МУА́ЎР (Moivre) Абрахам дэ (26.5.1667, г. Вітры-ле-Франсуа, Францыя — 27.9.1754),

англійскі матэматык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1697). Вучыўся ў Сарбоне. Навук. працы па алгебры, тэорыі імавернасцей і інш. раздзелах матэматыкі. Знайшоў правілы ўзвядзення ў n-ю ступень і здабывання кораня n-й ступені з камплекснага ліку (гл. Муаўра формула). Незалежна ад шатл. матэматыка Дж.​Стырлінга атрымаў формулу для вылічэння n! (гл. Стырлінга формула). Даказаў прыватны выпадак тэарэмы Лапласа.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА, Мяшчора. У цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, паміж рэкамі Клязьма (на Пн), Масква (на ПдЗ), Ака (на Пд), Судагда і Колп (на У), у межах Маскоўскай, Уладзімірскай і Разанскай абл. Расіі. Алювіяльна-зандравая плоская раўніна (выш. 80—130 м на Пд, 120—130 м на Пн). Складзена з водна-ледавіковых і рачных пяскоў і суглінкаў. Рэкі — Бужа, Цна, Поля, Гусь, Пра і інш. Шмат азёр (Шатурскія, Спас-Клепікаўскія) і балот (Шатурскія, Тугалескі Бор, Гусеўскія і інш.). Мяшаныя лясы, на пясках — хваёвыя бары, па далінах рэк — лугі. Характэрны ландшафты аполляў.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ВРАЦІЛЬ (Navrátil),

Іозеф (17.2.1798, Слані каля г. Кладна, Чэхія — 21.4.1865), чэшскі жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Пражскай АМ (1819—23). Аўтар манум. размалёвак у замках у Лібехаве (1838—43), Кленаве (1840), Йірні (1845—47, 1857), Плошкавіцы (1853—54), будынках Новай мукамольні (1847—50) і доме Ваўры (1847) у Празе. Пісаў невял. па памерах пейзажы, нацюрморты, карціны быт. жанру, якія вызначаюцца свабоднай лепкай формы і сакавітым каларытам: серыя «Паляванне на ліса», «Вадаспад у вёсцы», «Маці з дзіцем», «Малочніца на вуліцы», «Сцэна ў стылі ракако», «Танцоўшчыцы», «Селядцы на талерцы» і інш.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МАВА Софія Фадзееўна (23.5.1924, в. Заазер’е Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 12.3.2000),

бел. вучоны ў галіне хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-р хім. н. (1974). Скончыла БДУ (1949). У 1949—89 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (у 1952—67 і 1975—86 заг. лабараторыі). Навук. працы па сінтэзе і даследаванні ўласцівасцей палімерных святлоадчувальных матэрыялаў, антыстатыкаў і антыстатычных лакаў, распрацоўцы новых поліфункцыянальных манамерных і алігамерных стабілізатараў.

Тв.:

Циклогекса-1,3-диен и продукты на его основе. Мн., 1980 (разам з Б.​В.​Ерафеевым, В.​Д.​Юрынай).

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ ГАЗЕ́ТА»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 2.10.1990 у Мінску на бел. і рус. мовах штодзённа. Заснавальнік — адкрытае акц. т-ва «Народная газета». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., міжнар. жыцця, праблемы эканомікі, культуры, навукі, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Шмат увагі аддае пытанням маралі і права, адносінам чалавека і грамадства. Публікуе заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па пытаннях эканомікі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, спорце і інш. Дае магчымасць выказацца людзям розных паліт. поглядаў, перакананняў. Шырока выкарыстоўвае лісты чытачоў, пазаштатных аўтараў.

А.​А.​Юдчыц.

т. 11, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТЫЯ́НТА (Neottianthe),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 6 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. клабучковая (N. cucullata) — еўразійскі таежны рэліктавы від; занесена ў Чырв. кнігу.

Трапляецца ў хвойніках-зеленамошніках, часцей на ўзгорыстай мясцовасці.

Н. клабучковая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з ныркападобнымі белаватымі клубнямі. Сцябло тонкае, граністае, каля асновы 2 супраціўныя лісты, вышэй — 1—3 дробныя вузкаланцэтныя лісцікі. Кветкі фіялетава-ружовыя, часам белыя, сабраныя па 6—24 у аднабокі рэдкі колас. Плод — каробачка.

В.​В.​Маўрышчаў.

Неатыянта клабучковая.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРАЛГІ́Я (ад неўра... + algos боль),

інтэнсіўны, звычайна прыступападобны боль, які распаўсюджваецца па ходзе нерва ці яго галін. Узнікае пры запаленчых, траўматычных (у т. л. мікратраўмы), таксічных, метабалічных уздзеяннях, пры сцісканні нерваў у касцявых і інш. каналах. У нерв. ствалах настаюць дыстрафічныя змены, разрастанне злучальнай тканкі. Найб. часта трапляецца Н. трайчастага нерва (кароткачасовыя прыступы пакутлівага болю ў вобласці твару, часам з пачырваненнем скуры, ацёкам, дрыжаннем, павышэннем крывянога ціску і інш.). Радзей бывае Н. вушна-скроневага, носа-вейкавага, языкаглотачнага нерваў, патылічная Н. і інш. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., іголкарэфлексатэрапія.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖАГАРО́ДАЎ Віктар Міхайлавіч (19.4.1925, с. Адскочнае Варонежскай вобл., Расія — 18.3.1999),

бел. вучоны ў галіне агульнай гігіены. Д-р мед. н. (1977), праф. (1978). Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1954). З 1960 у Гродзенскім мед. ін-це (да 1994 заг. кафедры). Навук. працы па гігіене працы і харчавання, вітаміналогіі, ахове навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Заболеваемость рабочих азотнотукового производства // Гигиена труда и охрана здоровья населения. Мн., 1974;

Гигиенические аспекты охраны атмосферного воздуха современного крупного города (у сааўт.) // Медико-биологические и гигиенические аспекты охраны воздушной среды. Мн., 1986.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМАН Барыс Юсцінавіч (н. 6.2.1945, С.-Пецярбург),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Ленінградскі ун-т (1966). З 1968 працуе ў БДУ. Навук. даследаванні ў галіне агульнага, слав. і рус. мовазнаўства. Аўтар кніг: «Пераходнасць, стан, зваротнасць (на матэрыяле балгарскай і іншых славянскіх моў)» (1972), «Сінтаксіс маўленчай дзейнасці» (1978), «Балгарская мова» (1980), «Агульнае мовазнаўства»» (1983, у сааўт.), «Зборнік задач па ўводзінах у мовазнаўства» (1989), «Лінгвістыка кожнага дня» (1991), вучэбнага дапаможніка «Асновы мовазнаўства» (1996) і інш.

Тв.:

Язык: знакомый незнакомец. Мн., 1987;

Грамматика говорящего. СПб., 1994.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОРС (North) Дадлі (16.5.1641, Лондан — 31.12.1691),

англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)