ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),
славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж.бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі длягіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав.нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай длянавук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.
Тв.:
O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;
Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;
Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.
Літ.:
Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;
Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;
Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, якая аб’ядноўвае прадпрыемствы па здабычы сыравіны і вытв-сці грубай керамікі (гліняная цэгла, керамічны камень, абліцовачная плітка, кафля, дахоўка, дрэнажныя трубы, сан.-буд., кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і інш.), тонкай керамікі (фарфора-фаянсавыя вырабы: прадметы прыкладнога характару, гасп. і лабараторны посуд і інш.), керамзіту, вырабаў эл.-тэхн. і радыётэхн. прам-сці, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вытв-сць вырабаў з керамікі заснавана на ўласцівасці гліністых матэрыялаў утвараць з вадой пластычнае цеста, з якога можна рабіць патрэбную форму і абпальваць. Керамічная вытв-сць разнастайная, зводзіцца да працэсаў апрацоўкі керамічнай сыравіны, падрыхтоўкі масы, афармлення вырабаў, іх сушкі і абпальвання.
На Беларусі вытв-сць глінянага посуду пачалася ў неаліце (5—4 тыс.г. да н.э.). З пашырэннем тут у 10 ст.н.э. ганчарнага круга вытв-сць вырабаў з гліны вылучылася ў спец. рамяство — ганчарства. У 16—18 ст. існавалі дзесяткі асяродкаў вытв-сці керамічных вырабаў, пераважна розных відаў гасп. посуду. З 16 ст. інтэнсіўна развівалася і вытв-сць кафлі (буйным. яе цэнтрам пазней стаў Копысь). У 1742 кн. М.Радзівіл заснаваў у Свержані першую на Беларусі фаянсавую мануфактуру, дзе выпускалі сталовы посуд, дэкар.-маст. вырабы. Фаянс выраблялі мануфактуры ў Гродне, Целяханах, Урэччы, Слуцку. З даўніх часоў як цэнтры керамічнай вытв-сці вядомы Пружаны, Дуброўна, Івянец, Радашковічы, Ракаў, Гарадная (Столінскі р-н). У 1950—60-я г. на Беларусі арганізаваны выпуск керамічных дрэнажных труб, абліцовачнай пліткі, керамічнай пліткі для падлогі, дахоўкі. У 1974 вытв-сць дахоўкі была спынена, адноўлена ў 1990-я г. Сярод краін свету вытв-сцю керамічных вырабаў вылучаюцца Кітай, ЗША, Расія, Італія, Іспанія, Чэхія.
На Беларусі (1995) выпушчана 5426 тыс.м² керамічнай пліткі дляўнутр. абліцоўкі, 1071 тыс.м² керамічнай пліткі для падлогі, 1679 тыс.м² фасаднай керамічнай пліткі розных колераў, 433,6 тыс.шт.сан. керамічных вырабаў, 20,2 тыс.м² дахоўкі, 21 млн.шт. фарфора-фаянсавага посуду, у т. л. 409 тыс. камплектаў чайных і кававых сервізаў. Найбольшае прадпрыемства па выпуску розных відаў буд. керамікі ВА«Керамін» (раней «Мінскбудматэрыялы»). Буд. кераміку выпускаюць таксама ВА «Кераміка» ў Віцебску, Обальскі керамічны з-д, ВА «Оршабудматэрыялы», Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Скідзельскі камбінат буд. матэрыялаў, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Магілёўскі камбінат буд. матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны з-д, з-д абліцовачнай фасаднай керамікі «Гарынь» у Столінскім р-не, малыя прадпрыемствы «Архіпласт» (Ліда), «Маналіткерам» (Талачынскі р-н) і інш. Гатункавы посуд, маст. кераміку выпускаюць Мінскі фарфоравы з-д, вытв.гандл. фірма «Фарфор» (Добруш), Радашковіцкі керамічны з-д. Экспартуюцца абліцовачная керамічная плітка, гатунковы посуд, вырабы маст. керамікі.
С.І.Сідор.
Да арт.Керамічная прамысловасць. Ліцейны ўчастак завода «Будфарфор» ААТ «Керамін».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОСТ», генеральны план «Ост», кодавая назва праграмы ням фаш. захопнікаў па каланізацыі і германізацыі Усх. Еўропы. Распрацаваны гал. упраўленнем імперскай дзярж. бяспекі. 1-ы варыянт датычыў у асн.тэр. Польшчы. Пасля нападу на СССР былі распрацаваны асн. фундаментальныя палажэнні і прынцыпы каланізацыі акупіраваных тэрыторый. Адзін з яго варыянтаў знойдзены ў 1970-я г. пры інвентарызацыі ням.ваен. дакументаў у нац. архіве ЗША. Першапачаткова намячалася «высяленне» 31 млн.чал., потым зроблена ўдакладненне — 46—51 млн.чал., у т. л. 75% беларусаў. Прадугледжвалася з Польшчы, зах. раёнаў СССР за 25—30 пасляваенных гадоў перасяленне ў Зах. Сібір, на Паўн. Каўказ, у Паўд. Амерыку каля 31 млн. славян, а таксама значнай часткі насельніцтва Прыбалтыкі. Каланізацыі і амаль поўнай германізацыі падлягалі Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Інгерманландыя (Ленінградская і Пскоўская вобл.), Готэнгаў (Крым і Херсонская вобл.). У адносінах да славянскага насельніцтва меркавалася знішчыць інтэлігенцыю (носьбіта культуры народа); стэрылізацыяй і інш. спосабамі штучна паменшыць нараджальнасць, агульнаадук. ўзровень народа звесці да ўмення чытаць і лічыць. Планавалася стварыць 4 рэйхскамісарыяты: «Балтэнланд» («Остланд»), «Украіна», «Каўказ» і «Расія» («Масковія»). Масква падлягала зруйнаванню (разам з насельніцтвам), Ленінград пераймяноўваўся ў г. Адольфсбург. «Кіраваць» захопленай тэр., паводле плана ням.ген. штаба, прызначаліся 56 дывізій. Для рэалізацыі плана «О.» меркавалася стварыць 36 пасяленскіх апорных пунктаў, з іх 14 на Беларусі і ў Прыбалтыцы. У Мінску планавалася пасяліць 50 тыс. немцаў і часова пакінуць у якасці рабочай сілы 100 тыс.мясц. жыхароў, у Гомелі адпаведна 30 тыс. і 50 тыс., у Магілёве — 20 тыс. і 50 тыс., Віцебску — 20 тыс. і 40 тыс., Полацку — 10 тыс. і 20 тыс., Гродне — 10 тыс. і 20 тыс., Баранавічах — 10 тыс. і 20 тыс., Барысаве і Навагрудку па 5 тыс. і 15 тыс.і г.д. Усяго ў 20 гарадах Беларусі прадугледжвалася пасяліць больш за 200 тыс. каланістаў. У Мінску планавалася буд-ва казарм для эсэсаўцаў, будынкаў ваен. кіраўніцтва, жандармерыі і інш. карных органаў, турмы, крэматорыя з пляцоўкай для расстрэлаў і спец. пад’язнымі пуцямі. У час акупацыі праводзілася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. На Беларусі з 9200 вёсак, спаленых гітлераўцамі, больш за 5290 знішчаны разам з усімі або значнай часткай жыхароў. За гады акупацыі фашысты загубілі на Беларусі больш за 2,2 млн. грамадзян, каля 380 тыс. вывезлі ў Германію. Актыўны падп. і партыз. рух, разгром фаш. Германіі перашкодзілі захопнікам ажыццявіць план «О.». Гл. таксама Генацыд, Карныя аперацыі, Лагеры смерці.
Літ.:
Преступные цели — преступные средства: [Сб. док.]. 3 изд. М., 1985;
Безыменский Л.А. Генеральный план «Ост»;
замысел, цели, результаты // Вопр. истории. 1978. № 5;
Яго ж. Разгаданные загадки третьего рейха, 1933—1941. [Ч. 1—21. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯ́НСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава ў 250 да н.э. — 224 н.э. на ПдУ ад Каспійскага м. Узнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом П.ц. быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэч. намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на У, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на З — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і ч. Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэр. П.ц. ў час росквіту (сярэдзіна 1 ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам. Стараж. Рыма на Усходзе. У пач. 1 ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж П.ц. і рым. дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э.рым. войскі М.Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю М. Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымляне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутр. барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадз. войны ў П.ц. (57—55, 31—25 да н.э.). У 1 ст.н.э. пачаўся заняпад П.ц., выкліканы ростам мясц. сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. П.ц. перастала існаваць, яго тэр. ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.
Першапачаткова мастацтва П.ц. развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясц. насельніцтвам. Дляўсх. часткі П.ц. тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад стараж. храма агню (у Персепалі, 3 ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтр. двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, 1—3 ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясц. размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст.н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясц. форм з фрызамі на грэч. і мясц. сюжэты (слановая косць, 2 ст. да н.э.). Длязах. часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутр. двара; у Ніпуры) з грэка-рым. уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэч. перыстыль і мясц. айван (палац у Ашуры, 1 ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульптуры (Хатра) у першыя ст.н.э. відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэч. тыпаў і зваротам да мясц. сюжэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛАДАБУДАВА́ННЕ,
комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб. пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіраваннятэхнал. працэсамі.
Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікідля перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.
Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.
У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССРпрамысл.вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.
На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст. — ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт. прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш.Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдЗ Расійскай Федэрацыі, у Перадкаўказзі. Абмываецца Таганрогскім зал. Азоўскага м. Утворана 13.9.1937. Пл. 100,8 тыс.км². Нас. 4341 тыс.чал. (2000), гарадскога 68%. Цэнтр — г.Растоў-на-Доне. Найб. гарады: Таганрог, Шахты, Валгадонск, Новачаркаск, Навашахцінск, Батайск, Каменск-Шахцінскі, Сальск.
Рэльеф пераважна раўнінны. На З — усх. адгор’і Данецкага кража (выш. 253 м), на Пн — Данская града, на ПдУ — узв. Ергені, на Пд — Кума-Маныцкая ўпадзіна і Сальска-Маныцкая града. Паверхня парэзаная далінамі рэк, ярамі, лагчынамі. Карысныя выкапні: кам. вугаль (ч.Данецкага вугальнага басейна; запасы 6576,8 млн.т), флюсавыя вапнякі, тугаплаўкія гліны, кухонная соль, прыродны газ і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C на Пн да -5 °C на Пд, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Северскі Данец, Чыр (справа), Сал, Маныч (злева), выкарыстоўваецца для арашэння. Найб.воз. Маныч-Гудзіла. Буйныя вадасховішчы Цымлянскае, Вясёлаўскае, Пралетарскае. Глебы чарназёмныя, на У цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы, у поймах рэк алювіяльна-лугавыя. Амаль усе прыдатныя для сельскай гаспадаркі землі разараны, лясы захаваліся ў ярах і лагчынах (дуб, клён, ясень, вяз). Лясістасць 2,4%. Растоўскі запаведнік.
Р.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавога прадукту на долю прам-сці прыпадае 24,3%, сельскай гаспадаркі — 14,8%, буд-ва — 8,5%, транспарту — 8,6%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1998): электраэнергетыка (Новачаркаская ДРЭС, Цымлянская ГЭС, Растоўская АЗС) — 25,4%; машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л.с.-г. (збожжаўборачныя камбайны, культыватары і інш.), энергет., вытв-сць электравозаў, экскаватараў, верталётаў, кавальска-прэсавага, металург., нафтавага і гандл. абсталявання, металаапр. станкоў, інструментаў, оптыка-мех., бытавых электрапрылад і інш. — 20,2%; харч. (мясная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная) — 17,5%; паліўная (здабыча кам. вугалю, прыроднага газу) — 12,6%. Развіта чорная і каляровая металургія (ліставы пракат, сталь, трубы для нафтавай і газавай прам-сці), хім. і нафтахім. (тэрмапластмасы, лакі, фарбы, гумава-тэхн. вырабы, мыйныя сродкі), лёгкая (швейная, гарбарна-абугковая, трыкат.), дрэваапр., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,3 млн.га, у т. л. ворныя землі 6 млн.га (1998). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, рыс, кукуруза, проса), тэхн. (сланечнік, клешчавіна, каляндра, гарчыца), бульбу, агародніна-бахчавыя і кармавыя культуры. Садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак, 1935 км. Асн. чыгункі: Масква—Харкаў—Баку, Масква—Растоў-на-Доне—Новарасійск, Валгаград—Сальск—Ціхарэцк. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс.км. Суднаходства па рэках Дон, Северскі Данец, Зах. Маныч, Азоўскім моры. Марскі порт — Таганрог, рачныя парты — Растоў-на-Доне, Усць-Данецкі, Курорты — Маныч, Вёшанскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МКА МАСТА́ЦКАЯ,
плеценыя мастацкія вырабы з саломы; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў многіх земляробчых народаў Еўропы, на Беларусі пашырана з даўніх часоў. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайныя ёмістасці для збожжа, мукі, адзення, каштоўных рэчаў, а таксама пчаліныя вуллі (саламянікі). Іх маст. аблічча стваралася выразнымі формамі, своеасаблівым дыяганальным дэкорам, утвораным кантрастным спалучэннем карычневых дубцоў з залацістымі жгутамі саломы. Унікальная з’ява ў сусв. мастацтве — выкарыстанне саломы ў вырашэнні манум.-дэкар. задач, для аздаблення інтэр’ераў палескіх цэркваў, пераважна іканастасаў. Захаваліся іх фрагменты — царскія вароты канца 18 — пач. 19 ст. з вёсак Лемяшэвічы Пінскага р-на і Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., усе арнаментальныя матывы якіх цалкам сплецены з саломы і замацаваны на драўляных каркасах. Аснова іх дэкору — традыц. вітая пляцёнка і чатырохгранныя плоскія і выпуклыя ўстаўкі. У такой жа тэхніцы выраблялі шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы і інш. Са стужак, сплеценых з 4—8 саломінак, сшывалі брылі. Магічную і дэкар. ролю ў сял. хатах выконваў павук, своеасаблівая кінетычная прасторавая канструкцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці. З саламяных пучкоў, часам з дабаўленнем нітак, стужак, абрэзкаў тканін плялі аграрна-абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігур чалавека, жывёл, птушак, дзіцячыя цацкі, вырабы дэкар. пластыкі (жаваранкі, галубы, лялькі, коні і інш.). Яны вызначаліся абагульненымі, умоўнымі формамі, адсутнасцю дэкору. У сярэдзіне 20 ст. з заняпадам ручнога жніва традыцыі многіх відаў пляцення з саломы сталі забывацца. С.м. адрадзілася ў 1960-я г.для стварэння сувенірных і маст. вырабаў. Вырасла іх дэкаратыўнасць, ускладніліся і ўзбагаціліся спалучэннем разнастайных тэхнік пляцення формы, павялічылася жанравая і тэматычная разнастайнасць. Найб. пашырылася саламяная пластыка ў выглядзе фігур жывёл, птушак, людзей, а таксама кампазіцыі і жанравыя сцэнкі на фальк., літ., быт. тэмы. Утылітарна-бытавыя вырабы з саломкі (шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы, кошыкі, хлебніцы і інш.), сувенірную пластыку, галаўныя ўборы, кветкі, біжутэрыю, ёлачныя цацкі вырабляюць на фабрыках маст. вырабаў; сярод вядучых майстроў Т.Агафоненка, К.Арцёменка, К.Асташэвіч, Л.Блохава, Л.Главацкая, Г.Іванова, Н.Кузняцова, Л.Лось, Н.Панцялеева, Г. і Я.Саламянкі, Г.Саланінка, В.Салдатава, Г.Сапун, Т.Хадановіч і інш. У 1997 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд».
Да арт.Саломка мастацкая. Г. і Я. Саламянкі. Шкатулка і паднос. 1970-я г.Да арт.Саломка мастацкая. Царскія вароты. Майстар з в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 ст.Да арт.Саломка мастацкая. Т.Агафоненка. Конь. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́ДА (франц. ballade ад позналац. ballo танцую),
1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.
2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.
У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел.нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.Эвальд, З.Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.
3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.Віёна.
4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць да нар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.Скот, Ф.Шылер, І.В.Гётэ, А.Міцкевіч, В.Жукоўскі, А.Пушкін, М.Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.Багушэвіча). У творчасці Я.Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.Коласа («Няшчасная маці»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял.Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.Коласа «Над магілай партызана», П.Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.Караткевіч, Я.Янішчыц, А.Пысін, Р.Барадулін, Н.Гілевіч, А.Лойка, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).
5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.Шуберт, К.Лёве, І.Брамс, Х.Вольф) і інструментальная (балады Ф.Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.Пушкіна), А.Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.Куляшова), Я.Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.Васючкова (длянар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел.нар. балад).
Публ.:
Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;
Беларуская балада. Мн., 1978.
Літ.:
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;
Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.Квитки, 1880—1953: Сб. ст.М., 1983;
Народные баллады. М.; Л., 1963;
European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol. 2);
Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса дляфп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» дляфп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» дляфп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАТЫРО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 13.8.1913, г. Віцебск),
бел. кампазітар, педагог. Нар.арт. Беларусі (1968). Праф. (1960). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). З 1948 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (у 1948—62 рэктар). Сярод яго вучняў Г.Вагнер, В.Войцік, Я.Глебаў, С.Картэс, І.Лучанок, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан. Адзін з заснавальнікаў нац. оперы. У музыцы Багатырова гуманіст. ідэі перадаюцца яснай, пераканаўчай муз. мовай, заснаванай пераважна на інтанацыях бел.нар. песні. Узбагаціў многія жанры бел. музыкі. Сярод асн. твораў: оперы «У пушчах Палесся» (лібр. Я.Рамановіча паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва», паст. 1939, Дзярж. прэмія СССР 1941; у 1982 здзейснена тэлеэкранізацыя 2-й рэд.), «Надзея Дурава» (лібр. І.Келера, 1946, паст. 1956), кантаты «Сказ пра Мядзведзіху» (1937, сл. А.Пушкіна), «Ленінградцы» (1942, вершы Джамбула), «Беларускім партызанам» (1942, вершы Я.Купалы), «Беларусь» (1949, вершы Я.Купалы, П.Броўкі, П.Труса), «Беларускія песні» (1967, сл. народныя і Н.Гілевіча, Дзярж. прэмія Беларусі 1969), «Юбілейная» (1973); араторыя «Бітва за Беларусь» (1984, вершы Гілевіча); 2 сімфоніі (1946, 1947); «Святочная уверцюра» (1961); канцэрты для віяланчэлі (1962) і кантрабаса (1964) з арк.; фп. трыо; санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., трамбона і фп., кантрабаса і фп.; хары (у т. л. «Шумелі бярозы», «Калісьці бура на Карпатах»); вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Я.Купалы, Броўкі, А.Куляшова, Пушкіна, М.Лермантава, У.Шэкспіра, Г.Ахматавай; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да драмы Лермантава «Маскарад»), кінафільмаў.
Літ.:
Дубкова Т.А. Анатоль Багатыроў. Мн., 1972;
Яе ж. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 150—162;
Ляшчэня Т. А.В.Багатыроў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.