ПО́КАЦЬ,

рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., Чачэрскім і Веткаўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 76 км. Пл. вадазбору 504 км². Пачынаецца за 500 м на З ад пас. Няўмесны Краснапольскага р-на, вусце за 1 км на ПнЗ ад в. Петраполле Веткаўскага р-на. Цячэ па Чачорскай раўніне. Даліна на вял. працягу добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 0,5—1,5 км, у верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім зліваецца з поймай р. Сож. Рэчышча каналізаванае ў Чачэрскім р-не на працягу 3,3 км, на астатнім працягу моцназвілістае, меандруе. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАГА КАРАЛЕ́ЎСТВА КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1815,

канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўключэнне б.ч. Польшчы ў склад Рас. імперыі. Паводле яе рас. імператар з’яўляўся таксама каралём польскім, быў галавой выканаўчай улады, меў права ўносіць змены ў канстытуцыю, зацвярджаць або адхіляць законы. Ствараўся сейм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Члены Сената прызначаліся каралём, Пасольскай Ізбы — выбіраліся выбаршчыкамі, якіх з-за высокага маёмаснага і адукац. цэнзаў было не больш за 100 тыс. (з 3,3 млн. насельніцтва). Афіцыйнай мовай была абвешчана польская. Існавала польскае войска (каля 30 тыс. чал.). Пасля задушэння паўстання 1830—31 заменена Арганічным статутам Каралеўства Польскага 1832.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДСТАЎНІ́К УЛА́ДЫ,

дзяржаўны служачы, які мае права ў межах сваёй кампетэнцыі даваць распараджэнні і загады, прымаць рашэнні адносна асоб, што не падначалены яму па службе. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да П.у. адносяцца дэпутаты палат Нац. сходу і дэпутаты мясц. Саветаў, работнікі праваахоўных і кантралюючых органаў і інш. службовыя асобы, надзеленыя ўладнымі паўнамоцтвамі. Закон прадугледжвае крымін. адказнасць за супраціўленне П.у., публічную яго знявагу, пагрозу насіллем і насілле над П.у. пры выкананні ім службовых абавязкаў. У той жа час прадугледжана крымін. адказнасць і П.у. за злоўжыванне ўладай або яе перавышэнне ці бяздзейнасць (невыкананне службовых абавязкаў).

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАПО́ВІЧ (Ігар Міхайлавіч) (н. 9.12.1960, г. Паставы Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў БДУ (1985). З 1986 настаўнічае ў Паставах. Друкуецца з 1986. У вершах (зб-кі «Рэха малітваў», 1993; «Намагнічаны космас», 1996; «Шляхі наканаванага бязмежжа», 1999) — боль за знявечаную Чарнобылем Беларусь, узрушанасць, задушэўнасць, разважлівасць, трывога за знішчэнне зямнога хараства, заклікі любіць родную зямлю. Аўтар краязнаўчых кніг «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000), артыкулаў па гісторыі і геаграфіі Пастаўскага р-на, школьнага краязнаўства, апавяданняў і п’ес. Піша і выконвае бардаўскія песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis),

вуза, пчаліны клей, смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.

Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛЕ́ПЫ,

вёска ў Прылепскім с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Усяжа. Цэнтр калгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Смалявічы, 31 км ад Мінска. 477 ж., 164 двары (2000). Цэхі па вытв-сці макаронных вырабаў, газіраваных напіткаў, дрэваапрацоўчы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У П. гарадзішча і за 1,5 км на У ад вёскі курганны могільнік (3-я чвэрць 1-га тыс. н.э.). У Вял. Айч. вайну дзейнічала Прылепскае патрыятычнае падполле.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТАКО́ВІЧ (Аляксандр Францавіч) (25.12.1914, г. Сянно Віцебскай вобл. — 9.6.1988),

Герой Сав. Саюза (1945). Да 1940 у сельскай гаспадарцы, потым інструктар райкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бел. і 1-м Бел. франтах. Танк. ўзвод на чале са ст. лейт. П. вызначыўся ў баях за пашырэнне плацдарма на левым беразе Віслы і за г. Радам (Польшча), дзе знішчыў 2 бронетранспарцёры, 3 гарматы; захапіў 4 гарматы; у наступных баях экіпаж танка П. знішчыў 8 танкаў, 6 бронетранспарцёраў, 9 гармат, 19 кулямётных кропак і інш. Пасля вайны П. на парт. і сав. рабоце.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЧКІ ((Rački) Франьё) (25.11.1828, Фужыне, Харватыя — 13.2.1894),

харвацкі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т. З 1852 святар. З 1861 адзін з лідэраў Нар. ліберальнай партыі, з 1880 — Незалежнай нар. партыі. Выступаў за аб’яднанне харвацкіх зямель і самастойнасць паўд.-слав. зямель у складзе Аўстра-Венгрыі. Арганізатар і прэзідэнт (1867—86) Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў у Заграбе. Заклаў асновы харвацкай археаграфіі, выдаў вял. колькасць дакументаў па гісторыі паўд. славян. Працы Р. прысвечаны харвацкай дзяржаве 9—11 ст., барацьбе паўд. славян за незалежнасць у 11—15 ст., гісторыі багамільства (гл. Багамілы), харвацкага дзярж. права, рус. л-ры і гістарыяграфіі.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́ВА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 28,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы на У і Пн выш. 18—20 м (на Пн і З да 8 м), параслі хмызняком, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, месцамі нізкія. Пойма шыр. да 100 м, участкамі забалочаная. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Уваходзіць у заказнік Рудакова.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІК,

устарэлая назва перакупшчыка, гандлёвага пасрэдніка. У ВКЛ садзейнічаў куплі і продажу тавараў на рынках і кірмашах за пэўную ўзнагароду (барыш). Пры неабходнасці сведчыў на судзе пра гандл. здзелкі.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)