ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне адносна трыганаметрычных функцый ад невядомага аргумента. Для рашэння Т.ў. на аснове суадносін паміж трыганаметрычнымі функцыямі яго зводзяць да ўраўнення адносна адной з іх. Пасля чаго карані Т.ў. атрымліваюць з дапамогай адваротных трыганаметрычных функцый.

т. 15, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛАМЕ́РА (ад грэч. telos канец + meros частка, доля),

канцавы ўчастак храмасомы, часта абагачаны структурным гетэрахрамацінам. Адыгрывае вял. ролю пры структурных перабудовах, храмасомных разрывах, прадухіляе канцы храмасом ад зліпання, спрыяе іх цэласнасці Храмасомы, якія не маюць Т., элімінуюцца.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРТРА́Н [ад англ. for(mula) tran(slator) формульны транслятар],

адна з першых найб. пашыраных моў праграмавання высокага ўзроўню. Арыентавана на рашэнне навук.-тэхн. задач з дапамогай ЭВМ. Простая ў вывучэнні, зручная для напісання праграм і іх наладкі.

т. 16, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСІЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. fossilis выкапнёвы), акамяненне,

працэс ператварэння арган. рэшткаў жывёл і раслін пасля іх смерці ў акамянеласці. Адбываецца ад уздзеяння шэрагу фактараў: т-ры, ціску, замяшчэння арган. рэчыва мінеральным, таксама запаўнення імі пустот у арган. рэштках.

т. 16, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІКАЭРЫТРЫ́НЫ (ад грэч. phykos водарасць + erythros чырвоны),

чырвоныя пігменты з групы фікабілінаў, якія змяшчаюцца ў клетках чырв. і сіне-зялёных водарасцей; дадатковыя фотасінтэтычныя пігменты. Існуюць 3 віды Ф. (P, B, C), іх адрозніваюць па спектры паглынання.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́СПІС (англ. hospice багадзельня ад лац. hospitium гасціннасць),

1) спецыяльная клініка для безнадзейна хворых, дзе іх акружаюць увагай, клопатам і аказваюць пэўную мед. дапамогу; прытулак, багадзельня.

2) Заезны дом накшталт гасцініцы, які ўтрымліваецца хрысц. абшчынамі або манахамі.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХМАТНЫ ГАДЗІ́ННІК,

спецыялізаваны гадзіннік для адліку часу, затрачанага шахматыстамі на абдумванне хадоў. Бываюць мех. і электронныя. У корпусе Ш.г. ўбудаваны 2 аднолькавыя гадзіннікавыя механізмы з сістэмай для іх пачарговага пуску і спынення. Часам маюць лічыльнік зробленых хадоў.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБПА́Л,

тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,

кірунак у муз. мастацтве Італіі 16 — пач. 18 ст. 1) Поліфанічная школа. Склалася ў Венецыі ў 16—17 ст. Заснавальнік А.​Віларт, гал. Прадстаўнікі А. і Дж.Габрыелі, з ёй звязана дзейнасць Дж.Царліна. Майстры Венецыянскай школы аб’ядналі дасягненні нідэрландскай школы і італьян. муз. традыцыі, стварылі манум.-дэкар. стыль вак. поліфаніі, адметны маляўнічасцю, пышнасцю, паўнатой гучання. У іх творчасці набылі дасканаласць жанры мадрыгала і канцоны, мнагахорных канцэртаў і месаў, арганнага рычэркара, такаты і інш. Венецыянская школа ўплывала на фарміраванне мадрыгальнай камедыі і опернай арыі.

2) Оперная школа 17 — пач. 18 ст. Яе традыцыі закладзены ў позніх творах К.Мантэвердзі. Сярод прадстаўнікоў — Ф.​Кавалі, А.​Чэсці, А.Вівальдзі, Дж.Легрэнцы, Б.Галупі. Надзвычайная раскоша іх оперных пастановак — класічнае выяўленне італьян. муз. барока. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публ. оперны т-р «Сан-Касіяна».

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАШУКА́ЛЬНІК,

прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.

Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.

Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)