ВО́БЛАСЦЬ ВО́НКАВАГА СЦЁКУ,

частка сушы, з якой рэкі нясуць ваду ў мора, звязаныя з Сусветным ак. Займае 78% пл. сушы. Падзяляецца на Атлантыка-Ледавіты схіл, у межах якога бас. найб. рэк Зямлі — Амазонкі, Місісіпі, Конга, Ніла, Обі, Енісея, Лены, і Ціхаакіянска-Індыйскі схіл з бас. рэк Амур, Янцзы, Ганг і інш. Да бас. Атлантычнага ак. адносіцца 35% плошчы сушы, у т. л. рэкі тэр. Беларусі, Ціхага ак. — 15%, Індыйскага — 14% і Паўн. Ледавітага — 14%.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЦІ,

старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл. Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.

І.​М.​Браім.

Восці.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРА́НІЦКІ (Vranický, Vranitzky, Wranizky) Павел (13.12.1756, г. Нова-Ржышэ, Чэхія — 26.9.1808), аўстра-чэшскі скрыпач, кампазітар. З 1780 скрыпач, з 1785 музік-дырэктар у капэле кн. І.​Н.​Эстэрхазі, з 1790 канцэртмайстар аркестра Венскай прыдворнай оперы. Аўтар папулярных опер-зінгшпіляў «Аберон, кароль эльфаў» (паст. 1789), «Свята басяка» (паст. 1794), «Сталяр» (1799), камічнай оперы «Добрая маці» (паст. 1795); балетаў-дывертысментаў «Збор вінаграду» (паст. 1794), «Прыгавор Парыса» (1801); кантаты, 22 сімфоній, 5 канцэртаў, камерна-інстр. твораў.

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫХАДНА́Я ДАПАМО́ГА,

грашовая сума, якая выплачваецца наймальнікам работніку пры спыненні з ім прац. дагавору. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь выхадная дапамога ў памеры тыднёвага заработку выплачваецца ў сувязі з прызывам або паступленнем работнікаў на ваен. службу, пры аднаўленні работніка на рабоце і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Пры спыненні прац. дагавору ў сувязі з ліквідацыяй прадпрыемства, установы, арг-цыі, спыненнем дзейнасці прадпрымальніка, скарачэннем штату выплачваецца выхадная дапамога ў памеры, не меншым за трохкратны сярэднямесячны заработак.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́РНІКАЎ Васіль Іванавіч (11.2.1919, г. Ліпецк, Расія — 16.3.1991),

бел. матэматык. Д-р фізіка-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Варонежскі ун-т (1941). З 1950 у Варонежскім ун-це, з 1959 у Горкаўскім пед. ін-це. З 1969 у БДУ. Навук. працы па канформнай дыферэнцыяльнай геаметрыі, тэорыі гіперпаверхняў прасторы Еўкліда, па тэорыі абагульненага метаду нармалізацый, па агульнай тэорыі спалучаных звязнасцей, тэорыі спец. класа аднародных прастораў.

Тв.:

Дифференциальная геометрия. Мн., 1982 (у сааўт.).

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ КАЛУ́МБІЯ (La Gran Colombia), Калумбія,

федэратыўная рэспубліка на Пн Паўд. Амерыкі ў 1819—30. Утворана ў ходзе Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Уключала Новую Гранаду (сучасная Калумбія) і Венесуэлу (з 1819), Панаму (з 1821), Кіта (цяпер Эквадор; з 1822). Сталіца — г. Багата. Прэзідэнт рэспублікі — С.Балівар, віцэ-прэзідэнт — Ф.​Сантандэр. Пасля распаду федэрацыі (1830) б. яе члены сталі незалежнымі рэспублікамі (акрамя Панамы, якая ўвайшла ў склад Новай Гранады).

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКІН Барыс Лаўрэнцьевіч (12.8.1919, г. Шахты, Расія — 15.6.1944),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Усесаюзны ін-т фізкультуры (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942 выконваў спец. заданне ў тыле ворага, з мая 1943 камандзір спец. атрада НКДБ «Дапамога» (пазней уваходзіў у партыз. атрад «Артур»). Загінуў у час прарыву варожай блакады ў раёне воз. Палік.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́КАНАЎ Міхаіл Аляксандравіч (12.1.1856, г. Екацярынбург, Расія — 10.8.1919),

расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1878). З 1890 праф. гісторыі і права Дэрпцкага (Тартускага), з 1914 Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па гісторыі сялянства, дзяржавы і царквы ў Расіі, стараж.-рус. права, асн. з іх — «Улада маскоўскіх гасудароў» (1889), «Нарысы па гісторыі вясковага насельніцтва ў Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII ст.» (1898), «Нарысы грамадскага і дзяржаўнага ладу Старажытнай Русі» (1907).

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́НАЎ Марын Стаянаў (20.10.1838, г. Панагюрыштэ, Балгарыя — 13 3.1906),

балгарскі і рускі гісторык-славіст. Чл. Пецярб. АН (1898). Скончыў Маск. ун-т (1865). Адзін з заснавальнікаў (1869) і першы старшыня Балгарскага т-ва прыхільнікаў ведаў (з 1911 Балгарская АН). З 1873 праф. Харкаўскага ун-та. Уваходзіў у Часовае рус. кіраванне ў Балгарыі пасля рус.-турэцкай вайны 1877—78. У 1878—79 заг. аддзела нар. адукацыі і духоўных спраў. Працы па стараж. гісторыі славян.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭДНО́ЎТ (англ. dreadnought літар. бясстрашны),

клас лінейных караблёў, якія ў пач. 20 ст. замянілі эскадраныя браняносцы. Мае адзіныя калібры ўсёй гал. і проціміннай артылерыі, павялічаную скорасць руху (у параўн. з браняносцамі), процімінную ахову, рамбічнае размяшчэнне артыл. вежаў і інш. Першым з іх у 1906 пабудаваны англ. лінкор, які меў назву «Д.»; у Расіі Д. тыпу «Севастопаль» праектаваліся і будаваліся з 1909 пад кіраўніцтвам А.М.Крылова і І.​Р.​Бубнава.

Да арт. Дрэдноўт. Англійскі карабель «Дрэдноўт».

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)