.-бел. рух зрабілі рэпрэсіі ў БССР у 1930-я г. У 1933 да справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі прыцягнуты М.Бурсевіч, П.Валошын, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, П.Мятла, С.Рак-Міхайлоўскі і інш. дзеячы Зах. Беларусі, якія на той час у выніку абмену зняволенымі знаходзіліся ў СССР. Яны атрымалі смяротныя прысуды і розныя тэрміны лагернага зняволення. Па той жа справе пазней расстраляны Б.Тарашкевіч.
У сувязі з аб’яўленымі польскімі ўладамі выбарамі ў сейм у 1930 створана правацэнтрысцкая грамадска-паліт.арг-цыя — Цэнтр. саюз культ. і гасп. арганізацый (Цэнтрасаюз). Лідэры арг-цыі Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, Ф.Акінчыц, Я.Станкевіч прызнавалі заганнай тактыку канфрантацыі, лічылі адзіна магчымым шляхам пошук кампрамісаў з аўтарытарным рэжымам Ю.Пілсудскага. Яны падвяргаліся крытыцы з боку КПЗБ і БХД, за паланафільскі кірунак іх празвалі «беларускай санацыяй». У 1932 на аснове Цэнтрасаюза створана культ.-асветніцкая арг-цыяТ-вабел. асветы (ТБА). Паводле статута, ТБА ставіла за мэту «працу над развіццём беларускай культуры, пашырэнне школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздым маральнага ўзроўню і вывучэнне польскай культуры, культурных адметнасцей іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі». У 1933 пачалі ўтварацца гурткі ТБА, адкрыты 33 бібліятэкі-чытальні, арганізавана асветніцкая і выдавецкая дзейнасць. Пакінуўшы Цэнтрасаюз, восенню 1933 Ф.Акінчыц разам з У.Казлоўскім пачалі выданне газеты «Новы шлях», органа Бел. нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), дзе шмат увагі аддавалася абгрунтаванню і апраўданню ідэалогіі нацыянал-фашызму. Раскол Цэнтрасаюза ў 1934 прывёў у заняпад нешматлікія гурткі ТБА. Паланафільскія ідэі не знайшлі шырокай падтрымкі з боку насельніцтва Зах. Беларусі.
Да сярэдзіны 1930-х г. з бел.нац. партый толькі БХД захавала і часткова павялічыла свой колькасны склад. БІГіК у 1934 меў 80 гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс.чал.Пад эгідай БХД у пач. 1930-х г. рэарганізаваны Бел. нацыянальны камітэт (БНК) у Вільні. З яго дапамогай БХД спрабавала кансалідаваць пад сваім кіраўніцтвам на нац.-дэмакр. аснове зах.-бел. партыі і арг-цыі, скіраваць іх паліт. дзейнасць супраць КПЗБ. БНК аб’ядноўваў шэраг культурна-асветных, грамадскіх і маладзёжных арганізацый — Бел. студэнцкі саюз, Бел.навук.т-ва, Бел. настаўніцкі саюз і інш.
У 5-й праграме БХД (1936) замацаваны свецкі характар партыі, зменена яе назва на Бел.нац. аб’яднанне (БНА). Кіраўнікі БНА асуджалі капіталізм, фашызм і камунізм, выступалі за 3-і шлях грамадскага развіцця, які не быў канкрэтызаваны ў праграмных дакументах. Прызнавалася прыватная ўласнасць, адмаўлялася эксплуатацыя, вылучалася патрабаванне перадачы зямлі малазямельным сялянам без выкупу, хутары аб’яўляліся «найбольш адпавядаючай формай прыватнай гаспадаркі». Дзеячы партыі выступалі супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, за абавязковае вывучэнне рэлігіі ў школах. Як і ў папярэдніх праграмах, вылучалася патрабаванне стварэння незалежнай бел. рэспублікі, дэмакр. правоў і свабод. У склад прэзідыума ЦК БНА у студз. 1936 былі выбраны Я.Пазняк (старшыня), С.Грынкевіч, М.Дварэцкі, А.Клімовіч.
Ва ўмовах наступу фашызму з сярэдзіны 1930-х г. была зменена стратэгія і тактыка міжнар.камуніст. руху. На II з’ездзе КПЗБ (май 1935) былі выпраўлены асобныя памылкі ў дзейнасці партыі, заяўлена пра неабходнасць стварэння шырокага антыфашысцкага нар. фронту. У выніку аўтарытэт КПЗБ вырас. Кампартыя ажыццявіла практычныя крокі для адзінства дзеянняў з арганізацыямі ППС, Бунда, «Стронніцтва людовэго», кіраўнікамі прафсаюзаў, БХД. У жн.—вер. 1935 адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў ЦККПЗБ і ЦК БХД. Хоць існавалі сур’ёзныя ідэйна-паліт. разыходжанні, была дасягнута дамоўленасць па школьным пытанні. ТБШ і БІГіК правялі ў 1936 сумесную школьную кампанію, якой кіраваў агульны Школьны сакратарыят, некаторы поспех дасягнуты ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Маладзечанскім і інш. паветах. Аднавілася дзейнасць гурткоў ТБШ. У склад Гал. управы Т-ва былі. выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Кепель, В.Склубоўскі, Ф.Грышкевіч, Р.Шырма, М.Пяткевіч, М.Марцінчык, С.Паўловіч, М.Касцевіч і інш.
У ходзе сумеснай школьнай акцыі яшчэ захоўваліся ўзаемныя недаверлівыя адносіны. Не далучылася да супрацоўніцтва ТБА. У адрозненне ад дэмакр. часткі БНА яго кансерватыўныя элементы не прынялі ідэі супрацоўніцтва з камуністамі і стварылі ў чэрв. 1936 Бел.нац. фронт падкіраўніцтвам В.Гадлеўскага, абвясціўшы гал. мэтай падтрымку вольнай ад чужых уплываў бел.паліт. лініі. Варожа ставілася да кансалідацыі зах.-бел. руху БНСП, якая займала выразныя антысавецкія і антыкамуніст. пазіцыі. У праграме 1936 яе лідэры дэкларавалі замену капіталіст. ладу сацыялістычным. Каб займець сімпатыі нацыянальна настроенай інтэлігенцыі, падкрэслівалася, што «палітычным ідэалам ёсць незалежная і аб’яднаная беларуская дзяржава ў яе этнічных межах». Да БНСП прымкнула група бел. незалежных радыкалаў на чале з К.Юхневічам. З-за малалікасці партыі так і не быў скліканы яе з’езд. БНСП не атрымала масавай падтрымкі ў заходнебеларускім грамадстве.
Актывізацыя нац.-вызв. барацьбы выклікала знішчальную хвалю рэпрэсій польскай адміністрацыі, паліцыі. У снеж. 1936 забаронены ТБШ і БІГіК, у 1937 — Бел. настаўніцкі саюз, ТБА, у 1938 — БНК. З-за ганенняў і ўціску з крас. 1937 спынілася выданне цэнтр. органа БХД—БНА «Беларускай крыніцы». Многія з кіраўнікоў партыі былі арыштаваны ці выселены на захад.
Паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. ў БССР, падрывалі сілы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У лют. 1936 органамі НКУСБССР арыштаваны і асуджаны «як агент польскай палітычнай паліцыі» паліт. сакратар ЦККПЗБ І.Лагіновіч (пазней прысуд зменены на смяротнае пакаранне). У 1937 рэпрэсіям падвергліся інш. кіраўнікі Кампартыі Польшчы і КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР. У жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачвання ў сувязях з польскай дэфензівай Выканком Камінтэрна прыняў рашэнне аб роспуску КПП і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ. Арганізаваны нац.-вызв. рух напярэдадні вер. 1939 быў фактычна спынены намаганнямі польскага ўрада, сталінскага рэжыму, што садзейнічала нац.-культ. асіміляцыі насельніцтва Зах. Беларусі.
Культура Заходняй Беларусі. Нягледзячы на жорсткі нац. прыгнёт і крайне абмежаваныя магчымасці для праяўлення і развіцця бел. культуры, культ. жыццё ў Зах. Беларусі не замірала. У рабоце нац.-вызв. і культ.-асв. арг-цый, у выданні падп. і легальных газет і часопісаў, у агульнадэмакр. выступленнях удзельнічалі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі. Вял. ўплыў на развіццё нац.-вызв. руху мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, М.Машары, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, А.Стаповіча; публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, У.Самойлы, А.Станкевіча, В.Харужай; навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна і інш. З зах.-бел. л-рай звязана творчасць М.Гарэцкага, У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка. У 1930-я г. пачалі сваю літ. дзейнасць бел. пісьменнікі А.Іверс, Ф.Грышкевіч, А.Дубровіч, Я.Чабор, Н.Тарас, Г.Новік, П.Граніт, А.Клімовіч, С.Крывец, А.Мілюць, Я.Брыль; украінскі А.Гаўрылюк; польскія Г.Дэмбінскі, С.Ендрыхоўскі, Е.Путрамант і інш. Пісьменнікі, што групаваліся вакол «Беларускай газеты», у канцы 1933 распачалі дзейнасць па стварэнні арганізацыі, каб аб’яднаць пісьменнікаў Зах. Беларусі. Іх намаганнямі ў газеце была аформлена літ. старонка, надрукавана прынятая на нелегальным з’ездзе зах.-бел. пісьменнікаў (снеж. 1933) дэкларацыя, якая заклікала ўсіх літаратараў «ад станка і плуга» гуртавацца дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У студз. 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі найб. актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва Зах. Беларусі зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук; у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую работу па стварэнні нар. хароў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Г.Цітовіч, Р.Шырма і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый Зах. Беларусі размяшчаліся ў Вільні, у т. л.Бел. выдавецкае таварыства, выдавецтвы ТБШ, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, У.Знамяроўскага, Б.Клецкіна, Бел. навуковае т-ва, Бел. музей, Бел. драматычная майстроўня, Бел. дабрачыннае т-ва, Віленская бел. гімназія, школы, кнігарні і інш. У Вільні выдадзены «Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век—1905 г.» М.Гарэцкага (1922), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І.Дварчаніна (1927), зб-кі вершаў Л.Родзевіча («На паняволеных гонях», 1928), М.Танка («На этапах», 1936; «Журавінавы цвет», 1937; «Пад мачтай», 1938; паэма «Нарач», 1937) і інш. Выдаваліся таксама падручнікі для бел. школ С.Рак-Міхайлоўскага, С.Паўловіча, «Беларускі каляндар», адозвы, адкрытыя лісты і прамовы дэпутатаў у сейме. Ствараліся гурткі маст. самадзейнасці, рыхтаваліся канцэрты. У рэпертуары хароў пераважалі бел.нар. песні. У драм. калектывах найб. папулярнасцю карысталіся спектаклі «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Атрута» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Суд» У.Галубка, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі, а таксама шматлікія інсцэніроўкі. Сродкі, сабраныя на спектаклях і канцэртах, ішлі пераважна на патрэбы развіцця бел. асветы і культуры. Паліцыя і ўлады часта забаранялі такія мерапрыемствы. Напр., з 36 спектакляў, падрыхтаваных у 1932 гурткамі маст. самадзейнасці Беласточчыны, 14 забаронены ўладамі.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле распараджэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Большасць жыхароў сустракала армію як вызваліцельніцу, з энтузіязмам і радасцю. На занятай Чырв. Арміяй тэрыторыі ўтварыліся органы новай улады: у гарадах — Часовыя ўпраўленні, у мястэчках і вёсках — сялянскія камітэты. Яны займаліся вырашэннем пытанняў адм., гасп. і культ.-асв. дзейнасці. Адначасова для навядзення рэв. парадку ў гарадах сфарміраваліся ўзбр. атрады рабочых, у сельскай мясцовасці — атрады сял. міліцыі. Для ўсталявання новай сав. улады ў Зах. Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. Народны сход Заходняй Беларусі (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне сав. улады і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. 12—14.11.1939 нечарговая 3-я сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Гэтымі актамі юрыдычна замацоўвалася этнічна-тэр. кансалідацыя бел. нацыі ў адзінай дзяржаве. У кастр. 1939 паводле дамоўленасці паміж урадамі СССР і Літвы Віленскі край з г. Вільня быў перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены ў склад Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр.Зах. Беларусі былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Лочмель И.Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. М., 1940;
Stankievic A. Biełaruśki chryscijanski ruch. Vilnia, 1939;
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет Мн., 1946;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнікаў рэв. руху ў Заходняй Беларусі. Мн., 1958;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Мацко А.Н. Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933—1939 гг.). Мн., 1963;
Яго ж. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков, 1918—1939 гг.Мн., 1972;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Мн., 1967;
Яго ж. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
В авангарде революционной борьбы. Мн., 1974;
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977;
Яго ж. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Годы испытаний и мужества. Мн., 1973;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Яго ж. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел.гіст.часоп. 1994. №1;
Яго ж. Іосіф Каэтанавіч Лагіновіч: нарыс жыцця і дзейнасці // Там жа. 1996. №3;
Яго ж. Выпрабаванне часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі) // Там жа. 1998. №4;
Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938 гг.Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Полуян И.В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса, 1929—1933 гг.Мн., 1991;
Gomołka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993;
Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. №2;
Яго ж. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Там жа. 1997. №1;
Яго ж. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. №5;
Яго ж. Уз’яднанне // Полымя. 2000. №9;
Назаўсёды разам: (Да 60-годдзя ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР). Мн., 1999;
Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 17—18 вер. 1999 г.). Мн., 2000;
Рыжскі мірны дагавор. Лёсы народаў Усходняй Еўропы: (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 16—17 сак. 2001 г.). Мн., 2001;
Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытар. цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003.
А.М.Вабішчэвіч, І.П.Хаўратовіч.
Цэнтральны сакратарыят Беларускай сялянска-работніцкай грамады. 1926.Дэлегаты 3-га з’езда Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Вільня. 1928Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).Вечар беларускай паэзіі і песні ў Віленскім універсітэце. Злева направа: сядзяць — С.Станкевіч, М.Машара, Р.Шырма, М.Васілёк, М.Шчорс; стаяць: — Х.Ільяшэвіч, М.Танк, А.Бярозка, В.Тумаш, П.Сергіевіч. Вільня. 15.3.1936.А.Трэпка, В.Багдановіч, К.Галкоўскі, М.Забэйда-Суміцкі, Р.Шырма, А.Луцкевіч, С.Паўловіч, М.Танк, С.Глякоўскі, Я.Станкевіч і інш. пасля канцэрта хору Р.Шырмы. Вільня. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫІ
Паліт. партыі ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых еўрап.рэв. партый «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.Марксам і Ф.Энгельсам. Яго праграма («Маніфест Камуністычнай партыі») вызначала форму будучага дзярж. ладу — дыктатуру пралетарыяту, заклікала да падрыхтоўкі і ажыццяўлення рэв. перавароту як асн. сродку барацьбы. Ідэі «Маніфеста» знайшлі шырокае распаўсюджанне, у т. л. на тэр.Рас. імперыі. Першая паліт. партыя парламенцкага тыпу — «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» (1861). У 1863 Ф.Ласаль арганізаваў першую масавую рабочую партыю — «Усеагульны германскі саюз рабочых».
У Рас. імперыі папярэднікамі паліт. партый былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі, на Беларусі — тайныя т-вы філаматаў (прыхільнікаў навук), філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці) і «ваенных сяброў», якія існавалі ў 1-й пал. 1820-х г. Іх погляды зводзіліся да аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772; неабходнасці карэнных сац. рэформ, ліквідацыі прыгонніцтва, увядзення канстытуцыйнай формы праўлення, стварэння ўмоў для росквіту сярэдняга класа, які ў Беларусі, на іх думку, складала шляхта. Паліт. рознагалоссі паміж «белымі» і «чырвонымі» ў час паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве не прывялі да стварэння партыі. Пэўны ўплыў у Беларусі мелі арг-цыі рас. народнікаў «Зямля і воля», «Народная воля». З сярэдзіны 1880-х г. члены арг-цыі групы «Вызваленне працы», польскай партыі «Пралетарыят» пачалі прапаганду марксізму ў Беларусі. У канцы 1880 — пач. 1890-х г. створана некалькі нешматлікіх сацыял-дэмакр. гурткоў у Мінску, Вільні, Гродне, Віцебску, Гомелі, Смаргоні, Пінску, Ашмянах, Брэсце. Яны вялі ў асн.эканам. агітацыю.
Як паліт. партыі ў канцы 19 ст. аформіліся Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897, з 1901 — Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, ПСР), Усеаг. яўр. рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд, 1897), Рас. сацыял-дэмакр. рабочая партыя (РСДРП; абвешчана на I з’ездзе ў Мінску ў сак. 1898). Яны мелі свае арганізац. структуры на Беларусі. У крас. 1896 адбыўся Устаноўчы з’езд Літоўскай сацыял-дэмакр. партыі (ЛСДП), якая арганізавала сацыял-дэмакр. гурткі ў Мінску, Вільні, Смаргоні. Партыя вылучала ідэю стварэння рабочых арг-цый па нац. прыкмеце. У маі 1896 узнік Рабочы саюз Літвы (С.Трусевіч), які аб’яднаў Віленскую, Мінскую і Смаргонскую інтэрнац. рабочыя арг-цыі (каля 300 чал.). На мяжы 19—20 ст. у Вільні, Смаргоні, Мінску дзейнічалі невял. групы партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), створанай у 1900 у Мінску. У вер. 1902 з груп Польскай партыі сацыялістычнай (ППС) утварылася ППС у Літве, якая належала да тыпу леванародніцкіх і выступіла пад лозунгамі барацьбы за самастойнасць Літвы—Беларусі і ўстанаўленне сацыяліст. ладу. Найб. значныя яе арг-цыі былі ў Вільні, Гродне і Брэсце. У 1905 пасля выдання Маніфеста 17 кастрычніка ўзніклі агульнарас. ліберальныя партыі — Партыя «народнай свабоды», або Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты), «Саюз 17 кастрычніка» (акцябрысты). Асн. мэтамі яны лічылі ажыццяўленне дэмакр. рэформ у Расіі сродкамі парламенцкай барацьбы. На крайніх кансерватыўных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», «Руская манархічная партыя» і інш. Яны атрымалі назву «чорная сотня», чарнасоценцы. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.
Першай паліт. партыяй, якая арыентавалася на нац. інтарэсы беларусаў, была Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП), потым Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ), створаная ў 1902. У снеж. 1903 на I з’ездзе яна прыняла праграму, дзе характарызавала сябе як сац.-паліт. арг-цыю бел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай партыя абвяшчала разбурэнне капіталіст. ладу, а бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя. Форма будучага дзярж. ладу не вызначалася, увага засяроджвалася на барацьбе за дэмакр. свабоды, на агр., канфесіянальным, нац. пытаннях. На гэтым з’ездзе БРГ перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). У 1903—04 БСГ цесна супрацоўнічала з ППС, ПСР, ЛСДП. Заснавальнікі і актыўныя дзеячы БСГ — браты І. і А. Луцкевічы, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), Ф.Умястоўскі, А.Пашкевіч (Цётка). Стварэнне першай бел.паліт. партыі азначала, што беларускі нацыянальна-вызваленчы рух перастае быць толькі культурна-адраджэнскім, а становіцца палітычным і арганізуецца ў партыю. У 1904 у Гродне заснавана Сацыялістычная партыя Белай Русі (СПБР), блізкая да ППС у Літве. Уласнай праграмы яна не мела, дзейнічала гал. чынам на Гродзеншчыне, выпусціла некалькі пракламацый («Царская гаспадарка», «Братцы мужыкі», «Прызыўныя») з заклікамі да звяржэння самадзяржаўя, аднак у 1906 самаліквідавалася. 7.2.1906 у Вільні па ініцыятыве барона Э.Ропа адбыўся ўстаноўчы з’езд Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (ККПЛіБ). Быў абраны ЦК, зацверджана праграма, якая спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў паліт. сферы, кансерватызм у вырашэнні сац.-эканам. праблем і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі; восенню 1907 яна распалася. У чэрв. 1907 у Вільні пра стварэнне абвясціла Краявая партыя Літвы і Беларусі (КПЛіБ), аднак у 1908 яна спыніла існаванне. У гады рэакцыі (1907—10) паліт. актыўнасць значна знізілася, у 1-ю сусв. вайну актывізавалася. Карэнныя змены ў грамадска-паліт. жыцці на Беларусі адбыліся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У сак.—кастр. 1917 тут дзейнічала больш за 20 паліт. партый — бел. нацыянальныя, агульнарасійскія, яўр., польскія.
З бел. партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі прытрымліваліся Магілёўскі бел.нац.к-т, Гомельскі саюз бел. дэмакратыі, Віцебскі саюз бел. народа, Аршанскі бел.нар.к-т, Хрысціянска-дэмакр. аб’яднанне, Бел. партыя аўтанамістаў, Бел. партыя нар. сацыялістаў. Паліт. праграмы гэтых партый былі блізкія да кадэцкай, адлюстроўвалі інтарэсы буйных і сярэдніх землеўласнікаў, агр. буржуазіі, правасл. духавенства, чыноўнікаў. Большасць партый аб’ядноўвалі ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх соцень чалавек і не мелі паліт. ўплыву па-за межамі свайго рэгіёна. Усе яны, у той ці іншай форме, выказвалі ідэю абласной аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, але прызнавалі самабытнасць краю і неабходнасць прыняцця спец. законаў мясц. характару. Дэмакр. поглядаў на праблемы дзярж. будаўніцтва, вырашэнне эканам. і сац. праблем прытрымліваліся Бел. хрысціянскае дэмакр. аб’яднанне (БХДА; Ф.Абрантовіч, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі і інш.), Бел.нар. партыя сацыялістаў [БНПС; Я.Ф.Сушынскі, А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.Я.Плаўнік (З.Бядуля), Ф.Стульба, П.П.Аляксюк], Бел. партыя аўтанамістаў (БПА; Дз.Сабалеўскі). Гэтыя партыі выступалі за глыбокія дэмакр. пераўтварэнні і шырокую аўтаномію Беларусі ў рамках Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі (РФДР). Значна актывізавалі сваю дзейнасць нац. партыі рэв.-дэмакр. арыентацыі — БСГ, якая да 1917 распалася з-за ўнутр. супярэчнасцей і іншых прычын (аднавіла дзейнасць у сак. 1917), і Бел.нар. грамада (БНГ). Іх сац. базай былі сярэднія і дробныя гарадскія слаі, частка сялян, рамеснікі і служачыя, разначынная інтэлігенцыя. У 1917 арганізацыі БСГ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, а таксама ў Петраградзе, Маскве, Саратаве, Казані і інш. гарадах, дзе былі беларусы-бежанцы, у некаторых часцях Зах. і Паўн. франтоў, на Балтыйскім флоце. У сярэдзіне 1917 яна аб’ядноўвала 5 тыс. членаў, восенню — каля 10 тыс. На III з’ездзе БСГ (14—15.10.1917) зацверджана новая рэдакцыя праграмы, якая грунтавалася на ідэях шырокай краявой нац.-тэр. аўтаноміі Беларусі ў складзе РФДР. За аўтаномію выступала і БНГ, якая дзейнічала ў 1917—18 у Расіі ў асн. сярод бежанцаў (Я.І.Васілевіч, А.І.Цвікевіч, Ф.Ф.Турук). Актыўную работу вялі Яўр. сацыял-дэмакр. рабочая партыя (ЯСДРП, Паалей Цыён; Б.Борахаў, Н.Сіркін, А.Гардон), Аб’яднаная яўр. сацыялістычная рабочая партыя (АЯСРП, 1917—20; Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман), а таксама некаторыя польскія і літоўскія партыі.
Яшчэ больш рэзкае размежаванне паміж паліт. партыямі адбылося пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. Дзейнасць манархічных партый на тэрыторыі, якую кантралявалі бальшавікі, была забаронена, ліберальных — значна абмежавана. Больш шырокія магчымасці атрымалі партыі сацыяліст. арыентацыі. Створаны Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р, 1918—24; Т.Т.Грыб, Л.І.Заяц, П.Бадунова, Я.А.Мамонька, С.М.Некрашэвіч), Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф, 1918—21; А.Аўсянік, І.Я.Варонка, К.Б.Езавітаў, В.І.Захарка, П.А.Крачэўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), Бел. сацыял.-дэмакр. партыя (БСДП, 1918—24; І. і А. Луцкевічы, Я.Ю.Лёсік, А.А.Смоліч і інш.). У крас. 1918 на аснове Бел. сацыял.-дэмакр. рабочай партыі ўзнікла першая бел. секцыя РКП(б) у Петраградзе. У 1918—19 бел. секцыі дзейнічалі ў Маскве, Казані, Варонежы, Саратаве, Тамбове, Невелі, Казлове і інш. як часткі мясц.парт. арг-цый. Вялі ў асн. работу сярод бежанцаў і рабочых беларусаў. У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Бальшавіцкія арг-цыі Беларусі і Зах. фронту дзейнічалі падкіраўніцтвамПаўн.-Зах. абласнога к-та РКП(б). Паміж паліт. партыямі розных кірункаў разгарнулася вострая барацьба па пытаннях дзяржаўнасці Беларусі, агр. пытанні, прызнання ўлады бальшавікоў, якія забяспечвалі сабе большасць у Саветах, і інш. VI Паўн.-Зах. абласная канферэнцыя РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск) абвясціла сябе I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. КП(б)Б не мела праграмы, статута, членскіх білетаў, з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), потым ВКП(б), КПСС. У пач. 1919 была створана Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (В.С.Міцкявічус-Капсукас, В.Г.Кнорын, З.І.Ангарэціс, А.Ф.Мяснікоў, Я.Г.Далецкі, С.В.Іваноў і інш.), якая была рэгіянальнай арг-цыяй РКП(б) у перыяд існавання Сацыялістычнай Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі. На пазіцыях бальшавізму стаяла і Бел. камуністычная арг-цыя [БКА, 1920; У.М.Ігнатоўскі, С.Г.Булат, І.П.Каранеўскі, В.С.Гарбацэвіч, М.С.Кудзелька (М.Чарот), А.Сташэўскі, М.І.Мароз і інш.]. Яе лідэры імкнуліся больш улічваць нац. асаблівасці Беларусі (нацыянал-камунізм). БКА самаліквідавалася, яе члены ўступілі ў КП(б)Б. Фактычна малавядомай была Партыя рэв. сацыялістаў-народнікаў Беларусі (ПРС-НБ, 1919—20; А.Пятроў).
Ярка выражаныя антысав. пазіцыі займалі лідэры Бел. сялянскай партыі «Зялёны дуб» [1919—24; В.Адамовіч (Дзяркач), П.Аляксюк, А.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), У.Ксяневіч]. Арганізаваная ў пач. 1920-х г. «зялёнадубаўцамі» ўзбр. барацьба супраць бальшавікоў пазней набыла характар паліт. і крымінальнага бандытызму. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР перастала існаваць. Многія члены БКА, БПС-Р, АЯСРП, ЯСДРП уступілі ў КП(б)Б. З 2-й пал. 1920-х да 2-й пал. 1960-х г. толькі бальшавіцкая партыя аб’яўлялася выразніцай і абаронцай інтарэсаў народа. КП(б)Б зрабіла значны ўклад у аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, адукацыі, навукі, культуры Беларусі ў міжваен. перыяд. Хуткімі тэмпамі расла колькасць членаў КП(б)Б. Калі ў вер. 1921 у партыі налічвалася 2889 чл. і 1260 канд. у чл., то на 1.1.1932 — адпаведна 37 944 і 21 231. Гэта быў найб. колькасны склад КП(б)Б у даваенны час. На працягу 1920—30-х г. неаднаразова праводзіліся «чысткі» партыі. На 1.5.1940 было 33 869 чл. і 24 084 канд. ў чл. партыі.
Спецыфічная сітуацыя склалася ў зах. рэгіёне Беларусі, які ў адпаведнасці з умовамі Рыжскага мірнага дагавора 1921 увайшоў у склад Польшчы (II Рэчы Паспалітай) і атрымаў у БССР назву Зах. Беларусь, а ў Польшчы — «крэсы ўсходне» («усходнія ўскраіны»). З асуджэннем далучэння Зах. Беларусі да Польшчы ўжо ў вер. 1921 выступілі БПС-Р, БПС-Ф, БСДП, БХД і інш. Польскія ўлады разам з выкарыстаннем рэпрэсій шукалі спосабы вырашэння эканам. і нац. праблем і канфліктаў. На тэр.Зах. Беларусі побач з урадавымі партыямі (ППС і інш.) дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў (БПНС), Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, з 1936 — Бел.нац. аб’яднанне, БНА). Многія рысы паліт. партыі мела Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, 1925—27), якая зрабіла вял. ўклад у барацьбу з паланізацыяй, у абарону бел. культуры і школьнай справы. Яе актыўнымі дзеячамі былі Б.А.Тарашкевіч, С.А.Рак-Міхайлоўскі, П.П.Валошын, П.В.Мятла і інш.
Актыўную барацьбу вяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў кастр. 1923 паводле рашэнняў 11 з’езда Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КПРП, засн. 16.12.1918; з лют. 1925 — Камуністычная партыя Польшчы, КПП). У КПЗБ увайшлі члены былых арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле. У снеж. 1923 у яе ўлілася Бел.рэв.арг-цыя (БРА), кіраўнікамі якой з’яўляліся І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) і інш.КПЗБ існавала ў складзе КПП на правах тэрытарыяльнай аўтаномнай арг-цыі; атрымлівала ідэалаг., фін. і матэрыяльную падтрымку ад Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б. У Мінску рыхтаваліся парт. кадры, друкавалася літаратура для КПЗБ, для чаго тут былі створаны адпаведныя структуры. Працавала нелегальна. Сярод стратэгічных мэт КПЗБ — барацьба за перамогу сацыяліст. рэвалюцыі, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР. З пачатку сваёй дзейнасці КПЗБ імкнулася надаць арганізаваны характар узбр. барацьбе бел. сялян і інтэлігенцыі, якая разгарнулася з 1921 падкіраўніцтвам былых членаў КП(б)Б, КП Літвы і БПС-Р. Найб. ўздым партыз. руху прыпадае на 1921—25. Яго кіраўнікамі былі К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, А.М.Рабцэвіч і інш. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. барацьбы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал., найб. колькасць членаў у 1933—3800—4000 чал. Прыкладна 1200—1300 членаў КПЗБ пастаянна знаходзіліся ў турмах і Бяроза-Картузскім канцлагеры. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ), Міжнар.арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам Зах. Беларусі. Для правядзення асобных акцый КПЗБ заключала пагадненні з нац.-вызваленчымі арганізацыямі: БСРГ, пасольскім клубам «Змаганне», Таварыствам бел. школы (ТБШ) і Бел. ін-там гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1930—38 многія члены і кіраўнікі КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР, былі абвінавачаны ў здрадніцтве, сувязях з разведкамі бурж. краін, рэпрэсіраваны. У жн. 1938 на аснове беспадстаўных абвінавачанняў паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўной часткі КПЗБ і КП Зах. Украіны распушчаны. Пасля ўступлення Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь былыя члены КПЗБ удзельнічалі ў арганізацыі рэўкомаў, складалі ядро Рабочай гвардыі, многія былі абраны дэпутатамі Нар. сходу Зах. Беларусі. Але недавер да іх з боку кіраўнікоў ВКП(б) заставаўся, толькі адзінкі з іх былі прыняты ў яе рады. У 1956 абвінавачанні ў адрас членаў КПП, КПЗБ і КПЗУ зняты, роспуск іх прызнаны неабгрунтаваным.
У Вял.Айч. вайну КП(б)Б узначаліла партыз. і падп. барацьбу супраць ням.-фаш. акупантаў. На акупіраванай тэр. Беларусі былі створаны і дзейнічалі 10 абласных, 193 міжраённыя, гар. і раённыя к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэр.парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў.
Для дзейнасці КП(б)Б пасляваен. гадоў характэрны цэнтралізацыя, імкненне ахапіць усе сферы эканам., грамадска-паліт., культ. жыцця. Колькасны склад партыі павялічваўся. Калі на 1.1.1949 налічвалася 90 976 чл. і 19 134 канд. ў чл.КПБ, то на 1.1.1990 — адпаведна 685 270 і 12 338.
З 2-й пал. 1980-х г. у КПСС, у т. л. і КПБ, пачаўся арганізац. і ідэалаг. крызіс, які асабліва абвастрыўся да пач. 1990-х г. За 1990 з КПБ выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых; 22 218 было выключана з КПБ за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР, большасць якога складалі камуністы, прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Фактычна гэта азначала забарону КПБ і заканадаўчае адхіленне яе ад улады. Пастановай Вярх. Савета ад 10.12.1991 «Аб уласнасці КПСС—КПБ» парт. ўласнасць перададзена дзяржаве.
Крызіс КПСС—КПБ паскорыў стварэнне шматпартыйнай паліт. сістэмы. Узніклі многія паліт. партыі. У адпаведнасці з законам СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях» (9.10.1990) і рашэннямі Савета Міністраў БССРпаліт. партыяй магло быць паліт. аб’яднанне пры наяўнасці 100 членаў-заснавальнікаў. У 1991 Мін-вам юстыцыі Беларусі зарэгістравана 5 паліт. партый: Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі (АДПБ, 19 сак.); Бел. сялянская партыя (БСП, 11 крас.), Бел. сацыял-дэмакр. грамада (БСДГ, 21 мая), Нац.дэмакр. партыя Беларусі (НДПБ, 25 чэрв.), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (БХДЗ, 16 снеж.).
Падзеі, звязаныя з набыццём дзярж. суверэнітэту Беларуссю і распадам СССР, далі новы штуршок працэсу стварэння паліт. партый. Да канца 1994 у Рэспубліцы Беларусь афіцыйна зарэгістравана 29 паліт. партый і 7 асн.паліт. рухаў. Аднак большасць партый былі нешматлікія. Актыўныя дзеянні па кансалідацыі сваіх сіл вялі камуністы: 7.12.1991 адбыўся ўстаноўчы з’езд, а 26.5.1992 зарэгістравана Партыя камуністаў беларуская (ПКБ). Яна паставіла сваімі мэтамі аб’яднанне работнікаў наёмнай працы для дасягнення поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудову бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ абвясціла сябе пераемніцай КПБ. У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ, на якім партыя абвясціла сябе пераемніцай КПСС—КПБ. Стратэгічная мэта партыі — пабудова камунізму, бліжэйшыя задачы — «арыентацыя грамадства на сацыялістычны шлях развіцця, які адзіны вядзе да пабудовы бяскласавага грамадства, да сацыяльнай справядлівасці, аднаўленне на добраахвотнай аснове дзяржаўнага саюза савецкіх народаў».
5.10.1994 прыняты Закон «Аб палітычных партыях», паводле якога для рэгістрацыі партыі неабходна не менш як 500 членаў-заснавальнікаў. У 1998 былі зарэгістраваны 2 партыі: Бел. сацыял-дэмакр. грамада (27 мая) і Бел. экалагічная партыя зялёных «БЭЗ» (28 кастр.), а паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з Законам «Аб палітычных партыях» 9 партый спынілі сваю дзейнасць. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя партый. На працягу 1995—99 спынілі дзейнасць Бел. аб’яднаная спартыўная партыя (зарэгістравана 22.2.1995), Бел.нар. партыя (8.12.1994), Бел.нац. партыя (20.9.1994), Бел. партыя «за сац. справядлівасць» (4.12.1996), Бел.рэсп. партыя (17.6.1994), Бел. сацыял-дэмакр. грамада (27.5.1998), Бел.сацыяліст. партыя (19.8.1994), Бел. сялянская партыя (11.4.1991), Бел. хрысціянска-дэмакр. партыя (21.3.1995), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (16.12.1991), Бел. экалагічная партыя (19.4.1994), Нар. партыя «Адраджэнне» (29.3.1995), Нац.-дэмакр. партыя беларусаў (25.6.1991), Партыя аматараў піва (30.12.1994), Партыя «Ачышчэнне» (4.12.1995), Партыя «Беларускі навукова-вытворчы кангрэс» (22.10.1992), Партыя здаровага сэнсу (30.1.1995), Партыя ўсебел. адзінства і згоды (19.8.1994), Партыя «Хрысціянска-дэмакратычны выбар» (21.4.1995), Славянскі сабор «Белая Русь» (4.9.1992). Аб’ядналіся Бел. партыя «Зялёны мір» (3.6.1994) і Бел. партыя «зялёных» (1.2.1993) у Бел. партыю «Зялёныя» (БП «Зялёныя) з захаваннем даты рэгістрацыі партыі «Зялёны мір» (3.6.1994). У 1999 распалася Партыя Бел.нар. фронту і зарэгістраваны Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП—БНФ, 28.2.2000) і Партыя БНФ (24.4.2000). 2.8.2004 спыніла сваю дзейнасць Бел. партыя працы (24.2.1994). На 1.9.2004 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 17 паліт. партый (гл. табліцу). У наш час партыі паводле паліт. арыентацыі падзяляюцца на левыя (камуністычныя), левацэнтрысцкія, правацэнтрысцкія, правыя, нац.-радыкальныя і інш.
Палітычныя партыі Беларусі (на 1.9.2004)
Назва партыі (абрэвіятура)
Дата ўстаноўчага з’езда (канферэнцыі)
Дата рэгістрацыі (перарэгістрацыі)
Орган кіравання
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП)
1.1.1995
28.11.1995
(30.1.1999)
Нацыянальны камітэт
Аграрная партыя
13.6.1992
13.7.1992
(22.9.1999)
Цэнтральны савет
Беларуская партыя жанчын «Надзея» (БПЖ «Надзея»)
28.4.1994
3.6.1994
(21 6.1999)
Савет партыі
Беларуская партыя «Зялёныя» (БП «Зялёныя»)
17.4.1994
3.6.1994
(13.9 1999)
Цэнтральны савет
Беларуская патрыятычная партыя (БПП)
8.10.1994
10.11.1994
(25.8.1999)
Савет
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) (БСДПНГ)
29.6.1996
29.1.1997
(9.9.1999)
Цэнтральны камітэт
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (БССП)
6.11.1994
9.12.1994
(13.9.1999)
Савет
Беларуская эканамічная партыя «БЭЗ» (БЭП «БЭЗ»)
20.6.1998
20.10.1998
(10.9.1999)
Зялёная рада
Камуністычная партыя Беларусі (КПБ)
2.11.1996
21.11.1996
(9.9.1999)
Цэнтральны камітэт
Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП—БНФ)
26.9.1999
28.2.2000
Сойм
Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП)
5.2.1994
24.2.1994
(15.6.1999)
Вышэйшы савет
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» (Партыя БСДГ)
15.2 1998
27.5.1998
(30.8.1999)
Цэнтральная рада
Партыя БНФ
26.12.1999
24.4.2000
Сойм
Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ)
7.12.1991
26.5.1992
(5.7.1999)
Цэнтральны камітэт
Рэспубліканская партыя (РП)
12.3.1994
25.5.1994
(30 9.1999)
Цэнтральнае праўленне
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППіС)
26.6.1993
188.1993
(186.1999)
Палітсавет
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды (СДП НЗ)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс.км². Нас. 2192,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г.Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт.Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.
Гісторыя. К. — адзін з найб.стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э. — скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г.Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст.н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст.н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст.Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.В.Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі падкіраўніцтвам гетмана І.Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст.гал. база — г.Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст.паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав.сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц.жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім.прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сцьбуд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл. каля 0,5 млн.га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл.Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс.т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс.км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.
Літ.:
Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;
Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;
Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;
Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;
Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;
Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;
Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛОГІЯ
Псіхалогія на Беларусі пачала развівацца ў 1920-я г. Значную ролю ў яе станаўленні адыграў Л.С.Выгоцкі, які ў выніку праведзеных ім у 1919—24 даследаванняў у галіне псіхалогіі падрыхтаваў кн. «Педагагічная псіхалогія» і «Псіхалогія мастацтва». У 1923 ён стварыў пры Гомельскім пед. вучылішчы псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. псіхалогіі. Лабараторыя займалася навучальнай, доследнай і метадалагічнай дзейнасцю. У 1920—30-я г. станаўленне псіхал. навукі адбывалася ў асноўным у рамках педалогіі, пашыралася кола яе навук. і практычных відаў, ствараліся лабараторыі па абслугоўванні навуч. працэсу Асновы навуч.-метадычнай базы па псіхалогіі ў БДУ заклаў У.М.Іваноўскі, які распрацаваў першую праграму па псіхалогіі, фундаментальнай логіцы, гісторыі навук. светапогляду і гісторыі Беларусі, апублікаваў манаграфію «Метадалагічныя ўводзіны ў навуку філасофію» (1923). Уклад у развіццё педагогікі і псіхалогіі зрабіў П.Я.Панкевіч — адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар НДІ педагогікі і педалогіі, з 1929 вядучай навук.-доследнай установы Беларусі ў галіне псіхал., пед. і сац.-эканам.навук. У 1927 пад яго кіраўніцтвам даследаваліся стан маральнай свядомасці, спосабы жыцця і побыту студэнтаў БДУ, апублікавана праца «Які ж наш беларускі студэнт?». Псіхал. аспекты сям’і, шлюбу, праблемы культ. развіцця, дзейнасці інтэлігенцыі на Беларусі вывучаў С.Я.Вальфсон; розныя аспекты метадалагічных пытанняў псіхалогіі даследавалі Б.Я.Быхоўскі, П.Я.Панкевіч, У.М.Іваноўскі і інш. У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе вывучаліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. адбору; апублікаваны працы С.М.Васілеўскага «Уводзіны ў тэорыю і тэхніку псіхалагічных, педолага-педагагічных і псіхатэхнічных даследаванняў» (1927), «Статыстычны метад у прымяненні да псіхалогіі, педагогікі і псіхатэхнікі» (1928), А.А.Гайвароўскага «Псіхатэхніка і бібліятэчная справа» (1928), Я.К.Матліна «Значэнне лагічнай памяці для засваення арыфметычных дзеянняў» і «Псіхалагічны стан навучэнцаў на экзаменах» (1933).
У 1930—50-я г.псіхал. навука развівалася ва ўзаемадзеянні з пед. і часткова мед. практыкай. У 1947—55 на філал. ф-це БДУ існавала аддзяленне логікі, псіхалогіі і рус. мовы (адзін з заснавальнікаў А.П.Ерась). У 1964 у Мінскім пед. ін-це засн. кафедра псіхалогіі. Праводзіліся навук. даследаванні ў галіне ўзроставай дзіцячай, педагагічнай і сац. псіхалогіі, звязаныя з праблемамі ўзаемаадносін у дзіцячых групах і калектывах (Л.А.Бандарэнка, Я.Л.Каламінскі, А.Б.Шырокава), прафес. арыентацыі школьнікаў (В.І.Жукоўская), развіцця літ. магчымасцей і адносін школьнікаў да літ. герояў (Л.М.Рожына) і інш. У 1965 у Мінскім пед. ін-це замежных моў створана кафедра псіхалогіі і лабараторыя па псіхалогіі маўлення. Навук. даследаванні бел. псіхолагаў былі звязаны з праблемамі навучання і выхавання школьнікаў: псіхалогіі памяці (К.А.Камісарчык, Я.К.Матлін), маўлення і мыслення (Б.А.Бенядзіктаў, Р.І.Вадэйка, В.І.Жукоўская, М.С.Кляўчэня), тэмпераменту, характару і здольнасцей (А.П.Ерась), фарміравання ў школьнікаў у працэсе навучання і выхавання ўвагі (М.Я.Мышко), пазнавальнай цікавасці (А.Я.Міленькі, Л.М.Рожына), навуковых паняццяў (У.М.Сіленка), прасторавых уяўленняў, успрымання літ. твораў (Л.А.Панько), міжасобасных адносін у дзіцячых калектывах (Я.Л.Каламінскі і інш.).
У 1970—90-я г. кафедры псіхалогіі створаны ў пед. ін-тах Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва і інш. Узніклі інж., гіст., этнічная, касмічная і інш. галіны псіхал. навукі. Для навук. творчасці бел. псіхолагаў характэрна арганічнае спалучэнне глыбокіх тэарэт. даследаванняў у рэчышчы сац. і агульнай псіхалогіі з гуманіст. накіраванасцю на рашэнне актуальных праблем у сферы псіхалогіі адукацыі (Б.А.Бенядзіктаў, Я.Л.Каламінскі, С.В.Кандрацьева, Г.М.Кучынскі, У.А.Янчук), міжасобасных адносін і сувязей (Т.У.Сянько, Л.А.Панько, А.С.Сляповіч), мовы (Б.А.Бенядзіктаў, Н.Т.Ерчак, Г.М.Кучынскі), вышэйшай школы (Л.А.Кандыбовіч, А.Ц.Растуноў), псіхал. праблем, звязаных з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Л.А.Пергаменшчык). Вывучаюцца праблемы псіхалогіі прац. выхавання (Ф.І.Івашчанка), узроставага і гендэрнага падыходу да развіцця асобы (І.А.Фурманаў, Л.Г.Лысюк, Ю.М.Карандышаў), псіхалогіі пед. навучання і пед. дзейнасці (Л.У.Марышчук, І.А.Фурманаў), інж. псіхалогіі (В.М.Казубоўскі, Г.І.Лосік), псіхалогіі спорту (Ю.А.Каламійцаў) і інш. Актуальныя праблемы сац. псіхалогіі даследуюць С.В.Кандрацьева, Г.М.Кучынскі, Л.А.Пергаменшчык, Л.М.Рожына, У.А.Янчук; пед. і ўзроставай псіхалогіі — Б.А.Бенядзіктаў, Ф.І.Івашчанка, Л.Г.Лысюк, Л.У.Марышчук, Т.М.Савельева, В.І.Секун, А.С.Сляповіч, І.А.Фурманаў, Т.У.Сянько; псіхалогіі ў асаблівых умовах — Л.А.Кандыбовіч, В.М.Казубоўскі, М.А.Крэмень, А.М.Пастушэня, А.Ц.Растуноў. У апошняе дзесяцігоддзе створаны ф-ты псіхалогіі ў Бел.пед. ун-це імя Танка, Жаночым ін-це «ЭНВІЛА», Гродзенскім і Брэсцкім ун-тах, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1995 выдаецца навук.-метадычны час. «Псіхалогія».
Літ.:
Василевский С.М. Статистический метод в применении к психологии, педагогике и психотехнике. Мн., 1928;
Мышко М.Я. Прылежнасць і яе выхаванне. Мн., 1954;
Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;
Матлин Е.К. Психологические основы нравственного воспитания учащихся. Мн., 1968;
Ересь Е.П. Воспитание характера. Мн., 1961;
Яе ж. Организация внимания в учебно-воспитательном процессе. Мн., 1974;
Кучинский Г.М. Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;
Карандышев Ю.Н. Психология развития. Ч. 1—2. Мн., 1996—97;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА ПРАМЫСЛОВАСЦІ
Эканоміка прамысловасці як навука на Беларусі пачала развівацца ў пач. 20 ст. З 1921 гэтымі пытаннямі займаліся на эканам. аддзяленні ф-та грамадскіх навук БДУ, з 1922 — у Ін-це бел. культуры (з 1929 Бел.АН). Распрацоўваліся пераважна метадалагічныя асновы і методыка фарміравання новых галін прамысловасці, праблемы рацыянальнага спалучэння экстэнсіўнага і інтэнсіўнага тыпаў расшыранага ўзнаўлення. У пасляваенны час у Ін-це эканомікі АН Беларусі і Бел. ін-це нар. гаспадаркі даследаваліся структура, эканоміка асн. галін нар. гаспадаркі рэспублікі, эфектыўнасць капітальных укладанняў і новай тэхнікі ў прамысловасці (М.І.Вядута, Г.Ц.Кавалеўскі, І.М.Качура, С.М.Малінін, І.Ц.Чарняўскі і інш.). Вывучаліся рэзервы прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, праблемы ўмацавання фінансаў прамысл. прадпрыемстваў і гасп. разліку, асн. фондаў і капітальных укладанняў у прамысловасць, тэхн. прагрэсу і асваення новай прадукцыі (Л.Е.Баранава, Г.В.Грэк, Ф.А.Дронаў, Т.С.Карачун, М.С.Куняўскі, В.І.Клецкі, В.А.Мухіна, А.М.Пашкевіч, А.С.Сітнікаў, С.А.Ходас, М.М.Шатохіна і інш.). У сувязі з падрыхтоўкай у краіне гасп. рэформы і пераходам прадпрыемстваў на новыя ўмовы планавання і эканам. стымулявання ў 1960-я г даследаваліся крытэрыі ацэнкі дзейнасці прадпрыемстваў, метады іх колькаснага выражэння, паляпшэння сістэмы эканам. стымулявання прац. калектываў і асобных работнікаў (З.А.Анцуфрыева, В.І.Выбарнаў, А.Р.Гарадзецкі, А.Г.Заўялкаў, Э.Л.Лутохіна, В.С.Маўрышчаў, В.Ф.Рамашкін, Г.А.Рысіна, А.І.Ясінскі і інш.). У 1970-я г. вяліся даследаванні эканам. праблем навук.-тэхн. прагрэсу ў прамысловасці, удасканалення сістэм яго планавання і эканам. стымулявання, павышэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці на аснове інтэнсіфікацыі (Ф.В.Баравік, С.М.Гальдштэйн, К.І.Невельская, М.А.Плашчынскі і інш.).
Развіццё прамысловасці ў 1980—90-я г. стымулявала правядзенне навук. даследаванняў у галіне размяшчэння прамысловасці, рэгіянальных праблем, абгрунтавання метадаў ацэнкі і павышэння эфектыўнасці развіцця інфраструктуры рэгіёна, міжгаліновай вытворчасці, шляхоў вырашэння сац. праблем, абумоўленых развіццём прамысловасці (Л.В.Казлоўская, А.Д.Паўлава, В.С.Шымава, У.М.Шымаў). У Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі праведзены даследаванні па абгрунтаванні цаны на новую тэхніку, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання капіталаўкладанняў, зніжэнні матэрыялаёмістасці з мэтай актывізацыі выкарыстання якасных фактараў эканам. развіцця (П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, У.І.Тарасаў і інш.). У Навук.-доследным эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь (з прыцягненнем вядучых эканамістаў інш. арганізацый) праведзены комплекс навук. даследаванняў па ацэнцы перспектыў развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы, абгрунтаваны кірункі структурнай перабудовы эканомікі ў цэлым, у т. л. ў прамысловасці, распрацавана канцэпцыя і праграма яе развіцця (Я.М.Александровіч, З.А.Анцуфрыева, П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, В.У.Пінігін, У.М.Шымаў). Праводзіліся даследаванні па такіх важных кірунках, як рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне і развіццё фін.-прамысл. груп, эколага-эканам. рэгуляванне, фарміраванне і рэалізацыя рэгіянальнай палітыкі, ацэнка ўплыву крызісаў і цыклічнасці на эканам. развіццё (І.М.Абрамаў, А.І.Лучанок, М.У.Мясніковіч, У.С.Фацееў, В.С.Шымава). Вывучаліся пытанні выкарыстання навук. патэнцыялу, яго трансфармацыі, эфектыўнасці навук. прац і інавацыйнай дзейнасці (Л.М.Крукаў, Э.Дз.Меяроўская, П.Г.Нікіценка, А.А.Слонімскі, І.І.Сяржынскі).
Эканам. праблемы навук.-тэхн. развіцця, венчурнай дзейнасці, фарміравання інавацыйнай інфраструктуры і рэгулявання інавацыйнай дзейнасці распрацоўваліся ў навук. праектах Рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў, Дзярж. камітэта Рэспублікі Беларусь па навуцы і тэхналогіях, дзярж. праграме «Сацыяльна-эканамічныя прыярытэты Рэспублікі Беларусь», якія былі выкананы падкіраўніцтвам Л.М.Нехарошавай. У Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі распрацаваны комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь на 2001—20 (А.В.Маркаў, В.Ф.Мядзведзеў, П.Г.Нікіценка і інш.). Метадалаг. асновы фарміравання канцэпцыі развіцця прамысловасці даследуюцца на кафедры эканомікі прамысл. прадпрыемстваў Бел.дзярж.эканам. ун-та (навук. кіраўнік Л.М.Нехарошава). Падрыхтаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі, якія ахопліваюць комплекс пытанняў па прагназіраванні і планаванні эканомікі, развіцці прамысл. рэгіёна (В.І.Барысевіч, Г.А.Кандаурава і інш.), асновах эканомікі і экалогіі прыродакарыстання (В.С.Шымава), цэнаўтварэнні (І.І.Паляшчук, В.В.Цярэшына), эканоміцы прадпрыемства (Л.М.Нехарошава і інш.), эканоміцы прадпрыемстваў канкрэтнай галіны прамысловасці (І.М.Бабук, У.І.Дзямідаў, В.І.Пахабаў, М.С.Сачко і інш.). Навук. і навучальную працу па эканоміцы прамысл. прадпрыемстваў вядзе кафедра эканомікі прамысл. прадпрыемстваў БДЭУ (заснавальнікі В.І.Выбарнаў, В.С.Маўрышчаў, К.І.Невельская), тут сфарміравана навук.-пед. школа па гэтым кірунку, развіваецца навукова-педагагічная школа па эканоміцы і кіраванні інавацыямі (Л.М.Нехарошава). Вучоныя-эканамісты ўдзельнічалі ў распрацоўцы нац. стратэгіі ўстойлівага сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь (Я.М.Александровіч, А.У.Багдановіч, І.В.Вайтовіч, Л.М.Крукаў, С.С.Палонік, С.П.Ткачоў, У.М.Шымаў і інш.). Актуальныя праблемы павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўнасці знешнеэканам. дзейнасці Рэспублікі Беларусь даследуюць Я.М.Александровіч, П.Г.Нікіценка, В.У.Пінігін, С.С.Палонік і інш.
Літ.:
Ведута Н.И. Об экономической эффективности капитальных вложений в промышленности. Мн., 1960;
Боровик Ф.В., Плащинский Н.А. Образование фонда производственного накопления в промышленности. Мн., 1972;
Региональные проблемы развития инфраструктуры и межотраслевых производств. Мн., 1985;
Нехорошева Л.Н. Научно-технологическое развитие и рынок: регулирование, венчурная деятельность, инфраструктура. Мн., 1996;
Шимова О.С. Эколого-экономическое регулирование деятельности предприятий промышленности: вопросы методологии и практика переходного периода. Мн., 1998;
Методология формирования концепции развития промышленности Республики Беларусь. Мн., 2000;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Экономика развития промышленности региона. Мн., 2002;
Экономика предприятия. Мн., 2003;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Фатеев В.С. Региональная политика: теория и практика. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТ
ХАРЭАГРАФІЯ Ў ПРЫГОННЫХ ТЭАТРАХ, ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАГА СЦЭНІЧНАГА ТАНЦА І БАЛЕТА ДА 20 ст.
Сярод першых балетных тэатраў на Беларусі — прыгонныя т-ры 18—19 ст., у якіх былі балетныя трупы. Яны дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спецыяльна абсталяваных памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Паводле гіст. звестак, першым балетным т-рам быў Нясвіжскі т-р Радзівілаў (1740—91), які прайшоў шлях ад аматарскага да прафес. і сфарміраваў вялікі арыгінальны рэпертуар. У яго складзе налічвалася больш за 20 прыгонных танцораў. Часам у спектаклі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, прадстаўнікі шляхты і кадэты нясвіжскага корпуса. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі Я.Аліўе, Л.Дзюпрэ, А.Лойка і Г.Петынеці, А.Пуціні, Шрэтэр. Балеты ставіліся і ў Слуцкім т-ры Радзівіла. Высокага прафес. ўзроўню дасягнула балетная трупа Ружанскага т-ра Сапегаў (1765—91), дзе працаваў польскі танцоўшчык і балетмайстар М.Пранчынскі (паставіў балет «Літасцівасць Ціта», 1784). Значны балетны рэпертуар меў Гродзенскі т-р Тызенгаўза (1769—80), дзе першыя балеты выконвалі італьян. артысты, а з 1778 прыгонныя танцоўшчыкі. У перыяд росквіту т-ра балетная трупа налічвала больш за 30 чал.; першым яе балетмайстрам быў Г.Петынеці, які ставіў балеты на ўласныя лібрэта, пазней — К.А.Марэлі. Зберагліся звесткі пра пастаноўкі спектакляў «Балет пекараў», «Квартэт дудароў» і «Сялянскі балет». Творчых поспехаў дасягнула балетная трупа Слонімскага т-ра Агінскага (1771—91), які шмат гастраліраваў і паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. У яго рэпертуары налічвалася 18 балетаў: «Каралеўскі балет», «Дзікі балет», «Балет млынароў», «Рыбакі», «Дэзерцір» і інш., а таксама шэраг танцавальных дывертысментаў і асобных танцаў. Прафес. балетную трупу меў Шклоўскі т-р Зорыча (1778—1800), на сцэне якога выконваліся алегарычныя балеты з харамі і пантамімай, створаныя балетмайстрамі П.Барцанці, Марыядзіні, Дз.Хорватам і М.Пранчынскім. У Свіслацкім т-ры Тышкевіча (1788—1819) перыядычна выступалі вольныя балетныя трупы. Вядома, што пры т-рах Гродна, Нясвіжа, Слоніма, Слуцка і Шклова існавалі балетныя школы, якія рыхтавалі танцораў на высокім узроўні. Балетныя трупы т-раў Гродна і Слоніма ў канцы 18 ст. склалі аснову польскага «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», 14 прыгонных артыстаў Шклоўскага т-ра Зорыча з поспехам танцавалі на Пецярбургскай імператарскай сцэне і ў Маскве (П. і К. Азарэвічы, А.Бжазінскі, К.Буткевіч, Я.Чуцікаў). У 1845—47 у Віцебску працавала прыватная балетная трупа падкіраўніцтвамфранц. балетмайстра М.Піёна (т.зв. Віцебскі балет Піёна); у яе рэпертуары былі балеты «Антыкварыус», «Швейцарская малочніца», «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера. Разам з прыватнаўласніцкімі т-рамі на стварэнне прафес.муз.-драм.т-ра на Беларусі паўплывала таксама дзейнасць Першай бел. трупы І.Буйніцкага (1910—13), у балетныя спектаклі якой уключаліся і нар. танцы.
СУЧАСНЫ БАЛЕТ.
Прафесійны бел. балетны тэатр узнік у пач. 20 ст.: у 1920 у Мінску адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, у якім групу артыстаў балета ўзначальваў К.Алексютовіч. Сярод пастаўленых у ім балетаў «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Капелія» Л.Дэліба, «Фея лялек» І.Баера, а таксама танцы ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Фауст» Ш.Гуно. У 1930 адчынілася Бел. студыя оперы і балета. У балетную трупу ўваходзілі В.Бурэйка, Я.Вяпрынскі, Р.Гімпелева, Н.Гурвіч, С.Дрэчын, К.Калітоўская, Т.Новікава, К.Пекур, Т.Узунава, Н.Фінская, Ю.Хіраска і інш. З 1933 дзейнічаў Дзярж.т-р оперы і балета БССР. Сярод першых пастановак — балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (балетмайстар Л.Крамарэўскі). Плённым для маладой бел. балетнай трупы было творчае супрацоўніцтва з рас. балетмайстрамі Ф.Лапуховым (балет «Капелія» Л.Дэліба, паст. 1935), К.Галяйзоўскім (балет «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева, паст. 1939), а таксама К.Мулерам (балет «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, паст. 1938). Вял. ролю ў стварэнні нац. рэпертуару адыграла пастаноўка балета «Салавей» М.Крошнера (лібрэта Ю.Сланімскага па аднайм. аповесці З.Бядулі; пастаноўка 1-й рэд. А.Ермалаева і Ф.Лапухова, 1939; 2-й рэд. А.Ермалаева, 1940), дзе асновай муз. і сцэнічнай драматургіі ўпершыню стаў бел.муз. і танцавальны фальклор. У балеце, выразныя сродкі якога гарманічна спалучалі класічны і нар. танец, вобраз паўстаўшага народа ствараўся выключна харэаграфічнымі сродкамі, паспяхова ўвасаблялася актуальная для таго часу нар.-гераічная тэма. Вобразы Сымона (С.Дрэчын) і сялянскай дзяўчыны Зоські (А.Нікалаева) і іх антыпода гайдука Макара раскрываліся разнастайнымі харэаграфічнымі фарбамі, паказваліся ў развіцці. Спектакль вырашаўся ў духу нар. легенды, быў насычаны паэтычнымі абагульненнямі, сімваламі, гіпербаламі, і адначасова вобразы гал. герояў увасабляліся ў ім рэалістычна. У 1939 па ініцыятыве і падкіраўніцтвам З.Васільевай у тэатр. вучылішчы адкрыта секцыя харэаграфіі, на базе якой у 1945 створана Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча (з 1996 Дзярж. харэаграфічны каледж Беларусі). У 1930—40-я г. ў трупе працавалі Я.Глінскіх, Т.Караваева, Б.Карпілава, Н.Младзінская і інш. У гады Вял.Айч. вайны артысты бел. балета ў складзе канцэртных брыгад выязджалі на фронт, працавалі ў Алма-Аце, Горкім, Свярдлоўску. У г. Каўроў была эвакуіравана трупа т-ра, дзе адбыўся паказ балета «Марная засцярога» П.Л.Гертэля ў пастаноўцы З.Васільевай (1944). Першым балетным спектаклем у вызваленым Мінску быў балет «Арлекінада» Р.Дрыга (пастаноўка В.Вайнонена, 1945).
У пасляваенныя гады рэпертуар т-ра папоўніўся творамі балетнай класікі: «Дон Кіхот» (паст. 1947) і «Баядэрка» (1959) Л.Мінкуса, «Эсмеральда» Ч.Пуні (1951), «Шапэніяна» (1952), «Жызэль» (1953) і «Карсар» (1957) А.Адана, «Лебядзінае возера» (1948) «Спячая прыгажуня» (1954) і «Шчаўкунок» (1956) П.Чайкоўскага, «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1959). Адначасова працягвалася работа над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, над спектаклямі на нац. тэму. Значнай вяхой у гісторыі бел. балетнага т-ра стала пастаноўка балета «Князь-возера» В.Залатарова, вырашанага ў жанры харэаграфічнай драмы (лібрэта М.Клімковіча па матывах нар. паданняў, пастаноўка К.Мулера, 1949). Творчымі здабыткамі гэтага спектакля сталі ўдалая тэатралізацыя харэаграфічнага фальклору, пашырэнне кола нар. танцаў, якія ўвайшлі ў драматургію бел. балетнага т-ра, першая спроба стварэння масавага танца на пуантах з нац. афарбоўкай. Поспеху спектакля садзейнічала высокае майстэрства і яркі тэмперамент выканаўцаў гал. роляў А.Нікалаевай (Надзейка), С.Дрэчына (Васіль) і С.Паўлава (Князь). Пазней балетмайстар А.Ермалаеў на тую ж музыку стварыў новыя харэаграфічныя спектаклі «Аповесць пра каханне» (паст. 1953) і «Палымяныя сэрцы» (паст. 1955). Пэўнае значэнне ў развіцці лірыка-камедыйнага жанру ў нац. харэаграфіі мела пастаноўка К.Мулерам балета «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера (1958). Тагачасныя тэмы былі ўвасоблены ў балетным спектаклі «Сцежкаю грому» К.Караева (балетмайстар Н.Конюс, паст. 1960), а таксама ў нац. балетах «Мара» Я.Глебава (балетмайстар А.Андрэеў, паст. 1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (лібрэта М.Алтухова паводле рамана П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», харэаграфія і пастаноўка А.Андрэева і Н.Стулкалкінай, паст. 1963). Прыкметнай вяхой у развіцці сучаснай тэматыкі на бел. сцэне з’явілася пастаноўка камернага, псіхалагічна паглыбленага спектакля «Альпійская балада» Я.Глебава (лібрэта Р.Чарахоўскай па аднайм. аповесці В.Быкава, харэограф А.Дадышкіліяні, паст. 1967), які па сваёй ідэйнай накіраванасці з’яўляўся балетам гераічным. У ролі Джуліі — К.Малышава, у ролі Івана — Л.Чахоўскі. Пастаноўка пашырыла кола праблем бел. харэаграфічных спектакляў, узняла тэмы інтэрнац. гучання. У гэты перыяд у трупе працавалі артысты Н.Давыдзенка, В.Давыдаў, І.Дзідзічэнка, А.Карзянкова, Р.Красоўская, М.Красоўскі, В.Крыкава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Я.Паўловіч, І.Савельева, Л.Ражанава, М.Шэхаў і інш. У 1960—1-й пал. 1970-х г. пашырэнне і ўзбагачэнне рэпертуару адбывалася за кошт колькасці спектакляў разнастайных па тэмах і жанрах: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева, «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966), «Гарэзлівыя прыпеўкі» на муз. Р.Шчадрына (1971), новыя рэдакцыі балетаў «Жызэль» А.Адана (1966), «Лебядзінае возера» (1967), «Спячая прыгажуня» (1970) П.Чайкоўскага, «Раймонда» А.Глазунова (1972). У ліку арыгінальных балетаў на музыку бел. кампазітараў пастаўлены «Выбранніца» (паст. 1969) і «Тыль Уленшпігель» (паст. 1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (паст. 1971; усе пастаўлены А.Дадышкіліяні) і інш.
У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне выканаўцаў: Л.Бржазоўская, Н.Дадышкіліяні, І.Душкевіч, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Т.Яршова і інш. З 1973 трупу ўзначальвае В.Елізар’еў. Яго маст. здабыткамі сталі разнастайныя па тэматыцы спектаклі, схільнасць да ўвасаблення складанай філасофскай тэматыкі, раскрыццё з’яў у гіст. перспектыве, што выявіліся ў пастаноўках балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» (1980), «Вясна свяшчэнная» (1986, 2-я рэд. 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988). У балетах «Стварэнне свету» А.Пятрова (паст. 1976) і «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (паст. 1978), «Легенда пра Уленшпігеля» (2004) ярка ўвасобіліся прынцыпы харэаграфічнага сімфанізму: паслядоўна распрацаваны пластычны тэматызм, сістэма харэаграфічных лейтматываў, скразное развіццё пластычнага дзеяння, шырока выкарыстаны поліфанічныя формы выкладання матэрыялу. Нетрадыцыйнасцю трактоўкі, арыгінальным вобразным вырашэннем вылучаюцца спектакль «Балеро» М.Равеля (паст. 1984) і вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа (паст. 1983). Яркая тэатральная форма, арганічнае спалучэнне грамадзянскасці і публіцыстычнасці ўласцівы балету «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995), прысвечанаму гіст. мінуламу бел. народа (Дзяржаўная прэмія Беларусі, прыз «Бенуа дэ ла данс» Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА, 1996). Зваротам да класікі былі пастаноўкі балетаў «Шчаўкунок» (1982), «Лебядзінае возера» (1986), «Спячая прыгажуня» (2001) П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» (1989) Л.Мінкуса. Абнаўленне сродкаў пластычнай выразнасці, драматургіі балетаў, фарміраванне новых прынцыпаў харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі, выхаванне яркай плеяды артыстаў-аднадумцаў сведчыць пра стварэнне на бел. балетнай сцэне аўтарскага т-ра В.Елізар’ева.
У 1996 створаны Нац. тэатр балета Беларусі. Яго рэпертуар пастаянна папаўняецца харэаграфічнымі спектаклямі розных стыляў, эпох і жанравай накіраванасці, пастаноўкамі новых балетмайстраў, сярод якіх Д.Арыпава, І.Бельскі, А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, М.Далгушын, Д.Зайферт, Р.Захараў, У.Іваноў, Ф.Коэн, Г.Маёраў, Р.Паклітару, Н.Фурман, Ю.Чурко і інш. Сярод значных пастановак апошніх 30 гадоў: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1973), «Ленінградская сімфонія» на музыку Дз.Шастаковіча (1977), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «У гонар Марыуса Петыпа» (1981), «Курган» Я.Глебава (1982), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991), «Ундзіна» Х.В.Хенцэ (1992), «Серэнада» П.Чайкоўскага (1993), «Кругаверць» А.Залётнева (1996), «Раймонда» А.Глазунова (1997), «Пацалунак феі» І.Стравінскага (1999), «Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона-Бартольдзі (1999), «Макбет» В.Кузняцова (2000), «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (2002), «Марная засцярога» Л.Герольда (2003). Сваёй нац. накіраванасцю вылучаецца спектакль «Кругаверць», створаны па матывах бел. балад на музыку А.Залётнева (лібрэта Ю.Чурко, харэаграфія і паст. У.Іванова і Ю.Чурко). Цэнтр. метафарычны вобраз — вобраз млына — жыцця як вечнай кругаверці, адкуль з’яўляюцца і куды вяртаюцца гал. героі пасля апавядання сваёй гісторыі.
У т-ры працуюць выпускнікі Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі: І.Артамонаў, А.Бубер, В.Гайко, У.Далгіх, А.Ішчанка, Л.Кудраўцава, Ж.Лебедзева, Р.Мінін, С.Пясецкая, В.Пятроўскі, Н.Рабцава, А.Рымашэўскі, А.Фурман, Т.Шаметавец; Маскоўскага акад. харэаграфічнага вучылішча: М.Ватанабе, К.Фадзеева; Акадэміі рус. балета А.Ваганавай: К. і П. Борчанка. Бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне. Бел. балетмайстры ставяць балеты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Хельсінкі, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Токіо, Анкары.
Балетная трупа была сфарміравана і ў Бел.дзярж. музычным т-ры. У розныя гады ў яе складзе былі Т.Акімава, С.Вядзмедзь, У.Казінец, У.Крупскі, Ю.Лапша, Л.Рабушка, Г.Шылянкова і інш. Аднаактовы балет «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (харэографы В.Саркісьян і В.Лапо, паст. 1982) заклаў аснову ўласна балетнага рэпертуару т-ра. У розныя гады ў т-ры балетмайстрамі працавалі В.Бутрымовіч, С.Дрэчын, М.Красоўскі, В.Саркісьян, Л.Травінін. З 1993 балетную трупу т-ра ўзначальвае Н.Дзьячэнка. Яна паставіла балеты «Іспанскія мініяцюры» на нар. музыку (1992), «Новыя Амазонкі» М.Равеля (1997), «Жызэль» (1998), «Зачараваны прынц» на музыку П.Чайкоўскага (2002), «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно (2003), а таксама харэаграфію да многіх муз. спектакляў. У рэпертуары балетнай трупы спектаклі з балетнай класікі «Шапэніяна» (паст. 1994), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (паст. 1994), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (паст. 1995), «Штраусіяна» (1992), «Шэхеразада» на музыку М.Рымскага-Корсакава (1993); сучасных аўтараў: балет «Мефіста» на музыку У.Кандрусевіча (лібрэта Ю.Чурко, пастаноўка У.Іванова, паст. 2002), «In pivo veritas» паводле ірландскіх нар. песень і музыкі эпохі Адраджэння (пастаноўка Р.Паклітару, паст. 2003). Сярод артыстаў балета салісты Ю.Дзятко, К.Кузняцоў, Р.Івакіры, В.Краснаглазаў, Р.Крукоўскі. Балетная трупа т-ра вядзе гастрольную дзейнасць.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны. Мн., 1993;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala), Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен.кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.