БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),
род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДО́ (Bordeaux),
горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Жыронда і гал. горад гіст. вобласці Гіень і Гасконь, на р. Гарона, за 97 км ад Біскайскага зал. Вядомы яшчэ да рымскага заваявання Галіі ў 1 ст. да нашай эры. 213 тыс.ж., з прыгарадамі 686 тыс.ж. (1990). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў (аванпарты Паяк, Вердон і інш.), Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапрацоўка, судна- і авіябудаванне, агульнае машынабудаванне, металург., хім., тэкст., дрэваапр.прам-сць, харч. прадпрыемствы (цукр., шакаладныя, кансервавыя і інш.). Вінаробства. Ун-ты (старэйшы з 1441), вышэйшыя школы выяўл. мастацтва (1712) і марская (1613). Музей выяўл. мастацтваў і інш. Шматлікія арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманска-гатычны сабор Сент-Андрэ (12—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСТО́К (Марына) (Марыя Мікітаўна; 15.4.1916, в. Наркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — чэрв. 1994),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1950). Скончыла БДУ (1945). Настаўнічала. У 1949—53 і 1959—78 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкавалася з 1934. Аўтар даследаванняў пра творчасць Я.Коласа, П.Глебкі, П.Броўкі, Я.Маўра, М.Танка, Г.Бураўкіна, кніг «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; 2-е выд. 1973), «Максім Багдановіч» (1961; 3-е выд. 1991). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966, 2-е выд. 1980) і інш. Пісала вершы.
Тв.:
Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РНЫ ЦІСК,
ціск паветра на паверхню Зямлі і на ўсе прадметы ў атмасферы. Вымяраецца барометрам, фіксуецца барографам. Сярэдняя велічыня на ўзроўні мора 1013,25 мілібар (мб), што адпавядае 760 мм ртутнага слупа, ці 1013,25 гектапаскалям (гПа). З вышынёй атмасферны ціск змяншаецца (у прыземным слоі паветра прыблізна на 1 гПа на кожныя 8 м). Ваганні атмасфернага ціску бываюць перыядычныя — сутачныя, гадавыя (выклікаюцца нераўнамернасцю награвання і ахаладжэння зямной паверхні), неперыядычныя (найчасцей звязаны з цыклонамі і антыцыклонамі). Розніца ў атмасферным ціску з’яўляецца прычынай ветру. Рэзкія змены ціску неспрыяльныя для здароўя людзей. На Беларусі за апошнія 100 гадоў самы высокі паказчык ціску ў 1037,1 гПа адзначаны ў Гомелі (люты 1972), самы нізкі — 942,9 гПа — у Мінску (снеж. 1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАІНТАКСІКА́ЦЫЯ (ад аўта... + інтаксікацыя),
самаатручэнне, эндагенная інтаксікацыя, пашкоджанне арганізма ядамі, што ўтварыліся ў арганізме (у адрозненне ад атручэння, калі яны паступаюць звонку). Асн. групы эндагенных таксінаў складаюць рэчывы, якія ўзнікаюць або назапашваюцца ў арганізме ў празмернай колькасці пры цяжкіх захворваннях печані, нырак (дыябет, урэмія), парушэннях абмену рэчываў і дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі (тырэатаксікоз), пры шэрагу ўнутр. інфекцый (напр., дыфтэрыі), пры некрозе тканак пад уплывам злаякасных новаўтварэнняў і вял. апёкаў, пры парушэннях цячэння цяжарнасці і інш. Дзеянне эндатаксінаў рэалізуецца непасрэдна ў месцы іх утварэння або праз адмоўны ўплыў на функцыі органаў сардэчна-сасудзістай, нерв., крывяноснай і інш.сістэм. У найб. цяжкіх выпадках для ачышчэння арганізма ад іх выкарыстоўваюць складаныя тэхн. сістэмы (апараты «штучная нырка», «штучнае лёгкае», дыялізатары і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,
палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАС (італьян. basso літар. нізкі),
1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d1 (e1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.