МІ́НСКАЯ ДУХО́ЎНАЯ АКАДЭ́МІЯ імя свяціцеля Кірылы, епіскапа Тураўскага,
вышэйшая навуч. ўстанова Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата. Засн. ў 1996 у в. Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.). Паводле Статута навучанне мае 2 ступені: 1-я — 3 гады навучання (кандыдат багаслоўя), 2-я — аспірантура (2 гады навучання), дае права на абарону магістэрскай дысертацыі. На 2-ю ступень акад. адукацыі дапускаюцца кандыдаты багаслоўя паводле рашэння Савета акадэміі. У 1999/2000 навуч. г. кафедры: Святога пісання, Старога і Новага запавету, дагматычнага і асн. багаслоўя, царк. гісторыі, стараж. і новых моў. Вывучаюцца акрамя багаслоўскіх такія дысцыпліны, як гісторыя Беларусі, праваслаўе і бел. культура, філасофія, педагогіка, царк.-слав., лац., стараж.-грэч., англ., ням. мовы і інш.
А.С.Балоннікаў.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку (Зах. Беларусь) у 1919—34. Мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ, захаванне бел. самабытнасці, павагі да нар. звычаяў і традыцый. Тэрмін навучання 8 гадоў. У Н.б.г. вучыліся беларусы, рускія, яўрэі, татары. У розны час дырэктарамі былі Р.Пяцэвіч, Я.Цеханоўскі, П.Скрабец. Выкладаліся: бел., польск., франц., лац. і ням. мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусв. гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і інш. Дзейнічалі самадз. гурткі, аркестр, спарт. секцыі. Вучні выдавалі часопіс (на шапірографе). Сярод вучняў Л.А.Барысаглебскі, Б.У.Кіт, Я.Сажыч і інш. Закрыта польскімі ўладамі.
А.С.Анішчык.
т. 11, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,
пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАРА́НЕ,
група зах.-слав. плямён, якія ў старажытнасці насялялі пераважна польскае Памор ’е. На З межавалі з палабскімі славянамі, на У — з балцкімі плямёнамі прусаў, на Пд — з польскімі плямёнамі куявян (гл. Куявія) і палян. З канца 10 ст. ўваходзілі ў стараж.-польскую дзяржаву. Вял. ролю ў іх гасп. жыцці адыгрывалі рамяство, гандаль, мараплаўства, рыбалоўства. Гал. рамесныя і гандл. цэнтры — Волін і Шчэцін. Уваходзілі ў склад Вендскай дзяржавы (1040-я г. — 1129), разам з палабскімі славянамі змагаліся супраць герм. агрэсіі. У 12 — пач. 14 ст. заваяваны герм. феадаламі, якія падверглі П. вынішчэнню і гвалтоўнай асіміляцыі. Нашчадкамі П. з’яўляецца польская этнагр. група кашубаў, што захавала асаблівасці сваёй культуры, мовы і побыту. Гл. таксама Кашубская мова.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел. нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.Талстога, А.Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.
У.М.Конан.
т. 12, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКАЯ (Алена Віталеўна) (н. 11.1.1950, в. Дзякаўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса, педагог. Засл. настаўніца Беларусі (1987). Скончыла БДУ (1971). Настаўнічала на Слонімшчыне, Магілёўшчыне, у 1977—93 у Слонімскай СШ № 2. З 1993 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Друкуецца з 1966. Выдала зб-кі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх эмац. тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Зах. Беларусі ў 20 ст. Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе» (1999), «Пазакласная праца па беларускай літаратуры» (2000).
А.М.Пяткевіч.
т. 13, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў (Дзмітрый Іванавіч) (1788, С.-Пецярбург — 1.12.1852),
расійскі геолаг. Чл. Пецярбургскай АН (1839). Скончыў Горны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1805), дзе і выкладаў да 1841, адначасова (у 1822—44) — праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, мінералогіі і палеанталогіі, у т. л. «Дапаможнік па мінералогіі» (ч. 1—2, 1832) і «Курс геагнозіі» (ч. 1—3, 1839). Абгрунтаваў вылучэнне чырвонакаляровых адкладаў Перадуралля ў самаст. сістэму (у 1841 англ. вучоны Р.І.Мурчысан назваў яе пермскай). Кіраваў работамі па геал. здымцы горных акруг Урала. Падрыхтаваў горна-геал. раздзел «Слоўніка царкоўнаславянскай і рускай мовы» (1847). Рэдактар «Горного журнала». Адзін з заснавальнікаў Мінералагічнага т-ва ў Пецярбургу (з 1817). З Дзямідаўскія прэміі Пецярбургскай АН.
т. 14, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМЦЭ́ВІЧ (Пётр Андрэевіч) (6.3.1899, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — жн. 1941),
бел. лінгвіст і фалькларыст. Брат В.А.Самцэвіча, С.А.Самцэвіча. Скончыў Горы-Горацкі с.-г. ін-т (1922), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). З 1923 настаўнічаў, збіраў матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, геалогіі Барысаўшчыны. Друкаваўся ў час. «Наш край». Адзін з арганізатараў Барысаўскага краязнаўчага музея, якому перадаў калекцыю прадметаў археалогіі і этнаграфіі. У 1924 перадаў Інбелкульту больш за 300 тэкстаў замоў, казак, песень, прыпевак (запісаў больш за 1000 фальклорных твораў). Паводле даручэння камісіі Інбелкульта па складанні гіст. слоўніка бел. мовы збіраў і апрацоўваў лінгвістычны матэрыял. Складаў слоўнік тапонімаў і мікратапонімаў Барысаўшчыны і Крупшчыны.
Г.А.Каханоўскі.
т. 14, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧАЎ (Афанасій Мацвеевіч) (23.1.1886, с. Волава Арлоўскай вобл., Расія — 6.12.1942),
рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. АН СССР (1929) і Балгарскай АН (1931). Скончыў Казанскі ун-т (1911). Праф. Іркуцкага (1918—20), Казанскага (1920—21), Маскоўскага (з 1921) ун-таў. Асн. працы па гіст. дыялекталогіі македонскай мовы («Нарысы па македонскай дыялекталогіі», 1918; «Македонскія кодзікі 16—18 стст.», 1933, і інш.), рус. дыялекталогіі («Дыялекталагічны нарыс Сібіры», вып. 1, 1921; «Рускія гаворкі Казанскага краю...», 1927, і інш.), балканскім мовазнаўстве. Аўтар прац па параўнальна-гіст. граматыцы слав. моў, анамастыцы, падручнікаў па слав. мовазнаўстве: «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» (вып. 1, 1914), «Славянскае мовазнаўства» (т. 1, 1941), «Стараславянская мова» (ч. 1—2, 1951—52).
Тв.:
Избр. труды. М., 1968.
т. 14, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІПТАЛО́ГІЯ,
комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.Ф.Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.Раселіні) і ў 1842—45 (К.Р.Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.Масперо, Ф.Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.Дрыятон, Ж.Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.Марэ, Э.Ф.Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 пад кіраўніцтвам Эрмана і Г.Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст. егіп. палеаграфію даследаваў Г.Мёлер, рэліг. тэксты — К.Зетэ і С.Шот, інш. літ. помнікі — Г.Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.Маер, А.Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.Крам, 1939). Намаганнямі Дж.Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.С.Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.А.Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.В.Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.І.Аўдзіеў, І.М.Лур’е, Ю.Я.Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар. к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар. кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).
Літ.:
Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.
У.С.Кошалеў, Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)