АРБІ́НІ (Orbini) Маўра (?—1614),

далмацінскі гісторык, родапачынальнік паўднёваслав. гіст. навукі. У кн. «Славянскае царства» (1601, на італьян. мове) спрабаваў даць гісторыю ўсіх слав. народаў, паказаць іх адзінства; прапанаваў тэорыю скандынаўскага паходжання славян, памылкова далучаў да славян многія неслав. народы. У сваім творы змясціў пераклад сербскай хронікі 12 ст.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦЫЯ ў экалогіі,

метад аналізу эка- і геасістэм. Заключаецца ў размеркаванні відаў або згуртаванняў жывых арганізмаў па меры змены аднаго або некалькіх карэлявальных фактараў (напр., змена відавога складу расліннасці і мноства асобін кожнага з відаў з павелічэннем засалення глебаў са зменай мясц. балансу цяпла і вільгаці і да т.п.).

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКО́ЗЫ (франц. arcose), аркозавыя пясчанікі,

абломкавыя грубазярністыя горныя пароды пераважна з палявых шпатаў, кварцу, слюды і цэментавальнага (гліністага, карбанатнага) рэчыва. Колер ружовы ці чырвоны. Утвараюцца на перыферыі шчытоў і выступаў крышт. фундамента ў выніку разбурэння гранітаў, гнейсаў і блізкіх да іх па складзе горных парод. Сыравіна для атрымання друзу.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЕНО́ПУЛ (Armenopulos) Канстанцін (1310 — 80 ці 1383),

візантыйскі юрыст, складальнік практычнага дапаможніка па рымскім праве «Настаўленне да законаў, або Шасцікніжжа» (5 кніг пра розныя пытанні цывільнага права і адна пра злачынствы і пакаранні). Некаторыя палажэнні «Шасцікніжжа» мелі сілу закону (у Грэцыі) або былі крыніцай мясцовага права (у Бесарабіі).

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІКА́ГА,

2-я дынастыя ваенна-феад. правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1335 (1338)—1573. Улада Асікага была нетрывалая з-за ўзмацнення мясц. князёў (даймё). Міжусобныя войны, якія пачаліся з сярэдзіны 15 ст., прывялі краіну да распаду на асобныя незалежныя княствы. Апошні прадстаўнік дынастыі скінуты яп. палкаводцам Ода Набунага ў 1573.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЯЗЯ» ЖО́ЛАБ, Усходне-Меланезійскі жолаб,

глыбакаводны жолаб у паўд.-зах. частцы Ціхага ак., уздоўж паўн. падножжа падводных гор і а-воў Санта-Крус, Ануда і інш. Даўж. каля 870 км, сярэдняя шыр. 11 км, глыб. да 6150 м. Адкрыты ў 1958 сав. экспедыцыяй на н.-д. судне «Віцязь».

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАКЛАСТЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯ́Л, эксплазіўны матэрыял,

абломкавы матэрыял, які ў вадкім ці цвёрдым стане выкінуты выбухам пры вывяржэнні вулкана. Памеры ад самых дробных (вулканічны попел) да глыб (вулканічныя бомбы). Утвараецца з лаў, што вывяргаюцца, старых лаў і горных парод, што складаюць сценкі жарала вулкана і бакавых трэшчын. Гл. таксама Эксплазія.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГ,

рака ў Рэспубліцы Карэлія Расійскай Федэрацыі. Да ўпадзення ў Выгвозера наз. Верхні Выг. (даўж. 135 км), пасля выхаду з яго — Ніжні Выг. (даўж. 102 км). Упадае ў Белае м. двума рукавамі. Сярэдні расход вады 267 м³/с. Ніжні Выг уваходзіць у сістэму Беламорска-Балтыйскага канала. Каскад ГЭС.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВО́ЗЕРА (Great Bear Lake),

возера на ПнЗ Канады. Пл. 30,2 тыс. км², даўж. каля 280 км, глыб. да 137 м. Берагі высокія, скалістыя, парослыя пераважна хвойнымі лясамі. Сцёк па р. Вял. Мядзведжая ў р. Макензі. Суднаходства. Рыбалоўства. Радовішча уранава-радыевай руды. Парты: Порт-Радый, Форт-Франклін.

т. 4, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТО́ШКІН Віктар Дзмітрыевіч (н. 10.5.1925, в. Новая Мільча, цяпер у межах Гомеля),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Камандзір мінамётнага разліку сяржант Вятошкін вызначыўся пры фарсіраванні Віслы, Одэра і ў баі на подступах да Эльбы.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)