у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я (адгетэра... + грэч. stylos слуп), рознаслупкаватасць,
наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (адгетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),
раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХАРЫ́Я (адгідра... + ...харыя),
распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЫНАМІ́Я (адгіпа... + грэч. dynamis сіла),
зніжэнне мышачных намаганняў, што трацяцца на ўтрыманне позы, перамяшчэнне цела ў прасторы, фіз. работу. Прычыны гіпадынаміі: маларухомы спосаб жыцця, імабілізацыя, працяглы пасцельны рэжым, знаходжанне ва ўмовах бязважкасці, касм. станцый. Пры гіпадынаміі развіваюцца функцыян. і марфал. змены (парушаецца рэактыўнасць арганізма, паніжаецца яго ўстойлівасць да інфекцый і перагрузак, фіз. працаздольнасць, аб’ём цыркулявальнай крыві, мазгавы кровазварот і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТЭРЭ́ЗІСНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
сінхронны электрарухавік, у якога вярчальны момант ствараецца ад узаемадзеяння магн. поля статара з намагнічаным ротарам, зробленым з матэрыялу з шырокай пятлёй гістэрэзісу. Магутнасць да некалькіх соцень ват пры частаце сілкавальнага току 50—500 Гц. Гістэрэзісны электрарухавік маюць добрыя эксплуатацыйныя характарыстыкі, надзейныя, даўгавечныя, бясшумныя, здольныя працаваць з рознай частатой вярчэння. Выкарыстоўваюцца ў маламагутных электрычных прыводах і ў сістэмах аўтам. кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),
мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,
вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТЭЛІ́НЫ (адлац. gluten клей),
простыя бялкі насення злакаў і зялёных частак раслін. Раствараюцца ў разбаўленых к-тах і шчолачах, не раствараюцца ў нейтральных растваральніках. З’яўляюцца запаснымі бялкамі, якія разам з праламінамі назапашваюцца ў эндасперме насення. Найб. вывучаны глутэнін пшаніцы і ячменю, арызепін рысу і глутэліны кукурузы. Глутэліны багатыя астаткамі глутамінавай к-ты і лізіну; добра засвойваюцца арганізмам чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ,
возера ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас.р. Прыпяць, за 16 км на ПдУадг. Калінкавічы. Пл. 0,34 км², даўж. 1,75 км, найб.шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Схілы катлавіны выш. да 12 м, на ПнУ да 4 м, пад хмызняком, на Пд разараныя. Берагі пераважна забалочаныя, месцамі супадаюць са схіламі. Злучана ручаём з воз. Пясчанка.