парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНО́Н (Agnon; сапр.Чачкес) Шмуэль Іосеф
(17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),
ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯВА́Я ПАДРЫХТО́ЎКА,
1) састаўная частка палявой вывучкі войскаў; асн. прадмет баявой падрыхтоўкі мотастралк. і танк. падраздзяленняў. Мае на мэце навучыць ваеннаслужачага дасканала валодаць зброяй (узбраеннем), весці разведку цэляў, вызначаць адлегласць да іх, хутка і трапна паражаць іх першымі выстраламі (чэргамі), выкарыстоўваць усе спосабы вядзення агню з улікам метэаралагічных і балістычных умоў і інш. Праводзіцца на занятках па вывучэнні зброі, боепрыпасаў і правілаў стральбы, на трэніроўках, вучэбных і кантрольных стрэльбах і інш. 2) Перыяд агнявога паражэння праціўніка перад атакай. Праводзіцца сіламі артылерыі, ракетных войск і авіяцыі для прарыву рубяжа абароны, пры ўводзе ў бой другіх эшалонаў (рэзерваў), а таксама ў абароне пры нанясенні контрудараў. Спыняецца з пераходам наступаючых у атаку або змяняецца агнявой падтрымкай атакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯМЁТ,
зброя, прызначаная для паражэння жывой сілы праціўніка струменем агню запаленай сумесі, падпалу тэхн. сродкаў і матэрыяльных запасаў, стварэння ачагоў пажару. Складаецца з рэзервуара, брандспойта і запальніцы. Адрозніваюць агнямёты ранцавыя (пераносныя), цяжкія пяхотныя (на двухколавым лафеце), механізаваныя (на самаходным шасі), танкавыя (асн. або дадатковае ўзбраенне), фугасныя (стацыянарныя з выкідам агнясумесі парахавым зарадам) і рэактыўныя (пераносныя — ружжо з рэактыўным снарадам з агнясумессю). Адлегласць вогнемятання ранцавых да 70 м, рэактыўных — да 800 м, астатніх — да 200 м. Упершыню агнямёты выкарыстаны герм. войскамі ў 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯ́НАЎ (Огнянов) Сава Петраў
(24.5.1876, г. Канстанца, Румынія — 22.3.1933),
балгарскі акцёр. На сцэне з 1902. З 1904 у Нар. т-ры (Сафія). У 1911—12 вывучаў мастацтва Маскоўскага маст. т-ра. Сярод роляў: Дынка («Вампір» А.Страшымірава), Рад Лупу, цар Іван Асен («Над безданню», «Барыслаў» І.Вазава), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу) і інш. Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯСТРЭ́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
агульная назва сродкаў, у якіх для выкідвання з канала ствала снарада (кулі, міны) выкарыстоўваецца сіла ціску ад згарання парахавых зарадаў ці спец. гаручых сумесяў. Бывае гладкаствольная і наразная, аднаразовая і аўтаматычная, баявая, спартыўная і паляўнічая; паводле абслугоўвання і выкарыстання — індывідуальная і калектыўная. Баявая агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую (гарматы, мінамёты, гаўбіцы і інш.), стралковую (рэвальверы, пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты і інш.); да агнястрэльнай зброі адносяцца таксама гранатамёты.
Агнястрэльныя зброі з’явіліся пасля вынаходства пораху і ўпершыню выкарыстана ў Кітаі ў 11 ст. У Еўропе, у т. л. на Беларусі, вядома з 14 ст. Выраблялася на Беларусі з канца 14 ст. У 16—18 ст. людвісарні (ліцейныя майстэрні), дзе адлівалі гарматы, існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Урэччы, Быхаве, Магілёве і інш гарадах. Буйнейшыя вытворцы сучаснай агнястрэльнай зброі і інш. ўзбраення — ЗША, Расія, Францыя і інш. прамыслова-развітыя краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯЦВЕ́Т Эдзі
(сапр.Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ГІКА
(ад грэч. agoge адвод, аднясенне),
у музычным выкананні невялікія, часам не пазначаныя ў нотным тэксце адхіленні ад тэмпу і метра. У вак. музыцы садзейнічае гнуткасці, выразнасці выканання, падкрэслівае матыўнае чляненне, гарманічную структуру твора, сэнсавы змест.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́Л Іосіф
(Ізраіль) Іосіфавіч (2.12.1891, г. Бабруйск — 10.3.1937),
украінскі генетык і філосаф. Акад.АН УССР (1934). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1918—19 чл. і сакратар Мінскага губ. рэўкома, сакратар Мінскага гарвыканкома, нам. камісара па справах фінансаў БССР. Чл.ЦВК Літбела. З 1924 супрацоўнік Ін-та філасофіі, секцыі прыродазнаўчых навук Камуніст. акадэміі. Працаваў у ЗША па праблемах генетыкі дразафілы, з 1934 у АН УССР. Аўтар прац па праблемах генетыкі, арган. мэтазгоднасці, філас. пытаннях прыродазнаўства. У 1936 рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Тв.:
Происхождение животных и человека. М., 1924;
Диалектический метод и эволюционная теория. М.; Л., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НІЯ
(ад грэч. agōnia барацьба),
згасанне асн. жыццёвых працэсаў у перыяд, які папярэднічае смерці. Суправаджаецца стратай свядомасці, парушэннем дыхання, згасаннем адчувальнасці, рэзкім спадам сардэчнай дзейнасці, памутненнем рагавіцы вока, сінявата-барвовым адценнем скуры. Працягласць агоніі — некалькі мінут, гадзіны.