АГУ́ЛЬНАЙ І НЕАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т Акадэміі навук Беларусі, навукова-даследчая ўстанова па распрацоўцы тэарэт. і практычных праблем агульнай і неарган. хіміі. Засн. ў 1959 у Мінску на базе Ін-та хіміі АН БССР (з 1929). Асн. кірункі навук. даследаванняў: сінтэз адсарбентаў і каталізатараў, неарган. матэрыялаў з зададзеным комплексам спец. Уласцівасцяў; паверхневыя з’явы і дысперсныя сістэмы. Распрацаваны: тэхналогіі атрымання новых формаў мінер. угнаенняў; рэагентныя сумесі для флатацыі калійных рудаў Старобінскага радовішча; тэхналогіі хімічна ўстойлівых шклоэмаляў для апаратуры і трубаправодаў са сталі, актываваных вугальных валокнаў і тканін, вогнебіяахоўных матэрыялаў, святлоадчувальных кампаўндаў і лакаў, медыцынскіх геляў.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАНАРО́ДНАЯ МО́ВА агульнавядомая, зразумелая ўсім носьбітам, шырокаўжывальная ў размоўнай паўсядзённай практыцы, не абмежаваная якімі-н. стылямі разнавіднасць нацыянальнай мовы. Бел. агульнанародная мова ўключае найб. ужывальныя моўныя сродкі (у першую чаргу лексічныя), пашырана на ўсёй тэр. Беларусі. У сучасным грамадстве ролю агульнанароднай мовы выконвае бел. літаратурная мова, якая служыць агульнанац. сродкам моўных зносін. Сучасная бел. літ. мова (асабліва яе размоўная разнавіднасць) як агульнанародная мова, у адрозненне ад тэрытарыяльных (дыялект) і сацыяльных (сацыяльны дыялект, арго) разнавіднасцяў, з’яўляецца зразумелай для ўсіх беларусаў і служыць сродкам моўнага адзінства нацыі.

А.А.Лукашанец.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАРУ́СКІЯ ЛЕТАПІ́СНЫЯ ЗБО́РЫ,

летапісныя помнікі, якія ўключалі летапісанне розных цэнтраў сярэдневяковай Русі і выкладалі гісторыю асобных абласцей і княстваў з агульнарус. пункту гледжання. У 12—13 ст. складаліся ў манастырах і пры двары ўладзімірскіх князёў, у 14—16 ст. — пераважна пры дварах мітрапалітаў і вял. рус. князёў. Характарызуюцца разнастайнасцю крыніц і шырынёй паліт. кругагляду. Паняцце «Агульнарускія летапісныя зборы» ўведзена А.А.Шахматавым. Іх з’яўленне ён звязваў з дзейнасцю рус. мітрапалітаў і датаваў пач. 14 ст. У сучаснай гіст. навуцы першым з агульнарускіх летапісных збораў прынята лічыць «Аповесць мінулых гадоў».

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ А́ФРА-МАЎРЫКІ́ЙСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ

(Organisation Commune Africaine et Mauricienne; ОКАМ),

аб’яднанне афрыканскіх дзяржаў. Створана на базе Афра-малагасійскага саюза (засн. ў 1961; з 1964 Афра-малагасійскі саюз эканам. супрацоўніцтва, у 1965—74 Агульная афра-малагасійская і маўрыкійская арг-цыя). Уваходзяць (1994): Бенін, Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Маўрыкій, Нігер, Руанда, Сенегал, Сейшэльскія Астравы, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР). Гал. мэта — умацаванне эканам., сац., тэхн. і культ. супрацоўніцтва краін-удзельніц. Вышэйшы орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Штаб-кватэра ў г. Бангі (ЦАР). Друкаваны орган час. «Nations Nouvelles» («Нацыянальныя навіны»).

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

тое, што агульнае мовазнаўства.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ МЕ́РА дзвюх або некалькіх аднародных велічыняў, велічыня таго ж роду, якая ўтрымлівае цэлы лік разоў ва ўсіх зададзеных велічынях. Дзве велічыні, што не маюць агульнай меры, наз. несувымернымі (гл. Сувымерныя і несувымерныя велічыні).

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ АДНО́СНАСЦІ,

гл. ў арт. Адноснасці тэорыя.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,

навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.Месаровіч, Л.Задэ, Р.Акоф, Дж.Клір, У.Н.Садоўскі, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў, Р.Калман, Э.Ласла і інш); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.

Літ.:

Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;

Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;

Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

маёмасць, якая адначасова належыць двум і болей уласнікам, незалежна ад формы ўласнасці. У Рэспубліцы Беларусь можа належаць двум або некалькім арг-цыям, дзяржаве і адной або некалькім арг-цыям, двум і болей грамадзянам. Агульная ўласнасць, у якой вызначана доля, што належыць кожнаму ўласніку, з’яўляецца іх долевай уласнасцю. Агульная ўласнасць, дзе такая доля не вызначана, — іх сумесная ўласнасць. Валоданне, карыстанне і распараджэнне агульнай уласнасцю ажыццяўляецца са згоды ўсіх яе ўдзельнікаў; у выпадку рознагалосся вызначаецца праз суд па іску любога з яе ўдзельнікаў.

Кожны ўдзельнік агульнай долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выдатках на зборы, падаткі і інш. плацяжы па агульнай маёмасці; мае права на адчужэнне сваёй долі інш. асобе ці вылучэнне яе з агульнай маёмасці. Пры продажы долі пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі агульнай долевай уласнасці маюць пераважнае права куплі.

Г.А.Маслыка.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГУ́ЛЬНЫ ДАГАВО́Р» 1952,

Бонскі дагавор. Падпісаны паміж урадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі з аднаго боку і ФРГ з другога 26 мая ў Боне. Адмяняў акупац. статут на тэр. Зах. Германіі і ствараў дагаворную аснову для адносін паміж гэтымі дзяржавамі.

Паводле «Агульнага дагавора» ўрад ФРГ абавязваўся выконваць усе заключаныя раней ад імя Зах. Германіі дагаворы і пагадненні. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя пакідалі за сабой права размяшчаць на тэр. ФРГ свае войскі. «Агульны дагавор» падлягаў ратыфікацыі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі і павінен быў уступіць у дзеянне разам з Парыжскім дагаворам 1952. Паколькі Нац. сход Францыі 30.8.1954 Парыжскі дагавор адхіліў, «Агульны дагавор» страціў сваю сілу. З некаторымі папраўкамі ён быў уключаны ў Парыжскія пагадненні 1954.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)