КОД ТЭЛЕГРА́ФНЫ,

прынятая ў тэлеграфіі сістэма ўмоўных абазначэнняў, дзе кожнай літары (лічбе ці інш.) адпавядае пэўная камбінацыя элементарных пасылак эл. току. Адрозніваюць К.т. раўнамерны (лік пасылак у кожнай камбінацыі аднолькавы) і нераўнамерны (лік пасылак неаднолькавы).

Нераўнамерны К.т. (код Морзе) — сістэма з кароткачасовых (кропка) і працяглых (працяжнік, роўны па працягласці 3 кропкам) пасылак, раздзеленых інтэрваламі. У тэлегр. апаратах найб. пашыраны раўнамерны 5-элементны К.т., напр., код Бадо, Міжнар. код №2, які акрамя сімвалаў мае службовыя камбінацыі для пераводу апарата на рус., лац. ці лічбавы рэгістр.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЦІК Іван Канстанцінавіч (н. 27.9.1936, в. Рачкевічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-селекцыянер. Д-р с.-г. н. (1996). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1997). Скончыў БСГА (1963). З 1963 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па селекцыі і стварэнні сістэмы ўзаемадапаўняльных раяніраваных сартоў азімай пшаніцы, распрацоўцы спосабаў інтэнсіўнай тэхналогіі атрымання збожжа. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Теоретические основы селекции зерновых культур на продуктивность. Мн., 1987 (у сааўт.);

Результаты и перспективы селекции озимой пшеницы в самообеспечении продовольственным зерном Республики Беларусь // Весці Акадэміі аграрных навук РБ. 1997. № 2.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЛЬ (Kráľ) Янка (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),

славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Моя песня. М., 1957;

У кн.: Словацкая поэзия XIX—XX вв. М., 1964.

А.​У.​Вострыкава.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА Леанід Іванавіч (н. 10.8.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1989), праф. (1981). Скончыў Усесаюзны завочны ін-т сав. гандлю ў Маскве (1957). З 1962 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па праблемах тэорыі і метадалогіі аналізу гасп. дзейнасці ў гандлі, грамадскім харчаванні і інш. галінах эканомікі, фін. менеджменце ва ўмовах станаўлення і развіцця рыначных адносін. Аўтар падручніка «Аналіз гаспадарчай дзейнасці ў гандлі» (4-е выд., 1995).

Тв.:

Экономический анализ в общественном питании. Мн., 1980;

Анализ финансового положения предприятия. Мн., 1994.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУКС (Crookes) Уільям (17.6.1832, Лондан — 4.4.1919),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1863). Вучыўся ў Лонданскім хім. каледжы (1848—50). У 1850—59 на выкладчыцкай рабоце, з 1860 працаваў ва ўласнай лабараторыі. У 1913—15 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па фізіцы эл. разрадаў у газах і атамнай фізіцы. Метадамі спектральнага аналізу адкрыў талій (1861), даследаваў катодныя прамяні (у трубках К.). Адкрыў сцынцыляцыі, на аснове чаго стварыў прыладу для назірання α-часціц. Выказаў ідэю эвалюцыі хім. элементаў (1886), апісаў прынцып радыёсувязі (1892).

У.Крукс.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПНЯ,

рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Жадунька (бас. р. Дняпро). Даўж. 41 км. Пл. вадазбору 136 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Сакалоўка Клімавіцкага р-на. Цячэ на ПдУ Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна выразная, шыр. да 2 км, парэзаная лагчынамі. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні чаргуецца па берагах, у сярэднім двухбаковая, асушаная, лугавая. Рэчышча каналізаванае на працягу 26 км, у верхнім цячэнні слабазвілістае. Шыр. ракі ў межань да 10 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРУТУ́ХА»,

бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. У працэсе танца 2 юнакі і 2 дзяўчыны бяруцца накрыж за рукі ці кладуць іх адзін аднаму на плечы і ідуць па крузе, падскокваючы, прытупваючы і прыпяваючы. Сцэн. варыянт «К.» ўвайшоў у рэпертуар харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У працы «Люд беларускі» М.​Федароўскага змешчаны запісы мелодыі танца «Круцёлка» і прыпеўка да яго, зробленыя ў канцы 19 ст. на Гродзеншчыне, аднак з-за адсутнасці харэаграфічнага апісання нельга меркаваць, ці быў ён ідэнтычны «К.».

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАНО́САЎ Міхаіл Пятровіч (н. 1.5.1929, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 11.11.1994),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1954). Засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Канд. пед. навук. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1953) і працаваў у ім (заг. кафедры, з 1976 прарэктар). Сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1954, Берн), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1958, Стакгольм). Чэмпіён СССР (1952, 1954—58). Рэкардсмен свету (6 рэкордаў), СССР (11 рэкордаў).

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВА́ЎНІК (Achillea),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб. вядомы лек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.

Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.

Крываўнік звычайны.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЦЭ́ВІЧ Анатоль Дзям’янавіч (н. 6.8.1934, в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1987, чл.-кар. 1981). Ген.-лейт. (1987). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ваен. акадэмію хім. аховы (1958), дзе і працаваў (з 1977 праф.). Дырэктар Цэнтра экатаксіметрыі пры Ін-це хім. фізікі Рас. АН. Навук. працы па арган. і прыкладной хіміі, даследаванні новых рэчываў і іх рэакцыйнай здольнасці ў монамалекулярных слаях, на мяжы падзелу фаз у мнагафазных сістэмах. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння высокарэакцыйных сарбентаў. Абгрунтаваў канцэпцыю «каардынацыйнага эфекту» ў рэакцыях нуклеафільнага замяшчэння.

А.​Дз.Кунцэвіч.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)