КАМІТЭ́Т ЧЛЕ́НАЎ УСТАНО́ЎЧАГА СХО́ДУ,
антыбальшавіцкі праваэсэраўскі орган улады ў Расіі ў чэрв.—вер. 1918 на тэр. Самарскай, Сімбірскай, Казанскай, Уфімскай і часткі Саратаўскай губерняў у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Утвораны ў Самары 8 чэрв. пасля захопу горада часцямі Чэхаслав. корпуса. Адмяніў дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці і банкаў, аднавіў органы кіравання, якія існавалі да Кастр. рэвалюцыі 1917, з добраахвотнікаў і мабілізаваных стварыў т. зв. народную армію (17—21 тыс. чал.). У выніку наступлення Чырв. Арміі пакінуў Самару, 23 вер. перадаў уладу Уфімскай дырэкторыі.
т. 7, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬНАЯ ПАЛА́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы орган фін.-эканам. кантролю ў краіне ў 1992—96. Утваралася Вярх. Саветам, дзейнічала пад яго кіраўніцтвам і была падсправаздачная яму. Ажыццяўляла кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Вярх. Савета, якія рэгулявалі адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыню палаты выбіраў Вярх. Савет тэрмінам на 5 гадоў. Функцыі, паўнамоцтвы, склад і структура К.п.Р.Б. вызначаліся Законам «Аб кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» ад 13.3.1992. Скасавана паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.12.1996. Яе функцыі ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФІРМА́ЦЫЯ (ад лац. confirmatio зацвярджэнне, умацаванне),
1) зацвярджэнне вярх. уладай суд. прыгавору, якое сустракаецца ў практыцы некаторых краін.
2) У заканатворчасці ВКЛ і Польшчы 16—18 ст. зацвярджэнне каралём заканад. актаў, якія прымаў сейм (сойм). Практыка К. ўведзена пастановай Люблінскага сейма 1569 аб уніі гэтых дзяржаў. Як вынік, Статут ВКЛ 1588 канфірмаваны Жыгімонтам III 28.1.158 8, пасля чаго быў уведзены ў дзеянне.
3) У каталіцтве — таінства мірапамазання, якое ўчыняецца над дзяцьмі 7—12 гадоў; у пратэстантызме — урачысты публічны абрад далучэння да царквы юнакоў і дзяўчат, якія дасягнулі 14—16 гадоў.
т. 8, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБА́ХСКАЕ ХА́НСТВА,
дзяржава ў Закаўказзі ў міжрэччы Аракса і Куры ў сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. Вылучылася ў 1747 са складу Ірана. Заснавальнік — Панах Аліхан (правіў у 1747—59). Сталіца з 1752 — г. Панахабад (цяпер Шуша). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства, жывёлагадоўля, рамёствы. Пры Ібрагіме Халілханс (1759—1806) ханства падпарадкавала ўвесь Карабах, Нахічэвань, землі Паўд. Азербайджана. Перад пагрозай заваявання з боку Ірана і Турцыі ў 1805 Ібрагім падпісаў дагавор аб пераходзе дзяржавы пад пратэктарат Расіі. Гэта прывяло пры яго пераемніку да скасавання ханства рас. ўладамі (1822, пераўтворана ў Карабахскую прав.).
т. 8, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧУБЕ́Й (Васіль Лявонцьевіч) (1640, Украіна — 25.7.1708),
украінскі ваен. і дзярж. дзеяч. Пры гетмане Мазепе на вышэйшых пасадах у Гетманскім урадзе: ген. пісар (1687—99), ген. суддзя (1699—1708). Удзельнік Азоўскіх паходаў (1695—96). Паведаміў Пятру I пра тайныя перагаворы Мазепы са швед. каралём Карлам XII і польскім каралём Станіславам Ляшчынскім. Уцёк у Расію, але Пётр I, давяраючы гетману, выдаў яго Мазепе разам з палк. І.І.Іскрай. Пасля катаванняў пакараны смерцю. Калі стала вядома аб здрадзе Мазепы, К. і Іскра былі пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
т. 8, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Роберт Фрэнсіс) (20.11.1925, г. Бруклайн, ЗША — 6.6.1968),
дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. Брат Дж.Ф.Кенэдзі. Па адукацыі юрыст. У 1953—60 юрыд. саветнік сенацкіх камісій, у т. л. ў 1953—54 пастаяннага падкамітэта па расследаваннях на чале з Дж.Р.Макарці. У 1961—64 міністр юстыцыі (ген. пракурор), падтрымліваў рух за грамадз. правы негрыцянскага насельніцтва, спрыяў прыняццю ў 1964 закона аб грамадз. правах. У 1964—68 сенатар ад штата Нью-Йорк. У 1968 абвясціў пра намер дамагацца вылучэння сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакр. партыі. Забіты ў час перадвыбарчай кампаніі.
т. 8, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁПЕН ((Koeppen) Вольфганг) (н. 23.6.1906, г. Грайфсвальд, Германія),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ва ун-тах Гамбурга, Берліна, Вюрцбурга. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г.: раманы «Гісторыя няшчаснага кахання» (1934), «Сцяна хістаецца» (1935). Вядомасць прынеслі раманы «Галубы ў траве» (1951), «Цяпліца» (1953), «Смерць у Рыме» (1954) аб праблемах пасляваен. жыцця Германіі. Яго творы адметныя вастрынёй псіхал. аналізу, складанай сімволікай, спалучэннем дакументалізму з умоўнасцю і лірызмам. Аўтар кніг дарожных нарысаў, аўтабіягр. аповесці «Юнацтва» (1976), літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Рус. пер. — Голуби в траве. Теплица. Смерть в Риме: Романы. М., 1990.
Е.А.Лявонава.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Ігар Аляксеевіч) (17.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 2.10.1994),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў, з 1966 выкладаў у Бел. пед. ун-це. Аўтар манаграфіі «Часціцы ў сучасных усходнеславянскіх мовах» (1976). Навук. артыкулы ў галіне ўсх.-слав. марфалогіі і фразеалогіі, па праблемах рус.-бел. моўнага ўзаемадзеяння: «Аб выкарыстанні выдзяляльна-абмежавальных часціц у сучасных усходнеславянскіх мовах» (1971) і інш. Складальнік «Фразеалагічнага слоўніка рускай мовы» (1985), «Руска-беларускага фразеалагічнага слоўніка» (1991), сааўтар вучэбных дапаможнікаў для пед. ін-таў.
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),
дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.В.Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.
Э.А.Ліпецкі.
т. 8, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Юрый Аляксеевіч) (19.4.1903, г. Нікольск Валагодскай вобл., Расія — 16.5.1982),
расійскі геолаг, адзін з заснавальнікаў вучэння аб магматычных фармацыях. Брат В.А.Кузняцова. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Скончыў Томскі ун-т (1924). З 1958 у Ін-це геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па геалогіі і петраграфіі Зах. і Усх. Сібіры. Дзярж. прэмія СССР 1983.
Тв.:
Магматизм и связь с ним полезных ископаемых. М., 1955 (у сааўт.);
Главные типы магматических формаций. М., 1964;
Основные типы магмоконтролирующих структур и магматические формации // Геология и геофизика. 1970. № 9.
т. 8, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)