галіна машынабудавання, спецыялізаваная на вытв-сці лятальных апаратаў, авіяц. рухавікоў, бартавых і інш. сістэм і абсталявання для авіяцыі. Адна з самых навукаёмістых галін прам-сці з высокай ступенню кааперавання і канцэнтрацыі вытв-сці. Узнікла ў пач. 20 ст. Як буйная галіна прам-сці развілася ў перыяд 1-й і асабліва 2-й сусв. войнаў. Масавая вытв-сцьавіяц. тэхнікі пачалася ў 1918. Толькі ў ЗША і Вялікабрытаніі было выпушчана больш за 36 тыс. самалётаў і 54 тыс. авіярухавікоў (1918). Паскоранымі тэмпамі развівалася напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны. Авіяцыйная прамысловасць СССР забяспечыла фронт баявымі і трансп. самалётамі пераважна новых тыпаў (знішчальнікі С.А.Лавачкіна, А.Л.Мікаяна, А.С.Якаўлева, штурмавікі С.У.Ільюшына, бамбардзіроўшчыкі Ільюшына, У.М.Петлякова, А.М.Тупалева). Выпуск самалётаў у СССР склаў у 1941—1-й пал. 1945 больш за 125,6 тыс. За перыяд 2-й сусв. вайны Англія выпусціла 125 тыс., Германія каля 120 тыс., ЗША каля 300 тыс. самалётаў. У пасляваен. гады авіяцыйная прамысловасць асвоіла выпуск рэактыўных самалётаў са звышгукавымі скарасцямі. З пач. 1950-х г. пачаўся выпуск грамадз. рэактыўных самалётаў. Развівалася верталётабудаванне: верталёты канструкцыі М.Л.Міля, М.І.Камава (СССР), І.І.Сікорскага (ЗША) і інш. У 1960—80-я г. ў авіяцыйнай прамысловасці СССР быў створаны шэраг прынцыпова новых узораў авіяц. тэхнікі: знішчальнікі са зменлівай стрэлападобнасцю крылаў, паскораных узлёту і пасадкі, звышгукавы бамбардзіроўшчык канструкцыі П.В.Сухога Су-24, штурмавік Су-25, знішчальнікі МіГ-29, МіГ-31, Су-27 і інш.; велікагрузныя транспартныя самалёты Іл-76Т, АН-124, «Руслан», АН-225, «Мрыя» (канструктарскае бюро А.К.Антонава), баявыя і трансп. верталёты (у т. л. Мі-26 з найбольшай у свеце грузападымальнасцю — 20 т) і інш. У 1960-я г. авіяцыйная прамысловасць развітых краін распрацавала праграмы вытв-сці звышгукавых пасаж. самалётаў «Канкорд» (Францыя сумесна з Англіяй), Ту-144 (СССР), які прайшоў выпрабавальную эксплуатацыю. У 1970-я г. з’явіліся шырокафюзеляжныя пасаж. самалёты-аэробусы А300, А310, А320 і інш. сумеснай вытв-сці Францыі, Вялікабрытаніі і інш.зах.-еўрап. краін (у кансорцыуме «Эрбас індастры»), Іл-86 (СССР). Вырашана шмат навук.-тэхн. праблем, атрыманы каштоўныя тэхналогіі пры стварэнні арбітальных апаратаў шматразовага выкарыстання «Спэйс Шатл» (ЗША) і «Буран» (СССР), экранапланаў (ракетаносны эксперым. экранаплан «Лунь», СССР; даўж. 73 м, вага да 300 т) і інш. У канцы 1980-х г. у СССР пачаліся падрыхтоўка і асваенне серыйнай вытв-сці самалётаў новага пакалення з высокай эканоміяй паліва — Іл-96—300, Ту-204, Іл-114, пад’ёмных, пад’ёмна-маршавых, турбінных рухавікоў і інш. З краін б.СССРнайб. развіта авіяцыйная прамысловасць у Рас. Федэрацыі. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты ТУ-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. А.). Распрацавана праграма стварэння ўласнага пасаж. самалёта ў кааперацыі з Рас. Федэрацыяй (1994).
Сусветны лідэр у авіяцыйнай прамысловасці — ЗША, дзе авіяцыйная прамысловасць вядзе пачатак ад майстэрняў братоў Райт. Масавая вытв-сць самалётаў разгорнута ў 1918. Інтэнсіўны рост пачаўся ў 1936. У 1939 выпушчана каля 3,9 тыс. самалётаў, у 1944 больш за 96 тыс. Пасля 2-й сусв. вайны ЗША сталі буйнейшым экспарцёрам ваен. тэхнікі, з канца 1950-х г. — грамадзянскай авіяц. тэхнікі. У 1960-я г. авіяцыйная прамысловасць ЗША ператварылася ў авіяракетную прам-сць. У 1970-я г. ажыццяўляліся буйныя праграмы вытв-сці баявых самалётаў, створаны авіясістэма сачэння і навядзення («АВАКС»), касм. карабель «Спэйс Шатл», наладжана буйнасерыйная вытв-сць шырокафюзеляжных пасаж. самалётаў і інш. Па праграмах 1980-х г. ажыццяўляліся вытв-сць знішчальнікаў F-15, F-16, F-18 і інш., стратэг. бамбардзіроўшчыка B-1B, распрацоўка малапрыкметнага стратэг. бамбардзіроўшчыка B-2, знішчальніка AT і інш., выпуск пасаж. самалётаў «Боінг» 727, 737, 747 757, 767, L-1011, DC-9 і DC-10, MD-80 і інш. Вядучыя самалёта- і верталётабуд. фірмы: «Боінг», «Мак-Донел-Дуглас», «Локхід», «Рокуэл», «Джэнерал дайнэмікс», «Груман», «Нортрап», «Х’юз гелікаптэрс і інш.; фірмы—вытворцы рухавікоў: «Джэнерал электрык», «Прат энд Уітні», «Аўка Лайкамінг», «Алісан», «Гарэт тэрбін энджын». Высокаразвітая авіяцыйная прамысловасць у Англіі, Францыі, ФРГ, Канадзе, Японіі і інш. індустрыяльных краінах. Вядучыя еўрап. краіны ажыццяўляюць сумесныя праграмы распрацоўкі і вытв-сці грамадз. і ваен. авіятэхнікі новага пакалення, у т. л. і паветрана-касм. самалёта. Пашыраецца міжнар. кааперацыя паміж авіяц. фірмамі розных краін і кантынентаў. На мяжы 1980—90-х г. кошт гадавой прадукцыі авіяцыйная прамысловасць замежных краін (без б.СССР) ацэньваўся амаль у 160 млрд.дол. (з улікам прадукцыі ракетна-касм. сектара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),
кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш. На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац.б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац.б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац.б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІ́ЗМ (франц. socialisme ад лац. socialis грамадскі),
1) сукупнасць ідэй, поглядаў, вучэнняў аб дасканалым грамадстве.
2) Кірунак ідэйна-паліт. і тэарэт. думкі, а таксама адпаведны ёй грамадскі рух.
3) Сацыяльны лад грамадства, які прадугледжвае пабудову і функцыянаванне ўсёй сістэмы грамадскіх адносін, грамадскай структуры і ін-таў, у т. л. дзяржавы, у адпаведнасці з сацыяліст. ідэямі. Тэрмін «С.» увёў у пач. 1830-х г.франц. сацыяліст-утапіст П.Леру. Прадстаўнікі утапічнага сацыялізму пад С. разумелі грамадскі лад без эксплуатацыі чалавека чалавекам, які заснаваны на прынцыпе грамадскай справядлівасці. У стараж. Грэцыі былі спробы філас. асэнсавання грамадскага і дзярж. ладу з пункту гледжання яго адпаведнасці патрэбам грамадзян. Лічылася, што чалавек павінен паважаць волю вышэйшых сіл, падпарадкоўвацца аб’ектыўным законам і ўплываць на прыродныя і грамадскія ўмовы ў інтарэсах свайго развіцця, а мэта дзяржавы — забеспячэнне самаст. і шчаслівага жыцця грамадзян. Ідэя справядлівасці і справядлівага грамадскага ладу складала аснову звычаёвага права. Сакрат абгрунтоўваў тоеснасць разумнага, справядлівага і законнага пачаткаў. Платон у дыялогу «Дзяржава» выклаў свой праект ідэальнай дзяржавы, выказваўся супраць прыватнай уласнасці і расколу грамадства на багатых і бедных, нераўнапраўя жанчын, захопніцкіх і грабежніцкіх войнаў. Арыстоцель вылучаў 2 віды справядлівасці: ураўняльную, якая грунтавалася б на «арыфметычнай роўнасці» людзей і выступала б у галіне грамадзянскага і крымінальнага права; і размеркавальную, заснаваную на «геаметрычнай роўнасці», на падзеле агульных даброт па заслугах, прапарцыянальна асабістаму ўкладу кожнага. Развіццё сацыяліст. ідэй прадаўжалі прадстаўнікі утапічнага С. — Т.Мор, Т.Кампанела, Г.Маблі, Ж.Мелье, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш. З 16 ст. па 1830—40-я г. рабіліся спробы тэарэтычна абгрунтаваць шэраг асн. ідэй і палажэнняў: аб неабходнасці ўстанаўлення грамадскай уласнасці на прылады і сродкі вытв-сці, аб прынцыпе размеркавання грамадскіх даброт паводле здольнасцей, стварэнні буйной грамадскай вытв-сці з выкарыстаннем дасягненняў навукі і тэхнікі. Сфарміраваўся пэўны ідэал грамадскага ладу, дзе забяспечваюцца матэрыяльныя і духоўныя патрэбы грамадзян і ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця чалавечай асобы. Абвастрэнне класавых супярэчнасцей у капіталіст. грамадстве і паяўленне першых форм арганізаванага сац. пратэсту рабочых супраць эксплуатацыі, у прыватнасці чартысцкага руху ў Вялікабрытаніі, спрыялі ператварэнню С. ў 1830—40-я г. ў адзін з гал. кірункаў еўрап. грамадска-паліт. і навук. думкі, які звязваў сябе з абаронай інтарэсаў рабочага класа. Аднак сацыяліст. ідэі былі неаднародныя і супярэчлівыя ў разуменні будучага сацыяліст. ладу і шляхоў да яго ўсталявання. З цягам часу склаліся 2 гал. падыходы: марксісцкі і сацыял-дэмакратычны. Згодна з матэрыялістычным тлумачэннем гіст. працэсу (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін і інш.), С. — заканамерны вынік гісторыі і з’яўляецца ніжэйшай ступенню камуніст. грамадска-эканам. фармацыі, якая прыходзіць на змену капіталізму. Асн. шляхам для дасягнення гэтай мэты лічыліся сацыяліст. рэвалюцыя, экспрапрыяцыя капіталу і буйной прыватнай уласнасці, пазбаўленне буржуазіі паліт. улады, уздым вытв. сіл грамадства на базе грамадскай уласнасці, удзел працоўных у кіраванні дзяржавай, развіццё асветы, навукі і культуры. Гэтыя прынцыпы ўвайшлі ў праграмы сацыяліст. арг-цый і партый марксісцкай арыентацыі. Сацыял-дэмакратычны падыход да С. ставіў задачы паступовага рэфармавання грамадства ў кірунку паляпшэння сац. становішча працоўных, пашырэння дэмакр. свабод і правоў грамадзян (гл.Рэфармізм). Гэтыя ідэі выкладзены ў праграмах адпаведных паліт. партый, якія ўваходзяць у Сацыялістычны інтэрнацыянал. Распад каланіяльнай сістэмы, утварэнне новых дзяржаў і пошук шляхоў самаст. развіцця выклікалі паяўленне своеасаблівых канцэпцый С., дзе знайшлі свой адбітак нац. традыцыі і культура пэўных народаў. Пераломнай для сацыяліст. ідэалу гіст. падзеяй стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917, дзякуючы якой С. пачаў набываць контуры рэальна існуючага грамадства ў Расіі, а пасля 2-й сусв. вайны — у некаторых краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы, Кітаі, на Кубе. У СССР узнікла спецыфічная форма С. — дзяржаўны С., які спалучыў у сабе марксісцка-ленінскія ідэі з традыцыямі і культ.-цывілізацыйнымі асаблівасцямі рускага і іншых народаў краіны і характэрнымі рысамі якога былі: манаполія дзярж. уласнасці, адчужэнне непасрэдных вытворцаў ад сродкаў вытв-сці, прысваенне прыбавачнай вартасці і эксплуатацыя працоўных, дырэктыўнае цэнтралізаванае планаванне, нецярпімасць да іншадумства. Адначасова змест гэтай сістэмы выражаўся ў пэўнай сац. арыентацыі: грамадскія фонды, бясплатныя адукацыя і мед. абслугоўванне, датацыі, ільготы, бясплатнае атрыманне жылля і нізкая кватэрная плата, матэрыяльная падтрымка дзяржавай права на адпачынак і інш. Форма дзяржаўнага С. шмат у чым тлумачыцца складанымі ўнутр. і знешнімі ўмовамі (войны, пагрозы вайной і інш.), аднак былі забяспечаны цэласнасць шматнацыянальнай дзяржавы і яе ўсебаковае развіццё.
Літ.:
Маркс К., Энгельс Ф. Маніфест камуністычнай партыі: Пер. з рус.Мн., 1968;
Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з рус.Мн., 1970;
Утопический социализм: Хрестоматия. М., 1982;
Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990;
Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм?: «Ответ Г.Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;
Фроянов И.Я. Октябрь семнадцатого (глядя из настоящего). СПб., 1997;
Жибуль И.Я. Гуманизм советского образа жизни. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМЯ́КІН Іван Пятровіч (н. 30.1.1921, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1980). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Гомельскі тэхнікум буд. матэрыялаў (1940), Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950). У 1945—48 настаўнічаў, з 1950 рэдактар Бел.дзярж.выд-ва, з 1952 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна». З 1954 нам. старшыні, з 1966 сакратар, з 1968 2-і сакратар, з 1971 1-ы нам. старшыні, з 1976 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1980—92 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». У 1971—85 Старшыня Вярх. Савета БССР. Друкуецца з 1941 (нарысы і вершы). Першая аповесць — «Помста» (1945). Раман «Глыбокая плынь» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1951; інсцэніраваны Гомельскім абл.драм. т-рам, 1956) пра падзеі часоў акупацыі і ўсенар. змагання супраць фашыстаў на Гомельшчыне. Асэнсаванне пасляваен. рэчаіснасці ў кн. аповесцей і апавяданняў «На знаёмых шляхах» (1949), «У Маскву» (1950), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), рамане «У добры час» (1953) і інш. У рамане «Крыніцы» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; інсцэніраваны Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1961) выкрыццё валюнтарысцкіх метадаў кіравання эканомікай, сац. і паліт. жыццём. У пенталогіі «Трывожнае шчасце» («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) лёс герояў асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партыз. атрадах, і ў цяжкіх пасляваен. умовах аднаўляла нар. гаспадарку. Надзённыя праблемы жыцця ў зб-ках прозы «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968). У раманах «Сэрца на далоні» (1963, разам з «Трывожным шчасцем» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968; інсцэніраваны Гомельскім і Гродзенскім абл.драм. т-рамі, 1965; Брэсцкім, Магілёўскім, Бел. імя Я.Коласа, Бел. імя Я.Купалы і інш. т-рамі ў 1966) і «Снежныя зімы» (1968, інсцэніраваны т-рам імя Я.Коласа, 1972) праблемы грамадз. адказнасці чалавека перад самім сабой, народам, гісторыяй. Апавяд. «Хлеб», аповесці «Першы генерал» (апубл. пад назвай «Лёс майго земляка»), «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (абедзве 1970), кінааповесць «Эшалон прайшоў» (1971, кінафільм «Хлеб пахне порахам», 1974), раман «Петраград—Брэст» (1981—83) на гісторыка-рэв. тэму. У раманах «Атланты і карыятыды» (1974, аднайм. відэафільм Бел. тэлебачання, 1980; інсцэніраваны Куйбышаўскім т-рам драмы імя М.Горкага, 1978), «Вазьму твой боль» (1978, аднайм. кінафільм, 1981; Дзярж. прэмія Беларусі 1982) паказ актыўнай пазіцыі сучасніка, яго непрымірымасці да кансерватызму, бюракратызму. Аповесці «Шлюбная ноч» (1975, кінафільм «Вясельная ноч», 1980) і «Гандлярка і паэт» (1976, аднайм. кінафільм, 1978) пра складаныя шляхі людзей з нар. нізоў да актыўнай барацьбы ў гады Вял.Айч. вайны. У рамане «Зеніт» (1987) падзеі апошняга года Вял.Айч. вайны. Аповесці «Ахвяры» (1990), «Падзенне» (1994), раман «Злая зорка» (1991), «Аповесці Івана Андрэевіча» (1993) і інш. пра жыццё Беларусі ў постчарнобыльскі час. У аповесцях «Выкармак» (1996), «Завіхрэнне» (1998), «Пошукі прытулку» (1999), «У засенні палаца», «Стары рамантык», рамане «Губернатар» (усе 2000) і інш. вострая крытыка сац. выдаткаў працэсу капіталізацыі краіны, які прывёў да антыгуманных праяў у грамадстве. Раман «Вялікая княгіня» (1996) на гіст. тэматыку. Майстрам вострага, дынамічнага сюжэта, займальнай інтрыгі выявіў сябе ў драматург. творчасці. Яго п’есы вызначаюцца шырокім падзейна-тэматычным і ідэйна-пафасным дыяпазонам. Творчая манера драматурга эвалюцыяніравала ад распрацоўкі дэтэктыўна-прыгодніцкіх фабул («Не верце цішыні», паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1958, і інш.) і паказу пераважна знешняй падзейнасці («Дзеці аднаго дома», паст. т-рам юнага гледача, 1967) да ўсебаковага даследавання мікракосмасу грамадства: рэзкай крытыцы падвергнута мяшчанства ў п’есе «Выгнанне блудніцы» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1961, і інш.), праблемы няпростага сталення маладой асобы склалі сэнсава-выяўл. стрыжань п’ес «Экзамен на восень» (паст. т-рам юнага гледача, 1974, Гомельскім т-рам, 1975, і інш.), «Баталія на лузе» (1972, ставілася аматарскімі т-рамі), «Залаты медаль» (паст. Магілёўскім абл.драм. т-рам драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, 1980, і інш.). Псіхал. драма «І змоўклі птушкі» (паст. Брэсцкім т-рам, т-рам імя Я.Купалы, абодва 1977, і інш.) — апалогія чуласці, спагаднасці, душэўнай далікатнасці ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі. Літ.-крытычныя артыкулы, выступленні, партрэты знаёмых і сваякоў у кнігах «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986), аповесці «Слаўся, Марыя» (1999) і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1965—66;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1977—79;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992.
Літ.:
Гардзіцкі А. Творчасць Івана Шамякіна. Мн., 1971;
Каваленка В.А. Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦОЎНАЕ ПРАВА
Навук. даследаванні ў галіне прац. права Беларусі ў сав. час развіваліся ў цеснай сувязі з развіццём рас. навукі прац. права. Пашырэнне заканатворчых правоў саюзных рэспублік, аднаўленне і фарміраванне асн.навук. цэнтраў — БДУ, АН Беларусі — дало магчымасць стварыць у 1960-я г. перадумовы для падрыхтоўкі навук. кадраў і даследаванняў у галіне прац. права Беларусі. Фарміраванне бел. школы прац. права звязана з імёнамі Л.Я.Астроўскага і В.І.Семянкова, якія былі пачынальнікамі даследаванняў у галіне прац. часу, аховы працы ў Беларусі. Вывучаліся роля прафсаюзаў у галіне аховы працы, праблемы прац. часу ў прамысловасці, прававыя праблемы аховы працы (Ю.П.Смірноў). У 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар прац. і гаспадарчага права. У 1970—80-я г на кафедрах грамадз. працэсаў і прац. права юрыд. ф-та БДУ праводзіліся навук. і метадычныя даследаванні па пытаннях выкарыстання прац. часу, адпачынку, прац. дысцыпліны, атэстацыі працоўных і служачых (Я.М.Ануфрыеў, В.П.Дуюн, Х.Т.Мялешка), прац. спрэчак (В.Г.Ціхіня, М.Р.Юркевіч), віны ў сав.прац. праве, матэрыяльнай адказнасці работнікаў (А.М.Хвастоў), сумяшчэння прафесій і пасад, рэгулявання працы работнікаў аўтатранспарту, прац. дагавора (В.А.Глозман) і інш. Падрыхтаваны навук. і навукова-метадычныя працы, у т. л. «Практыкум па савецкаму працоўнаму праву» (1984). Падрыхтоўкай праектаў нарматыўных актаў, сістэматызацыяй заканадаўства аб працы і яго тлумачэннем займаўся Б.А.Волкаў, праблемамі прафес. падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў у Рэспубліцы Беларусь — В.М.Арцёмава.
Завяршэнне фарміравання бел. школы прац. права звязана з арганізацыяй і правядзеннем комплексных даследаванняў па праблемах калект. дагавору (Г.І.Лях), прававога рэгулявання размеркавання прац. рэсурсаў (М.А.Гарбаток), прававога стану вытворчай адзінкі і вытворчага аб’яднання ў сістэме прац. адносін (Л.І.Ліпень), прац. дагавору (Дз.А.Калбасін), матэрыяльнай адказнасці работнікаў сістэмы дзярж. гандлю (Р.А.Васілевіч), судовай практыкі і ўдасканалення прац. заканадаўства (В.С.Курылёва) і інш. Вывучаліся таксама пытанні ўжывання норм прац. права аб заахвочваннях і спагнаннях, прававыя праблемы ўзгаднення інтарэсаў уласніка і прац. калектыву ў сферы кіравання працай, прававога становішча жанчын у сувязі з мацярынствам, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы (А.А.Войцік, Т.М.Петачэнка, М.М.Сатоліна, Н.І.Красоўская). Тэарэтычныя праблемы кадыфікацыі заканадаўства аб працы вывучаў В.І.Крывы, пад кіраўніцтвам якога аўтарскія калектывы ў 1993 падрыхтавалі каментарыі да Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, у 2000 — паартыкульнага каментарыя да Працоўнага кодэкса Беларусі. Вучоныя-юрысты БДУ даследуюць асаблівасці прававога рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў (А.А.Войцік, К.Л.Тамашэўскі), пытанні забеспячэння законнасці і дысцыпліны працы (А.П.Дубавец), прынцыпы і крыніцы прац. права (Х.Т.Мялешка, Т.М.Петачэнка), супярэчнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні прац. права (В.С.Курылёва), калект. і параўнаўчага прац. права (В.У.Часаліна). У аддзеле прац. і грамадз. права Ін-та дзяржавы і права Нац.АН Беларусі аналізуюцца асаблівасці прац. статуса наймальніка (Н.М.Чарнаруцкая), прац. адносін асоб, якія працуюць па сумяшчальніцтве (Т.В.Каробкіна), пытанні прававога рэгулявання прац. дагавора (Н.І.Тарасевіч), кампенсацыі маральнай шкоды ў прац. праве (Я.У.Моціна), права на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (В.І.Семянкоў) і інш. Навукова-даследчай і выкладчыцкай дзейнасцю ў сферы прац. права займаюцца супрацоўнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Т.Н.Важанкова, К.І.Кенік, Г.Б.Шышко), Акадэміі МУС (М.А.Гарбаток, А.А.Грачанкоў, Дз.А.Калбасін). Даследаванні ў галіне прававога рэгулявання працы вядуць таксама Т.К.Брытава, К.К.Уржынскі і прадстаўнікі Гродзенскай школы права сац. забеспячэння Л.Я.Абрамчык, С.У.Агіявец, Л.Р.Беразоўская, І.А.Бялова, І.В.Гушчын, В.С.Елісееў, Я.А.Пажога.
Апублікаваны «Каментарый да Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (пад рэдакцыяй Р.А.Васілевіча, 1999, 2-е выд. 2003). Падрыхтаваны і выдадзены першыя падручнікі для студэнтаў: «Працоўнае права» (пад рэдакцыяй В.І.Семянкова; 1997, 2002). У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнага ажыццяўлення і абароны прац. правоў як гарантый стварэння прававой дзяржавы, удасканалення арганізац.-прававых форм узаемадзеяння прац., грамадзянскага і гасп. права, тэндэнцыі іх развіцця. Працягваюцца даследаванні тэарэт. і практычных праблем рэалізацыі прац. права.
Літ.:
Семенков В.И. Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;
Яго ж. Охрана труда в СССР. Мн., 1976;
Островский Л.Я. Рабочее время по советскому трудовому законодательству. Мн., 1963;
Яго ж. Нормы затрат труда рабочих и служащих. Мн., 1970;
Хвостов А.М. Вина в советском трудовом праве. Мн., 1970;
Дуюн В.П. Рабочее время и время отдыха. Мн., 1985;
Кривой В.И. Вахтовый метод: правовые вопросы. М., 1989;
Яго ж. Кодификация законодательства о труде Беларуси. Мн., 1997;
Курылева О.С. Судебная практика и совершенствование трудового законодательства. Мн., 1989;
Мелешко Х.Т. Правовые проблемы аттестации рабочих и служащих. Мн., 1990;
Кеник К.И. Судебная практика по трудовым делам. Мн., 2000;
Шишко Г.Б. Трудовая дисциплина. Мн., 2000;
Важенкова Т.Н. Трудовое право Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЯ ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯРНЫХ ЗЛУЧЭННЯЎ
Высокамалекулярныя злучэнні пачалі вывучаць у 1936 у Ін-це хіміі АН Беларусі. Даследаваліся растворы палімераў і калоідаў. Вывучаны заканамернасці набракання каўчуку і гумы ў змешаных растваральніках, структура макрамалекул прыродных бялкоў, штучныя матэрыялы на аснове высокамалекулярных злучэнняў лубіну; распрацаваны інгібітары працэсаў акіслення натуральнага і сінт. каўчуку (М.Ф.Ярмоленка). У 1940 створана першая лабараторыя высокамалекулярных злучэнняў, дзе даследаваны тэрмадынамічныя ўласцівасці раствораў высокамалекулярных злучэнняў, кінетыка і раўнаважнасць набракання палімерных матэрыялаў, тэмпературныя залежнасці скорасці набракання, цеплавыя эфекты (С.М.Ліпатаў).
У наш час даследаванні па хіміі высокамалекулярных злучэнняў вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі, Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Іх умоўна можна падзяліць на тры асн. групы: сінтэз, хім. пераўтварэнні, атрыманне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў. Сярод работ па сінтэзе важнае месца належыць даследаванням працэсаў атрымання поліімідаў, а таксама полімерызацыя розных манамераў, у т. л. з выкарыстаннем металаарган. каталізатараў. У гэтым кірунку вылучаюцца работы па сінтэзе поліцыклагексадыену, звышвысокамалекулярнага поліэтылену, палімераў вінілтэтразолаў і нафтапалімерных смол. Найб. актыўна вывучаюцца працэсы хім. мадыфікавання прыродных і сінт. палімераў, у т. л. цэлюлозы, з мэтай стварэння на іх аснове новых матэрыялаў тэхн. і мед. прызначэння. Устаноўлена, што ў аснове змянення ўласцівасцей палімераў пры мадыфікаванні іх метадамі прышчэпачнай полімерызацыі, палімераналагічных пераўтварэнняў і сшывання ляжыць змяненне энергіі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў элементах мікрагетэрагеннай структуры.
Распрацаваны сінтэтычныя палімерныя іаніты, якія выкарыстоўваюцца ў якасці іонаабменнай глебы, а таксама валакністыя іонаабменнікі, сарбенты; магн. і электрэтныя пластыкі для мед. тэхнікі; інгібіраваныя плёначныя матэрыялы для аховы металаў ад электрахім. і біял. карозіі і інш.
Шляхам хім. мадыфікавання цэлюлозы фосфарнымі к-тамі атрыманы вогне- і біяахоўныя драўняныя матэрыялы і баваўняныя тканіны. Фасфатацэлюлозныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў медыцыне для стабілізацыі донарскай крыві. Хім. мадыфікаванне цэлюлозы аксідамі азоту пакладзены ў аснову метадаў атрымання розных лекавых прэпаратаў пралангаванага дзеяння, а таксама растваральных у арган. растваральніках цалкам ці часткова замешчаных ацэтатаў цэлюлозы, водарастваральных нізказамешчаных сульфатаў поліцукрыдаў і інш. Пры вывучэнні ўзаемадзеяння азотнай к-ты з цэлюлозазмяшчальнай расліннай сыравінай распрацаваны эфектыўны спосаб атрымання радыеактыўна чыстых цэлюлозы і нітралігніну з забруджанай сыравіны. Для працэсаў асвятлення, стэрылізацыі і канцэнтравання раствораў біялагічна актыўных рэчываў, перапрацоўкі малочных прадуктаў, асвятлення пладова-ягадных сокаў і він, ачысткі сцёкавых вод выкарыстоўваюцца мікра- і ультрафільтрацыйныя мембраны на аснове ацэтату цэлюлозы і рэгенерыраванай цэлюлозы, супалімераў акрыланітрылу, араматычнага поліаміду і полісульфону. На аснове мадыфікаваных водарастваральных палімераў (у т. л. поліцукрыдаў і прадуктаў шчолачнага гідролізу адходаў вытв-сці поліакрыланітрыльных валокнаў) створаны дэпрэсары пустой пароды для флатацыйнага абагачэння хлорыстага калію, звязвальныя рэчывы для фарбаў і буд. матэрыялаў, поліэлектралітныя комплексы і гідрагелі, заменнікі плазмы крыві. На аснове мадыфікаваных сінт. палімераў атрыманы электраізаляцыйныя матэрыялы з лабільнай трохвымернай структурай, тэрмаклеявыя парашкі, кляі-расплавы, паляроідныя плёнкі для вадкакрышталічных прылад.
У галіне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў вывучаюцца заканамернасці змянення структуры і ўласцівасцей палімераў пры ўзаемадзеянні з электрычнымі і магн. палямі, патокамі іанізуючых часціц, лазернымі выпрамяненнямі, мех. ўздзеяннямі, знешнімі агрэсіўнымі асяроддзямі. У выніку даследаванняў сумесей і сплаваў на аснове палімераў вывучаны механізмы кіравання міжфазнымі ўзаемадзеяннямі і сумяшчальнасці макрамалекул, атрыманы новыя віды кампазіцыйных матэрыялаў на аснове поліаміду і поліэтылентэрэфталату. Распрацаваны безазбеставыя фрыкцыйныя матэрыялы на палімернай аснове і вырабы з іх. Створаны палімерныя кампазіцыі з павышанай устойлівасцю да працэсаў тэрмічнай і тэрмаакісляльнай дэструкцыі, а таксама са зніжанай гаручасцю.
Значны ўклад у хімію і фізіку высокамалекулярных злучэнняў зрабілі акад.Нац.АН Беларусі У.Я.Агабекаў, У.А.Белы, Ф.М.Капуцкі, А.І.Лесніковіч, У.С.Салдатаў, А.І.Свірыдзёнак, І.М.Ярмоленка; чл.-кар. П.І.Бялькевіч, М.П.Круцько, Ю.М.Плескачэўскі, М.Р.Пракапчук, А.І.Рацько, Р.Л.Старобінец; д-ры навук А.В.Більдзюкевіч, А.І.Валожын, П.М.Гапонік, Б.Э.Гелер, В.А.Гальдадэ, А.А.Івашкевіч, Л.С.Карэцкая, Л.П.Круль, Э.Ц.Круцько, М.А.Ксенафонтаў, Б.І.Купчынаў, М.Р.Лін, А.У.Макарэвіч, С.У.Маркевіч, П.А.Матусевіч, С.Ф.Навумава, Л.С.Пянчук, С.С.Пясецкі, А.В.Рагачоў, М.М.Равяка, Дз.В.Свірыдаў, В.В.Смірноў, В.А.Струк, У.А.Тарасевіч, А.І.Шадыра, Я.І.Шчарбіна, А.Р.Юркевіч, М.І.Ягоранкаў і інш.
Літ.:
Солдатов В.С. Химия высокомолекулярных соединений // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. №4;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий: Сб. ст. к 20-летию НИИ физ.-хим. проблем БГУ. Мн., 1998;
Солдатов В.С. Полимерные и композиционные материалы // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002;
Плескачевский Ю.М., Савицкий В.Н. Полимерные и композиционные материалы и их применение // Там жа;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 2. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл.Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б.СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.
Літ.:
Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),
лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш.Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).
Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.М.Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.П.Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.
Літ.:
Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;
Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.