АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),
прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, ўтварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1 К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.
Схема анізаметра магнітнага: 1 — крыніца святла; 2 — пругкія элементы; 3 — люстэрка; 4 — шкала; 5 — узор; N, S — полюсы магніта.
клас мохападобных. Уключае 2 сям. — антацэротавыя (4 роды) і натаціласавыя (1 род). Каля 300 відаў. Пашыраны ў трапічных і ва ўмерана цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі адзінае сям. антацэротавых з 2 родамі — антацэрас і феацэрас.
Стараж. група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцяў. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі. Прыкметы: неабмежаваны рост спарафіта, наяўнасць пласціністых храматафораў з пірэноідам і тыповых для вышэйшых раслін вусцейкаў у гаметафіта.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ЛУС, чашачка,
шароўка (Ancylus),
род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.
Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛАГЕ́ТЫКА (ад грэч. apologētikos абараняльны),
1) раздзел хрысц. багаслоўя, які пры дапамозе аргументаў, звернутых да розуму і свядомасці чалавека, адстойвае веравучэнне; у вузкім сэнсе — гал. багаслоўе, грунтоўная тэалогія. Асновы апалагетыкі закладзены ў 2—3 ст. Юсцінам, Тацыянам, Арыгенам, Тэртуліянам і інш.для абароны хрысціянства ад іудзейства, «язычніцтва» (пад ім разумелася ант. філасофія), дзярж. улад, ерасяў. Пашырана гал. чынам у праваслаўі і каталіцызме. Змест апалагетыкі — інтэрпрэтацыя сутнасці рэлігіі, абвяржэнне накіраваных супраць яе абвінавачванняў, абгрунтаванне перавагі той ці інш. канфесіі. Апелюючы да розуму, апалагетыка ўсё ж лічыць, што нават лагічна абгрунтаваная сістэма догматаў павінна прымацца на веру, бо апошняя ў тэалогіі вышэйшая за розум.
2) У пераносным сэнсе апалагетыка — прадузятая абарона, тэндэнцыйнае ўсхваленне чаго-небудзь, каго-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Брэсце пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля і Брэсцкага падп. гаркома ЛКСМБ. Першая падп.арг-цыя (кіраўнікі груп Г.К.Баннікаў, Л.В.Папова, Б.М.Пікус, М.А.Шошчыц) дзейнічала з пач. вайны. Восенню 1941 большасць падпольшчыкаў арыштавана. У жн. 1941 рашэннем гар.парт.к-та створана 2-я падп.арг-цыя на чале з У.А.Несцярэнкам, члены якой арганізоўвалі збор зброі, боепрыпасаў і адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі на чыгунцы, здабывалі разведданыя, медыкаменты. У 1942 частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, астатнія (каля 30 чал.) прымалі ўдзел у рабоце патрыят. падполля або дзейнічалі самастойна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАКАПА́ЛКА,
машына для выкопвання бульбы, аддзялення яе ад зямлі і бацвіння. Бываюць: элеватарнага, грохатнага і шпурляльнага тыпаў; двух- і аднарадковыя; з пасіўнымі падкопвальнымі лемяшамі, актыўным падкопвальным ротарам і камбінаваныя. Пасля бульбакапалкі клубні падбіраюцца ўручную.
Бульбакапалка элеватарнага тыпу маюць прутковыя элеватары, якія разрыхляюць і прасейваюць глебу, а клубні і бацвінне скідваюць на зямлю. У шпурляльных бульбакапалках лямеш падкопвае радок, а ротар падхоплівае выкапаную масу і ўкладвае яе на поле. Прадпрыемствы Беларусі («Лідсельмаш») выпускаюць бульбакапалкі элеватарнага і шпурляльнага тыпаў, навясныя і паўнавясныя, двухрадковыя. Розныя іх мадыфікацыі (КТН-2В, Л-262, КТН-1Б і інш.) прыстасаваны да работы на розных тыпах глебаў, у т. л. камяністых і пераўвільготненых. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь». Прадукцыйнасць 0,4—0,9 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ГА (Huso huso),
рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Пётр Іларыёнавіч) (27.1.1907, Мінск — 28.5.1992),
бел. вучоны ў галіне хіміі торфу. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), д-рхім.н., праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1928). З 1936 у Ін-це хіміі АНБССР. З 1952 дырэктар, у 1960—87 заг. лабараторыі Ін-та торфу АНБССР. Навук. працы па хім. перапрацоўцы торфу. Прапанаваў новыя шляхі выкарыстання торфу (вытв-сць з торфу воску, прэс-парашковых пластычных мас, тарфашчолачных рэагентаў, напаўняльнікаў для фенапластаў), тэхналогію вылучэння з торфу стэарынаў і метад сінтэзу на іх аснове гарманальных прэпаратаў.
Тв.:
Торфяной воск и сопутствующие продукты. Мн., 1977 (у сааўт.).
Літ.:
П.И.Белькевич // Весці АНБССР. Сер. хім.навук. 1977. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В,
трэцяя літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАВА ЗАКО́Н,
вызначае залежнасць квантавага выхаду фоталюмінесцэнцыі ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага святла. Адкрыты С.І.Вавілавым (1924), ляжыць у аснове тэорыі люмінесцэнцыі. Паводле Вавілава закона квантавы выхад фоталюмінесцэнцыі пастаянны ў шырокім інтэрвале даўжынь хваляў узбуджальнага святла і рэзка памяншаецца пры даўжынях хваляў, большых за тую, пры якой назіраецца максімум інтэнсіўнасці спектра люмінесцэнцыі.
Пастаянства квантавага выхаду абумоўлена квантавай прыродай святла, хуткім пераразмеркаваннем энергіі ва ўзбуджаным электронным стане па вагальных і інш. падузроўнях і перадачай энергіі навакольнаму асяроддзю. Вавілава закон выконваецца ў вадкіх і цвёрдых растворах; для складаных малекул у газавай фазе не мае месца, што тлумачыцца захаваннем лішку вагальнай энергіі, набытай у акце паглынання святла. Вавілава закон атрымаў тэарэт. тлумачэнне ў працах бел. вучоных Б.І.Сцяпанава і М.К.Барысевіча.