ШТА́ЎДЫНГЕР (Staudinger) Герман (23.3.1881, г. Вормс, Германія — 8.9.1965),

нямецкі хімік, адзін з заснавальнікаў хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-р філасофіі (1903). Вучыўся ва ун-тах Гале і Мюнхена (1898—1900). З 1903 працаваў у Страсбургскім ун-це. З 1908 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, Федэральнай вышэйшай школы ў Цюрыху (1912—26) і Фрайбургскага ун-та (1926—51). Дырэктар Дзярж. ін-та высокамалекулярных злучэнняў (1940—56). Асн. навук. працы па хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Даказаў, што палімеры складаюцца з вял. малекул. Увёў тэрмін «макрамалекула», распрацаваў тэорыю будовы палімераў. Нобелеўская прэмія 1953.

Г.Штаўдынгер.

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНАЕ ЛЁГКАЕ, аксігенатар,

тэхнічная прылада, якая забяспечвае функцыю газаабмену арганізма з навакольным асяроддзем па-за арганізмам. Састаўная ч. апаратаў штучнага кровазвароту і дыхання.

Вылучаюць Ш.л. адна- і шматразовыя, плёначнага, мембраннага і інш. тыпаў, якія складаюцца з розных камер (напр., газаабменнай) і канструкцый. Прынцып работы Ш.л. засн. на ўзаемадзеянні вянознай крыві, якая паступае з арганізма ў газаабменную камеру, са стэрыльным кіслародам, што падаецца туды. Пасля выдалення вуглякіслага газу і лішку кіслароду кроў вяртаецца ў сасудзістае рэчышча з дапамогай помпы. Выкарыстоўваецца пры правядзенні кардыяхірург. аперацый, рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭРН (Stem) Ота (17.2.1888, Зораў, Германія — 17.8.1969),

нямецкі і амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1945). Скончыў ун-т у г. Брэслаў (цяпер Вроцлаў, Польшча). З 1933 у ЗША. Праф. тэхнал. ін-та ў Пітсбургу (з 1933) і Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (з 1946). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядз. фізіцы, квантавай тэорыі. Упершыню вызначыў скорасць малекул газу (1920; дослед Ш.). Даказаў наяўнасць магн. моманту ў атамаў (з ням. фізікам В.​Герлахам; гл. Штэрна—Герлаха дослед). Вызначыў магн. момант пратона (з ням. фізікам Р.​Фрышам). Нобелеўская прэмія 1943.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ІН Канстанцін Аляксандравіч (4.11.1913, с. Барысаўскае Яраслаўскай вобл., Расія — 13.6.1991),

бел. вучоны ў галіне агародніцтва. Д-р с.-г. н., праф. (1964). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя Ціміразева (1940). Працаваў у Бурацкім с.-г. ін-це. З 1961 заг. кафедры агародніцтва БСГА. Навук. працы па агратэхніцы і арашэнні агароднінных культур, вырошчванні агародніны ў ахаваным грунце.

Тв.:

Овощные культуры. Мн., 1974;

Производство овощей в Нечерноземье. Л., 1982 (разам з І.​Ц.​Дударавым, П.​С.​Міранцовым);

70 видов овощей на огороде. 2 изд. Мн., 1985;

Овощеводство. Мн., 1987.

т. 17, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЛЁЎ Генадзь Сяргеевіч (н. 1.7.1933, г. Струніна Уладзімірскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1965), праф. (1992). Скончыў Калінінградскі тэхнал. ін-т рыбнай прам-сці і гаспадаркі (1960). У 1977—97 у Гомельскім політэхн. ін-це (у 1979—95 заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні, даследаванні і ўкараненні ў вытв-сць высокаэфектыўных і канкурэнтаздольных магнітаэлектрычных спосабаў апрацоўкі, умацавання і аднаўлення дэталей машын і механізмаў.

Тв.:

Чистовая обработка деталей в магнитном поле ферромагнитными порошками. Мн., 1967 (разам з Я.​Р.​Канавалавым).

т. 17, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЛЬЦ Міхал (1769—1812),

літоўскі і бел. архітэктар. У 1788 скончыў Гал. школу ВКЛ (з 1803 Віленскі ун-т), з 1797 выкладаў у ёй (з 1799 праф., узначальваў кафедру архітэктуры). На Беларусі паводле яго праекта пабудаваны палац Агінскіх у в. Залессе Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (гл. Залескі палацава-паркавы ансамбль). Распрацаваў 2 праекты гімназічнага комплексу ў г. Свіслач Гродзенскай вобл. (1802, 1810, не рэалізаваны). У пач. 19 ст. кіраваў рэстаўрацыйнымі работамі па аднаўленні ў Вільні Кафедральнага сабора, касцёла св. Ганны і інш.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 17, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСДЫВІ́ЗАРСКА-ТАКСА́ТАРСКІ СУД,

часовы суд у Беларусі і Літве ў канцы 16—1-й пал. 19 ст. па падзеле землеўладання неплацежаздольнага даўжніка паміж крэдыторамі прапарцыянальна іх прэтэнзіям. Уведзены Статутам ВКЛ 1588. Выконваўся падкаморым паводле пастановы земскага суда або Трыбунала Вялікага княства Літоўскага адпаведна чарговасці іскаў. Пасля далучэння ВКЛ да Рас. імперыі Э.-т.с. прызначаліся гал. судамі губерняў звычайна ў складзе 3 членаў земскага суда, рэгента і каморніка, а калі справа датычыла значных маёнткаў, то і да 12 членаў. Скасаваны разам са Статутам ВКЛ у 1840.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАКАРДЫЯГРА́ФІЯ (ад электра... + кардыяграфія),

метад рэгістрацыі эл. актыўнасці сардэчнай мышцы. Для Э. выкарыстоўваюць спец. прыборы — электракардыёграфы, якія з дапамогай электродаў улоўліваюць эл. сігналы сэрца з паверхні цела, узмацняюць іх і ўзнаўляюць на паперы або экране манітора. Крывая змены ў часе рознасці патэнцыялаў паміж двума пунктамі эл. поля працуючага сэрца на працягу сардэчнага цыкла наз. электракардыяграмай (ЭКГ). Яна адлюстроўвае распаўсюджванне ўзбуджэння (эл. імпульсаў) па міякардзе. З дапамогай Э. вывучаюць электрафізіял. ўласцівасці сардэчнай мышцы, ставяць дыягназ парушэнняў рытму сэрца, праводнасці і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭЛЕКТРАМО́ДУЛЬ»,

спецыялізаванае прадпрыемства па вытворчасці сілавой пераўтваральнай тэхнікі. Пабудавана ў г. Маладзечна Мінскай вобл. ў 1970 як з-д сілавых паўправадніковых вентыляў.

З 1986 ВА, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Электрамодуль». У яго склад уваходзяць 2 даччыныя фірмы «Электрамаш» і «БелОвен». Асн. прадукцыя (2003): сілавая пераўтваральная тэхніка (дыёды і блокі паўправадніковыя выпрамляльныя, блокі зварачныя, рэгулятары напружання), спец. тэхнал., вентыляцыйнае і для зварачнай вытв-сці абсталяванне, некат. віды тэхнал. аснасткі, тавары нар. ўжытку (мэблевая і буд. фурнітура, камплектуючыя для эл. абсталявання матацыклаў, мед. тэхніка і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НЬЕЎ Георгій Сямёнавіч (5.5.1898, С.-Пецярбург — 1991),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Д-р біял. н. (1949), праф. (1951). Скончыў Казанскі ун-т (1929). У 1931—47 заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН СССР. У 1950—54, 1957—70 у БДУ (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні працэсаў узбуджэння ў ц. н. с., умоўных мігальных рэфлексаў у залежнасці ад віду раздражнення, перадачы нерв. імпульсу ў нервова-мышачных прэпаратах, фібрыляцыі і дэфібрыляцыі сэрца.

Тв.:

Скорость распространения возбуждения в центральной нервной системе. Мн., 1963.

т. 18, кн. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)