ТУРМА́, астрог,
адзін з відаў папраўчай установы. Паводле крымінальна-папраўчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у Т. ўтрымліваюцца асуджаныя да зняволення ў Т., а таксама асуджаныя, пераведзеныя ў Т. на тэрмін да 3 гадоў за парушэнне рэжыму ўтрымання ў папраўчых калоніях. Асуджаных трымаюць у агульных камерах, якія запіраюцца. Турэмны рэжым рэгулюецца заканадаўствам і правіламі ўнутр. распарадку папраўчых устаноў.
т. 16, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАРЭТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзелы фізікі, у якіх даецца тлумачэнне вядомых і прадказанне новых з’яў на падставе фундаментальных фіз. законаў, а таксама фармулююцца новыя законы. Т.ф. карыстаецца метадамі матэматыкі і матэматычнай фізікі, камп’ютэрным мадэліраваннем і інш. сродкамі выліч. тэхнікі. Уключае фундаментальныя фіз. тэорыі: адноснасці тэорыю, квантавую механіку, квантавую статыстыку, квантавую тэорыю паля, класічную механіку, поля тэорыю, статыстычную фізіку, тэрмадынаміку і электрадынаміку.
т. 16, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕМА́ТЫКА, тэлематычная служба,
сукупнасць аператыўных сродкаў электрасувязі. Забяспечвае абмен дыскрэтнымі літарна-лічбавымі і відэаграфічнымі (чорна-белымі і каляровымі) паведамленнямі паміж абанентамі, а таксама атрыманне інфарм.-даведачных матэрыялаў з цэнтралізаваных банкаў даных, напр., з глабальнай сеткі Інтэрнет. Прыём-перадача паведамленняў ажыццяўляецца па каналах тэлефоннай сеткі агульнага карыстання. Да Т. адносяць відэатэкс, розныя віды факсімільнай сувязі і інш.
т. 16, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЗО́МЕТР (ад фаза + ...метр),
прылада для вымярэння косінуса вугла зруху фаз (або магутнасці каэфіцыента) паміж напружаннем і токам у эл. ланцугах пераменнага току прамысл. частаты, а таксама для вымярэння рознасці фаз эл. ваганняў. Бываюць электрамех. (электра- і ферадынамічныя, эл.-магн., індукцыйныя) і электронныя Ва ўсіх Ф. (акрамя электронных) у якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца лагометр адпаведнай сістэмы.
т. 16, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕТР (ад франц. feutre лямец),
матэрыял, атрыманы валяннем пераважна заечага, трусінага і казінага пуху (тонкага воласу), а таксама адходаў футра, тонкай і паўгрубай воўны (часам з дабаўленнем хім. валокнаў). Бывае гладкі і ворсавы («пад замшу», велюр, каратка- і даўгаворсавы). Ідзе на выраб галаўных убораў (напр., капелюшоў, берэтаў), абутку (напр., тонкіх валёнкаў), тэхн. вырабаў (фільтраў, пракладак) і інш.
т. 16, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛУМЕНІ́Я (ад філ... + лац. lumen святло, свяцільнік),
галіна калекцыяніравання, прадметам якой з’яўляюцца этыкеткі ад запалкавых карабкоў, а таксама т.зв. бланкавыя этыкеткі і іх тэматычныя наборы, што спецыяльна выпускаюцца для аматараў-філуменістаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. з пашырэннем запалак. Мае, як правіла, тэматычны характар — у адпаведнасці з выявамі на этыкетках (напр., пэўныя прадметы і з’явы, падзеі і да т.п.).
т. 16, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛЬМАТЭ́КА (ад фільм + грэч. thekē сховішча),
установа або аддзел кінастудыі, дзе збіраюць і захоўваюць фільмы, а таксама зыходныя матэрыялы для іх стварэння (негатывы, пазітывы, сцэнарыі, рэцэнзіі і інш.); збор кінатвораў. Праводзіць іх сістэматызацыю, вывучэнне і рэстаўрацыю. Усе матэрыялы Ф. размяшчаюцца ў фільмасховішчах, дзе падтрымліваюцца строга вызначаныя т-ра і вільготнасць паветра. На Беларусі буйнейшая Ф. — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.
т. 16, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУРАЖЫ́Р (ад франц. fourrage корм для жывёлы; устар.),
1) службовая асоба з радавых або унтэр-афіцэраў у часцях кавалерыі і коннай артылерыі ў арміях шэрагу дзяржаў, які адказваў за атрыманне, захаванне, выдачу і ўлік фуражу.
2) Ваеннаслужачы або інш. асоба, прызначаныя ў склад спец. каманд для нарыхтоўкі фуражу, харчавання, а таксама паліва, буд. матэрыялаў і інш.
т. 16, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ЛЬСІЯ ШКАЛА́,
адна з найб. пашыраных тэмпературных шкал. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты па Міжнароднай практычнай тэмпературнай шкале: т-ра трайнога пункта вады (0,01 °C; першасна — т-ра плаўлення лёду — 0 °C) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (100 °C; гл. Градус Цэльсія). Прапанавана швед. вучоным А.Цэльсіем (1742). Гл. таксама Тэрмадынамічная тэмпературная шкала.
т. 17, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАНСАНЬЕ́ (франц. chansonnier спявак ад chanson песня),
французскі эстрадны спявак, выканаўца жанравых песень, часта аўтар іх слоў і музыкі; таксама любы выканаўца шансон. Мастацтва Ш. развівае традыцыі, складзеныя ў паэзіі П.Ж.Беранжэ, творчасці П.Дзюпона, Г.Мантэгюса, Э.Піяф, Ш.Азнавура, І.Мантана, М.Мацьё, П.Каас. Выразны рэпертуар Ш. бел. артыста т-ра «Хрыстафор» А.Длускага.
т. 17, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)