Землі ляснога фонду Беларусі займаюць 9,2 млн.га або 44,5% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,8 млн.га (85% агульнай плошчы зямель ляснога фонду і 95% лясной плошчы). Яны прадстаўлены дрэвавымі пародамі: хвоя (па плошчы) займае 51,4%, елка 10,3%, дуб 3,4%, бяроза 20,8%, асіна 2,2%, вольха шэрая 2,5%, вольха чорная 8%. Агульны запас драўніны на корані складае 1339,8 млн.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 137 млн.м³, з іх лесаўтваральных хвойных (хвоя, елка) — 46%, мяккалістых (бяроза, вольха, асіна, таполя, ліпа, вербы) — 46%, цвердалістых (дуб, ясень, граб, клён, вяз) — 7%. Спелыя і перастойныя дрэвастоі складаюць па плошчы (ад укрытых лесам зямель) — 7,9%, ад агульнага запасу — 10%. Сярэдні запас драўніны на 1 га — 171 м³, сярэдні банітэт 1,9, сярэдняя паўната дрэвастояў — 0,71, сярэдні ўзрост лясоў — 49 гадоў. Да зямель ляснога фонду адносяцца таксама землі, не ўкрытыя лесам, але прызначаныя для лесаразвядзення, і нелясныя землі.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь лясы з’яўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасцю. Кіраванне лясамі ажыццяўляе Урад праз Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас). Разам з Мінлясгасам дзярж. кантроль за выкарыстаннем і аховай лясоў вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды). У распараджэнні Мінлясгаса 86% зямель ляснога фонду і 95 лясгасаў. Астатнія землі замацаваны за Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (7,2%, 13 лясгасаў), Міністэрствам абароны (3,1%, 11 лясгасаў), Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (2,3%, 1 лясгас), Інстытутам лесу (0,4%, 3 лясгасы), Мінскім гарвыканкомам (0,4%, 1 лясгас), Міністэрствам адукацыі (0,3%, 2 лясгасы). Мінлясгас ажыццяўляе свае паўнамоцтвы праз абл.вытв. лесагаспадарчыя аб’яднанні (6) і лясгасы (95). Тэр.-арганізац. структура лясгасаў уключае лясніцтвы (803), майстроўскія ўчасткі (2246), абходы (12 069). Сярэдняя плошча лясгаса — 85 тыс.га, лясніцтва — 9,9 тыс.га. Акрамя вытв. інфраструктуры Мінлясгасу падпарадкаваны таксама Лесаўпарадкавальнае рэсп. унітарнае прадпрыемства (УП) «Белдзяржлес», Дзярж. ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бяспекі «Беллесрад», Дзярж. ўстанова «Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр», Праектна-вышукальнае РУП «Белгіпралес», Паляўніча-гаспадарчае РУП «Белдзяржпаляванне», Дзярж. ўстанова па ахове і маніторынгу лесу «Беллесахова», Гандлёва-вытв. РУП «Беллясгастэхніка», Інвестыцыйнае РУП «Беллесінвест», Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэсп. вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі».
У адпаведнасці з эканам., экалагічным і сац. значэннем лясы падзелены на 2 групы. Да 1-й групы аднесена 49,8% лясоў з экалагічнымі і рэкрэацыйнымі функцыямі (запаведнікі, нац. паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэсп. значэння, асабліва каштоўныя ўчасткі ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навук. і гісторыка-культ. значэнне, водаахоўныя, прыдарожныя, сан.-гігіенічныя, аздараўленчыя вакол населеных пунктаў, курортныя лясы і інш.). Тут нарыхтоўка драўніны і інш. лесагаспадарчыя мерапрыемствы абмежаваны або забаронены. Да 2-й групы аднесены т.зв. эксплуатацыйныя лясы, што з’яўляюцца асноўнай крыніцай драўніны і інш. прадуктаў. У лясах абедзвюх груп вылучаны 19 катэгорый асабліва ахоўных участкаў з абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Гэта тэрыторыя (каля 880 тыс.га) выключана з разлікаў лесакарыстання. Доля лясоў, магчымых для эксплуатацыі, у агульнай плошчы абедзвюх груп складае 87%. Доля ляснога сектара, ацэненага па рэалізацыі прадукцыі прамысл. вытворчасці, складае ў ВУП 6%. Прынятая стратэгія лесакарыстання ажыццяўляецца паводле прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці. Разлік лесакарыстання вядзецца на 1 год, 10 гадоў і перспектыву (100 гадоў).
Драўніна нарыхтоўваецца пры высечках галоўнага (спелых дрэвастояў), прамежкавага (высечкі догляду, выбарачныя, санітарныя) карыстання і інш. высечках (пры расчыстках трас і пляцовак пад лініі электраперадач, аўтадарогі, прамысл. і нелесагаспадарчыя аб’екты, пры суцэльных санітарных высечках). Памер нарыхтоўкі і водпуску драўніны ў спелых дрэвастоях вызначаецца разліковай лесасекай па высечках галоўнага карыстання. Агульны штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны ўключае (2002): па высечках гал. карыстання 4317 тыс.м³, прамежкавага карыстання 3997 тыс.м³ і інш. высечках 4463 тыс.м³. За перыяд 1993—2002 сярэднегадавая доля драўніны ад кожнага віду карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтоўкі склала адпаведна 42%, 40% і 18%. У агульным аб’ёме карыстання доля дзелавой драўніны складае 54%, дроў — 46%.
Драўнінныя рэсурсы краіны забяспечваюць сыравінай прамысловасць, буд. комплекс, аграрны сектар, камунальную гаспадарку, інш. галіны эканомікі, патрэбы насельніцтва, пастаўляюцца на экспарт. У 2003 пастаўлена на экспарт драўніннай прадукцыі (з улікам паслуг) на суму 43,3 млн. долараў ЗША. У структуры экспарту пераважаюць піламатэрыялы (46%) і балансы для цэлюлозна-папяровай вытворчасці (45%). Лесанарыхтоўкі (з лістапада 1998 ліцэнзуемы від дзейнасці) праводзяць дзярж. прадпрыемствы, недзярж., сумесныя і замежныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. Драўнінныя рэсурсы пераважна выкарыстоўваюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (50% нарыхтоўкі і вывазу драўніны з высечак гал. карыстання). Вытворчасцю прадукцыі з драўніны займаюцца каля 5 тыс. суб’ектаў гаспадарання (уключна з с.-г. прадпрыемствамі, дапаможнай прамысловасцю, малымі прадпрыемствамі і кааператывамі). Больш за палавіну дзелавой драўніны ідзе на вытв-сць піламатэрыялаў, выпуск якіх ажыццяўляюць 2,7 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей, найбуйнейшыя з іх уваходзяць у сістэму канцэрна «Беллеспаперапрам». Лесапільная вытв-сць арганізавана і ў сістэме лясной гаспадаркі. У 84 лясгасах функцыянуе 111 лесапільна-дрэваапрацоўчых цэхаў, 18 сталярных, 5 — па ацыліндроўцы бярвення, 3 паркетныя ўчасткі. Яны вырабляюць піламатэрыялы, дошкі для падлогі і абшыўныя, аконныя і дзвярныя блокі, тарныя камплекты, паркет, садовыя домікі, паганажныя вырабы і інш.Асн. сыравінай з’яўляюцца круглыя лесаматэрыялы ад высечак прамежкавага і частковага гал. карыстання. Сумарная вытворчая магутнасць цэхаў лясгасаў па аб’ёме перапрацоўкі сыравіны — да 1 млн.м³. У агульным аб’ёме сыравіны для цэхаў да 76% займае буйная і сярэдняя дзелавая драўніна, 16,5% — дробнатаварная і 7,5% — дрывяная драўніна і адходы лясной гаспадаркі.
Гал. задача лясной гаспадаркі — лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Лесааднаўленне на высечках, месцах пажараў (гарах) і інш. раней укрытых лесам землях праводзіцца на працягу 3 гадоў з моманту іх утварэння. Лесаразвядзенне праводзіцца і на нелясных землях з мэтай скарачэння плошчаў непрадукцыйных зямель, павышэння лясістасці тэр. рэспублікі. За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўленчых работ павялічана з 21 да 37,8%. На 1 жыхара краіны прыпадае 0,8 га і 135 м³ лесу, што амаль у 5 разоў вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень (без Расіі). Са 118 адм. раёнаў 17 маюць лясістасць да 50% і больш. Штогод сяўбой і пасадкай у лясгасах ствараюцца лясныя культуры на пл. каля 30 тыс.га. У 2002 лесааднаўленнем ахоплена 43,3 тыс.га, у т. л. пасадка і сяўба лесу праведзены на пл. 36,2 тыс.га, садзейнічанне натуральнаму аднаўленню лесу — на пл. 7,1 тыс.га. Фарміруюцца пераважна мяшаныя паводле саставу лясы для захавання біяразнастайнасці, павелічэння ўстойлівасці да неспрыяльных кліматычных умоў і тэхнагенных уздзеянняў. З мэтай захавання генетычных рэсурсаў лесаўтваральных відаў вылучаны і ахоўваюцца 5 тыс.га генетычных рэзерватаў, 2686 плюсавых дрэў; для захавання генафонду створана 1860 га лесанасенных плантацый і 283 га пастаянных лесанасенных участкаў, закладзена сетка доследных і геаграфічных культур, архіваў клонаў, сямейных і гібрыдных плантацый. Штогод 11—16% (3—4 тыс.га у агульным аб’ёме лесакультурных плошчаў) лясных культур ствараецца пасадачным і пасяўным матэрыялам з найлепшага насення, што забяспечвае да дасягнення ўзросту высечкі павелічэнне запасу насаджэнняў на 10%. Для атрымання высакаякаснага насення пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр і яго філіялы ў Глыбокім і Івацэвічах. Пасадачны матэрыял вырошчваюць у 160 лясных гадавальніках, у т. л. 61 пастаянным, 27 базісных, якія займаюць плошчу каля 1200 га.
У лясным фондзе ажыццяўляецца таксама нарыхтоўка дзікарослых пладоў і ягад (чарніц, журавін, маліны, брусніц, буякоў, чарнаплоднай рабіны і інш.), грыбоў, лекавай сыравіны, бярозавага соку, жывіцы, насення, бярозавых венікаў, хвойнай лапкі, мяса дзікіх жывёл. Штогод у лясным фондзе нарыхтоўваюць да 5 тыс.т грыбоў і 12 тыс.т ягад. Агульны аб’ём экспарту гэтай прадукцыі не перавышае 5% ад біялагічных і 20% ад эксплуатацыйных запасаў гэтых рэсурсаў. Агульная пл. паляўнічых угоддзяў складае 17,7 млн.га. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца 22 віды млекакормячых і 31 від птушак: капытныя жывёлы — лось, алень, дзік, касуля; пушныя звяры — вавёрка, заяц-бяляк, заяц-русак, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, выдра, янотападобны сабака; птушкі — глушэц, цецярук, курапатка, качкі і інш. У сістэме Мінлясгаса дзейнічаюць 72 лесапаляўнічыя гаспадаркі. З 1991 атрымалі магчымасць займацца паляваннем у лясных угоддзях Беларусі замежныя паляўнічыя. Для іх арганізуюцца паляўнічыя туры.
У сістэме лясной гаспадаркі функцыянуюць кірункі дапаможнай сельскай гаспадаркі: лясная жывёлагадоўля (авечкі, свінні, бычкі, коні, алені), пушная зверагадоўля (нутрыі), рыбаводства. Вырошчваюць культ. плады і ягады, бульбу, збожжавыя; атрымліваюць прадукты пчалярства (мёд, воск, праполіс, мярва); рэалізуюць саджанцы дэкаратыўных дрэвава-кустовых парод, навагоднія елкі.
Ахова лясоў — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці Мінлясгаса і яго тэр. органаў. У гады з надзвычайнай пажарнай небяспекай за дзень узнікае да 200 выпадкаў загарання лясоў. Колькасць лясных пажараў у 2002 дасягнула 5274, пажарамі было ахоплена 10 108 га лясной плошчы, у выніку згарэла і пашкоджана на корані 199,8 тыс.м³ лесу. Выяўленне пажараў арганізавана на 4 узроўнях: наземнае патруляванне (ажыццяўляюць работнікі дзярж. лясной аховы); візуальнае назіранне з пажарна-назіральных вышак і мачтаў з выкарыстаннем тэхн. сродкаў выяўлення пажараў па цеплавым выпрамяненні і тэлевізійным кантролі; авіяцыйнае патруляванне лясоў; касмічны пажарны маніторынг з выкарыстаннем даных станцыі касмічнага прыёму прыродна-рэсурсных здымкаў. Матэрыяльна-тэхн. база пажаратушэння Мінлясгаса ўключае 210 пажарна-хім. станцый, 440 пажарных аўтамабіляў, 1800 трактароў з глебаапрацоўчым абсталяваннем і інш. Штогод з мэтай павышэння пажараўстойлівасці ляснога фонду ствараюць да 80 тыс.км мінералізаваных палос, праводзяць ачыстку лесу ад сухастою, высечку ў хвойных маладняках, фарміруюць лясы мяшанага саставу (хвойна-лісцевыя) і супрацьпажарныя разрывы з лісцевых парод, арганізоўваюць месцы адпачынку (у 2003 арганізавана 4980), абмяжоўваюць уезд аўтатранспарту шлагбаумамі (у 2003 на лясных дарогах абсталявана 7235 шлагбаумаў) і інш. Праводзіцца таксама ахова лясоў ад шкоднікаў і хвароб біялагічным метадам з завабліваннем птушак, перасяленнем і агароджваннем мурашнікаў (штогод на пл. больш за 19 тыс.га), прафілактычная апрацоўка фунгіцыдамі сеянцаў хвойных парод на пл. больш за 220 га, знішчэнне шкодных насякомых у ачагах іх масавага размнажэння праводзіцца з дапамогай авіяцыі (у 2002 такім спосабам апрацавана 10,3 тыс.га, у 2003—3,3 тыс.га лясоў). Выкарыстоўваюцца пераважна экалагічна няшкодныя прэпараты.
Літ.:
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
История лесного дела Беларуси. Ч. 2. Динамика лесистости, породного состава и лесовосстановления Беларуси. Гомель, 2002;
История лесного дела Беларуси. Ч. 1 Мн., 1996.
Н.Ю.Пабірушка.
Прарэджванне ў хваёвых пасадках Смаргонскага доследнага лясгаса.Экспартная драўніна прадукцыі лясгасаў.Аднаўленне лесу хваёвым маладняком па высечках.Вырошчванне пасадачнага матэрыялу дуба звычайнага ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насеннегадоўчым цэнтры.Вырошчванне з насення саджанцаў лясных культур у цяпліцах Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра.Станцыя УНІСКАН на базе прадпрыемства «Белдзяржлес» для прыёму інфармацыі праз штучныя спадарожнікі аб пажарах, стыхійных бедствах, санітарным і лесапаталагічным стане лясоў.«Дом паляўнічага» каля в. Заходняя Морач у Старобінскім лясгасе.Выкарыстанне тэхнікі пры тушэнні лясных пажараў.Месцы для адпачынку турыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРО́ЖЖАў літаратуры,
1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.Байран, Г.Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.Растан) апісанні П.
2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.
3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).
4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял.геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.Рабле, М.Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.Мора, Т.Кампанелы, С.Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.Кук, Ж.Лаперуз, В.Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Т.Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.В.Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.Л.Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.Смуула (1958) і інш.Вял. папулярнасць маюць дакумент.літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.І.Кусто, Б.Зянковіч і інш.).
У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.К.Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.Старавольскага, Г.Пельгрымоўскага, І.Б.Сапегі, І.Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.Барстоўскага, А.Каменскага-Длужыка, Ф.Котава, Т.Білевіча, у 18 ст. — Я.Сапегі, Я.Комара, Л.Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.П.Сапегі, С.Маскевіча, А.Філіповіча, Я.Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.Ельскага (1898), мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Ягож. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;
Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
аб’екты матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія маюць гіст. ці маст. каштоўнасць; своеасаблівае адлюстраванне гісторыі народа. Вылучаюць тыпалагічныя групы помнікаў: археалогіі, гісторыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва, мастацтва, дакументальныя. П.г. і к. адыгрываюць важную ролю ў патрыят. і духоўным выхаванні людзей усіх дзяржаў і нацый, складаючы вобразны летапіс іх гісторыі 1 культуры. Найб. выдатныя помнікі сусв. значэння ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі П.г. і к. сусв. значэння са снеж. 2000 з’яўляецца Мірскі замкава-паркавы комплекс. У 1972 прынята міжнар. Канвенцыя па ахове сусв.культ. і прыроднай спадчыны, падпісаная большасцю краін свету. У Рэспубліцы Беларусь П.г. і к. прызнаны ўсенар. набыткам і ахоўваюцца дзяржавай. У Расіі захады па ахове асобных помнікаў старажытнасці ўпершыню прыняты Пятром 1 (1718, 1722). Указамі 1838 і 1839 зацверджана дзярж. апека над помнікамі, пачалася работа па іх уліку і каталагізацыі. У сав. час выдадзена больш за 15 дэкрэтаў па ахове помнікаў. На Беларусі 24.12.1923 СНКБССР прыняў пастанову аб абавязковай рэгістрацыі і ахове помнікаў мастацтва, старажытнасці і прыроды, якія знаходзіліся ва ўласнасці ўстаноў, т-ваў, прыватных асоб. Да 1925 ахову помнікаў ажыццяўляў Наркамат асветы БССР, потым Інбелкульт. Першы спіс помнікаў культуры зацверджаны пастановай СНКБССР ад 5.7.1926. У 1950 і 1957 праведзена перарэгістрацыя помнікаў, што зберагліся, зацверджаны новыя спісы помнікаў ваен. гісторыі, археалогіі, архітэктуры і мастацтва, якія падлягалі дзярж. ахове. У снеж. 1966 створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. З 1967 ахова помнікаў ускладзена на Мін-ва культуры БССР, а нагляд за іх станам — на выканкомы мясц. Саветаў і іх аддзелы культуры. У 1969 у БССР прыняты закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», паводле якога з 1.11.1978 дзярж. кіраўніцтва па ахове помнікаў ажыццяўляў СМБССР, выканкомы абл., раённых, пасялковых Саветаў, а таксама ўпаўнаважаныя дзярж. органаў аховы помнікаў. У 1.984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіц. дакументам уліку помнікаў, што падлягаюць дзярж. ахове. 13.11.1992 прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (змены і дапаўненні 1995 і 1998), паводле якога дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гіст.культ. спадчыны ажыццяўлялася ўрадам рэспублікі праз спец.дзярж. орган — Дзярж. інспекцыю (у 1997 пераўтворана ў Камітэт па ахове гіст.-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры). Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якім у адпаведнасці з гэтым законам нададзены статус каштоўнасці, уносяцца ў Дзярж. спіс гіст.-культ. каштоўнасцей. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помнікаў падлягаюць крымін. адказнасці. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзяць пад кантролем К-тапа ахове гіст.-культ. спадчыны дзярж. і прыватныя спецыялізаваныя прадпрыемствы: «Мінскрэстаўрацыя», «Брэстрэстаўрацыя», «Белбудэнерга» і інш. У 1970—89 Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры выдавала інфармацыйны навук.-метадычны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына». На тэр. Беларусі (кастр. 2000) зарэгістравана 17 769 нерухомых гіст.-культ. каштоўнасцей (помнікаў).
Да помнікаў археалогіі адносяцца: стаянкі і паселішчы, селішчы, гарадзішчы розных археалагічных культур, ч.стараж. гарадоў (вакольны горад, замчышчы, пасады); стараж. помнікі вытв. дзейнасці чалавека — руднікі, шахты крэменездабыўныя, майстэрні, ірыгацыйныя сістэмы, курганы, могільнікі, каменныя ідалы і крыжы, наскальныя малюнкі і помнікі эпіграфікі (Барысавы камяні), знаходкі першабытнага мастацтва, следавікі, свяцілішчы, месцы асобных знаходак археал. прадметаў (касцей выкапнёвых жывёл, скарбаў, затанулых стараж. суднаў і іх грузаў).
Помнікі гісторыі ўключаюць: стараж. прылады земляробства (саха, валакуша), вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадуктаў (млыны, ветракі і інш.), прамысл. вытв-сці (будынкі мануфактур, першых фабрык, з-даў і майстэрняў), гідратэхн. і дарожнага буд-ва (каналы, дарогі, масты і г.д.), інж. гаспадаркі (унікальныя збудаванні, механізмы), рамесныя і гандл. цэнтры, цэнтры нар. промыслаў, мясціны і помнікі прац. дзейнасці, гіст.прамысл. будоўлі. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй грамадска-паліт. рухаў, паліт. падзей, нар. паўстанняў, у т. л. з рэв. рухам дзекабрыстаў, рэв.-дэмакратаў, з кіраўнікамі і дзеячамі нац.-вызв. руху, з рэвалюцыяй 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыямі 1917, грамадзянскай вайной і замежнай інтэрвенцыяй 1918—20. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з дзярж. і грамадскім жыццём, уключаюць месцы гіст.нар. сходаў, будынкі дзярж. устаноў, будынкі, у якіх адбываліся важныя з’езды, кангрэсы, нарады. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нар. герояў, рэвалюцыянераў, герояў воінскай славы і працы, выдатных грамадска-паліт., дзярж., паліт. і ваен. дзеячаў. Да помнікаў гісторыі таксама адносяцца: будынкі, звязаныя з узнікненнем культ.-асв. устаноў, навуковых т-ваў, творчых саюзаў і інш. арг-цый, дзе працавалі выдатныя дзеячы культуры; памятныя мясціны, сядзібы, паркі, будынкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых асветнікаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў і інш.; магілы дзеячаў навукі і культуры і скульптурныя надмагіллі на іх. Помнікі барацьбы народа за сваю незалежнасць і мясціны воінскай славы ўключаюць месцы бітваў, месцы фарміравання нар. дружын і апалчэнняў, вайск. часцей, дыслакацыі партыз. атрадаў і злучэнняў, падп.патрыят. арг-цый, памятныя мясціны братэрства па зброі, брацкія і адзіночныя магілы сав. воінаў і партызан, помнікі ахвярам фашызму, помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, месцы спаленых ням.-фаш. захопнікамі разам з жыхарамі вёсак; помнікі і памятныя знакі, звязаныя з ахвярамі рэпрэсій палітычных у СССР, з воінамі-інтэрнацыяналістамі, што загінулі ў Афганістане і інш. мясцінах. На месцы гіст. падзей ці ў іх гонар, на месцы пахаванняў ставяцца помнікі, сярод якіх шмат выдатных арх.-маст. твораў. Найб. пашыраны абеліскі, храмы, мемар. капліцы, манументы, стэлы, мемарыяльныя дошкі, арх.-маст. комплексы і інш. мемарыяльныя збудаванні.
Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва ўключаюць: помнікі горадабуд. мастацтва — гіст. гарады (Гродна, Мінск, Полацк, Тураў і інш.) і іх часткі, рэшткі стараж. планіроўкі, буйныя арх. комплексы і ансамблі, якія вызначаюць сілуэт стараж. гарадоў і вёсак, іх панараму; жыллёвай архітэктуры — гар. і сельскія жылыя дамы, гасп. будынкі, палацы і палацава-замкавыя комплексы; грамадз. архітэктуры — будынкі ратуш, банкаў, судоў, навуч. устаноў, тэатраў, бальніц, вакзалаў, гандлёвыя будынкі, музеі; прамысл. архітэктуры — вытв. збудаванні; культавай архітэктуры — манастыры, цэрквы, саборы, касцёлы, капліцы, сінагогі, мячэці, кірхі; ваеннаабарончага дойлідства — равы, валы, дзядзінцы, вежы, абарончыя збудаванні; садова-паркавага мастацтва — планіроўка паркаў з насаджэннямі, фантанамі, каналамі, альтанкамі, паркавай скульптурай, малымі формамі ў архітэктуры; арх. манументы ў гарадах, на месцах пахаванняў, мемарыяльныя ансамблі на тэрыторыях, звязаных з гіст. падзеямі — абеліскі, стэлы, калоны, Курганы Славы, Курганы Дружбы, арх.-скульптурныя комплексы.
Помнікі мастацтва ўключаюць творы манум., выяўл.дэкар.-прыкладнога і інш. відаў мастацтва. Помнікі манум. мастацтва: манум. скульптуры — скульптурныя кампазіцыі, манументы, бюсты, надмагіллі, скульптура прыдарожная, рэльефы, мемарыяльныя дошкі; манументальнага жывапісу — унутр. і вонкавая размалёўка сцен, перакрыццяў; дэкар. мастацтва — арнаментальная і дэкар. размалёўка, дэкар. лепка, разьба па дрэве. Помнікі выяўл. мастацтва — творы станковага і дэкар. жывапісу, мініяцюры; станковая, газетна-часопісная, кніжная, прамысл.графіка, плакат, карыкатура; станковая скульптура і скульптура малых форм. Помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва — посуд, прылады працы, адзенне, ювелірныя і ткацкія вырабы.
Дакументальныя помнік і — акты органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання, інш. пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, а таксама стараж. і інш. рукапісы і архівы, запісы фальклору і музыкі, рэдкія друкаваныя выданні. Да П.г. і к. могуць быць аднесены і інш. аб’екты, якія маюць гіст., навук., мастацкую і інш.культ. каштоўнасць. Іл.гл. пры арт.Архітэктура, Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Жывапіс, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс, Мемарыяльныя збудаванні і інш.
Літ.:
Короткевич В.Б. Памятники истории и культуры. Мн., 1978;
Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi), Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi),
дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць павоз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна пачыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі павоз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,
баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж.к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.—вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.С.Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.П.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.С.Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.—вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз.аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс.т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.—снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс.чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням.узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.Я.Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.А.Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.
Літ.:
Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;
Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;
Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;
Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 кмпа Украіне, 500 кмпа Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НІ,
палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл.Санны спорт).
На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.
Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу), бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу),
шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.
Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжапа суботах і святочных днях. Да пач.н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.
На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л.бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.
На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар.арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ ГІПО́ТЭЗЫ,
навукова абгрунтаваныя меркаванні аб прычынах тэктанічных рухаў і дэфармацый зямной кары, што мяняюць яе структуру. Існуе шмат гіпотэз тэктанічнага развіцця Зямлі.
Адна з першых Т.г., якая тлумачыла тэктанічныя рухі дзейнасцю землетрасенняў і вулканаў, з’явілася ў 17 ст. (англ. вучоны Р.Гук, рас. Р.Рыхман). У гіпотэзе нептунізму зроблена спроба тлумачэння дэфармацыі пластоў горных парод у выніку падводных апоўзняў і абвалаў (18 ст., ням. вучоны А.Г.Вернер). Гіпотэзу плутанізму прапанаваў шатл. вучоны Дж.Гетан у працы «Тэорыя Зямлі», 1795. Гіпотэза кратэраў падняцця (утварэнне горных складкавых збудаванняў у выніку пад’ёмаў магмы пры вулканічных і інтрузіўна-магматычных працэсах) развіта ў пач. 19 ст.ням. вучонымі Л.Бухам, А.Гумбальтам і Б.Штудэрам. Кантракцыйная гіпотэза прапанавана франц. вучоным Л.Элі дэ Бамонам (1829) на аснове ўяўлення аб першапачаткова расплаўленай Зямлі (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа). Пры паступовым яе ахаладжэнні адбывалася сцісканне, слаі горных парод зміналіся ў складкі, утвараліся горы. Распрацавана ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Гэта канцэпцыя выкладзена ў кнізе аўстр. вучонага Э.Зюса «Аблічча Зямлі» (т. 1—3, 1883—1909). У гэты ж час узніклі вучэнні аб геасінкліналях (амер. вучоны Дж.Дана) і платформах (рас. вучоныя А.П.Карпінскі, А.П.Паўлаў), ізастазіі (англ. вучоны Дж.Эры і інш.). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся гіпотэзы глыбіннай дыферэнцыяцыі (галанд. вучоны Р.В. ван Бемелен, рас. У.У.Белавусаў), падкоравых цячэнняў (аўстр. вучоны О.Ампферэр, ням. Р.Швінер і Э.Краўс, галанд. Ф.Венінг Мейнес), пульсацыйная (амер. вучоны У.Бачэр, рас. М.А.Усаў і У.А.Обручаў), расшырэння Зямлі (ням. вучоны О.Хільгенберг, венг. Л.Эдзьед, амер. Б.Хейзен і інш.), перамяшчэння мацерыкоў (амер. вучоны Ф.Тэйлар, ням. А.Вегенер; гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў), якая дала пачатак новаму кірунку ў тэктоніцы мабілізму ў супрацьлегласць фіксізму (магчымасць толькі верт. рухаў у зямной кары). У 1960—70-я г. ідэі мабілізму адроджаны ў выглядзе новай глабальнай тэктонікі (тэктонікі пліт) — геадынамічная тэорыя (тэорыя неамабілізму), якая тлумачыць рухі, дэфармацыі і сейсмічную актыўнасць тэктанасферы (амер. вучоныя В.Морган, К. Ле Пішон, Дж.Олівер, Дж.Айзекс, Л.Сайкс; 1967—68). Гэта тэорыя ўключала таксама ідэю расшырэння (спрэдзінгу) акіянічнага ложа (амер. вучоныя Г.Хес і Р.Дзіц, 1961—62).
Згодна з ідэяй тэктонікі пліт літасфера падзелена на 7 вялікіх і малыя цвёрдыя маналітныя пліты, якія рухаюцца па подсцільным менш вязкім слоі (астэнасферы), маюць гарыз. рухі: рассоўванне (з утварэннем рыфтаў, потым акіянаў), падсоўванне адной пліты пад інш. і гарыз. перамяшчэнне ўздоўж трансформных разломаў тыпу зруху. Гэта пацвярджаецца размеркаваннем напружанняў у ачагах землетрасенняў. Геадэзічныя даныя паказваюць рассоўванне глыб (Паўн. Афрыка), іх гарыз. перамяшчэнне ўздоўж разломаў са скорасцю 0,5—3 см за год (Каліфорнія) або збліжэнне па насовах (Таджыкістан). Такія ж скорасці вызначаюцца па палеамагнітных даных, шырыні палос магн. анамалій і па палеагеаграфічных рэканструкцыях. З канца 20 ст. распрацоўваецца гіпотэза гарачых кропак, якія звязаны з праяўленнем вулканічнай актыўнасці на кантынентах і ў акіянах, і канцэпцыя 2-яруснай тэктонікі пліт, якая засн. на рэалагічнай расслоенасці літасферы і мантыі.
Літ.:
Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973;
Ле Пишон К., Франшто Ж., Боннин Ж. Тектоника плит: Пер. с англ.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ВЫ БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (ЧБНК),
бел. грамадска-паліт.арг-цыя, каардынац. орган бел.нац. руху ў час польска-сав. вайны 1919—20. Створаны 10.8.1919 у Мінску. У яго ўвайшлі прадстаўнікі партый бел. эсэраў, сацыял-дэмакратаў, сацыял-федэралістаў, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасці, а таксама Бел. вайсковай камісіі, Бел.правасл.нар. брацтва імя святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх, культ.-асв. арг-цый, навуч. устаноў і кааператываў. 12.8.1919 абраны прэзідыум: А.Прушынскі (А.Гарун, старшыня, з 17.10.1919 — К.Цярэшчанка), У.Ігнатоўскі (нам. старшыні), А.Аўсянік (сакратар), Я.Фарботка (пісар), Я.Луцэвіч-Іваноўская; ганаровым членам к-та выбраны Я.Купала. ЧБНК праводзіў актыўную дзейнасць па арганізацыі бел. школьніцтва, кнігавыданні, стварэнні нац.культ.-асв. устаноў і маладзёжных гурткоў, па беларусізацыі навуч. устаноў, царк. і касцельнага богаслужэння, па развіцці бел. прэсы. Існаваў за кошт грашовых укладаў рэгіянальных бел. арг-цый, добраахвотных калектыўных і прыватных ахвяраванняў. З-за недахопу фінансаў увага аддавалася арганізацыі бел.каап. і прадпрымальніцкіх гасп. структур. Ва ўмовах, калі ўрад БНР знаходзіўся ў эміграцыі і Рада БНР не функцыянавала, а дзейнасць Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны была паралізавана рэпрэсіямі з боку акупац. улад Польшчы, ЧБНК стаў гал. каардынац. цэнтрам бел.нац. руху на акупіраванай тэр. Беларусі. Пры к-це існавалі школьная секцыя на чале з С.Рак-Міхайлоўскім (30.8.1919 рэарганізавана ў Мінскую бел. школьную раду), с.-г. аддзел (са студз. 1920 Бел.цэнтр. саюз сельскай гаспадаркі), арганізац.-інструктарскі аддзел (кіраўнік Я.Трафімаў), выдавецкі аддзел (С.Некрашэвіч), аддзел дапамогі бедным дзецям (Луцэвіч-Іваноўская); для арганізацыі Бел.нац. тэатра ўтворана тэатр. камісія (Ч.Родзевіч). К-т фундаваў выданне газет «Звон», «Беларусь», «Наша каляіна», час.«Рунь». Пры ЧБНК існаваў ін-т інструктараў (рэзідэнтаў) па нац.-культ. і каап. справах (больш за 30 чал.), у выніку дзейнасці якога створаны бел.нац. к-ты ў Бабруйску, Ігумене, Слуцку і інш., Бел. рада ў Баранавічах, адкрыты бел. школы, с.-г. і спажывецкія т-вы, культ.-асв. арг-цыі. ЧБНК выступаў у абарону арыштаваных бел.нац. дзеячаў, супраць закрыцця бел.навуч. устаноў, узяў пад свой загад б. Мінскую земскую друкарню, намагаўся праз перавыбары кіраўніцтва падпарадкаваць свайму ўплыву Бел.цэнтр. саюз спажывецкіх т-ваў, стварыць спарт. аддзел, Бел.нар. банк. 10.7.1920 абраны новы склад прэзідыума, у які акрамя старшыні Цярэшчанкі ўвайшлі А.Смоліч (нам. старшыні), А.Крэпскі, М.Кудзелька (М.Чарот), А.Шатэрнік, А.Неканда-Трэпка. Дзейнасць к-та адбывалася пад уплывам бел. эсэраў і БКА, якія выкарыстоўвалі яго легальны статус для антыпольск. прапаганды і падп. работы. Пасля расколу Рады БНР у снеж. 1919 большасць членаў ЧБНК падтрымала ўрад В.Ластоўскага. Інструктары к-та праводзілі сярод сялянства агітацыю супраць палітыкі польскіх акупантаў, былі сувязнымі з прыфрантавымі часцямі Чырв. Арміі, арганізоўвалі партыз. атрады. ЧБНК некалькі разоў дамагаўся ад кіраўніцтва Грамадзянскага ўпраўлення ўсх. зямель стварэння бел. прадстаўнічых краёвых і рэгіянальных органаў улады. З пачаткам мірных перагавораў паміж Польшчай і Сав. Расіяй у сак. 1920 ЧБНК прыняў рэзалюцыю, у якой канстатаваў недапушчэнне і незаконнасць прыняцця ваюючымі бакамі дыскрымінац. рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы бел. народа і пагражаюць цэласнасці Беларусі, пацвярджалася вернасць палажэнням Трэцяй устаўнай граматыБНР. Спыніў сваю дзейнасць у ліп. 1920 з прыходам у Мінск Чырв. Арміі.
Літ.:
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 2. Гомель, 1993;
Ляхоўскі У. Беларуская справа падчас польскай акупацыі // Спадчына. 1994. № 6.