КАЛЕНКУ́Р (Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА,
упадзіна паміж гарамі Сьера-Невада на У і Берагавымі хр. на 3, у зах. поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 800 км, шыр. да 80 км, выш. ад 20 да 160 м. Паводле паходжання — тэктанічны прагін, запоўнены магутнай тоўшчай асадкавых парод мелавога, палеаген-неагенавага і антрапагенавага ўзросту. Радовішчы нафты. Паверхня роўная, месцамі слабаўзгорыстая. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, кантынентальны. Ападкаў ад 150 мм (на Пд) да 1000 ммза год (на Пн). Гал. рэкі Сакрамента (на Пн) і Сан-Хаакін (на Пд). Густая сетка арашальных каналаў. На Пн субтрапічныя стэпы, на Пд — паўпустыні. Садаводства, вінаградарства. На Пд жывёлагадоўля. Гарады: Сакрамента, Стоктан, Фрэсна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКІЯ НАФТАГАЗАНО́СНЫЯ БАСЕ́ЙНЫ У ЗША, у штаце Каліфорнія і на прылеглай акваторыі Ціхага ак. Агульная пл. 235 тыс.км², у т. л. на акваторыі 80 тыс.км². Нафтавыя радовішчы адкрыты ў 1861, у 1901—10 першае месца па здабычы нафты ў ЗША. Прымеркаваны да адкладаў міяцэну і пліяцэну. Больш за 350 нафтавых і 130 газавых радовішчаў з агульнымі пачатковымі запасамі нафты 3,4 млрд.т і 1000 млрд.м³ газу; гал. нафтавыя — Мідуэй-Сансет, Уілмінгтан, Элк-Хілс, Лонг-Біч, Керн-Рывер і інш., газавае — Кетлмен-Хілс. Асн. цэнтры здабычы нафты ў раёне гарадоў Лос-Анджэлес і Вентуры, газу — у раёне г. Сакрамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РСКАЯ ВАЙНА́ 1611—13,
вайна паміж Даніяй і Швецыяй за панаванне на Балтыйскім м., у паўд.ч. Скандынаўскага п-ва і паўн. узбярэжжы Нарвегіі (належала Даніі). Вялася пераважна на швед. землях. Швецыя страціла крэпасць Кальмар (жн. 1611, адсюль назва вайны) і адзіны на той час швед. порт Эльфсбарг у прал. Катэгат (май 1612). Паводле Кнерэдскага мірнага дагавора (20.1.1613) захоўваліся ўмовы Штэцінскага міру, заключанага ў 1570 (завяршыў дацка-швед. вайну 1563—70); шведы адмовіліся ад прэтэнзій на Фінмаркен, абавязаліся выплаціць кантрыбуцыю ў 1 млн. талераў, да канчатковай выплаты Данія атрымала правы на Эльфсбарг з прылеглай тэр.; не была адноўлена дацка-швед. (Кальмарская) унія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДКА Лукаш Сямёнавіч (31.10.1887, в. Лесуны Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 16.5.1966),
дзеяч бел.нац. руху пач. 20 ст. Ген.-маёр інтэнданцкай службы (1940). Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1904—07). У 1907 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны, у 1909 апраўданы. З 1910 у арміі. З 1917 эсэр, чл. Савета салдацкіх дэпутатаў 12-й арміі, выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў, Цэнтр.бел. вайсковай рады, Бел.абл.к-та, дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1921—22 ад’ютант М.Фрунзе ў Турцыі, у 1941—51 нач. кватэрна-эксплуатац. ўпраўлення Узбр. СІД СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІК,
1) у Польшчы ў 12—13 ст. слуга або дваранін пры дварах князёў, каралёў. Кіраваў хатняй маёмасцю, прадстаўляў інтарэсы і замяшчаў гаспадара пры выкананні малазначных спраў.
2) У ВКЛ у 16—17 ст. геадэзіст-землеўпарадчык, член падкаморскага суда. Прызначаўся падкаморым і замяшчаў яго пры вырашэнні спрэчак на месцы. Займаўся вымярэннем і здымкай мясцовасці (межаў, маёнткаў і г.д.) у якасці судовага выканаўцы, а таксама асабіста за кошт зацікаўленага боку. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі заменены інстытутам землямераў, канчаткова знік у 1840 пасля скасавання межавых судоў і спынення дзейнасці Статута ВКЛ 1588.
3) У бытавым ужытку ў 19 — пач. 20 ст. — землямер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ Пётр Васілевіч (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́ЎСКІ Амінадаў Майсеевіч (29.3.1898, г. Кіраваград, Украіна — 14.6.1976),
расійскі графік. Нар.маст. Расіі (1966). Нар.маст.СССР. Акад.АМСССР (1973). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн.ін-т (Масква, 1930). Аўтар ілюстрацый да дзіцячых кніг, якія вызначаюцца жывым гумарам, камічнай гіпербалізацыяй сітуацый і вобразаў («Залаты ключык, альбо Прыгоды Бураціна» А.Талстога, 1942—43; «Мыйдадзір» К.Чукоўскага, 1950), да твораў М.Салтыкова-Шчадрына («За мяжой», 1939), У.Маякоўскага (зб. «Сатыра», 1967), М.Гогаля («Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна», 1946). Працаваў у жанрах карыкатуры (з 1936 супрацоўнік час. «Крокодил»), плаката, у станковым малюнку.
А.Канеўскі. Ілюстрацыя да аповесці М.В.Гогаля «Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна». 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАР,
двухпазіцыйны камутацыйны апарат з самазваротам для частых пераключэнняў у эл. ланцугах нізкага напружання; разнавіднасць выключальніка. Бываюць пастаяннага і пераменнага (прамысл. і высокай частаты) токаў.
Дапускаюць да 1500 уключэнняў-выключэнняў за гадзіну, камутуюць токі да 1 кА Маюць пераважна эл. прывод, часам пнеўматычны ці гідраўлічны. К. пастаяннага току (1- і 2-полюсныя) прызначаны пераважна для кіравання эл. рухавікамі пастаяннага току (у трамваях, тралейбусах, электравозах і інш.), а К. пераменнага току (3- і шматполюсныя) — для кіравання асінхроннымі эл. машынамі (прыводы станкоў, ліфтаў, кранаў). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных вытв. устаноўках.