ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Васіль Якаўлевіч) (25.1.1852, г. Харкаў, Украіна — 25.2.1939),
украінскі фізіёлаг і гістолаг. Акад.АН Украіны (1926). Брат А.Я.Данілеўскага. Скончыў Харкаўскі ун-т (1874), праф. у ім (у 1883—1909 і 1917—21). З 1910 дырэктар Харкаўскага жаночага мед. ін-та, з 1921 у Харкаўскім мед. ін-це, у 1927 арганізаваў і ўзначаліў Украінскі НДІ эндакрыналогіі і арганатэрапіі. Навук. працы па агульнай і параўнальнай фізіялогіі, фізіялогіі нерв. сістэмы, электрафізіялогіі, эндакрыналогіі і пратысталогіі. Выявіў цэнтр у кары галаўнога мозга, што рэгулюе дзейнасць сэрца. Займаўся праблемамі электраэнцэфалаграфіі, фізіял. вывучэння гіпнозу ў чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],
водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв.гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
COH(CHOH)4COOH, аднаасноўная гексуронавая к-та, якая ўтвараецца з D-глюкозы пры акісленні яе першаснай гідраксільнай групы. D-глюкуронавая кіслата пашырана ў жывёльных і раслінных арганізмах: уваходзіць у склад кіслых мукаполіцукрыдаў, некаторых бактэрыяльных поліцукрыдаў, трытэрпенавых сапанінаў, геміцэлюлоз, камедзей. Свабодная D-глюкуронавая кіслата ў невялікай колькасці ёсць у крыві і мачы жывёл. У выглядзе парных злучэнняў глюкуронавая кіслата (глюкуранідаў) з мачой выдаляюцца некаторыя прадукты абмену рэчываў, у т. л. ядавітыя (фенол, крэзол) і многія лек. рэчывы. Глюкуронавая кіслата з’яўляецца папярэднікам пры біясінтэзе аскарбінавай к-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́КЕЛЬ ((Haeckel) Эрнст) (16.2.1834, г. Патсдам, Германія — 9.8.1919),
нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст. Прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч.Дарвіна. Вучыўся ва ун-тах Берліна і Вюрцбурга. У 1861—1909 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па агульнай марфалогіі, антрапагеніі, гісторыі развіцця чалавека. Сфармуляваў тэорыю гастрэі: паходжанне шматклетачных жывёл ад гіпатэтычнага продка, які нагадваў двухслаёвы зародак — гаструлу. Прапанаваў першае «радаслоўнае дрэва» жывёльнага свету, сфармуляваў біягенетычны закон. Прадказаў дыскрэтнасць генаў, іх лакалізацыю ў храмасомах і ролю ў антагенезе.
Тв.:
Рус пер. — Естественная история миротворения. Т. 1—2. СПб., 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАКІНА́ЗА,
фермент адэназінтрыфасфатнай к-ты — гексоза 6-фасфатрансфераза. Каталізуе перанос фасфатнай групы з адэназінтрыфосфарнай к-ты на гексозу (глюкозу і інш). Удзельнічае ў першых этапах пераўтварэння глюкозы пры браджэнні, гліколізе, біясінтэзе глікагену і пры акісленні па пентазафасфатным шляху. Гексакіназа ёсць амаль ва ўсіх клетках жывёл, раслін і бактэрый. У розных арганізмаў і ў розных тканках гексакіназа прадстаўлена разнастайнымі ізаформамі (аднак усе каталізуюць адну і тую ж рэакцыю). Кафактарам гексакіназы з’яўляецца магній (Mg2+). Актыўнасць гексакіназы рэгулюецца гармонамі (інсулінам, стэроіднымі гармонамі), рэзка тармозіцца прадуктам рэакцыі гексозафасфатам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́КСЛІ, Хакслі (Huxley) Томас Генры (4.5.1825, г. Ілінг, каля Лондана — 29.6.1895), англійскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1864). Па адукацыі ўрач. Паплечнік Ч.Дарвіна і прапагандыст яго вучэння. Праф. Каралеўскай горнай школы (1854—95), сакратар (1871—80) і прэзідэнт (1883—85) Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па заалогіі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, антрапалогіі і эвалюцыйнай тэорыі. Распрацоўваў таксама пытанні геалогіі. Параўнальна-анатамічнымі даследаваннямі даказаў марфал. блізкасць чалавека і вышэйшых малпаў, птушак і паўзуноў, медуз і паліпаў. Развіў і абгрунтаваў палажэнне пра адзінства будовы чэрапа пазваночных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́КАЎ (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 13.10.1928, с. Стары Кувак Ленінагорскага р-на, Татарстан),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Казанскі вет.ін-т (1951). З 1954 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, у 1968—95 рэктар. Навук. працы па імунамарфалогіі і імунапаталогіі пры інфекцыйных, інвазійных і асацыятыўных хваробах, вакцынацыях і імунастымуляцыі с.-г.жывёл.
Тв.:
Анализ патологоанатомического вскрытия животных. Мн., 1977;
Патологическая анатомия с.-х. животных. М., 1995 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
высокамалекулярныя монакарбонавыя поліцыклічныя кіслоты з класа стэрынаў, вытворныя халанавай к-ты. Утвараюцца ў клетках печані чалавека і многіх жывёльных арганізмаў і выдзяляюцца з жоўцю.
Да Ж.к. належаць холевая, дэзоксіхолевая, літахолевая і інш. к-ты. Асн. частка іх у жоўці злучаецца з глікаколам і таўрынам і ўтварае т. зв. парныя Ж.к. (напр., глікахолевыя к-ты), солі якіх садзейнічаюць эмульгаванню і ператраўленню тлушчаў, усмоктванню тлустых к-т. Ж.к., што атрымліваюць з жоўці вышэйшых жывёл, выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці як сыравіна для вытв-сці палавых гармонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛЬНЫЯ КАРМЫ́,
прадукты жывёльнага паходжання і адходы іх перапрацоўкі, якія выкарыстоўваюцца на корм с.-г. жывёлам. Найб. пашыраныя Ж.к.: малако і прадукты яго перапрацоўкі (адгон, сыроватка, маслёнка і інш.), адходы мясакамбінатаў (мука мясная, мяса-касцявая. крывяная, субпрадукты і інш.), рыбакамбінатаў (мука рыбная і інш.), птушкафабрык і інкубатарных станцый (мука з гідралізатаў пер’я, тумакі, заморкі), зверабойнага промыслу (мяса цюленяў і інш.жывёл і мука з іх туш), а таксама мясцовыя Ж.к. (кукалкі тутавага шаўкапрада, малюскі, азёрныя рачкі і інш.) Ж.к. маюць шмат біялагічна паўнацэннага пратэіну, багатыя вітамінамі, макра- і мікраэлементамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯ́ЦІН (Мікалай Мітрафанавіч) (18.5.1900, г. Ліпецк, Расія — 12.7.1965),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Чл.-кар.АН Беларусі (1947), д-рс.-г.н. (1937), праф. (1935). Скончыў Петраградскі вет.-зоатэхн. ін-т (1923). З 1946 заг. аддзела Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі, з 1949 заг. кафедры БСГА, з 1959 — Гродзенскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні канстытуцыі с.-г.жывёл і падборы іх паводле прынцыпу стымулявання развіцця патомства, узроставага і палавога падбору. Адзін з аўтараў пароднай групы бел. чорна-пярэстых свіней.