КАРО́БАЧКА,

сухі шматнасенны плод раслін, утвораны некалькімі пладалісцікамі і здольны да раскрыцця. Уласціва многім відам (напр., мак, трыпутнік, цюльпан, бавоўнік і інш.). Бывае двух- ці шматгнездавая (паслёнавыя, залознікавыя, лілейныя), аднагнездавая з пасценнымі (фіялкавыя, званочкавыя) ці з цэнтр. (гваздзіковыя) насенняносцамі. К. называюць таксама частку спарагонія імхоў, дзе знаходзяцца споры.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУБО́ЧАК,

суквецце, у якім усе кветкі шчыльна скучаны, развіваюцца ад верхавінкі да асновы і маюць выгляд галовак. У кожнай кветцы лісцікі калякветніка ахопліваюць завязь, зрастаюцца з ёй, потым развіваюцца ў зрослыя плады (арэшкі) і ўтвараюць суплоддзе, якое таксама наз. К. Характэрны для бурака, лебяды і інш. раслін сям. лебядовых.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАФІ́ТЫ [ад крыпта... + ...фіт(ы)],

шматгадовыя травяністыя расліны, у якіх наземныя органы адміраюць у неспрыяльны для вегетацыі сезон, а пупышкі ўзнаўлення закладваюцца на карэнішчах, якія знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); адна з жыццёвых форм раслін. Напр., у флоры Беларусі ў многіх злакаў, асок, хрэну, клубнях (бульба, тапінамбур), цыбулінах (цюльпан).

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕ́НІІ (грэч. xenia гасціннасць ад xenos госць, чужы),

уплыў пылку вышэйшых кветкавых раслін на адзнакі эднасперму расліны, што апыляецца. Залежыць ад падвойнага апладнення. У выніку насенне або плады адрозніваюцца ад інш. насення ці пладоў той жа расліны афарбоўкай, велічынёй, формай (напр., наяўнасць зерня рознай афарбоўкі ў адным катаху кукурузы).

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДО́ВЫЯ МУ́ШКІ (Drosophilidae),

сямейства круглашыўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Могуць пераносіць узбуджальнікаў захворванняў раслін. Некат. мініруюць лісце (утвараюць унутры ліста хады і поласці).

Даўж. да 4 мм. Афарбоўка пераважна жоўтая. Лічынкі жывуць у гніючых грыбах, садавіне, гародніне і інш. Гл. таксама Дразафілы.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЯНЕЦ,

маладая расліна, атрыманая з насення ў пасяўным аддзяленні пладовага ці ляснога гадавальніка без перасадкі. С. пладовых раслін (1—2-гадовыя) выкарыстоўваюць у якасці прышчэпаў для размнажэння сартоў; часта іх наз. дзічкамі. С. лясных культур (1—3-гадовыя хвойных і 1—2-гадовыя лісцевых парод) выкарыстоўваюць як пасадачны матэрыял.

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́СКАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

сумесь раствору меднага купарвасу з вапнавым малаком (гідраксід кальцыю) адзін з фунгіцыдаў. Павінна быць нейтральнай (кіслая апякае лісце). Выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін (пладовых, гароднінных і інш. культур). Рыхтуецца непасрэдна перад выкарыстаннем. Спажываць плады і гародніну пасля апырсквання можна не раней як праз 10 сутак.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКІ,

біялагічны заказнік на тэр. Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Створаны ў 1978 як бат. заказнік рэсп. значэння для аховы прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 15 тыс. га (1997). Займае лясны масіў, у якім пераважаюць чарнічныя хвойнікі, трапляюцца бярэзнікі, зрэдку чорнаалешнікі. Асн. лек. расліны: чабор, талакнянка, рабіна, чарніцы і інш.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),

1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.

2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін; састаўная ч. лісця, сцябла і кораня. Складаецца з драўніны (ксілемы) і лубу (флаэмы), якія мяжуюцца адным бокам. Бываюць адкрытыя, калі паміж ксілемай і флаэмай ёсць камбій (дае другасны прырост у таўшчыню, характэрны для двухдольных, голанасенных і некат. папарацепадобных) і закрытыя — без камбію.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)