РЫБА́ЦКІЯ ЛО́ДКІ,

малыя вёславыя судны, прызначаныя для лоўлі рыбы. Вядомы з неаліту многім народам свету. На Беларусі самы стараж. тып Р.л. — выдзеўбаны са ствала дубу, асіны або ліпы човен. Каб паменшыць хісткасць чаўноў, да бартоў некат. з іх прыбівалі драўляныя брусы; такія чаўны наз. камягамі. У 19 ст. рыбакі выкарыстоўвалі дашчаныя лодкі. Дошкі днішча і бартоў змацоўваліся паміж сабой какорамі зробленымі з натуральна выгнутых тонкіх ствалоў дрэў. На Гомельшчыне былі пашыраны вузкія лодкі, у якіх нос прыўзнімаўся над вадой. Шырэйшыя і карацейшыя Р.л. выраблялі на Магілёўшчыне. На З Беларусі дашчаныя лодкі мелі 2 насы («чайкі»), на Нёмане насы загіналі ўверх. На Палессі вял. невадныя лодкі, як і звычайныя, былі доўгія і вузкія, у Паазер’і — карацейшыя, з шырокім развалам. Для падцягвання невада ў некат. лодках рабілі спец. прыстасаванні — калаўроцікі. На Магілёўшчыне і ўсх. Гомельшчыне рыбакі-сетачнікі ўкладвалі свае снасці на сцябло (драўляны жолаб), канцы якога апіраліся на барты. Дняпроўскія рыбакі выкарыстоўвалі лодкі з пакорай — паўкруглай лубяной страхой у насавой частцы. Пад ім захоўвалі прадукты, сухое адзенне; тут рыбак хаваўся ад дажджу і адпачываў. На Шчары і Нёмане такія накрыўкі рабілі з дошак. Каб зберагчы рыбу жывой, у адным з адсекаў чоўна або лодкі пракручвалі ў бартах дзіркі для цыркуляцыі вады. Для перавозу жывой рыбы прызначаліся спец. лодкі — шкудкі. Сучасныя рыбакі-аматары побач з традыц. дашчанымі выкарыстоўваюць лодкі, зробленыя з метал. сплаваў і гумы.

І.​М.​Браім.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАРО́БЫ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ РАСЛІ́Н.

Пашкоджваюць асобныя органы або прыводзяць да гібелі раслін, зніжаюць ураджай і якасць расл. прадукцыі. Шкаданоснасць залежыць ад устойлівасці сартоў да хваробы, агратэхн. догляду, надвор’я і інш. На Беларусі ў выніку Х.с.р. залежна ад ступені іх развіцця страты ўраджаю бываюць ад 5 да 15%, у гады эпіфітоцый да 30%.

Найб. пашыраныя і шкаданосныя на збожжавых культурах снежная плесня, каранёвыя гнілі, пыльная галаўня, сеткавая, цёмна-бурая і чырвона-бурая плямістасці (гл. Гельмінтаспарыёзы), рынхаспарыёз, мучністая раса; на зернебабовых культурах — фузарыёз, шэрая гніль, вузкалістасць і пабурэнне лубіну, аскахітоз гароху і бобу; на бульбе — фітафтароз, макраспарыёз, рызактаніёз, бактэрыяльныя і грыбныя гнілі клубняў; на лёне — фузарыёзнае завяданне, антракноз, поліспароз лёну, фамоз, пасма; на цукровых бураках — цэркаспароз, караняед буракоў, перонаспароз, фамоз; на капусце — сасудзісты і слізісты бактэрыёзы, чорная плямістасць; на агурках — белая і каранёвыя гнілі, антракноз, аскахітоз, мучністая раса; на пладова-ягадных культурах — парша (гл. Парша раслін), пладовая гніль, рак (гл. Рак раслін), мучністая раса, іржа (гл. Іржа раслін) і інш.

Меры барацьбы з Х.с.р. накіраваны на прадухіленне хвароб: падбор устойлівых сартоў, здаровага пасадачнага матэрыялу, высокі ўзровень агратэхнікі. знішчэнне заражаных расл. рэшткаў, выкарыстанне агратэхн., біял. і хім. метадаў аховы раслін, выкананне каранцінных мерапрыемстваў (гл. Каранцін).

Літ.:

Справочник по защите сельскохозяйственных растений от вредителей, болезней и сорняков. 2 изд. Мн., 1983;

Буга С.Ф., Протасов Н.И., Самерсов В.Ф. Защита растений. Мн., 1983.

В.​Л.​Мароз.

т. 16, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦНА,

рака ў Ляхавіцкім, Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць (бас. р. Дняпро). Даўж. 126 км. Пл. вадазбору 1130 км². Пачынаецца на Капыльскай градзе меліярац. каналам за 500 м на У ад в. Гайнінец Ляхавіцкага р-на, вусце за 4 км на Пд ад в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на. Цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Даліна да в. Велута і ніжэй за в. Кажан-Гарадок невыразная, схілы пакатыя, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. ад 100—500 м да 1—2 км. Схілы ўмерана стромкія, выш. 4—5 м, слабапарэзаныя. Пойма двухбаковая, у Лунінецкім р-не каля в. Купаўцы, Бараўцы, Вічын аднабаковая, шыр. 0,5—1 км, пераважна забалочаная, перасечаная старымі рэчышчамі і асушальнымі канавамі. У разводдзе затапляецца да 15 сут на глыб. 0,3—1,6 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 54 км каналізаванае, у ніжнім цячэнні моцназвілістае, шыр. каля 10 м. Берагі стромкія і абрывістыя. Асн. прыток — канал Карыцінскі (справа). Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне красавіка. Веснавое разводдзе пачынаецца ў сярэдзіне сак. і цягнецца ў сярэднім 76 дзён. Найвыш. ўзровень над межанню 3,1 м. Веснавы крыгаход 11 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,23 м³/с. На веснавы перыяд прыпадае 65% гадавога сцёку. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г. Ганцавічы.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Цна ў Лунінецкім раёне.

т. 17, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́РЫ (сербскахарвацкае),

натуральныя адтуліны (шчыліна, калодзеж, канал) на паверхні закарставанага масіву (на дне карставай варонкі, западзіны і інш.). Паглынаюць і адводзяць на глыбіню дажджавую, талую снегавую і рачную ваду.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРЫ́ЙНАГА ВЫРАТАВА́ННЯ СІСТЭ́МА ў касманаўтыцы,

бартавая сістэма для выратавання экіпажа касм. карабля ў выпадку аварыі ракеты-носьбіта. Пры аварыі на старце і на пачатковым участку палёту забяспечвае катапультаванне касманаўтаў з касм. карабля з наступным спускам іх на парашутах або аварыйнае аддзяленне спускальнага апарата і адвод яго ад ракеты-носьбіта на бяспечную адлегласць (з дапамогай спец. ракетнага цвердапаліўнага рухавіка) з далейшым прызямленнем апарата з экіпажам на парашуце. Пры аварыі ракеты-носьбіта на вял. вышынях выратаванне экіпажа ажыццяўляецца аддзяленнем спускальнага апарата (ці ўсяго касм. карабля) ад ракеты-носьбіта з наступным палётам яго па траекторыі спуску і тармажэннем у атмасферы і пасадкай. Для памяншэння перагрузак выкарыстоўваецца кіроўны спуск з аэрадынамічнай якасцю.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 15—17 ст., размяшчаўся на месцы дзядзінца стараж. Брагіна. Замкавая пляцоўка памерам 90×70 м, была ўмацавана валам выш. 5—6 м, шыр. ў аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вял. святліцай наверсе. Злева ад увахода ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы. На падворку былі падклецці, спіжарні, склеп і «светлицы в стене». Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога падымалася з брамы на ланцугах. Замак разбураны ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 і ператвораны ў гасп. «двор» князёў Вішнявецкіх.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЕ́ННІКІ (Limosa),

род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.

Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.

Вераценнікі: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ ПА ТАРЫ́ФАХ І ГА́НДЛІ,

міжурадавае пагадненне, накіраванае на зніжэнне мытных тарыфаў, адмену нетарыфных абмежаванняў і дыскрымінацыі і інш. ў міжнар. гандлі. Падпісана ў 1947 23 краінамі. Дзейнічае з 1948. Пагадненне прадугледжвае правілы, якімі павінны кіравацца краіны — члены ў гандл. узаемаадносінах; найпершы з абавязкаў краін надаваць адзін аднаму рэжым найбольшага спрыяння. Яно займаецца таксама стандартызацыяй у сусв. гандлі, мерамі супраць дэмпінгу, субсідзіраваннем экспарту. Бюджэт Пагаднення складаецца з узносаў краін-удзельніц, пасяджэнні праводзяцца двойчы на год, рашэнні прымаюцца на прынцыпе аднагалоснасці. Дзейнасць Пагаднення аказвае пэўны ўплыў на сусв. гандаль, больш за 85% якога прыпадае на краіны-ўдзельніцы. У Пагадненні на розных умовах (напр., назіральнікі) удзельнічае каля 120 краін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫШАНО́ВІЧ Валерый Мікалаевіч (псеўд. Дзедаў Валерый, Баркоўскі-Дзедаў Валерый; н. 3.3.1947, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобл.),

паэт, публіцыст. Піша на рус. і бел. мовах. Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). З 1969 на камсамольскай, з 1983 на парт. рабоце. У 1987—93 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Аўтар зб. вершаў «Стронцый у кроплі расы» (1990), паэм «Вока бездані» (1989), «Беларусь, Хрыстос і маланка» (1993), «Святое прычасце» (1994), кінасцэнарыя (з М.​Кацюшэнкам) «Хроніка знаходжання на Зямлі» пра лётчыка-касманаўта У.​Кавалёнка (паст. 1980). У творах Грышановіча — роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, сутнасцю чалавечага жыцця, боль за бездухоўнасць грамадства.

Тв.:

«Пагоня» вяртаецца на Беларусь. Мн., 1992.

т. 5, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,

старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл. Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)