ВАКАМЕ́РНАЯ ЗДЫ́МКА,

спрошчаны спосаб тапаграфічнай здымкі. Выконваецца на планшэце з дапамогай компаса, візірнай лінейкі і цыркуля. Праводзіцца для хуткага складання прыблізнага плана мясцовасці або маршруту. Для вакамернай здымкі планшэт устанаўліваюць і арыентуюць па компасе, лінейкай вызначаюць напрамкі на назіраемыя аб’екты і наносяць адпаведныя лініі, уздоўж якіх адкладваюць у маштабе прыблізныя адлегласці ад месца здымкі да таго або інш. аб’екта. Вакамерную здымку выкарыстоўваюць у экспедыцыйных умовах пры адсутнасці тапаграфічных картаў для адлюстравання падрабязнасцей будовы мясцовасці, а таксама пры складанні абрысу і пры рэкагнасцыраваных даследаваннях малаабжытых раёнаў.

А.​В.​Саломка.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУО́ЛЯ (франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),

поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШЭ́ЛЬ (Acheul),

археалагічная культура ніжняга палеаліту ў Еўропе, Афрыцы і Азіі. Назва ад мясцовасці Сент-Ашэль каля г. Ам’ен (Пн Францыі), дзе знойдзены прылады часу рыскага зледзянення. У Еўропе вылучаюцца 3 эпохі Ашэля — стараж.-ашэльская (абэвіль, шэль), каля 900—400 тыс. г. назад, сярэдне- і познаашэльская (каля 400—100 тыс. г. назад). Людзі Ашэля (пітэкантрапы, сінантрапы і інш.) жылі ў пячорах, пад адкрытым небам, карысталіся агнём, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. У прац. дзейнасці выкарыстоўвалі ручныя рубілы, масіўныя адшчэпы і інш. каменныя прылады.

Да арт. Ашэль. Рубілы са стаянкі Сент-Ашэль.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ «КАРАЛЕ́ЎСКІ ДВОР».

Існаваў у Бабруйску з 2-й пал. 16 ст. да 1649 як рэзідэнцыя Бабруйскага староства. Размяшчаўся непадалёку ад Бабруйскага замка на беразе р. Бярэзіна. Цэнтр кампазіцыі — вял. драўляны дом на 7 падклецях (у іх размяшчаліся службовыя памяшканні). Жылая частка ўключала прыхожую, сталовую, 6 камор і 4 жылыя пакоі з камінамі і печамі з рознакаляровай паліванай кафлі. На галерэю жылой часткі вяла 2-маршавая вонкавая лесвіца. Двор быў абнесены астрогам. За дваром над Бярэзінай размяшчаліся стайня з вазоўняй і бровар, на р. Бабруйка — млын.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЫ́НА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 15 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,49 км², даўж. 1,33 км, найб. шыр. 0,56 км, найб. глыб. 32,3 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,3 км².

Схілы катлавіны выш. да 40 м, пад пашай або лесам. Ніжняя частка схілаў амаль ўсюды ўтварае стромкі абразійны ўступ выш. да 9 м. Берагі нізкія, пясчаныя і гліністыя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, глыбей за 8—10 м глеістае. Злучана пратокай з воз. Бабынічы.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДАРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Badarian),

археалагічная культура неаліту і пач. энеаліту (5 — пач. 4-га тыс. да нашай эры) у даліне р. Ніл. Назва ад паселішчаў і могільнікаў каля в. Бадары ў Сярэднім Егіпце. Насельніцтва займалася матычным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, жыло на адкрытых паселішчах у жытлах з абмазаных глінай дубцоў, сырцу, цыновак. У могільніках — трупапалажэнні людзей і жывёл, загорнутых у цыноўкі. Характэрны карычневы (пазней чырвоны) посуд з чорным верхам. Прылады выраблялі з каменю (наканечнікі стрэл, укладышы сярпоў), дрэва (бумерангі), косці; з’явіліся першыя вырабы з медзі (нажы, шпількі, пацеркі і інш.).

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДГАСТА́ЙН (Badgastein),

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІ́ДЫЯ (ад грэч. basidion фундамент),

орган палавога споранашэння ў базідыяльных грыбоў. Утвараецца на канцах дыкарыятычных гіфаў з двух’ядровых клетак. Бываюць: аднаклетачныя (холабазідыі), складзеныя з дзвюх частак (гетэрабазідыі), падзеленыя на 4 клеткі папярочнымі перагародкамі (фрагмабазідыі, або склерабазідыі). У прымітыўных відаў узнікаюць непасрэдна на міцэліі або пры прарастанні спец. клетак (тэліяспораў), у больш высокаарганізаваных — на паверхні ці ў сярэдзіне пладовых цел. На кожнай з іх экзагенна развіваюцца па 2—4 базідыяспоры. У час развіцця базідыя нагадвае сумку. У базідыі завяршаецца палавы працэс — зліваюцца ядры дыкарыёна і дыплоіднае ядро рэдукцыйна дзеліцца.

Базідыя з базідыяспорамі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІС, база (ад грэч. basis аснова),

1) у матэматыцы — найменшае падмноства некаторага мноства, з якога пэўнымі аперацыямі можна атрымаць любы элемент гэтага мноства. Напрыклад, 1 аперацыямі складання і множання можна атрымаць любы натуральны лік. У вектарнай прасторы такі набор вектараў, што адвольны вектар адназначна выяўляецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі вектараў гэтага набору. Колькасць элементаў базісу наз. размернасцю прасторы. Гл. таксама Артаганальная сістэма, Артаганальнае пераўтварэнне.

2) У фізіцы базіс крышталічнай структуры — поўная сукупнасць каардынатаў цэнтраў атамаў у сіметрычна незалежнай вобласці крышт. структуры. Эксперыментальнае вызначэнне праводзіцца метадамі рэнтгенаўскага структурнага аналізу, электронаграфіі, нейтронаграфіі.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)