ФІТАПАТАЛОГІЯ
Навуковыя даследаванні па фітапаталогіі на Беларусі пачаліся ў 1923, калі ў Мінску была арганізавана Бел. станцыя аховы раслін. Пазней да работ у гэтым кірунку далучыліся Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Горацкі сельскагаспадарчы ін-т і Ін-т біялагічных навук АН Беларусі. Вылучаліся і распрацоўваліся кірункі аховы збожжавых культур ад узбуджальнікаў іржаўных і галаўнёвых хвароб, бульбы ад грыбных і вірусных захворванняў. Былі складзены і выдадзены вызначальнікі паразітных грыбоў раслін флоры Беларусі (М.А.Дарожкін, В.Ф.Купрэвіч, А.І.Роўда, С.М.Тупяневіч, Л.І.Ярышка).
У пасляваенны перыяд фітапаталагічныя даследаванні вяліся ў Ін-це эксперыментальнай батанікі і Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі, БДУ, БСГА, Гродзенскім сельскагаспадарчым ін-це, у НДІ аховы раслін, бульбаводства і плодаагародніцтва, земляробства, на абласных сельскагаспадарчых доследных станцыях. Вывучаліся відавы склад і біялагічныя асаблівасці ўзбуджальнікаў хвароб бульбы, збожжавых, лубіну, ільну, агароднінных і інш. сельскагаспадарчых культур. Распрацаваны сістэмы аховы асноўных сельскагаспадарчых культур ад хвароб, метады ацэнкі ўстойлівасці раслін да захворванняў (А.Л.Амбросаў, С.І.Бельская, І.В.Вікторчык, В.К.Гаравец, М.А.Дарожкін, С.У.Горленка, В.Ф.Купрэвіч, В.К.Неафітава, П.В.Пак, З.І.Рамнёва, Н.І.Чакалінская, А.С.Шуканаў і інш.). У 1970—80-я г. вялося шырокамаштабнае вывучэнне вірусных хвароб бульбы і інш. культур, у т. л. люцэрны, канюшыны, лубіну і інш. Уклад у развіццё гэтага кірунку зрабілі А.Л.Амбросаў, С.В.Бадзяй, Ж.В.Блоцкая, Л.Я.Давідчык, Л.А.Сакалова, Я.В.Собаль і інш.
Большасць навук. даследаванняў па сельскагаспадарчай фітапаталогіі сканцэнтравана ў Бел. НДІ аховы раслін, дзе даследуюць хваробы збожжавых (С.Ф.Буга), бульбы (М.І.Жукава), кармавых, тэхнічных, пладовых і агароднінных культур (Т.М.Жардзецкая, Р.І.Плескацэвіч, Ф.А.Папоў, Дз.Я.Парцянкін, Г.М.Серада, В.Я.Собаль і інш.). Імуналагічныя даследаванні працягваюцца ў НДІ бульбаводства, пладаводства, земляробства і інш., накіраваныя на кантроль структуры папуляцый, вывучэнне механізма ўстойлівасці, распрацоўку метадаў ацэнкі, адбору і стварэння зыходнага матэрыялу (Г.В.Будзевіч, У.Р.Іванюк, В.Л.Налобава); фітапаталагічныя даследаванні праводзяцца таксама ў БДУ (В.Дз.Паліксенава), Цэнтр. батанічным садзе (В.А.Цімафеева), БСГА і Гродзенскім аграрным ун-це (М.Р.Ануфрэйчык, Г.А.Зязюліна, Н.Н. Лукашык), Бел. тэхналагічным ун-це (М.І.Фёдараў, Ю.М.Паляшчук, А.І.Блінцоў).
Літ.:
Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988;
Буга С.Ф. Интегрированная система защиты ячменя от болезней. Мн., 1990;
Яе ж. Развитие фитопатологических и микологических исследований в Беларуси // Ахова раслін. 2001. №2;
Интегрированные системы защиты сельскохозяйственных культур от вредителей, болезней и сорняков Мн., 2003.
С.Ф.Буга, Л.Г.Кагацько.
т. 18, кн. 2, с. 585