прамысловыя апараты для ажыццяўлення рэакцый хімічных; адны засн. апаратаў тэхнал. установак хім. вытв-сці. Назва Р.х. (газагенератар, канвертар і інш.) звычайна вызначаецца працэсам, які ў ім праводзіцца. У шырокім сэнсе да Р.х. могуць быць аднесены гарэлкі, рухавікі, акумулятары і інш. апараты, у якіх таксама адбываюцца хім. рэакцыі, але гал. з’яўляецца цеплавы ці эл. эфект, мех. работа і інш., а не іх хім. прадукт.
Р.х. класіфікуюць паводле характару працякання працэсу ў часе (Р.х. перыяд., бесперапыннага і паўбесперапыннага дзеяння), цеплавога рэжыму работы (ізатэрмічныя, адыябатычныя, політрапічныя), рэжыму руху рэакцыйнага асяроддзя (поўнага выцяснення або змяшэння, Р.х. прамежкавага тыпу), фазавага стану рэагентаў (Р.х. для гамагенных рэакцый у газавай ці вадкай фазах, для гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—вадкасць, газ—цвёрдае цела і каталітычных гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—цвёрдае цела, вадкасць—цвёрдае цела або ў вадкай фазе). Паводле тыпу канструкцыі Р.х. падзяляюць на ёмістасныя, калонныя, трубчастыя. Ёмістасныя Р.х. — полыя апараты найчасцей з прыладамі для перамешвання; у газа-вадкасных сістэмах перамешванне можа праводзіцца барбатаваннем. Цеплаабмен у такіх апаратах ажыццяўляецца праз паверхню Р.х. ці шляхам частковага выпарэння вадкага кампанента. Да рэактараў гэтага тыпу адносяць таксама апараты з нерухомым ці псеўдаажыжаным слоем (адным або некалькімі) каталізатара. У ёмістасных Р.х. праводзяць бесперапынныя, перыяд. і паўбесперапынныя працэсы. Калонныя Р.х. — пустацелыя або запоўненыя каталізатарам ці насадкай апараты. Для паляпшэння міжфазнага масаабмену ў іх выкарыстоўваюць дыспергаванне з дапамогай распырсквальнікаў, барбацёраў, мех. ўздзеяння (вібрацыя талерчатай насадкі, пульсацыя патокаў фаз) ці насадкі (цвёрдыя целы рознай формы — кольцы, кольцы з перагародкамі і інш.), якія забяспечваюць высакаскорасны плёначны рух фаз. У такіх Р.х. ажыццяўляюць бесперапынныя працэсы ў двух- ці трохфазных сістэмах. Трубчастыя Р.х. выкарыстоўваюць для правядзення каталітычных рэакцый з цеплаабменам у рэакцыйнай зоне праз сценкі трубак, высокатэмпературных газафазных рэакцый. Спецыфічныя ўласцівасці маюць Р.х. для электрахім, (гл. Электроліз), плазмахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Разлік Р.х. грунтуецца на даных па тэрмадынаміцы і кінетыцы рэакцый, скорасці цёпла- і масаабмену (гл. Макракінетыка) з улікам структуры патокаў у апаратах; поўны разлік праводзяць метадам мадэліравання (гл. Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы) з выкарыстаннем ЭВМ.
Выкарыстоўваюць Р.х., у т. л. на прадпрыемствах Беларусі, у тэхналогіі неарган. (вытв-сць аміяку, салянай і азотнай кіслот, аміячнай салетры і інш.) і арган. рэчываў (дэгідрыраванне н-бутэнаў, атрыманне ацэтылену з вуглевадародаў, перапрацоўка вадкага і газападобнага паліва і інш.), тэхналогіі асн.арган. сінтэзу і палімераў (атрыманне ацэтылену крэкінгам метану, нітрабензолу, стыролу, полімерызацыя этылену, хлорыстага вінілу і інш.), а таксама ў інш. галінах прам-сці. Гл. таксама Хімічная тэхналогія.
Асноўныя тыпы рэактараў хімічных: а — праточны ёмісты рэактар з мяшалкай і цеплаабменнай абалонкай, б — мнагаслойны каталітычны рэактар з прамежкавымі цеплаабменнымі элементамі (ЦЭ), в — калонны рэактар з насадкай (Н) для двухфазнага працэсу, Г — трубчасты рэактар; 3 — зыходныя рэчывы, П — прадукты рэакцыі, Ц — цепланосьбіт, К — каталізатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДу садова-паркавым мастацтве,
зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч.азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз.скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.
Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.
На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл.). У канцы 18 — пач. 19 ст.гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст.з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным засн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).
Літ.:
Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;
Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;
Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.
В.Р.Анціпаў, А.В.Сычова.
Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛАЧЫ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1931). Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 34,1 тыс.чал. (2002), гарадскога 45%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км² Цэнтр — г.Талачын. Раён уключае г.п.Коханава. 271 сельскі нас. пункт, Коханаўскі пасялковы Савет, 10 сельсаветаў: Аболецкі, Азерацкі, Алёнавіцкі, Валосаўскі, Воўкавіцкі, Жукнеўскі, Плоскаўскі, Серкавіцкі, Слаўнаўскі, Талачынскі. На З раёна невял. плошчы забруджаны радыенуклідамі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Тэр. раёна знаходзіцца ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня спадзіста-хвалістая і градава-ўзгорыстая, 70% яе на выш. 200—240 м, ніжэй за 200 м каля 20%. Найвыш. пункт 255 м (каля в. Серкавіца). Глыбіня расчлянення рэльефу да 25—30 м/км². Карысныя выкапні: торф. пясок. пясчана-жвіровы матэрыял. гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -7.6 °C, ліп. 17.6 С Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Па тэр. раёна праходзіць водападзел паміж рэкамі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут бяруць пачатак р. Друць з прытокамі: Бярозаўка, Хвашчоўка з Малінаўкай і Прудчанкай. Крывая з Іржэўкай; Бобр з Асакой; Абчуга; Пліса з Ільянкай; Абалянка; Еленка; на мяжы з Аршанскім р-нам працякае р. Адроў з прытокамі Дзярноўка і Сакалянка. Азёры: Касмачэўскае, Глыбокае. Сярэдняе. Вадасховішчы на рэках Друць. Рагачоўка. Сакалянка. Крывая. Пліса. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (59.8%), дзярнова-падзолістыя (24,7%). Пад лесам 30,2% тэрыторыі. Пераважаюць лясы яловыя. хваёвыя. бярозавыя; трапляюцца асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, ліпавыя, дубровы; 13% — штучныя насаджэнні. пераважна хваёвыя. Найб. масівы на З і ПдУ раёна Пад балотамі 2,1% тэр. раёна. Найб. балоты Усвіж-Бук, Слаўнае. У межах раёна мікразаказнікі: бат. Лаўрэнавічы (мядзведжая цыбуля) і ландшафтна-гідралагічны Скарпуцева. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Рацава» і «Юзафполле».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 85,4 тыс.га, з іх асушаных каля 20 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 17 калгасаў, 5 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак, 6 сялянска-калект. прадпрыемстваў, свінакомплекс «Нарцызава». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (віно, пладова-ягадныя напіткі, крухмал, макаронныя вырабы, масла, сыр, малочныя прадукты), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя і сталярныя вырабы, піламатэрыялы), машынабуд. (экскаватары, машыны для кормавытворчасці), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (торфабрыкеты), тэкстыльнай (баваўняныя тканіны), кааператыўнай (хлебабулачныя, каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі); лясгас (піламатэрыялы). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі з Талачына ў Сянно і Круглае; газаправоды Ямал (Расія) — Еўропа, Таржок (Расія) — Івацэвічы; прадуктаправод Унеча—Полацк. У раёне 13 сярэдніх, 11 базавых, 8 пачатковых, 2 спарт. школы, 2 школы мастацтваў, ПТВ, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, Дом рамёстваў, спарт.аздараўленчы лагер, 2 спарт. комплексы, 19 дашкольных устаноў, 36 клубаў, 35 б-к, 6 бальніц, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 19 фельч.-ак. пунктаў. Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Выдаецца газ. «Наша Талачыншчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКОВАЯ МЕТАЛУРГІЯ
На Беларусі пачала развівацца з 1957, калі пры кафедры тэхналогіі металаў БПІ была створана пад кіраўніцтвам А.У.Романа даследчая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ парашковай металургіі БПІ, зараз Бел.навук.-вытв. канцэрн парашковай металургіі Нац.АН Беларусі). Работы ў гэтай галіне вядуцца пад кіраўніцтвам П.А.Віцязя, А.У.Романа, А.В.Сцепаненкі, Н.М.Дарожкіна. Значны ўклад у развіццё парашковай металургіі зрабілі Л.С.Багінскі, Я.А.Дарашкевіч, Г.М.Ждановіч, А.Ф.Ільюшчанка, Л.А.Ісаевіч, В.М.Кавалеўскі, В.М.Капцэвіч, Ф.Р.Лаўшэнка, А.П.Рэвут.
Тэхналагічныя асаблівасці парашковай металургіі — фармаванне дысперснай шыхты (парашкоў металаў, керамікі, валокнаў) без прыкладання ціску ці пад ціскам (прасаванне — статычнае ці дынамічнае, халоднае, цёплае ці гарачае) і спяканне (апрацоўка пры павышаных т-рах у ахоўнай прасторы ці звычайным паветры). Асн. кірункі: распрацоўка метадаў кіравання ўласцівасцямі парашковых і нанакрышталічных кампазіцыйных матэрыялаў з выкарыстаннем камп’ютэрнага мадэліравання іх мікраструктуры і паводзін; стварэнне сітаватых матэрыялаў з арганізаванай структурай; атрыманне парашкоў патрэбнага хім. і фазавага саставу метадамі мех. легіравання, гранулявання, самараспаўсюджвальнага высокатэмпературнага сінтэзу (СВС), нанясення ахоўных пакрыццяў. Вывучаны пытанні тэорыі прасавання метал. парашкоў пры статычным і дынамічным ушчыльненні, аптымальнага праектавання сітаватых матэрыялаў, стварэння дысперсна-ўзмоцненых парашкоў для вытв-сці спец. гарачатрывалых матэрыялаў, атрымання ахоўных пакрыццяў з патрэбнымі ўласцівасцямі. Распрацаваны новыя тэхнал. працэсы вытв-сці: канстр. матэрыялаў і вырабаў з іх на аснове парашкоў жалеза, нізкалегіраваных сталей і кампазіцыйных матэрыялаў (шасцерні, карпусныя дэталі); антыфрыкцыйных вырабаў (падшыпнікі слізгання, накіравальныя ўтулкі) на аснове кампазіцый парашку жалеза з графітам, меддзю, волавам, свінцом і інш. дамешкамі, у т. л. сітаватых, насычаных вадкімі змазкамі; тэхн. керамікі; алмазазмяшчальных кампазіцыйных матэрыялаў; сітаватых матэрыялаў з парашкоў і валокнаў каразійнатрывалай сталі, бронзы, нікелю, тытану і фільтраэлементаў з іх для ачысткі вадкасцей і газаў, глушэння шуму пнеўмаінструменту; цеплавых труб з парашковай капілярнай структурай; кампазіцыйных парашкоў (інтэрметаліды, карбіды, алюмініды і да т.п.), атрыманых метадамі СВС. Распрацаваны тэхналогіі і абсталяванне для нанясення ахоўных пакрыццяў метадамі газаполымнага і плазменнага напылення; матэрыялы, тэхналогіі і абсталяванне для плазменна-вакуумнага і электронна-прамянёвага нанясення ахоўных, узмацняльных і дэкаратыўных пакрыццяў.
Даследаванні ў галіне парашковай металургіі выконваюцца таксама ў Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це (г. Магілёў). У 1975—85 створаны прамысл. ўчасткі на мінскіх трактарным, аўтамабільным, падшыпнікавым, матацыклетным і веласіпедным з-дах. У 1984 пабудаваны Маладзечанскі з-д парашковай металургіі.
Літ.:
Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРДА́Ж (франц. abordage),
спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБС-ПЛА́СТЫК,
тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай, супалімер акрыланітрылу, бутадыену і стыролу. Непразрысты, звычайна цёмнага колеру, t размякчэння 90—105 °C, шчыльн. 1,08∙103кг/м³. Растваральны ў араматычных і хлараваных вуглевадародах, вільгаце-, масла-, бензіна-, кіслота-, шчолачаўстойлівы; з высокімі мех. трываласцю, цепластойкасцю, жорсткасцю. Атрымліваюць радыкальнай палімерызацыяй стыролу з акрыланітрылам у прысутнасці каўчукавага латэксу. Канструкцыйны матэрыял для аўтамабіле-, машына-, прыладабудавання, тэкст. і харч. прам-сці, на выраб спарт. інвентару, мэблі; напаўняльнік некаторых палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЕНКА,
селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.Д.Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл.Абідзенскія эмалі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛІ́ГА,
павышэнне т-ры паветра да 0 °C і вышэй зімой ва ўстойлівы марозны перыяд. Узнікае ад прытоку паветра з больш цёплых раёнаў (гл.Адвекцыя, Цыклон) або выклікаецца мясц. награваннем паветра сонечнай радыяцыяй. Найб. характэрна для тэрыторый з кліматам, пераходным ад марскога да кантынентальнага. На Беларусі за снеж.—люты на крайнім ПдЗ бывае больш за 50 дзён з А., на ПнУ — 26—30. Працяглыя адлігі часам выклікаюць сярод зімы паводкі на рэках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛГІ (лац. Belgae),
кельцкія плямёны (амбіяны, атрэбаты, белавакі, менапіі, марыны, рэмы, суесіёны і інш.) у Паўн. Галіі (паміж рэкамі Сена і Рэйн) і на ўзбярэжжы Брытаніі. Белгі з Галіі падпарадкаваны Ю.Цэзарам у 58—51 да н.э.З 16 да н.э. тэрыторыя іх рассялення склала рымскую правінцыю Белгіка. Белгі на тэр. Брытаніі заваяваны рымлянамі ў сярэдзіне 1 ст.н.э. У 5 ст. пасля заваявання Белгікі франкамі белгі былі часткова знішчаны захопнікамі, часткова зліліся з імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНДЖЭДЗІ́Д Шадлі (н. 14.4.1929, Себаа, каля г. Алжыр),
дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч Алжыра. Удзельнік нац.-вызв. руху ў 1954—62. Займаў камандныя пасты ў Алж.нац.-вызв. арміі. З 1961 у генштабе арміі. Пасля абвяшчэння ў 1962 незалежнасці Алжыра камандуючы (1962, 1964—79) ваен. акругамі. З 1965 чл.Рэв. савета Алж.Нар.Дэмакр. Рэспублікі. У 1979—92 прэзідэнт краіны. У 1979—88 ген. сакратар, з 1988 старшыня партыі Фронт нац. вызвалення.