ТРАПАФІ́ТЫ [ад грэч. tropos паварот, змена + ...фіт(ы)],

расліны, Якія прыстасаваліся да жыцця ў абласцях з рэгулярнай зменай вільготнага і сухога сезонаў. Водна-цеплавы баланс падтрымліваюць з дапамогай арыентацыі лісця, зменай буйнога лісця на дробнае і іх скідваннем у неспрыяльных умовах. Сустракаюцца сярод розных жыццёвых форм раслін.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУНГІ́РСКІ ХРЫБЕ́Т.

У Забайкаллі, у сістэме Алёкмінскага Станавіка, у Чыцінскай вобл. Расіі. Водападзел паміж верхнімі цячэннямі рэк Алёкма і Тунгір. Даўж. 180 км. Выш. да 1808 м. Складзены з метамарфічных парод, перарваных гранітамі. Па схілах — лістоўнічныя лясы, вышэй 1300 м — пояс кедравага сланіку і горнай тундры.

т. 16, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТЫМА́ТУМ (ад лац. ultimus самы апошні),

1) у міжнародным праве — патрабаванне адной дзяржавы да другой, якое суправаджаецца пагрозай разрыву дыпламат. адносін або ўжывання ўзбр. сілы ў выпадку невыканання яго ў вызначаны тэрмін. У міжнар. справах абвяшчаецца выключна з санкцыі ААН.

2) Патрабаванне, якое суправаджаецца якой-н. пагрозай.

т. 16, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАКТАРЫЯ́Л (англ. factorial ад factor множнік; каэфіцыент),

здабытак натуральных лікаў ад 1 да зададзенага ліку n — 1∙2∙3∙...∙n. Абазначаецца n!. Напр., 5! = 1∙2∙3∙4∙5 = 120. Роўны ліку перастановак з n элементаў. Пры вялікіх значэннях n набліжанае значэнне Ф. вылічваецца па Стырлінга формуле.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛКЛЕ́НДСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Паўд. Амерыкі, галіна Заходніх Вятроў цячэння. Накіравана ад Фалклендскіх (Мальвінскіх) а-воў да зал. Ла-Плата. Сярэдняя т-ра вады зімой 4—10 °C, летам 8—15 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Вял. колькасць айсбергаў.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЛЬСТЭР (Falster),

востраў на З Балтыйскага м., у Даніі. Пл. 514 км². Узгорыстая раўніна з марэннымі градамі (выш. да 38 м). Сенажаці, участкі шыракалістых лясоў. Малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць цукр. буракі, збожжавыя культуры. Злучаны мастамі з а-вамі. Зеландыя (даўж. 3,2 км) і Лолан. На Ф. — г. Нюкёбінг.

т. 16, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬЦЭ́Т (італьян. falsetto ад falso няправільны, памылковы),

самы верхні рэгістр пеўчага голасу (гал. чынам мужчынскага), вышэйшы за звычайны пеўчы дыяпазон. Гучыць нямоцна, мякка, бедны абертонамі. Да 19 ст. выкарыстоўваўся тэнарамі для атрымання высокіх гукаў і ўзмацнення драм. выразнасці, у наш час — для надання гучанню спецыфічнай афарбоўкі.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМІЁНЫ, фермі-часціцы,

часціцы або квазічасціцы з паўцэлым спінам. Да Ф. адносяць элементарныя часціцы (барыёны, лептоны і кваркі), квазічасціцы (дзіркі і паляроны), атамныя ядры з няцотным атамным лікам, а таксама атамы (іоны) з няцотнай сумай іх масавага ліку і ліку электронаў. Ф. падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЁРД, фёрд (нарв. fjord),

вузкі глыбокі марскі заліў з высокімі, стромкімі і скалістымі берагамі. Узніклі пры затапленні морам апрацаваных ледавіком рачных далін і тэктанічных упадзін. Даўж. да 200 км і больш, глыб. больш за 1 км. Характэрны для берагоў Нарвегіі, Грэнландыі, Чылі, Аляскі (ЗША), Новай Зямлі (Расія).

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАГЕЛЬМІ́НТЫ (ад фіта... + гельмінты), фітанематоды,

паразітычныя чэрві раслін з кл. круглых чарвей. Выклікаюць нематодныя хваробы раслін, ці фітагельмінтозы. Каля 1000 відаў. Пашыраны паўсюдна. Пашкоджваюць падземныя і надземныя органы раслін, што вядзе да спынення іх росту і гібелі. Найб. пашыраныя нематоды: бульбяная, бураковая, галавая, пшанічная, сцябловая бульбяная, цыбульная.

т. 16, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)