КАЛОІДНАЯ ХІМІЯ

Сістэматычныя даследаванні па калоіднай хіміі на Беларусі пачаліся з 1924 у БДУ, з 1932 вяліся ў Ін-це хіміі (з 1959 Ін-т агульнай і неарганічнай хіміі) АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Ф.​Ярмоленкі. Шырокія па ахопе праблем тэорыі і практыкі калоіднай хіміі даследаванні тых гадоў (вывучэнне тыксатрапіі і каагуляцыі калоідных сістэм, набракальнасці каўчукападобных палімераў, адсарбцыйных і каталітычных уласцівасцей прыродных адсарбентаў і глін; сінтэз і мадыфікацыя ўласцівасцей цэалітападобных структур; фізіка-хім. заканамернасці асадкаў гідраксідаў і аксідаў металаў і іх седыментацыйнай устойлівасці) атрымалі працяг у акадэмічных і навуч. установах хім. профілю — Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі і Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це, Магілёўскім ун-це харчавання, Гомельскім тэхн. ун-це і інш.

У галінесарбентаў і сарбцыйных працэсаў распрацаваны метады актывацыі і мадыфікацыі ўласцівасцей прыродных глін і інш. мінералаў (У.​С.​Камароў), прыродных арганічных калоідаў і комплексаў гумінавых кіслот (І.​І.​Ліштван), асновы сінтэзу саасаджаных адсарбентаў з высокай тэрмічнай стабільнасцю ў прысутнасці арганічных і неарганічных мадыфікатараў (А.​І.​Рацько). У кірунку вывучэння механізму дзеяння і сінтэзу паверхнева-актыўных рэчываў прапанаваны змены рэжымаў выкарыстання і новыя рэагенты ў якасці збіральнікаў і дэпрэсантаў, што значна павялічыла эфектыўнасць флатацыйнага абагачэння калійных руд Старобінскага радовішча (Х.​М.​Александровіч, Ф.​Ф.​Мажэйка); даследаваліся стабілізацыя калоідных сістэм на фоне канцэнтраваных раствораў электралітаў, атрыманне воднабітумных эмульсій (М.​П.​Круцько), высокаканцэнтраваных устойлівых калоідаў аксідаў і гідраксідаў пераходных металаў (А.​І.​Лесніковіч). У галіне міцэлярных і палімерных структур даследавалася фарміраванне структур дысперсных палімерных сістэм у вязкацякучым стане (Б.​Э.​Гелер); уведзена паняцце асацыіраваных комплексаў у хімію ультрадысперсных сістэм (Я.​М.​Рахманько, У.​С.​Салдатаў).

Развіццё метадычнай базы калоіднай хіміі абумовіла фарміраванне новых кірункаў даследаванняў, што адносяцца да хіміі такіх мікрагетэрагенных сістэм, як інжынерная хімія, хімія інтэлектуальных матэрыялаў, нанатэхналогія, якія даюць магчымасць нарошчвання малекулярных структур з зададзенымі функцыянальнымі групамі на паверхні носьбітаў адвольнай прыроды. У гэтым кірунку дасягнуты значныя поспехі ў канструяванні новых нетрадыцыйных фатаграфічных матэрыялаў (Г.​А.​Браніцкі, В.​В.​Свірыдаў, В.​Дз.​Сташонак), электра- і магнітарэалагічных суспензій (А.​Д.​Мацапура, З.​П.​Шульман), розных варыянтаў рэалізацыі золь-гель працэсаў, напр., атрыманне аптычнага шкла (Я.​М.​Паддзенежны), у даследаванні працэсаў хімічнай самазборкі на межах падзелу фаз (А.​І.​Лесніковіч).

Літ.:

Лесникович А.И. Исследования в области химической инженерии и коллоидной химии // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. хім. навук. 2003. №4.

В.​Н.​Макатун.

т. 18, кн. 2, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛОГІЯ РЭК

Нерэгулярныя гідралаг. назіранні, якія фіксавалі пераважна крыгалом і замярзанне рэк, з 1808 вяліся ў Віцебску (р. Зах. Дзвіна), з 1813 у Гомелі (р.

Сож) і Тураве (р. Прыпяць), з 1818 у Барысаве (р. Бярэзіна). Больш сістэматычна пачалі даследаваць узровень вады ў Віцебску ў 1838, у Пінску, Тураве і Мазыры ў 1843 (р. Прыпяць), Магілёве ў 1844 (р. Дняпро), Лоеве ў 1857 (р. Дняпро), вынікі назіранняў не захаваліся. Рэгулярнаму вывучэнню гідралагічнага рэжыму рэк спрыялі работы (з 1873) Зах. экспедыцыі па асушэнні балот, якая стварыла 13 пастоў на Палессі (на Прыпяці і яе прытоках); навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (з 1875), якая да 1880 мела 11 пастоў на суднаходных рэках. Расход вады ўпершыню вымераны на Прыпяці ў 1873. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні на гідралагічных пастах за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож.

У 1930 арганізавана Гідраметэаралагічная служба Беларусі. У 1933—40 выдадзены першы, у 1960—70 другі Водны кадастр Беларусі. З 1931 рэгулярна складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі. За рэжымам рэк назіраюць на 137 вадамерных пастах (2004), з іх 123 — на рэках, 14 — на азёрах і вадасховішчах. Іх звесткі апрацоўваюць у аддзелах гідралогіі абласных гідраметэаралагічных цэнтраў (Брэсцкім, Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Магілёўскім), у міжрэгіянальных цэнтрах па гідраметэаралогіі (Пінск, Мазыр), на гідралагічных станцыях (Полацк, Вілейка, Мінск), на азёрнай станцыі «Нарач», балотнай станцыі «Палеская» (г. Лунінец), Рэспубліканскім гідраметэаралагічным цэнтры Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Даследаваны гідралагічная роля лясоў і балот (С.​Х.​Будыка, М.​І.​Касцюкевіч), водны баланс рачных вадазбораў (А.​Р.​Булаўка), водагаспадарчыя балансы (В.​М.​Плужнікаў, А.​М.​Пянькоўская, В.​М.​Шырокаў), гідралагічныя асновы асушальнай меліярацыі (А.​Р.​Булаўка, А.​І.​Івіцкі, В.​Ф.​Шабека), гідрахімічны рэжым (А.​Г.​Грыневіч), лядова-тэрмічны рэжым (Ю.​М.​Емяльянаў), уплыў на водны рэжым гаспадарчай дзейнасці (А.​А.​Макарэвіч, В.​М.​Плужнікаў, Я.​Я.​Пятліцкі), выкарыстанне ў гідралогіі метадаў матэматычнай статыстыкі (В.​В.​Дрозд, І.​М.​Ліўшыц). Гідралагічныя даследаванні вядуцца ў Рэспубліканскім гідраметцэнтры, Цэнтральным НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, БДУ і інш.

Літ.:

Булавко А.Г. Развитие гидрологической науки в БССР // Комплексное использование водных ресурсов. М., 1973. Вып. 1;

Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1995—2002;

Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, праблемы, перспектывы. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 18, кн. 2, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛОГІЯ

Развіццё отарыналарынгалогіі на Беларусі распачаў у 1906 урач Магілёўскай губ. К.​Ю.​Канановіч, які набыў спецыялізацыю ў С.-Пецярбургу. Першыя навук. даследаванні зроблены М.​Ф.​Цытовічам у дысертацыі «Да пытання аб дыхальных і пульсатарных рухах барабаннай перапонкі» (1907). У пач. 20 ст. отарыналарынгалагічную дапамогу насельніцтву аказвалі М.​В.​Камоцкі, М.​Л.​Кацнельсон, М.​А.​Паўтаў, А.​З.​Яхнін і інш. Даследаванні па отарыналарынгалогіі актывізаваліся з арганізацыяй кафедры і клінікі хвароб вуха, горла і носа (1925) у Мінскім мед. ін-це (С.​М.​Бурак). У даваенны час вывучалася склерома дыхальных шляхоў (С.​М.​Алукер, Р.​Х.​Карпілаў, І.​А.​Лапотка, Я.​І.​Яраслаўскі). Распрацаваныя на Беларусі метады дыягностыкі і лячэння склеромы выкарыстоўваліся ва ўсіх рэспубліках СССР. У 1927 арганізавана секцыя отарыналарынгалогіі пры Мінскім навукова-практычным таварыстве ўрачоў (з 1933 Бел. навукова-практычнае таварыства). У 1928 адбыўся 1-ы Усебел. з’езд отарыналарынголагаў, на якім абмяркоўваліся праблемы склеромы і глуханематы. У пасляваенныя гады створаны новыя схемы тэрапіі склеромы (М.​П.​Кніга, М.​В.​Мякіннікава, М.​Ц.​Яўстаф’еў). У апошнія дзесяцігоддзі навукова-даследчая работа бел. отарыналарынголагаў вядзецца на кафедрах хвароб вуха, горла, носа ў Бел., Віцебскім, Гродзенскім, Гомельскім мед. ун-тах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у аддзелах отарыналарынгалогіі Бел. НДІ: анкалогіі і мед. радыялогіі; неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Удасканалены метады прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння хранічных гнойных атытаў, танзілітаў, дабраякасных і злаякасных пухлін, стэнозаў гартані, прыроджаных заган, арганізацыі барацьбы з захворваннямі вуха, горла і носа. Распрацаваны пытанні хірургічнай рэабілітацыі слыху пры хранічных гнойных сярэдніх атытах, отасклерозе, прафесійных захворваннях, гнойных параназальных сінусітах (М.​І.​Аўсяннікаў, В.​А.​Быстрэнін, В.​Я.​Гапановіч, І.​М.​Кароль, В.​Ф.​Мельнік, У.​Дз.​Мяланьін, В.​П.​Сітнікаў, А.​Г.​Хораў, П.​А.​Цімашэнка, С.​Р.​Чабанаў); эпідэміялогіі, дыягностыкі і лячэння дабраякасных і злаякасных новаўтварэнняў (А.​В.​Вакер, І.​А.​Склют, Г.​М.​Смердаў, Л.​Р.​Пятрова).

Літ.:

Крючок Г.С. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

Гапанович В.Я. Аспекты истории развития оториноларингологии в Белоруссии // II съезд оториноларингологов Белоруссии. Мн., 1984;

Тимошенко П.А. Состояние и перспективы слухоулучшающей хирургии в Республике Беларусь // Здравоохранение Беларуси. 1994. №9;

Timoschenko P.A., Gapanovich V.J. The development of ENT in Belarus between 1880 and 1920 // Laringo-Rhino-Otologie. 4​th European Congress of Oto-Rhinolaryngology Head and Neck Surgery. Abstracts. Berlin (Germany). 13—18 May 2000. Berlin, 2000.

П.​А.​Цімашэнка, А.​П.​Цімашэнка.

т. 18, кн. 2, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЛОГІЯ

Як самастойная навука вылучылася з агульнай хірургіі. На Беларусі пачала развівацца ў 1953 з заснаваннем кафедры уралогіі ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі) і адкрыццём уралагічнага аддзялення на базе Мінскай абл. бальніцы. У 1970 у 4-й клінічнай бальніцы Мінска адкрыта аддзяленне тэрапіі хранічнай нырачнай недастатковасці і перасадкі нырак. У 1960—70-я г. уролагі Беларусі распрацавалі спосабы аперацый пры экстрафіі мачавога пузыра (А.​І.​Міхельсон), гіпаспадыі (М.​Я.​Саўчанка), неўрагенных парушэннях мочавыдзялення (В.​А.​Мохарт, Саўчанка). Створаны Рэспубліканскі цэнтр перасадкі нырак (Саўчанка, Г.​Ц.​Казлоў). За распрацоўку і ўкараненне ў клінічную практыку сучасных метадаў дыягностыкі і арыгінальных рэканструктыўных органазберагальных аперацый для лячэння хворых з прыроджанымі анамаліямі нырак і мачавых шляхоў Саўчанку ў 1982 прысуджана Дзярж. прэмія СССР.

У апошнія дзесяцігоддзі на Беларусі аказваюцца ўсе віды сучаснай уралагічнай дапамогі: дыстанцыйная літатрыпсія, эндаскапічныя аперацыі на нырках, прастаце і мочавывадных шляхах; востры і хранічны гемадыяліз, перасадка нырак. Значны ўклад бел. уролагі ўнеслі ў распрацоўку метадаў лячэння пухлін нырак з дапамогай агульнай гіпертэрміі (А.​С.​Маўрычаў, А.​Р.​Суконка), лакальнай гіпертэрміі пры пухлінах мачавога пузыра (А.​У.​Строцкі); рэінервацыі мачавога пузыра (А.​А.​Грэсь); змянення гамеастазу пры пухлінах мачавога пузыра (М.​А.​Нечыпарэнка); метадаў лячэння дабраякаснай гіперплазіі прастаты з выкарыстаннем розных відаў хірургічных лазераў (У.​Дз.​Бурко); у распрацоўку і ўкараненне аперацый па лячэнні прыроджаных уралагічных захворванняў у дзяцей (Саўчанка, І.​А.​Скобеюс, З.​А.​Трафімава); лячэнне хранічнай нырачнай недастатковасці і перасадкі ныркі (Казлоў, В.​С.​Пілатовіч, Саўчанка); лячэнне туберкулёзу органаў мочапалавой сістэмы (В.​В.​Баршчэўскі). Праводзяцца даследаванні па лячэнні мочакамянёвай хваробы, пухлін і траўмаў органаў мочапалавой сістэмы, прыроджаных анамалій у дзяцей, захворванняў прастаты, неспецыфічных запаленчых уралагічных захворванняў. У наш час кадры уролагаў рыхтуюць у Бел. мед. ун-це, на курсах пры кафедрах хірургіі Гродзенскага, Віцебскага і Гомельскага мед. ун-таў. Спецыялізацыю па уралогіі і павышэнне кваліфікацыі ажыццяўляе кафедра уралогіі Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Літ.:

Михельсон А.И. Оперативное лечение недержания мочи на почве врожденных аномалий мочевой системы. Мн., 1957;

Савченко Н.Е. Гипоспадия и ее лечение. Мн., 1962;

Савченко Н.Е., Мохарт В.А. Нейрогенные расстройства мочеиспускания. Мн., 1970;

Мавричев А.С. Почечно-клеточный рак. Мн., 1996;

Савченко Н.Е., Строцкий А.В. Консервативное лечение доброкачественной гиперплазии предстательной железы. Мн., 1996;

Мохарт В.А. История развития урологии в Белоруссии, 1950—1998. Мн., 1999.

А.​У.​Строцкі.

т. 18, кн. 2, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫКАЗНАЎСТВА

Станаўленне музыказнаўства на Беларусі пачалося ў 19 ст. з асвятлення ў перыядычным друку муз. жыцця, выканальніцкага мастацтва, публікацый бел. нар. песень з нотамі і іх муз.-этнаграфічных апісанняў. Асновы муз. фалькларыстыкі залажылі Р.​Ігнацьеў, Л.​Куба, Е.​Раманаў, П.​Шэйн, М.​Янчук і інш. У пач. 20 ст. пытанням нац. муз. творчасці шэраг артыкулаў прысвяцілі бел. пісьменнікі М.​Багдановіч, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Гарэцкі, Ц.​Гартны, З.​Бядуля.

У 1920-я г. ў БССР ідэя беларусізацыі ў бел. культуры адбілася і на айч. музыказнаўстве. На старонках газет «Звязда», «Советская правда», «Белорусская коммуна», час. «Трыбуна мастацтва» і інш. узнімаліся пытанні падрыхтоўкі прафесійных муз. кадраў, стварэння муз. рабочых факультэтаў і студый, прапаганды муз. каштоўнасцей мінулага, пошуку кірункаў і стыляў у тагачаснай кампазітарскай творчасці, адпаведных культурнаму пералому. З рэцэнзіямі і артыкуламі на муз. творы і канцэртныя выступленні па праблемах фарміравання нац. муз. мастацтва выступалі Ю.​Дрэйзін, Я.​Загв, А.​Крывіч і інш.

Асноўныя кірункі музыказнаўчых даследаванняў закладзены ў муз.-крытычнай дзейнасці Ю.​Дрэйзіна. Ён першы звярнуўся да пытання пашырэння сеткі муз. навучальных устаноў, намеціў асноўныя шляхі фарміравання бел. музыказнаўчай навукі, філасофска-культуралагічнага даследавання муз. мастацтва, у т. л. месца і ролю бел. музыкі ў станаўленні нац. культуры, пераемнасці маст. традыцый, неабходнасці стварэння на Беларусі прафес. выканальніцкіх калектываў і інш.

У сярэдзіне 1920-х г. у час. «Трыбуна мастацтва» і інш. разгарнулася дыскусія пра неабходнасць стварэння нац. оперы, у якой прынялі ўдзел музыканты-выканаўцы, музыказнаўцы і частка бел. літаратараў. Адначасова зацікаўленасць нац. фальклорам абумовіла развіццё муз. фалькларыстыкі, якая даследавалася пераважна ў межах муз. падсекцыі Інбелкульта («Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў музычна-этнаграфічнай творчасці А.​Грыневіча ў часопісе «Наш край», 1925, №1); выйшлі фальклорныя зборнікі (1928, 1929). Нар. песні збіралі і апрацоўвалі У.​Тэраўскі («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921), М.​Мацісон («Спеўнік дзеля двух- і трохгалосых дзіцячых хароў», 1925), М.​Чуркін, А.​Туранкоў, М.​Аладаў («Зборнік беларускіх народных песень», 1928), Р.​Шырма («Беларускія народныя песні», 1929), М.​Равенскі («Пра зборнік песень, які надрукаваны на Беларусі для дзяцей дашкольнага ўзросту», 1928). Вывучэнне нар.-песеннай культуры закладзена ў даследаванні М.​Равенскага «Гарманізаванне беларускіх народных песень маскоўскімі кампазітарамі» (1928). У працы М.​Прывалава «Народныя музычныя інструменты Беларусі» (1928) дадзена першае апісанне тыпаў і відаў бел. нар. інструментаў і гіст. нарыс развіцця бел. інструментарыя.

У 1930-я г. сярод муз.-крытычных публікацый пераважалі прадмовы да новых оперных твораў бел. кампазітараў Я.​Цікоцкага, М.​Шчаглова-Куліковіча, А.​Туранкова (Б.​Смольскі, М.​Зінчук, Л.​Мухарынская), артыкулы-агляды (пра дзейнасць Бел. студыі оперы і балета), творчыя партрэты А.​Туранкова, Р.​Пукста, В.​Залатарова, нарысы (серыя «Кампазітары—Кастрычніку» ў час. «Мастацтва і рэвалюцыя», 1932). З публікацыямі пра творчасць бел., рас., заходнееўрап. кампазітараў выступалі М.​Шчаглоў-Куліковіч, А.​Карповіч («Кветка шчасця», «Старэйшы беларускі кампазітар: А.​Я.​Туранкоў», «Творчасць А.​В.​Багатырова» і інш.). Напярэдадні 1-й Дэкады бел. мастацтва і літаратуры ў Маскве ўздымаліся пытанні стварэння нац. опер і балетаў, выканальніцкага майстэрства (М.​Аладава, В.​Яфімава), кампазітарскай творчасці (А.​Багатырова, М.​Крошнера, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, М.​Шчаглова-Куліковіча). Вял. ўвага аддавалася стварэнню навучальных дапаможнікаў; у 1933 выдадзены падручнік М.​Мацісона «Пачатковая тэорыя музыкі для музшкол, музрабфакаў і першых курсаў музтэхнікума».

У пасляваенныя гады праблематыка муз. даследаванняў стала больш паглыбленай. Закладваліся асновы муз. тэарэтычнай навукі, муз. эстэтыкі, крытыкі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Разам з асвоенымі жанрамі творчага партрэта (С.​Нісневіч, Л.​Мухарынская), нарыса пра выканальніцкае мастацтва (Л.​Мухарынская, Б.​Смольскі, І.​Жыновіч), пра оперу (М.​Шчаглоў-Куліковіч, В.​Сізко), сімфанічную музыку (В.​Сізко) з’явіліся працы пра гіст. шляхі развіцця нац. муз. культуры: «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (ч. 1, 1953) М.​Куліковіча; «Беларуская музыка за 40 год» Б.​Смольскага (1957); серыя «Музычная культура саюзных рэспублік» Б.​Смольскага, Г.​Цітовіча, І.​Нісневіча (1956, 1957). Этнамузыколагі працягвалі даследаваць вытокі бел. нар. музыкі, асаблівасці развіцця нар. песні ў сучасных умовах («Беларуская народная песня» М.​Шыфрына, 1956; «Партызанскія песні Беларусі і іх складальнікі» Л.​Мухарынскай, 1959). Выйшлі зборнікі бел. нар. песень Р.​Шырмы, М.​Чуркіна, Г.​Цітовіча. Эстэтычныя праблемы нац. муз. мастацтва распрацоўвала А.​Ладыгіна. Дасягненнем муз. педагогікі з’явіўся падручнік В.​Яфімава «Элементарная тэорыя музыкі» (1948). Асноўныя кірункі музыказнаўчых публікацый 1960-х г. — даследаванне бел. нар. муз. творчасці і сучаснай бел. прафес. музыкі, вывучэнне рас. муз. культуры і папулярызацыя муз. мастацтва. Цэнтрамі навук. даследаванняў сталі сектар муз. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, кафедра гісторыі і тэорыі музыкі Бел. кансерваторыі, Саюз кампазітараў Беларусі, пазней — муз.-пед. факультэт Мінскага пед. ін-та, мастацтвазнаўчыя кафедры Мінскага ін-та культуры.

У гэты перыяд асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню бел. нар. музыкі. Пытанні гісторыі, тэорыі і эстэтыкі нац. муз. фальклору, стыляў і жанраў традыцыйнай і сучаснай бел. нар. песні сталі прадметам даследавання этнамузыкалогіі. Л.​Мухарынская акрэсліла пытанні сучаснай этнамузыказнаўчай навукі, раскрыла інтанацыйныя, творчыя і стылявыя працэсы ў сучасным бел. песенным фальклоры, вызначыла месца нар. песні ў сістэме фальклору, адкрыла партызанскую песню як буйную з’яву бел. нар. муз. творчасці («Беларуская партызанская песня і яе аўтары», 1964; «Беларуская партызанская песня, 1941—45», 1968), вылучыла фактары, якія адлюстроўвалі станаўленне муз. мовы бел. нар. песні на сучасным этапе пад уплывам новых грамадска-сац. умоў («Меладычная мова сучаснай беларускай народнай песні», 1966). Тэарэтычныя асновы бел. муз. фальклору даследаваў В.​Ялатаў: «Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі» (1964), «Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі» (1966), «Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі» (1970). Сярод значных работ 1960-х г. — даследаванні па гісторыі бел. муз. т-ра ў працах «Беларускі музычны тэатр» Б.​Смольскага (1963), «Беларуская народная песня ў музычнай драматургіі нацыянальных опер і балетаў» С.​Нісневіч (1962); публікацыі пра бел. сімфонію Г.​Глушчанкі і К.​Сцепанцэвіч (у манаграфіях «55 савецкіх сімфоній», 1961; «Савецкая сімфонія за 50 год», 1967), «Беларускі канцэрт» К.​Сцепанцэвіч (1967), пра дзейнасць бел. дзярж. сімфанічнага аркестра Дз.​Жураўлёва («Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларускай ССР», 1961). З’явіліся выданні, у якіх папулярызавалася музыка бел. кампазітараў («Школьнікам пра музыку» Г.​Глушчанкі і К.​Сцепанцэвіч, 1962), навучальныя дапаможнікі для муз. школ і вучылішчаў, хрэстаматыя па бел. муз. літаратуры, даведнік «Кампазітары Савецкай Беларусі» Дз.​Жураўлёва(1966).

У 1970-я г. якасна павысіўся ўзровень навук. даследаванняў, пашырылася іх праблематыка. Сярод прыярытэтных кірункаў музыказнаўства: гісторыя нац. муз. культуры, тэорыя муз. мастацтва (жанраў, форм прафесійнай музыкі, муз. стылю, тэматызму і інш.), этнамузыкалогія. Гіст. вяхой на шляху стварэння першага сістэматызаванага даследавання пра працэс фарміравання і развіццё прафесійнай і нар. бел. музыкі з эпохі сярэдневякоўя і да 1960-х г., аналізу творчай дзейнасці нац. кампазітараў сталі манаграфіі-падручнікі «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971) і «Гісторыя беларускай музыкі» (1976), створаныя калектывам аўтараў (Г.​Глушчанка, Л.​Мухарынская, С.​Нісневіч, Б.​Смольскі, К.​Сцепанцэвіч, Т.​Шчарбакова). Праблематыка старажытнабел. культуры і вытокі кантавай культуры Беларусі ў 16—18 ст. аналізаваліся ў гіст.-тэарэтычных даследаваннях Л.​Касцюкавец («Кантавая культура ў Беларусі», 1975). Тэарэтычныя праблемы музыказнаўства распрацаваны ў манаграфіях Г.​Куляшовай («Пытанні драматургіі оперы», 1979; «Кампазіцыя оперы», 1983), у якіх опера разглядаецца як складаны маст. арганізм на сюжэтным, муз.-драматычным і структурным узроўнях. У манаграфічных нарысах Т.​Дубковай («Беларуская сімфонія», 1974) разам з выяўленнем і разгляданнем новых тэндэнцый у бел. сімф. музыцы даследаваны вобразнасць, тэматызм, форма, муз. драматургія сімфоній, сродкі муз. выразнасці. Пэўныя мастацка-эстэтычныя якасці бел. музыкі, вузлавыя моманты працэсу развіцця жанру бел. інструментальнага канцэрта асвятляюцца ў манаграфіі «Беларускі фартэпіянны канцэрт» І.​Назінай (1977). Тэарэтычнаму вывучэнню тагачаснага стану бел. муз. мастацтва садзейнічалі зборнікі «Музычная культура Беларускай ССР» (1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Музыка нашых дзён» (1969), «Беларуская музыка» (1975). Асаблівасці стылістыкі бел. музыкі, асобныя жанры бел., а таксама сусв. муз. мастацтва ў кантэксце сучаснай муз. творчасці разглядаліся ў артыкулах Н.​Юдзеніч, Т.​Ляшчэні, А.​Салей, Р.​Сергіенкі, Т.​Шчарбаковай і інш. У ліку этнамузыказнаўчых публікацый 1970-х г.: работы Л.​Мухарынскай («Беларуская народная песня: Гістарычнае развіццё», 1977), І.​Назінай («Беларускія народныя музычныя інструменты: Самагукавыя, ударныя, духавыя», 1979; «Беларускія народныя музычныя інструменты: Струнныя», 1982), у якіх вывучаны працэсы гіст. эвалюцыі і функцыянавання асноўных відаў бел. нар. муз. інструментаў: самагудаў, ударных, духавых, струнных, а таксама бел. нар. найгрышаў. Харэаграфічны фальклор даследавала Ю.​Чурко. Апублікаваны манаграфічныя даследаванні Л.​Аўэрба, Т.​Дубковай, Дз.​Жураўлёва, Г.​Куляшовай, І.​Зубрыч і інш., прысвечаныя творчасці бел. кампазітараў, гіст.-пазнавальная літаратура пра дзейнасць творчых калектываў, муз. навучальных устаноў.

У 1980-я — пач. 2000-х г. пашырылася праблематыка даследаванняў, павысіўся навук. ўзровень публікацый і прафесіяналізм даследчыкаў. Працягвалася сістэматычнае вывучэнне гісторыі старадаўняй муз. культуры Беларусі, у навук. ўжытак уведзены ўзоры творчай спадчыны кампазітараў, адноўлены забытыя імёны дзеячаў мастацтва, педагогаў, выканаўцаў, якія працавалі на Беларусі ў 16—19 ст., ішоў пошук помнікаў прафесійнага муз. мастацтва мінулага. У гэтым кірунку вывучалася станаўленне айч. муз. культуры ў 10—18 ст. («Нарысы музычнай культуры Беларусі», 2000; «Музычная культура Беларусі XVIII ст.: Гісторыка-тэарэт. даслед.» В.​Дадзіёмавай, 2002); фарміраванне арганнай культуры, выканальніцтва і кампазітарскай творчасці («Cantantibus Organis: Беларуская арганная культура ў кантэксце еўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу» У.​Неўдаха, 1999); гісторыя развіцця прафесійнага бел. муз. мастацтва 16 — пач. 20 ст. («Зайгралі спадчынныя куранты» В.​Скорабагатава, 1998), муз. і маст. адукацыя ў 11—20 ст. («Музычная адукацыя ў Беларусі», 1980; «Мастацкая адукацыя ў Беларусі» В.​Пракапцовай, 1999); спецыфіка муз. адукацыі і асаблівасці муз. практыкі ў езуіцкіх калегіумах і ордэнскіх навіцыятах 17 — пач. 19 ст. («Тэорыя харальных спеваў на Беларусі» Т.​Ліхач, 1999); тэатральна-муз. культура Беларусі 18—19 ст. (Г.​Барышаў, А.​Капілаў); мастацтва муз. прыватнаўласніцкіх і школьных т-раў 18 ст. (Г.​Барышаў, Л.​Голікава, Н.​Іўчанка); муз. культура бел. гарадоў 18 ст. (В.​Дадзіёмава). Шэраг даследаванняў стараж. муз. культуры грунтуецца на вывучэнні асобных яе бакоў — творчасці кампазітараў і выканаўцаў 19 ст., якія зрабілі ўклад у развіццё айч. муз. мастацтва («Музычная культура Беларусі XIX — пачатку XX ст.» А.​Капілава, А.​Ахвердавай, 2000), гісторыі муз. мінулага [«Скрыпка беларуская» А.​Капілава, 1982; «Музыка Беларусі XVII стагоддзя (Рыфматворны псалтыр)» Л.​Касцюкавец, 1992; «Рыфматворны псалтыр» Сімяона Полацкага і Васіля Цітова: музычна-паэтычны, стылістычны і тэксталагічны аспекты» Л.​Сідаровіч; «Сімяон Полацкі, Васіль Цітоў. «Рыфматворны псалтыр» пад рэд. Л.​Сідаровіч; абедзве 1999]. Адначасова вывучаліся праблемы сучаснага бел. муз. мастацтва («Харавое мастацтва Беларусі XX ст.» А.​Смагіна, 1998; «Беларускае народна-інструментальнае мастацтва: традыцыі і сучаснасць» Г.​Мішурова, 2002; «Беларуская кантата і араторыя» Г.​Куляшовай, 1987; «Народна-інструментальная музычная культура пісьмовай традыцыі ў Беларусі: спроба сістэмнага аналізу» Н.​Яканюк, 2001; «Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я» А.​Скорабагатчанкі, 1997); роля фальклору ў аднаўленні нац. стылю прафесійных бел. кампазітараў у кн. «Беларуская кампазітарская творчасць у яе сувязях з фальклорам: Гісторыка-метад. даслед.» В.​Антаневіч (1999). Тэарэтычныя і метадалагічныя прынцыпы рас. муз. крытыкі канца 19 — пач. 20 ст. даследаваліся ў «Нарысах па гісторыі рускай музычнай крытыцы канца XIX — пачатку XX ст.» Г.​Глушчанкам (1983); музыка побыту і рус. прафесійнай культуры 19 ст. ў працах Т.​Шчарбаковай.

Абрадавая і пазаабрадавая нар. музыка, асаблівасці бел. нар. каляндарна-песеннай культуры прааналізаваны ў творах «Каляндарна-песенная культура Беларусі: Спроба сістэмна-тыпалагічнага даследавання» (1985), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (1982) З.​Мажэйкі; «Песні Беларускага Панямоння» (1998), «Песні Беларускага Падняпроўя» (1999) Т.​Варфаламеевай; у працы «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997) З.​Мажэйкі і Т.​Варфаламеевай.

Выдадзены манаграфіі пра гісторыю бел. балетнага тэатра, дзейнасць асобных выканаўцаў і пастаноўшчыкаў («Беларускі балет у тварах» Ю.​Чурко, 1988) і сучаснае сцэнічнае танцавальнае мастацтва («Лінія, якая ідзе ў бясконцасць» Ю.​Чурко, 1999), пра праблемы жанрава-стылістычных асаблівасцей балетнай музыкі («Балетны жанр як музычны феномен: Рус. традыцыя канца XVIII — пач. XX ст.» К.​Дулавай, 1999).

У 1990—97 выйшла 4-томная праца «Музычны тэатр Беларусі», у якой дзейнасць муз. т-ра паказана як важная і неад’емная частка агульнага працэсу фарміравання нац. культуры, даследаваны гіст. этапы станаўлення і развіцця муз. тэатра ад вытокаў да канца 20 ст., муз.-сцэнічныя жанры — опера, балет, муз. камедыя, аперэта і музыка для драматычных тэатраў у іх стылявой разнастайнасці (Г.​Барышаў, Л.​Голікава, Т.​Дубкова, А.​Капілаў, Г.​Куляшова, Т.​Мдывані, Ю.​Чурко, Н.​Юўчанка і інш.).

У тэарэтычных муз. творах адлюстраваны тэндэнцыі развіцця бел. муз. мастацтва і бел. сімфанізму ў 2-й пал. 20 ст. (К.​Сцепанцэвіч), тыпалагічныя рысы сучаснай бел. музыкі (А.​Друкт), аналізуюцца новыя з’явы муз. культуры Беларусі («Беларуская музыка 1960—80-х гг.» Р.​Аладавай, В.​Антаневіч, Г.​Глушчанкі, А.​Карпілавай, К.​Сцепанцэвіч, Л.​Сцяпуры, Т.​Якіменка, Н.​Юўчанка і інш., 1997), авангардныя тэндэнцыі ў бел. музыцы (Р.​Аладава, Г.​Глушчанка, Т.​Мдывані, В.​Савіцкая).

У цэнтры ўвагі бел. музыказнаўцаў асэнсаванне стылявых заканамернасцей сучаснай бел. музыкі, яе жанравай разнастайнасці, пошукі ў галіне меласу, гармоніі, поліфаніі, формаўтварэння, муз. сродкаў выразнасці (Р.​Аладава, В.​Антаневіч, Б.​Златавярхоўнікаў, Ю.​Златкоўскі, Т.​Ляшчэня, Т.​Мдывані, В.​Савіцкая, Р.​Сергіенка, Т.​Цітова, Т.​Шчэрба, М.​Шыманскі), праблемы метадалогіі сучаснага музыказнаўства (Т.​Мдывані, Т.​Шчарбакова, Н.​Юдзеніч, Т.​Якіменка), муз. псіхалогіі і сацыялогіі (І.​Галавач, А.​Галкін). Створаны падручнікі па гармоніі, сальфеджыо, поліфаніі, бел. нар. творчасці і інш. Актывізавалася выданне зборнікаў артыкулаў, у якіх асвятляюцца «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94). У зб-ках «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэт. нарысы» (1990) і «Тэарэтычныя праблемы сучаснай музыкі» (1992) асэнсоўваецца праблематыка нац. культуры ў кантэксце агульнасусветных маст. працэсаў, уздымаюцца праблемы драматургіі, формы, муз. мовы, стылістычных асаблівасцей музыкі. Выйшлі даведачная літаратура («Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані, Р.​Сергіенкі, 1997; «Музычны слоўнік беларуска-рускі і руска-беларускі», 1999; «З гісторыі музыказнаўства ў Беларусі», 2002), працы пра дзейнасць творчых калектываў і муз. навучальных устаноў, мемуарная літаратура («Л.​П.​Александроўская: Дакументальна-тэатр. раман» А.​Ладыгінай, 2002). Вывучэнне гісторыі і тэорыі музыкі вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Бел. акадэміі музыкі, Бел. ун-це культуры і інш.

Літ.:

Беларуская музыка 1960—1980 годов. Мн., 1997;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Из истории музыкознания в Беларуси. Белорусская государственная академия музыки, 1932—92. Мн., 2002.

Л.​Ф.​Голікава.

Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.
Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.

т. 18, кн. 2, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫХО́ДНІЦТВА,

часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр. прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс. чал. Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ГРА́МАТЫ,

пісьмы, запіскі, дакументы 11—15 ст. на бяросце, выяўленыя пры раскопках стараж. усх.-слав. гарадоў. На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі завостранай касцяной ці жал. палачкай — пісалам. Вядома больш за 750 Берасцяныя граматы, у т. л. Ноўгарада, Старой Русы (23 граматы), Смаленска (10), Пскова (8), Звянігарада (Украіна; 3) і інш. На Беларусі выяўлены ў Віцебску (13—14 ст.) і Мсціславе (пач. 13 ст.). Асн. тэма грамат 11—12 ст. — крэдыторства, пазыка грошай; 13—15 ст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы, феад. павіннасці, абавязацельствы, завяшчанні. У наўгародскіх граматах упамінаюцца жыхар Полацка і палонны, выкуплены з Полацка; берасцяная грамата 11 ст. напісана Жыравітам, жыхаром Полацка, Смаленска ці Віцебска.

Літ.:

Арциховский А.В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). М., 1963;

Янин В.Л. Я послал тебе бересту... 2 изд. М., 1975;

Тарасаў С.В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991.

Г.​В.​Штыхаў.

Берасцяная грамата 13—14 ст. з Віцебска.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РКЛІ (Berkeley) Джордж (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),

англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.​Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.

Дж.Берклі.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫЯ Лаўрэнцій Паўлавіч (29.3.1899, с. Мерхеулі Сухумскага р-на, Грузія — 23.12.1953),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з гал. арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Маршал Сав. Саюза (1945), Ген. камісар дзярж. бяспекі (1941), Герой Сац. Працы (1943). Чл. КПСС з 1917. Скончыў Бакінскае сярэдняе мех.-буд. тэхн. вучылішча (1919). У 1921—31 у органах разведкі і контрразведкі, нам. старшыні Азербайджанскай ЧК, старшыня Грузінскага і Закаўказскага ДПУ, прадстаўнік АДПУ у ЗСФСР. З 1931 1-ы сакратар ЦК КП(б) Грузіі, адначасова з 1932 — Закаўказскага крайкома і Тбіліскага гаркома партыі. У 1938—45 і ў сак.—чэрв. 1953 нарком унутр. спраў СССР. Чл. ЦК КПСС у 1934—53, чл. Палітбюро ЦК КПСС з 18.3.1946 да 7.7.1953. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. 26.6.1953 арыштаваны, на ліпеньскім (1953) Пленуме ЦК КПСС выведзены са складу ЦК і выключаны з партыі як вораг Кампартыі і сав. народа. 23.12.1953 прыгавораны за «здраду» да расстрэлу і ў той жа дзень расстраляны.

Літ.:

Берия: конец карьеры. М., 1991;

Дело Берия // Изв. ЦК КПСС. 1991. № 1—2.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,

установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.

Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж. цэнтры занятасці.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)