Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн.ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс.км². Нас. 272,55 тыс.чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г.Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца зВярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.
Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-растудз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.
Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс.ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс.чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты знарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл.Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным засн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л.зусх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв.царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст.эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.
1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш.еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці зПрагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс.дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн.т. Ловяць пераважна мойву (1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс.кВтгадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс.т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс.км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал.трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер.ваен. база. Экспарт (1,6 млрд.дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд.дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс.дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.
Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн.літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.
Літ.:
Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;
Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;
Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;
Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;
Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Ісландыі.Да арт.Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.Да арт.Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,
1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».
2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз.канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСК (да 25.12.1962 Дрыса),
горад, цэнтр Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Дрыса ў Зах. Дзвіну. За 175 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), на аўтадарозе Полацк—Даўгаўпілс. 8,5 тыс.ж. (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1386 (летапісная назва Дрысь, Дриса, Дриза). Паводле археал. даследаванняў, горад існаваў значна раней. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. У 1-й пал. 16 ст.гандл. цэнтр на Зах. Дзвіне, каралеўскае ўладанне. У Лівонскую вайну 1558—83 заняты войскамі Івана IV Грознага, у 1583 вызвалены Стафанам Баторыем. З 1772 у складзе Рас. імперыі, з 1776 цэнтр Дрысенскага павета. У 1781 зацверджаны герб горада — «Пагоня» на залатым полі. У вайну 1812 каля горада знаходзіўся Дрысенскі лагер — умацаваная пазіцыя рус. арміі пад камандаваннем М.Б.Барклая дэ Толі. У 1797 у Верхнядзвінску 1310 ж., у 1897 — 4238. З 17.7.1924 цэнтр Дрысенскага р-на, з 3.7.1925 мястэчка, з 27.9.1938 горад. 2,7 тыс.ж. (1939). У Вял.Айч. вайну з 3.7.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 769 чал. У 1959 у горадзе 3,6, у 1970 — 11,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Верхнядзвінская Мікалаеўская царква, жылы дом (пач. 20 ст.). Абеліск у памяць 100-годдзя вайны 1812. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮЛЬ-БЮЛЬ,
азербайджанскія музыканты, бацька і сын.
Бацька (сапр. прозвішча і імя Мамедаў Муртуза Мешады Рза аглы, 12.6.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 26.9 1961), спявак (лірыка-драм. тэнар), педагог. Нар.арт.СССР (1938). Адзін з заснавальнікаў азерб.прафес.вак. школы і муз.т-ра. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1927), выкладаў у ёй (праф.з 1940). Удасканальваў майстэрства ў Італіі (1927—31). З 1920 у Азерб. т-ры оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы, Керэм («Кёр-аглы», «Аслі і Керэм» У.Гаджыбекава), Альяр («Нэргіз» А.М.М.Магамаева), Нізамі («Нізамі» А.Бадалбейлі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Запісаў больш як 200 азерб.нар. песень (выдаў 3 зборнікі). Выконваў мугамы, нар. песні. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Палад аглы (н. 4.2.1945, г. Баку), кампазітар, эстрадны спявак. Засл. дз. маст. (1973) і нар.арт. (1982) Азербайджана. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1968, клас К.Караева). З 1975 маст. кіраўнік Эстраднага ансамбля Азербайджана, з 1987 маст. кіраўнік—дырэктар Азерб. філармоніі. Міністр культуры Азербайджана (1988). Выканаўца песень, у т. л. ўласных, у якіх спалучае асаблівасці нац.азерб. музыкі з характэрнымі рытмамі сучаснай эстрады. Аўтар сімфоніі (1980), сімф. паэм, струннага квартэта, вак. цыклаў, сюіт і п’ес для эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Здымаўся ў кіно.
Літ.:
Заболотских Б. Соловей из Шуши: Жизнь и творчество нар.арт.СССР Бюль-Бюля. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),
горад на У Іспаніі, пры ўпадзенні р. Турыя ў Валенсійскі зал. Міжземнага м.Адм. д. аўт. вобласці Валенсія і аднайм. Правінцыі. 752,9 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Судна- і маторабудаванне, вытв-сць чыгуначнага абсталявання. Пладова-агароднінная, тытунёвая, тэкст. (у т. л. джутавая), хім., дрэваапр.прам-сць. Цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, агародніна, рыс). Саматужныя промыслы. 2 ун-ты (адзін з іх з 1500). Музей прыгожых мастацтваў (зархеал. музеем). Арх. помнікі 13—18 ст.
Засн. ў 2 ст. да н.э. рымлянамі. У 11 ст. цэнтр аднаго зараб. эміратаў. У 1238 адваявана ў арабаў і стала сталіцай каралеўства Валенсія. У 1808—12 змагалася зфранц. войскамі, у 1812—13 пад уладай французаў. У грамадз. вайну 1936—39 у Валенсіі знаходзіўся рэсп. ўрад (1936—37, 1939).
Унутры бульварнага кальца (на месцы стараж. сцен) — стыхійная забудова Старога горада са шматлікімі садамі, помнікамі маўрытанскага дойлідства, з каляровай маёлікавай абліцоўкай, цэрквамі і палацамі, упрыгожанымі багатай скульпт. разьбой. Гатычны сабор (13—18 ст.; інтэр’ер у стылі «чурыгерэска», 17—18 ст.), шаўковая біржа «Лонха дэ Седа» (15 ст.), Калехіо дэль Патрыярка (1586—97, праект арх. Х.Б. дэ Эрэры), палац Агуас (цяпер Музей керамікі; 1740—46). На Пд ад Старога горада — рэгулярная забудова раёнаў 19—20 ст.Манум. скульптура 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ПЛАН ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ 1823,
першая ў гісторыі дзекабрысцкага руху спроба ўзняць узбр. паўстанне з мэтай зрабіць дзярж. пераварот. Распрацаваны ў маі 1823 кіраўнікамі Васількаўскай управы Паўд.т-ва падпалк. Чарнігаўскага пях. палка С.І.Мураўёвым-Апосталам, прапаршчыкам Палтаўскага пях. палка М.П.Бястужавым-Руміным, палк. Аляксопальскага пях. палка І.С.Павала-Швяйкоўскім і капітанам 18-га егерскага палка В.С.Норавым. Паўстанне меркавалася пачаць у Бабруйску, дзе была раскватаравана 9-я пях. дывізія (Чарнігаўскі і Палтаўскі палкі) 3-га пях. корпуса 1-й арміі, скарыстаўшы прыезд у горад для агляду войскаў імператара Аляксандра I (прымусіць яго падпісаць адрачэнне і прыняць канстытуцыю). Выступленне ў Бабруйску павінна было стаць сігналам для паўстанняў у Маскве, Пецярбургу, 2-й арміі. Арганізатары спрабавалі заручыцца згодай і падтрымкай Паўд. і Паўн. т-ваў дзекабрыстаў, але атрымалі адмову. У вер. 1823 Бястужаў-Румін вёў перагаворы ў Вільні аб узгадненні дзеянняў з прадстаўніком Літ. правінцыяльнага савета польскага Патрыятычнага т-ва К.Радзівілам і віленскай рэв. моладдзю (у т. л., магчыма, з А.Міцкевічам), але дамоўленасці не былі рэалізаваны з-за праведзеных у Вільні арыштаў. Без падтрымкі інш.рэв. арг-цый выступленне ў Бабруйску не мела сэнсу. Няўдача з ажыццяўленнем гэтага плана прымусіла ўсвядоміць неабходнасць сувязі паўстання на перыферыі з цэнтрам, аб’яднання сіл Паўн. і Паўд. т-ваў, выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),
участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.Жакобам і Ж.Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.
Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.
Да арт.Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́за мяжой
(БАПЦ),
рэлігійная арг-цыя беларусаў на эміграцыі. Засн. ў чэрв. 1948 у Германіі рэліг. і грамадскімі дзеячамі, прыхільнікамі ўрада БНР. Дзейнічала ў Еўропе (Германія, Англія, Францыя, Бельгія), зпач. 1950-х г. — у ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Прыходы БАПЦ (у 1990-я г. каля 20, з іх 10 у ЗША) прызнаны і афіц. зарэгістраваны дзярж. структурамі гэтых краін. Богаслужэнні вядуцца на бел. мове. Займаецца таксама культ.-асв., выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нац. духоўную спадчыну. Маскоўская патрыярхія і шэраг інш.правасл. цэркваў не прызналі БАПЦ.
Першапачаткова БАПЦ узначальваў епіскап Украінскай аўтакефальнай правасл. царквы Сергій (Грыгор Ахатэнка), з 1971 — епіскап Андрэй (Аляксандр Крыт). У 1949 быў створаны сабор епіскапаў БАПЦ, у які ўваходзіў і епіскап Васіль (Уладзімір Тамашчык), у 1951—70 кіраваў амер. епархіяй. У 1983 БАПЦ раскалолася на 2 рэліг. арг-цыі, якія ўзначалілі рада БАПЦ з мітрапалітам Мікалаем (Міхаілам Мацукевічам) і кансісторыя БАПЦ з мітрапалітам Ізяславам (Янам Бруцкім). Друкаваныя выданні: «Голас царквы», «Царкоўны пасланец» і інш.
Літ.:
Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990).
Л.У.Языковіч.
Да арт.Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой. Царква Жыровіцкай Маці Божай у г. Кліўленд (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн.кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс.км ліній электраперадач усіх напружанняў.
Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяпер Беларуская ДРЭС). У 1950-я г.з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц.энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.
Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс.кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш. буйныя ЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.С.Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.
Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Віцебскі Маркаў (Троіцкі) манастыр. Пакроўская (Казанская) царква.