ГЛОТАХРАНАЛО́ГІЯ (ад грэч. glōtta мова + храналогія),
галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая займаецца выяўленнем хуткасці моўных змен, што служыць падставай для вызначэння часу аддзялення роднасных моў (гл.Роднасць моў) і ступені блізкасці паміж імі. Створана амер. лінгвістам М.Сводэшам у 1948—52. Грунтуецца на дапушчэнні, што ў мовах свету існуе універсальная ч. слоўніка (адлюстроўвае фундаментальныя паняцці), якая прыкладна ў аднолькавым тэмпе змяняецца ў розныя эпохі.
Літ.:
Сводеш М. Лексикостатистическое датирование доисторических этнических контактов: Пер. с англ. // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКАТЭ́Й МІЛЕ́ЦКІ (грэч. Hekataios Milēsios; каля 546 — 480 да н. э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, географ. Аўтар адной з першых геагр. прац краіназнаўчага характару «Землеапісанне» (складаецца з 2 частак: «Еўропа», што ўключала Еўропу і Паўн. Азію, і «Азія», што ўключала Азію, Егіпет і Лівію). Паводле сведчання Герадота, да «Землеапісання» была прыкладзена карта з відарысам вядомай на той час населенай ч. сушы — айкумены. Карта не знойдзена, часткова яна адноўлена па ўрыўках з твораў Г.М., Герадота і інш. Другі яго твор «Генеалогія» (захаваліся фрагменты) змяшчае стараж.-грэч. міфы і паданні, сістэматызаваныя накшталт гіст. апісання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС ГЛЕ́БЫ,
паходжанне і развіццё глебы з мацярынскай горнай пароды пад уздзеяннем прыродных умоў (фактараў глебаўтварэння). Пры ўзаемадзеянні з глебай гэтыя ўмовы вызначаюць яе цеплавы, водна-паветраны, біял. і пажыўны рэжымы, а таксама абмен мінер. рэчываў паміж глебай, раслінамі і грунтавымі водамі. Працэсы, што адбываюцца ў глебе, адлюстроўваюцца ў яе профілі, расчляняючы яго на генетычныя глебавыя гарызонты з адметнымі марфал. асаблівасцямі, фіз., фізіка-хім., хім. і біял. ўласцівасцямі. У глебе могуць быць выяўлены і рэліктавыя прыкметы, што сведчыць аб інш. працэсах глебаўтварэння, якія адбываліся ў мінулым, пры інш. комплексе прыродных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЯНЕ́ННЕ,
найбольш агульная форма быцця ўсіх аб’ектаў і з’яў, што ўяўляе сабой усялякі рух і ўзаемадзеянне, пераход з аднаго стану ў другі. Уключае ў сябе любыя пераўтварэнні форм руху, усе працэсы развіцця, а таксама ўзнікненне новых з’яў у свеце. Ахоплівае колькаснае павелічэнне ці змяншэнне характарыстык цел і іх якасныя трансфармацыі. Гістарычна змяняюцца не толькі любыя канкрэтныя ўласцівасці цел, але і самі законы руху матэрыі. У філасофіі З. заўсёды проціпастаўляецца спакой і ўстойлівасць цел, але і самі яны адносныя, таму што з’яўляюцца прыватным выпадкам і вынікам агульнага руху матэрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНЯЕ І ЎНУ́ТРАНАЕ,
узаемазвязаныя філасофскія катэгорыі, у якіх знешняе адлюстроўвае ўласцівасці прадмета як цэлага і спосабы яго ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, а ўнутранае — будову самога прадмета, яго склад, структуру і сувязі паміж элементамі. У працэсе пазнання знешняе перадае паверхневы бок прадмета, даступны пачуццям, або рэчаіснасць, што існуе па-за прадметамі; унутранае — тое, што схавана ад непасрэднага назірання і можа быць выяўлена тэарэт. даследаваннем. Узаемасувязь З. і ў. выступае як рух ад знешняга да ўнутранага, ад назіраемага да нябачнага, але мысленнага; прычым унутранае раскрываецца праз знешняе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. intro унутр + jacio кідаю, кладу),
1) у тэорыі пазнання — уведзенае Р.Авенарыусам паняцце пра недапушчальнасць, на яго думку, укладання ў свядомасць індывіда вобразаў успрымаемых аб’ектаў (ідэальнага), што вядзе да дуалізму. Гэтае паняцце ён выкарыстоўваў для крытыкі матэрыялізму, у процівагу якому вылучыў тэорыю «прынцыповай каардынацыі».
2) У псіхалогіі — уключэнне індывідам у свой унутр. свет поглядаў, матываў, установак і інш. людзей; аснова ідэнтыфікацыі. У псіхааналіз паняцце І. ўвёў Ш.Ферэнцы і разглядаў яго як важны псіхал. механізм, што ўдзельнічае ў працэсе фарміравання «звыш-Я», сумлення і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФА́ЗА (ад лац. inter паміж + фаза),
інтэркінез, частка жыццёвага цыкла клеткі паміж двума паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі. У клетках, якія страцілі здольнасць дзялення (напр., нейронах) — перыяд ад апошняга мітозу да смерці клеткі. Да І. адносіцца таксама часовы выхад клеткі з цыкла (стан спакою). У І. сінтэзуюцца рэчывы, неабходныя для існавання і наступнага дзялення клеткі, узнікаюць структуры, што забяспечваюць яе спецыфічныя тканкавыя функцыі. Працягласць І. складае 90% часу ўсяго клетачнага цыкла. Прыкмета інтэрфазных клетак — дэспіралізаваны стан храмаціну (выключэнне — палітэнныя храмасомы двухкрылых і некат. раслін, што захоўваюцца на працягу ўсёй І.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,
хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯЛІ́СА СІ́ЛА,
адна з сіл інерцыі, абумоўленая ўплывам вярчальнага руху сістэмы адліку на рух цела адносна гэтай сістэмы. К.с.
, дзе m — маса цела, — Карыяліса паскарэнне. Наяўнасць К.с. вядзе да таго, што цела пры сваім руху адхіляецца ў напрамку, перпендыкулярным да яго адноснай скорасці, або дзейнічае на сувязі механічныя, што перашкаджаюць такому адхіленню. К.с. праяўляецца пры руху масіўных цел (напр., балістычных ракет, цяжкавагавых паяздоў), вял. мас паветра і вады (гл.Бэра закон) і інш. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса.