«У НАМЕ́РЫ»,

бел. гульня моладзі ў час посту, калі не дазвалялася спяваць і танцаваць. Збіраліся ў вялікай хаце, пасярод яе ставілі ўслон, на які ўперамежку садзіліся хлопцы і дзяўчаты. Адзін з удзельнікаў гульні хадзіў і пытаўся, ці задаволена суседка суседам. Калі дзяўчыне падабаўся хлопец, што сядзеў побач, яна глядзела ў яго бок. Астатнія ўдзельнікі ў гэты час крычалі: «Раз, два, тры!», а хлопец цалаваў дзяўчыну. Гульня працягвалася, пакуль усе не размяркоўваліся па парах. Тэматычна блізкая да «Жаніцьбы Цярэшкі», «Яшчура» і інш.

В.​Дз.​Ліцьвінка.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЯДЗЕ́НСКІ Усевалад Міхайлавіч (17.10.1920, г. Днепрапятроўск, Украіна — 29.1 1979),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р фармацэўтычных н. (1972), праф. (1973). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1944). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па сінтэзе новых вытворных барбітуравай к-ты. Атрымаў 5 новых прэпаратаў.

Тв.:

Фармакологические свойства натриевой соли 5-салицилиден-бисбарбитуровой кислоты (разам з П.​І.​Лукіенкам) // Фармакология и токсикология. 1964. Т. 27, № 6;

Лейкопеническая активность этилового эфира диметилдитиокарбаминовой кислоты (разам з М.​В.​Караблёвым, М.​П.​Макухам) // Здравоохранение Белоруссии. 1964. № 10.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛКАТ (Wilcutt) Тэрэнс (н. 31.10.1949, г. Раселвіл, штат Кентукі, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік корпуса марской пяхоты ЗША. Скончыў Заходнекентукскі ун-т (1974). З 1990 у групе касманаўтаў НАСА. З 2001 кіраўнік аддзела эксплуатацыі шатлаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 30.9—11.10.1994 — на КК «Індэвар», 16—26.9.1996 — на КК «Атлантыс» і арбітальнай станцыі (АС) «Мір», 23—31.1.1998 — на КК «Індэвар» і АС «Мір», 8—20.9.2000 — на КК «Атлантыс» (па праграме работ з Міжнар. касм. станцыяй). У космасе правёў 42 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛКІНС (Wilkins) Марыс (н. 15.12.1916, Пангароа, Новая Зеландыя),

англійскі вучоны ў галіне біяфізікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1938). З 1940 у Бірмінгемскім, з 1945 у Сент-Андрускім ун-тах, з 1946 у Кінгс-каледжы (Лондан): з 1962 праф. малекулярнай біялогіі, з 1970 праф. біяфізікі. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, атрымаў высакаякасныя рэнтгенаграмы малекулы ДНК, што спрыяла вызначэнню яе будовы, распрацаваў тэорыю фота- і тэрмалюмінесцэнцыі. Нобелеўская прэмія 1962 (з Ф.Крыкам і Дж.Уотсанам).

В.​Ф.​Ермакоў.

М.Уілкінс.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКЛО́НСКІ Аляксандр Сяргеевіч (5.11.1888, г. Гомель — 16.2.1972),

савецкі мінералог і геахімік. Акад. АН Узбекістана (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1920 праф. Сярэднеазіяцкага ун-та (Ташкент), адначасова з 1930 у Сярэднеазіяцкім політэхн. ін-це. Навук. працы па геахіміі неарган. злучэнняў і прыродных вод, праблеме парагенезісу серы і нафты. Прапанаваў геахім. класіфікацыю прыродных мінералаў, увёў уяўленне аб перамешчаных мінералах Распрацаваў аптычны метад даследавання мінералаў — метахраматызм.

Тв.:

Проблемы минералогии и геохимии Избр. тр. Ташкент, 1982.

Літ.:

Биографический словарь деятелей естествознания и техники Кн. 2. М., 1959;

А.​С.​Уклонский. Ташкент, 1968.

т. 16, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ (?—28.1.1170),

князь берасцейскі. Сын пераяслаўскага кн. Андрэя Васілевіча. У летапісах упамінаецца з 1149. У 1150 атрымаў Белгародскую воласць, у 1151 — Дарагабужскую, у 1153 — Бярэсце (у гэтым годзе дапамагаў вял. кіеўскаму кн. Ізяславу Мсціславічу, які ваяваў з галіцкім кн. Яраславам Уладзіміравічам). В.​М.​Тацішчаў меркаваў, што Бярэсце разам з Драгічынам У.А. атрымаў ад Ізяслава ў 1149. У 2-й пал. 1150-х г. У.А. атрымаў ад Юрыя Далгарукага Перасопніцу і ўсе гарады па цячэнні Гарыні. У далейшым быў пазбаўлены Бярэсця, бо ў 1169 дамагаўся вяртання гэтага горада.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́МАНСКІ ДЭНДРАПА́РК «САФІ́ЕЎКА»,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Умань Чаркаскай вобл. (Украіна). Створаны ў 1796—1805 у маёнтку С.​Ш.​Патоцкага (названы ў гонар яго жонкі) пад кіраўніцтвам Л. дэ Метцэля, пры ўдзеле прыгоннага садоўніка Зарэмбы. Парк ландшафтны (больш за 150 га), яго кампазіцыйная вось праходзіць па р. Каменка. У парку створаны разнастайныя віды гідразбудаванняў (вадаспады, шлюзы, фантаны, каскады, сажалкі, падземная р. Стыкс), устаноўлены скульптуры на ант. сюжэты (18—19 ст.), узведзены арх. збудаванні паводле праектаў арх. А.​Штакеншнейдэра (Ружовы павільён, 1850—52) і І.​Макуціна. З 1929 запаведнік.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ДЫ,

водная частка тэр. дзяржавы, за выключэннем тэрытарыяльнага мора. Да У.в. адносяцца воды рэк, ручаёў, азёр і інш. вадаёмаў, у т. л. пагранічныя воды ў межах граніц тэрыторыі дзяржаўнай, а таксама воды, што размешчаны ў бок берага ад зыходных ліній тэр. мора. Пагранічнымі водамі лічацца водныя прасторы ў межах тых участкаў, па якіх праходзіць лінія граніцы, часта і падземныя воды ў створах, дзе праходзіць дзярж. граніца. Прававы рэжым У.в. вызначаецца ўнутр. заканадаўствам дзяржавы, а ў адносінах пагранічных вод — таксама і пагадненнямі з сумежнымі дзяржавамі.

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́ДАВЫ КРЫ́ЗІС,

у палітычнай практыцы парламенцкіх дзяржаў (дзе ўрад фарміруецца парламентам і адказны перад ім) сітуацыя, калі ўрад страціў падтрымку большасці ў парламенце або ў той яго палаце, перад якой нясе адказнасць. Звычайна пачынаецца з моманту выказвання парламентам вотуму недаверу ўраду. Пасля гэтага або ўрад ідзе ў адстаўку і пачынаецца фарміраванне новага ўрада або кіраўнік дзяржавы па просьбе ўрада распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары (урад разлічвае на падтрымку большасці ў новым складзе парламента). У.к. лічыцца пераадоленым з атрыманнем новым урадам вотуму даверу.

т. 16, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСО́ЕЎ Сяргей Сяргеевіч (н. 5.3.1942, г. Уладзімір, Расія),

бел. вучоны ў галіне мед. генетыкі і анат. антрапалогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966) і працаваў у ім у 1972—82. З 1982 у Гродзенскім мед. ун-це (да 2001 заг. кафедры). Навук. працы па анат. і мед. антрапалогіі.

Тв.:

Дерматоглифика у детей, страдающих врожденными пороками, с хромосомными аберрациями и без них // Генетика. 1972. Т. 8, № 7;

Использование дерматоглифики родителей в оценке генетического риска // Там жа. 1979. Т. 15, № 3.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)