НІКАЛА́ЕЎ (Андрыян Рыгоравіч) (н. 5.9.1929, с. Шаршэлы Марыінска-Пасадскага р-на Чувашскай Рэспублікі, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1970), лётчык-касманаўт СССР (1962), ген.-маёр авіяцыі (1970), канд.тэхн.н. (1975). Скончыў ваен.авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1955 ваен. лётчык. З 1960 у атрадзе касманаўтаў (у 1963—68 яго камандзір). 11—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касм. караблі (КК) «Усход-3», 1—19.6.1970 з В.І.Севасцьянавым — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-9». У космасе правёў 21,6 сут. У 1974—94 першы нам. начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя Цыялкоўскага АНСССР і імя Гагарына. Імем Н. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКЛЯ́ЕЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.
Тв.:
Знак аховы. Мн., 1983;
Галубіная пошта. Мн., 1987.
Літ.:
Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦІ (Strix),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жывуць у лясах, гарах, парках пераважна ў дуплах, часам у чужых гнёздах, на зямлі, у норах. Аселыя. На Беларусі 3 віды: няясыць барадатая, Н. даўгахвостая, або уральская (S. uralensis), якія занесены ў Чырв. кнігу, і Н. звычайная, або шэрая (S. aluco).
Даўж. да 84 см, маса да 1,2 кг. Апярэнне густое, рыхлае, мяккае, шэрае або рыжаватае са стракацінкамі. Галава вял., круглая, тваравы дыск добра развіты. Вочы з бурай радужынай. Дзюба моцная. Крылы шырокія, закругленыя. Хвост сярэдняй даўжыні. Пальцы звычайна апераныя. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, жабамі, беспазваночнымі. Нясуць 2—6, зрэдку да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́БСКАЯ МО́ВА,
мёртвая мова; належыць да зах.-слав. моў (гл.Славянскія мовы). Была пашырана да 1-й пал. 18 ст. па левым беразе р. Лаба (Эльба; цяпер тэр.зямлі Ніжняя Саксонія, Германія). Адметныя рысы П.м.: захаванне насавых галосных, аорыста і імперфекта, рэшткаў парнага ліку, рухомы націск, спрашчэнне скланення, вял. колькасць ням. запазычанняў у лексіцы і інш. Пісьменства не мела, але ў 17—18 ст. было складзена некалькі слоўнікаў і запісаны некаторыя тэксты на П.м. Асн. помнікі палабскага пісьменства — нататкі палабскага селяніна Я.П.Шульцэ і ням.-палабскі слоўнік К.Хеніга на 5 тыс. слоў. Сярод даследчыкаў П.м. — Т.Лер-Сплавінскі, К.Палянскі (этымалагічны слоўнік П.м.), А.Я.Супрун і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ДУ́СБУРГА (Petrus de Dusburg),
храніст канца 13 — пач. 14 ст., святар Тэўтонскага ордэна. Паходзіў з ням.г. Дуйсбург або галандскага г. Дусбург. Падрабязнасці жыцця і дзейнасці не захаваліся. Магчыма, быў набліжаным да вял. магістра ордэна Вернера фон Орзельна, якому прысвяціў «Хроніку зямлі Прускай» на лац. мове. «Хроніка» ахоплівае падзеі ад заснавання ордэна ў Палесціне ў 1190 і да 1326, асаблівая ўвага аддадзена падзеям канца 13 — пач. 14 ст., сучаснікам якіх быў аўтар. Ёсць дапаўненні за 1326—30, аўтарам якіх, верагодна, быў таксама Пётр. «Хроніка» змяшчае багаты і часта унікальны матэрыял пра войны ордэна з зах.-балцкімі плямёнамі, Літвой, Польшчай, пра напады рыцараў на Гародна і Новагародак («Крывіцкую зямлю»), пра ваен. дзейнасць Давыда Гарадзенскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНу архітэктуры,
1) выкананае ў вызначаным маштабе графічнае адлюстраванне гарыз. праекцыі будынка (або аднаго з яго паверхаў ці памяшканняў), арх. канструкцый, дэталей, комплексу будынкаў, населенага пункта ці асобных яго частак. Падзяляюцца на натурныя (зробленыя на аснове арх. абмераў) і праектныя (створаныя ў працэсе праектавання арх. збудаванняў). На П. могуць быць паказаны азеляненне тэрыторыі, схема трансп. сеткі ў горадзе і інж. камунікацый у ім і інш. З’яўляецца важнай характарыстыкай формы, памераў і канфігурацыі збудавання. П. выкарыстоўваліся з даўніх часоў (Стараж. Грэцыя, Рым). На Беларусі схематычныя П.-абрысы пачалі выкарыстоўваць з 17 ст. 2) Характарыстыка размяшчэння асобных ч. будынка або ансамбля на ўзроўні зямлі (у шматпавярховых будынках і ў комплексах, размешчаных на складаным рэльефе — на розных узроўнях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎЛЕ́ННЕ,
пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл.Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл.Плаўка).
П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл.Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы),
пліяцэн, верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн.г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняя ч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЗЫсапраўдныя
(Coluber),
род неядавітых змей сям. вужовых атр. паўзуноў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмераным і трапічным паясах Азіі, у Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах. Вельмі рухавыя, добра лазяць па дрэвах і скалах.
Даўж. да 2,4 м. Цела зверху аднаколернае, часам яркае з цёмнымі палосамі і плямамі, знізу светлае. Кормяцца мышападобнымі грызунамі, яшчаркамі, птушанятамі, насякомымі. Ахвяру душаць: абвіваюць кольцамі цела або прыціскаюць да зямлі. Адкладваюць да 40 яец. Да П. сапраўдных блізкія роды П. лазячых (Elaphe, каля 50 відаў, даўж. да 2 м), велікавокіх (Ptyas, каля 10 відаў, даўж. да 3,5 м) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ЦЯПЛА́,
мясцовасці на зямным шары з найбольш высокімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні, звычайна ў трапічных паясах. У Паўн. паўшар’і: у пустыні Тар у Індыі (да 53 °C), у пустыні Махаве (Даліна Смерці) у ЗША (да 56,7 °C), у Лівійскай пустыні каля Эль-Азізіі (да 57,8 °C). У Афрыцы (у р-не г. Масаўа, у Эфіопіі) самая высокая сярэднегадавая т-ра паветра на Зямлі (30,2 °C). У Паўд. паўшар’і найвыш.т-ра паветра: у даліне р. Фліндэрс у Аўстраліі (53 °C), у даліне р. Парана ў Паўд. Амерыцы (47 °C). У Сусветным ак.найвыш. т-ры паверхневага слоя вады ў Персідскім зал. (35,6 °C), у паўд.ч. Чырвонага м. і ў Мексіканскім зал. (33 °C).