ЗАРДАРА́Н Аганес Мкртычавіч (н. 20.1.1918, г. Карс, Турцыя),

армянскі жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1963). Чл.-кар. АН СССР (1958). Аўтар гіст. карцін («Заложнікі фашызму», 1943), лірычных пейзажаў («Армянскі пейзаж», 1944, «Бераг Севана», 1947, «Бюракан восенню», 1959), а таксама пейзажаў з жанравымі матывамі («Вясна», 1956, трыпціх «Абуджэнне», 1971), партрэтаў, нацюрмортаў. Творам характэрна дэкар. спалучэнне гучных, святланосных колеравых плоскасцей. Афармляў спектаклі «Гаянэ» А.​І.​Хачатурана ў Армянскім акад. т-ры оперы і балета ў Ерэване (1971) і інш., аўтар артыкулаў па пытаннях выяўл. мастацтва.

А.Зардаран. Вясна. 1956.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІЯ ЗАТРА́ТЫ,

расходы прадпрымальніка, звязаныя з заснаваннем і арганізацыяй прадпрыемства, набыццём асн. сродкаў для яго функцыянавання. Уключаюць расходы на заснаванне, рэгістрацыю кампаніі (атрыманне ліцэнзіі, расходы на падпіску і размеркаванне каштоўных папер, адкрыццё рахунку) і «першасныя» затраты, г. зн. расходы, неабходныя для таго, каб пачаць работу прадпрыемства (рэклама, маркетынгавыя даследаванні); расходы на павелічэнне акц. капіталу — на эмісію аблігацый, прэміі па аблігацыях, набыццё нерухомасці. З.з. павінны быць пакрыты ў як мага больш кароткі тэрмін, яны не ўлічваюцца як актывы кампаніі і не прымаюцца ў разлік пры яе лігаідацыі.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕ́НСКІ Леанід Сямёнавіч (н. 1.9.1937, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лясной гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1984), праф. (1986). Скончыў Бел. тэхнал. ун-т (1962), у якім і працуе (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па агратэхніцы вырошчвання дрэвавых парод, ахоўных насаджэнняў, рэкультывацыі зямель, механізацыі лесагасп. вытв-сці, глебава-экалагічнай ацэнцы тэхнагенных ландшафтаў.

Тв.:

Лесовыращивание на выработанных торфяниках. М., 1978;

Облесение карьеров нерудных ископаемых и выработанных торфяников. Мн., 1982;

Механизация лесохозяйственных работ с основами теоретической механики. Мн., 1995.

т. 7, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМЕ́НКА Тамара Гардзееўна (н. 1.5.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі глеб. Д-р біял. н. (1978), праф. (1994). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-тах біялогіі, эксперым. батанікі. У 1966—97 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па рэгуляванні мікрабіял. працэсаў у глебе ў мэтах меліярацыі, с.-г. выкарыстання, аховы ад негатыўных наступстваў антрапагеннага ўздзеяння.

Тв.:

Микробиологические процессы в мелиорированных торфяниках Белоруссии и их направленное регулирование. Мн., 1977;

Микробные ценозы торфяных почв и их функционирование. Мн., 1983 (у сааўт.).

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНІ́ЦКАЯ Вольга Сямёнаўна (11.6.1914, в. Хіжна Чаркаскай вобл., Украіна — 5.11.1986),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1971). Скончыла Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1938). У 1934—63 у ВНУ Ташкента і Кіева, з 1963 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці (АТА). Распрацавала фіз. аспекты і матэм. апарат тэтраднай фармулёўкі АТА, прапанавала сістэматызацыю гравітацыйных эфектаў, прадказаных АТА.

Тв.:

Обобщенные преобразования Лоренца и их применение. Мн., 1969;

Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновой теории тяготения. Мн., 1979.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬКЕ́ВІЧ Георгій Іванавіч (н. 15.4.1935, в. Бараўцы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Канд. геолага-мінералаг. навук (1987). Скончыў БДУ (1958). З 1976 гал. геолаг Бел. гідрагеал. экспедыцыі. Навук. працы па методыках і праграмах рэгіянальных даследаванняў Беларусі, складанні зводных геал. картаў, вывучэнні стратыграфіі антрапагенавых адкладаў, геал. будовы і карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Геология антропогена Белоруссии Мн., 1973 (у сааўт.);

Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.);

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982 (у сааўт.);

Логойская астроблема. М., 1991 (у сааўт.).

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬКЕ́ВІЧ Мікалай Мікалаевіч (н. 1.8.1958, в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайск. вучылішча (1979), Акадэмію Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) Рас. Федэрацыі (1993). Служыў ва Узбекістане, Афганістане, Азербайджане. З 1992 нач. Цэнтра грамадскіх сувязей Упраўлення ФСБ Рас. Федэрацыі па Смаленскай вобл. Аўтар дакумент. твораў пра паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. на Смаленшчыне, пра лёсы дзеячаў бел. культуры — М.​І.​Гарэцкага (кн. «Душа дваілася...», 1997), Г.​І.​Гарэцкага («Акадэмік Гаўрыіл Гарэцкі», 1998), В.​Ластоўскага, Я.​Лёсіка, А.​Ляўданскага і інш.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМШАНЕ́ЦКІ Аляксандр Аляксандравіч (н. 8.1.1905, Кіеў),

расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Акад. Рас. АН (1962, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі ун-т (1926). З 1930 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР (у 1949—85 дырэктар). Навук. працы па біялогіі, марфалогіі, эксперым. зменлівасці мікраарганізмаў, пра іх ролю ў кругавароце рэчываў, касм. біялогіі. Атрымаў поліплоідныя культуры дражджэй Candida і некат. бактэрый. Даследаванні І. маюць практычнае значэнне ў вытв-сці ферментаў, антыбіётыкаў, спірту і інш.

Тв.:

Микробиология целлюлозы. М., 1953;

Экспериментальная изменчивость микроорганизмов. М., 1956.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. inductio навядзенне), фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці эл. ланцуга. Адрозніваюць І. статычную Lст = Φ/I, дзе Φ — магнітны паток, счэплены з контурам, па якім працякае ток I, і дынамічную Lg = lim ΔI→0 ΔΦ / ΔI = dΦ / dI .

І. залежыць ад памераў і канфігурацыі праваднікоў эл. ланцуга, ад магн. пранікальнасці праваднікоў і навакольнага асяроддзя. Пры адсутнасці ферамагнетыкаў і дэфармацый элементаў ланцуга І. не залежыць ад сілы току. Адзінка І. ў СІ — генры (Гн). Гл. таксама Індуктыўнасці шпуля, Самаіндукцыя.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ БІ́ЗНЕС МЭШЫ́НС КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(International Business Machines Corporation),

электронная кампанія ЗША. Засн. ў 1911. Штаб-кватэра размешчана ў г. Арманк (штат Нью-Йорк). Адна з найб. у свеце прамысл. кампаній па вытв-сці офіснага абсталявання, выліч. тэхнікі, камп’ютэраў, размнажальных машын, дыктафонаў і інш. У сярэдзіне 1980-х г. кантралявала каля 60% сусв. вытв-сці ЭВМ, у кампаніі было занята 387 тыс. чал. Абарот складаў 59,7 млрд. дол., чысты прыбытак — 5,8 млрд. долараў. Сярод распрацовак кампаніі — жорсткі магнітны дыск (т.зв. вінчэстэр), найб. папулярная мадэль персанальнага камп’ютэра.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)