АГАРО́ДНІЦТВА,

1) галіна раслінаводства па вырошчванні агароднінных культур. Адрозніваюць агародніцтва адкрытага — на палях, агародах (дае асн. збор прадуктаў і насенне) і ахоўнага — у цяпліцах, парніках і пад больш простымі ўкрыццямі (ліквідуе сезоннасць у забеспячэнні насельніцтва свежай агароднінай) грунту. У многіх краінах свету з’яўляецца прыярытэтнай галіной сельскай гаспадаркі.

На прамысл. аснове вядзецца ў ЗША Нідэрландах, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Японіі і інш. Характарызуецца шырокім асартыментам культур, выкарыстаннем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (селекцыя, стварэнне гетэрозісных гібрыдаў, гідрапонная тэхналогія з малааб’ёмнымі субстратамі і пажыўнымі растворамі і інш.). У Зах. Еўропе і ЗША па індустр. тэхналогіях культывуецца больш за 40 агароднінных культур, у Японіі — больш за 160. З краін СНД адносным развіццём агародніцтва вылучаюцца Малдова, Украіна, Азербайджан, а таксама Краснадарскі край, Растоўская, Маскоўская і некаторыя інш. вобласці Расіі. На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. таварнае агародніцтва пашырылася ў Пінскім, Рэчыцкім, Лепельскім, Дзвінскім, Чэрыкаўскім, Мсціслаўскім і інш. паветах, а таксама каля Гомеля і Магілёва. За межы Беларусі вывозілі пераважна капусту. У 1993 у рэспубліцы вырашчана 1048 тыс. т агародніны, 45 тыс. т атрымана ў закрытым грунце [каля 400 га зімовых і вясенніх (плёначных) цяпліц]. Агародніцтва мае больш высокую канцэнтрацыю ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Брэста і інш. На Беларусі пад агародніннымі культурамі 73,6 тыс. га (1994).

2) Навука пра біялогію агароднінных культур і спосабы іх вырошчвання. У 19 ст. на сусв. выстаўках поспех мелі сарты рус. вучонага Я.А.Грачова. Найб. падрабязнае апісанне агароднінных раслін зроблена франц. вучоным Д.Буа (1927). Значная роля ў развіцці агародніцтва належыць працам Р.І.Шрэдэра, М.В.Рытава, У.І.Эдэльштэйна, М.І.Вавілава і інш. На Беларусі даследаванні пачаліся ў 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, значна пашырыліся пасля стварэння Бел. плодаагародніннай доследнай станцыі (1931) і арганізацыі Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбы (1958), вядуцца ў Бел. НДІ агародніцтва, Гродзенскім с.-г. ін-це, Бел. с.-г. акадэміі, на абл. с.-г. доследных станцыях.

Выведзена каля 100 сартоў і гібрыдаў памідораў, белакачаннай капусты, сталовых буракоў, гароху, агуркоў, цыбулі рэпчатай і інш. агароднінных раслін. Распрацавана агратэхніка вырошчвання агародніны ва ўмовах Беларусі (Л.А.Скрыпнічэнка, П.С.Шастапал, Б.А.Юргенс, І.І.Цішкевіч, У.П.Пярэднеў, А.А.Аутка, Т.С.Якубіцкая, А.А.Казіміраў, П.С.Жукава, М.Ф.Сцяпура, К.А.Шуін, Ю.М.Забара, П.Я.Півень), распрацаваны сістэмы ўгнаенняў для асн. культур, схемы элітнага насенняводства.

Праблемы сучаснага агародніцтва: распрацоўка перспектыўных тэхналогій вытв-сці агародніны; вывядзенне сартоў інтэнсіўнага тыпу, устойлівых да хвароб і шкоднікаў; распрацоўка сістэм угнаення агароднінных культур у севазвароце на розных тыпах глебаў і новых аграпрыёмаў.

Літ.:

Интенсивное плодоовощеводство. Горки, 1992;

Шуин К.А. Овощеводство. Мн., 1987.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у Мінску на базе Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі даследаванняў: стварэнне высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў агароднінных культур і тэхналогій вытв-сці іх насення; распрацоўка энергазберагальных і прыродаахоўных тэхналогій і сістэм вядзення агародніцтва ў адкрытым і ахаваным грунце і інш. Ін-там створана больш за 100 сартоў і гібрыдаў агароднінных культур.

А.А.Аутка.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́Ў Мікалай Платонавіч

(6.12.1813, С.-Пецярбург — 12.6.1877),

рус. паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це (1832—33) удзельнічаў у паліт. гуртках, захапляўся франц. утапічным сацыялізмам. З 1856 у эміграцыі (Лондан, Жэнева). На фарміраванне светапогляду паўплывалі дзекабрысты і А.Герцэн, з якім выдаваў альманах «Полярная звезда» і газ. «Колокол». Адзін з заснавальнікаў рэв. арг-цыі «Зямля і воля» (1860-я г.). У лірычных творах заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем, абгрунтоўваў ідэю грамадскага прызначэння паэзіі, прапагандаваў прынцыпы рэалізму (цыклы «Маналогі», «Успаміны дзяцінства», вершы «Памяці Рылеева», «Свабода», паэмы «Гумар», «Вёска», «Зімовы шлях», «Мацей Радаеў» і інш.). Аўтар аповесцяў, публіцыстычных і літ.-крыт. артыкулаў.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М., 1980;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Конкин С. Огарев. 2 изд Саранск, 1982.

М.П.Агароў.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,

пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;

Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Кірава. За 7 км на У ад Ганцавіч, 250 км ад Брэста. 1528 ж., 573 двары (1994). 3 цэхі (па вытв-сці безалкагольных напіткаў, каўбасны і швейны). Сярэдняя школа, Дом культуры, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Помнік архітэктуры — сядзіба 19 ст.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́СТА

(Augusta),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Джорджыя, порт на р. Савана. Засн. ў 1735. 397 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990), частка прыгарадаў у штаце Паўд. Караліна. Вузел чыгунак і аўтадарог. Хімічная (у т. л. вытв-сць мінер. угнаенняў, лякарстваў), сталеліцейная, цэлюлозна-папяровая, тэкст., шкларобная, харч. прам-сць. Вытв-сць кантрольна-вымяральных прылад і мед. інструментаў, вогнетрывалай цэглы. У прыгараднай зоне атамны камбінат «Савана-Рывер».

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАСФЕ́Р,

гл. Вечны жыд.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́Т

(грэч. achatēs),

мінерал, разнавіднасць халцэдону з паласатай ці плямістай тэкстурай або дэкаратыўнымі ўключэннямі. Адрозніваюць: агаты (блакітнавата-шэрыя і белыя), агатавы онікс (белыя і чорныя слаі), карнеалонікс (чырвоныя і белыя), сардонікс (чырвона-бурыя і белыя) і інш. Характар афарбоўкі — вясёлкавы. Бляск васковы да матавага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см. Выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні, як паўкаштоўны камень.

Агат.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГА́Т»,

навукова-вытворчае аб’яднанне на Беларусі. Створана ў 1986. Уключае НДІ сродкаў аўтаматызацыі (галаўное прадпрыемства), НДІ «Агат», электрамех. з-д (усе ў Мінску), доследны з-д «Нёман» (г. Ліда). Спецыялізавана на выпуску аўтаматызаваных інфарм.-выліч. і кіравальных сістэм і праграмна-тэхн. сродкаў для розных сфер дзейнасці (транспарт, энергетыка, экалогія, ахова здароўя, адукацыя, адм. кіраванне, банкаўская і праваахоўная справа і інш.). Вырабляе таксама тавары нар. ўжытку, мед. тэхніку, тэхнал. прадукцыю для аграпрома.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАТАНГЕЛО́С,

армянскі гісторык 5 ст. Аўтар «Гісторыі Арменіі» (збераглася ў рэдакцыі 7—8 ст.; апубл. ў 1709, навукова вывераны тэкст — у 1909), якая асвятляе падзеі 226—30, эпоху прыняцця армянамі хрысціянства, дае звесткі пра грамадскі і дзярж. лад Арменіі, гіст. асоб, барацьбу хрысціянства і язычніцтва, спалучаныя з нар. легендамі і паданнямі. Перакладзена на мовы многіх народаў свету; мела некалькі версій.

А.Казінян.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)