«ЗАРЯ́»,

літаратурна-грамадскі рукапісны часопіс. Выдаваўся ў 1910 у г. Капыль Мінскай вобл. на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». У ім супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), А.​Гурло, Х.​Станілевіч, Х.​Чарнышэвіч і інш. Меў раздзелы белетрыстыкі, літ. крытыкі і публіцыстыкі. У часопісе змешчаны апавяданні Н.​Беленькага «Сухотны» і А.​Неўліна «Ахвяра», вершы. У крытычных артыкулах, скіраваных супраць дэкадэнтаў і мадэрністаў, высока ацэньвалася бел. паэзія, адзначалася яе цесная сувязь з нар. жыццём. Выйшла 15 нумароў.

А.​М.​Клачко.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСІНЕ́Ц (Міхась Мікалаевіч) (20.9.1935, в. Мядзведнае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 13.7.1982),

бел. самадзейны жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Творчай манеры ўласцівы наіўна-рэаліст. трактоўка сюжэтаў, плоскаснасць выявы, дэкаратыўнасць лакальнага колеру: «Вясна», «Маці», «Партызан», «Пах спелага жыта», «Хлеб», «Салдат вярнуўся з фронту», «Вёска будуецца», «На сенакосе», «Сям’я дома», «Печаная бульба», «Дзядулевы дудачкі», «Стары калодзеж», «Дрэва жыцця» (усе 1970-я г.) і інш.

Літ.:

Шаура Р.Ф., Красічкава А.І. М.​М.​Засінец. Мн., 1981.

М.Засінец. Пах спелага жыта. 1972.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАРЭ́ЎСКІ (Аляксандр Сцяпанавіч) (н. 6.4.1929, в. Колкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1983). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1955). З 1958 у Мінскім мед. ін-це (з 1967 заг. лабараторыі, у 1983—96 заг. кафедры). Навук. працы па распрацоўцы сінт., кардыя-, нейратропных, супрацьгіпаксічных, супрацьалергічных сродкаў, лекаў расліннага паходжання.

Літ.:

А.​С.​Захаревский: (к 60-летию со дня рождения) // Фармакология и токсикология М., 1990. Т. 53, № 1.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕК ((Seebeck) Томас Іаган) (9.4.1770, Талін — 10.12.1831),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1818) і Парыжскай (1825) АН. Вучыўся ў Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і оптыцы. Адкрыў з’яву тэрмаэлектрычнасці (гл. Зеебека з’ява), пабудаваў тэрмапару і выкарыстаў яе для вызначэння т-ры. Даследаваў форму сілавых ліній магн. поля, вывучаў магн. дзеянне эл. току, палярызацыю святла, выявіў палярызацыйныя ўласцівасці крышталёў турмаліну.

Літ.:

Льоцци М. История физики. Пер. с итал. М., 1970. С. 263—264.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКО́-ПАЧЫКО́ЎСКАЯ (Софія Сымонаўна) (сак. 1892, в. Ласокіна Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 7.7.1977),

бел. нар. спявачка і казачніца. Песні, прыпеўкі, казкі, пацешкі, якія яна выконвала, вылучаліся нар. фантазіяй, адухоўленасцю, трапнасцю і дасціпнасцю нар. слова. У аснове яе рэпертуару — каляндарна- і сямейна-абрадавыя песні. Ад яе запісана каля 400 твораў бел. фальклору (запісаў сын Уладзімір). Некаторыя песні. З.-П. увайшлі ў рэпертуар Маладзечанскага нар. ансамбля «Спадчына».

Літ.:

Зянько У.Б. Спадчына маёй маці. Мн., 1993.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 7, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),

дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕЛІЯ́НІ (Атар Давідавіч) (н. 2.2.1934),

грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1984). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). Паставіў фільмы: «Лістапад» (1968), «Жыў пеўчы дрозд» (1971), «Пастараль» (1982), «Фаварыты месяца» (1984), «І стаў свет», «Пажар, убачаны здалёк» (абодва 1989). Творчай манеры характэрны паэт. назіранне рэальнасці, уменне перадаць атмасферу дзеяння; у апошніх работах адчуваецца прытчавы пачатак. Прызы міжнар. кінафестываляў у Зах. Берліне (1982), Венецыі (1984) і інш.

Літ.:

Церетели К. Трилогия Отара Иоселиани // Кинопанорама. М., 1981. Вып. 3.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н УДО́ВІН СЫН, Іван Падвей,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, юнак-асілак. Сын царскай дачкі, якая нарадзіла яго ад падвею (ветру). Валодае незвычайнай сілаю, вял. розумам і маладзецкай адвагаю. Гераічныя рысы ў вобразе спалучаюцца настолькі цэласна, што ён становіцца падобным на быліннага героя-асілка. Казкам пра яго ўласціва вострая сац. накіраванасць: асілак змагаецца з царом (Змеем, Кашчэем) і інш. прыгнятальнікамі. Вобраз І.У.с. сустракаецца ў бел., рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969.

Л.​Р.​Бараг.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Ілья Іванавіч) (1.8.1870, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — 20.3.1932),

расійскі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Праф. (1907). Скончыў Харкаўскі ун-т (1896). У 1917—21 і 1924—30 у Дзярж. ін-це эксперым. ветэрынарыі (адначасова ў 1928—30 у Маскоўскім вышэйшым заатэхн. ін-це). Распрацаваў тэарэт. асновы і методыку штучнага асемянення с.-г. жывёлы. Навук. працы па праблемах біялогіі размнажэння, міжвідавой гібрыдызацыі ў жывёлагадоўлі.

Тв.:

Избр. труды. М., 1970.

Літ.:

Скаткин П.Н. И.​И.​Иванов — выдающийся биолог. М., 1964.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Канстанцін Васілевіч) (27.5.1890, в. Слакбаш Уфімскага р-на, Башкортастан — 26.3.1915),

чувашскі паэт, пачынальнік нац. л-ры. Найб. значны твор — ліра-эпічная паэма «Нарспі» (1908) пра трагічны лёс чув. жанчыны. Выступаў у жанры вершаванай казкі, балады («Удава»), сказа, трагедыі («Раб д’ябла»), Вядомы як педагог, фалькларыст, мастак, скульптар, перакладчык. Браў удзел у складанні першых буквароў і дапаможнікаў для нац. школы. Перакладаў на чув. мову творы М.​Лермантава, А.​Кальцова, М.​Някрасава.

Літ.:

Зотов И.А. Живое наследие К.​Иванова Чебоксары. 1983.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)