прарыў Паўн. атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі (5 кананерскіх лодак, 2 тральшчыкі, 2 пасыльныя судны) праз умацаваны раён праціўніка на Дняпры каля г.п.Лоеў у савецка-польскую вайну 1920. Мэта аперацыі — прайсці ад Гомеля (вусце р. Сож) уніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 1-й арміі Паўд.-Зах. фронту каля сутокаў Прыпяці і Дняпра. Каб увесці праціўніка ў зман адносна сапраўднага месца прарыву, маракі разам з партызанамі і падпольшчыкамі папсавалі яго лініі сувязі, разведалі праходы, напалі на суседнія польск. гарнізоны, наладзілі несапраўдную пераправу на Пн ад Лоева. Ноччу 2 чэрв. атрад пад агульным кіраўніцтвам каманд. флатыліяй П.І.Смірнова па Сажы ад в. Карпаўка (па рацэ вышэй Лоева) падышоў да Лоева і на світанку з боем прарваўся праз умацаваны раён і ўчастак з разбураным мостам. Пры падтрымцы 57-й дывізіі кананеркі (2 з іх страчаны) дасягнулі вусця Прыпяці каля в. Печкі, дзе адбылася пераправа войск Чырв. Арміі.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Баявыя дзеянні Дняпроўскай флатыліі на тэрыторыі Беларусі ў 1919—1920 гт. і ў верасні 1939 г. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы ганчароў 11—18 ст. з Мінска. У 11—15 ст. выраблялі гасп. посуд: гаршкі з накрыўкамі, патэльні, збаны, якія фармавалі з мясц. чырвоных глін на ручным ганчарным крузе прыёмамі спіральнага або кальцавога налепаў. У гліняную масу ў якасці дамешкаў дадавалі буйназярністы пясок, жарству, шамот. Вырабы ўпрыгожвалі сціплым геам. узорам у выглядзе хвалі, зігзага, насечкі, ямкі або лінейнага рыфлення (узор наносілі вострымі прадметамі пасля фармоўкі). Некат. вырабы гартавалі. У 2-йпал. 16—17 ст. посуд фармавалі на нажным ганчарным крузе тэхнікай выцягвання. Значна пашырыўся асартымент: выраблялі кафлю, дахоўку, цэглу, пліткі для падлогі, чорназадымлены і гартаваны посуд (макотры, міскі, талеркі, збаны, кубкі). Для аздаблення ўжывалі пераважна зялёную і жоўта-карычневую паліву. Часта перад глазураваннем посуд грунтавалі ангобам. Больш разнастайнай стала арнаментыка (пераважалі геам. і расл. ўзоры), тэхніка нанясення арнаменту: разам з графічным узорам існавала падглазурная размалёўка ангобам на кубках, збанах, талерках, місках. У дэкоры выкарыстоўвалі штампікі, пуансоны, зубчатыя колцы. Некат. вырабы аздаблялі накладным дэкорам у выглядзе шляка, карніза, разеткі. Вырабы 2-йпал. 18 ст. больш простыя па форме і аздабленні (адсутнічае накладны дэкор, штампаваны ўзор); выкарыстоўвалі глухія эмалі, пашырана размалёўка фарбамі па эмалях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.К.Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-йпал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-йпал. 19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял.Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-йпал. 19—1-йпал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.А.Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.І.Зыгін, з 29 чэрв.нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд. бераг Зах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-йтанк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 500.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,
паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-йпал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНО́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры 1-йпал. 19 ст. ў в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Створаны на раўнінным беразе р. Сноўка. Былы маёнтак маршала Рдултоўскага, ад якога перайшоў да Радзівілаў. У 1-йпал. 19 ст. належаў Абуховічам, з 1854 — барону Густаву Гарцінгу. Пасля рамонту ў 1929 прыстасаваны пад канцылярыю і жыллё афіцэраў польскага корпуса аховы граніцы; выкарыстоўваўся і як казіно. Буйны манум. ансамбль арганізаваны паводле прынцыпу сім.-восевай планіроўкі. Кампазіцыйны цэнтр — мураваны палац (1927, арх. Б.Тычэцкі; класіцызм). Франтальнымі фасадамі ён шырока раскрываецца ў невял. пейзажны парк з сістэмай сажалак і каналаў. 2-павярховы цэнтр. аб’ём злучаны 1-павярховымі бакавымі крыламі-каланадамі з павільёнамі. У цэнтры выцягнутага (даўж. каля 140 м) гал. фасада — 4-калонны іанічны порцік, якому з боку тыльнага фасада адпавядаюць аналагічны порцік меншага памеру і тэраса. Бакавыя рызаліты цэнтр. корпуса вырашаны ў выглядзе «італьян. акна» (арачны праём падзелены карнізам і вузкімі прасценкамі). Бакавыя крылы аздоблены іанічнымі каланадамі, калоны якіх сім. размешчаны ў прасценках прамавугольных аконных праёмаў. У павільёнах выкарыстаны прамавугольныя нішы, сандрыкі аконных праёмаў. У інтэр’еры прамавугольная парадная зала (пл. 100 м²) аздоблена нішамі, скульптурай, каланадай, захавалася кафляная печ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРО́ПЕЦКА-ХО́ЛМСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
наступальная аперацыя сав. войск 3-й (ген.-лейт. М.А.Пуркаеў) і 4-й (ген.-палк. А.І.Яроменка) ударных армій Паўн.-Зах. (з 22 студз. ў складзе Калінінскага) фронту 9 студз. — 6 лютага, праведзеная на завяршальным этапе Маскоўскай бітвы 1941—42 у Вял.Айч. вайну. Сав. камандаванне ставіла задачу сіламі гэтых армій разграміць групоўку праціўніка на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр». 9 студз.сав. арміі перайшлі ў наступленне і прасунуліся на З на 25—30 км. У пач. лютага 3-я ўдарная армія выйшла на подступы да г.Вял. Лукі Пскоўскай вобл., 4-я ўдарная — да гарадоў Веліж і Дзямідаў Смаленскай вобл., а яе 249-я стралк. дывізія прарвалася да Віцебска. Ням. камандаванне перакінула на гэты напрамак 4 пях. дывізіі з Зах. Еўропы, таму сав. войскі перайшлі да абароны. У выніку Т.-Х.а. Чырв. Армія прасунулася да 250 км, абышла з ПнЗ ржэўска-вяземскую, з Пд дзямянскую групоўкі праціўніка, стварыўшы ўмовы для іх разгрому; у лініі ням. фронту ўтварыліся т.зв. Віцебскія «вароты». У наступленні на Віцебскім напрамку сав. войскам вял. дапамогу аказалі партызаны Суражскай партыз. зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 4—5.10.1997 у Мінску. Прысутнічалі 522 дэлегаты ад 7110 чл. партыі (паводле звестак мандатнай камісіі, на з’езд абраны 581 дэлегат). Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (В.В.Чыкін), Цэнтр.рэвіз. камісіі (Л.Ключнікава), мандатнай камісіі (Н.А.Пракошына); прыняцце Праграмы КПБ, Статута КПБ, палажэння «Аб Цэнтральнай рэвізійнай камісіі Камуністычнай партыі Беларусі»; выбары кіруючых органаў. Прынятая з’ездам Праграма КПБ акрэслівала стратэгічную мэту партыі — пабудову камуніст. грамадства, бліжэйшыя мэты — аднаўленне СССР і пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця.
Пацверджана, што КПБ стаіць на цвёрдых класавых пазіцыях, захоўвае вернасць марксізму-ленінізму. З’езд заклікаў да непрызнання Белавежскіх пагадненняў 1991, да аднаўлення СССР, супрацьдзеяння экспансіі Захаду і прасоўванню НАТО на Усход, умацавання саюзу Беларусі і Расіі. Зацверджаны Статут КПБ, палажэнне аб Цэнтр.рэвіз. камісіі КПБ, прыняты рэзалюцыі «Аб 80-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі», «Рукі прэч ад У.І.Леніна!», звароты з’езда ў сувязі з 75-й гадавінай стварэння СССР, у падтрымку ахвяр паліт. рэпрэсій, да народаў Еўропы і ўсяго свету ў сувязі з пашырэннем блока НАТО і яго прасоўвання на Усход. З’езд выбраў Вышэйшы савет партыі, ЦККПБ у складзе 14 чл. і 5 канд. у чл., Цэнтр.рэвіз. камісію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ЛЮБСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1-йпал. 15 ст. па фундацыі Яна Няміры — канюшага вял.кн. Вітаўта. Асн. аб’ём амаль квадратны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне. Падмуркі складзены з неапрацаваных вял. і сярэдніх валуноў. Першапачаткова было 1-стаўповае збудаванне, з У закончанае прэсбітэрыем і гранёнай апсідай. У паўн. сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрыстыю, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’еры асвятляліся аконнымі праёмамі спічастай формы. У тоўшчы сцяны вітыя ўсходы вялі на хоры і паддашак. Усх. і зах. фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам — крыж, выкладзены з перапаленай цэглы. У 2-йпал. 16 ст. скляпенні ў касцёле абваліліся. У 1576—1642 храм перароблены пад кальвінскі збор. Надбудаваны верх апсіды, асн. аб’ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі адноўлены скляпенні. У 18—19 ст. да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа. У 1986 пажарам знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў асн. аб’ёму, прэсбітэрыя і паўн. сакрыстыі. У 1988 храм адрамантаваны.