АДАМО́ВІЧ Ян, бел. гравёр па шкле 18 ст. Працаваў на шкломануфактурах Радзівілаў у мяст. Бяла-Падляска (цяпер Польшча), на мануфактуры ў в. Урэчча (Любанскі р-н Мінскай вобл.). У 1781 гравіраваў сталовы посуд і люстэркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́Ў (Adamov) Арцюр
(28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),
французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.Чэхава і М.Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.Гогаля.
Тв.:
Рус.пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;
Весна семьдесят первого. М., 1968.
Літ.:
Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г.спец. школа-інтэрнат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС (Adams) Джон
(19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),
дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС (Adams) Джон Каўч
(5.6.1819—21.1.1892),
англійскі астраном. Прэзідэнт Лонданскага астр.т-ва, дырэктар Кембрыджскай астр. абсерваторыі (з 1861). Працы па нябеснай механіцы (асн. з іх — тэарэтычнае вызначэнне векавога паскарэння Месяца). На аснове матэм. аналізу няправільнасцяў у руху планеты Уран незалежна ад У.Левер’е ў 1845 адкрыў планету Нептун. Прапанаваў рознасны метад лікавага інтэгравання звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў першага парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС (Adams) Джон Куінсі
(11.7.1767, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 23.2.1848),
дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат. Сын прэзідэнта Дж.Адамса. Першы пасланнік ЗША у Расіі (1809—14), садзейнічаў умацаванню рас.-амер. адносін. У 1815—17 пасланнік ЗША у Англіі. У 1825—29 прэзідэнт ЗША. Адзін з аўтараў Манро дактрыны. Выступаў у кангрэсе як прадстаўнік памяркоўнага крыла праціўнікаў рабства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС (Addams) Джэйн
(6.9.1860, Седэрвіл, штат Ілінойс, ЗША — 21.5.1935),
грамадскі дзеяч ЗША. Дзеяч амер.сац. рэфармізму і міжнар. жаночага руху, пацыфістка. У 1889 заснавала ў Чыкага Хал-хаўс — комплекс сац., культ.-асв. і інш. устаноў для беднякоў-імігрантаў. Віцэ-прэзідэнт Амер. асацыяцыі за выбарчае права жанчын (1911 — 14), старшыня Жаночай партыі міру (з 1915), прэзідэнт Міжнар. жаночай лігі за мір і свабоду (1919—29). Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Н.Батлерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС (Adams) Сэмюэл
(27.9.1722, г. Бостан — 2.10.1803),
амерыканскі паліт. дзеяч, адзін з арганізатараў вызв. барацьбы ў час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Кіраваў рэв. арг-цыяй «Сыны свабоды». Заснаваў Карэспандэнцкі к-т у Бостане (1772), на ўзор якога ва ўсіх англ. калоніях былі створаны падобныя рэв. органы ўлады. Выступаў за прыняцце «Біля аб правах» і адмену рабства. У 1794—97 губернатар штата Масачусетс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМСАН (Adamson) Амандус Генрых
(12.11.1855. г. Палдыскі, Эстонія — 26.6.1929),
эстонскі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1876—79), акадэмікам якой выбраны ў 1907. У традыцыях рус.рэаліст. скульптуры выкананы найб. вядомыя яго работы: «Апошняе дыханне карабля» (1899), «Русалка» — помнік маракам, што загінулі на браняносцы «Русалка» (1902, Талін), помнік Чарнаморскай эскадры, затопленай у час Крымскай вайны (1905, Севастопаль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМСІ́Т,
дыгідрафенарсазінхларыд, HN(C6H4)2AsCl, гетэрацыклічнае злучэнне мыш’яку. Атрутнае рэчыва слёзатачывага дзеяння. Жоўтыя крышталі, tпл 195 °C. Лятучы, нерастваральны ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў, хімічна ўстойлівы. Як хім. зброя ўпершыню выкарыстаны ў 1-ю сусв. вайну.