ЧЭ́КАВАЯ КНІ́ЖКА,

збрашураваны блок чэкавых фармуляраў, які выдаецца ўкладчыку пры адкрыцці рахунка. Кліент атрымлівае наяўныя грошы з бягучага рахунка з дапамогай чэкаў і расплачваецца імі з інш. фіз. і юрыд. асобамі. Звычайна чэкі афармляюцца на спец. бланках, якія вырабляюцца друкарскім спосабам на спец. паперы і забяспечваюцца паслядоўнай нумарацыяй. У адрозненне ад банкаўскіх іх называюць «чэкамі з чэкавай кніжкі».

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЛЕ́СТА (італьян. celesta ад celeste нябесны),

ударна-клавішны муз. інструмент. Формай корпуса, малаточкавым механізмам і клавіятурай падобны на невял. піяніна ці фісгармонію; замест струн храматычна настроеныя стальныя пласцінкі (ці трубкі). Дыяпазон c​1—c​5, натуецца на актаву ніжэй за рэальнае гучанне. Сканструявана ў 1886. Вызначаецца пяшчотным гукам, які нагадвае гучанне званочкаў. Выкарыстоўваецца ў сімф. аркестрах.

Чэлеста.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМБЯЛЯ́Н (ад франц. chambellan),

прыдворны тытул у Рэчы Паспалітай у 18 ст. Замяніў тытул дворнага падкаморыя. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі для забеспячэння падтрымкі ў розных колах шляхты прызначаў мноства Ш. Іх абавязкам быў удзел у святочных цырымоніях пры двары. Насілі шыты мундзір, стужку з пазалочаным ключом на левым бядры. У Рас. імперыі яму адпавядаў прыдворны чын камергер.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНСАНЬЕ́ (франц. chansonnier спявак ад chanson песня),

французскі эстрадны спявак, выканаўца жанравых песень, часта аўтар іх слоў і музыкі; таксама любы выканаўца шансон. Мастацтва Ш. развівае традыцыі, складзеныя ў паэзіі П.Ж.Беранжэ, творчасці П.​Дзюпона, Г.​Мантэгюса, Э.​Піяф, Ш.​Азнавура, І.​Мантана, М.​Мацьё, П.​Каас. Выразны рэпертуар Ш. бел. артыста т-ра «Хрыстафор» А.​Длускага.

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІ́ЛЬМАНЫ (ад ням. Spielleute, адз. л. Spielmann),

нямецкія сярэдневяковыя вандроўныя акцёры, спевакі, музыканты. Стваралі і выконвалі эпічныя песні, а таксама творы апавяд. і гумарыстычнага жанраў бюргерскай л-ры, якая зараджалася. Выступалі ў дварах феадалаў і ў нар. аўдыторыі, на кірмашах, у вёсках, гарадах. Росквіт паэзіі Ш. — 12 ст.; з 13 ст. Ш. асядалі ў гарадах, станавіліся членамі пеўчых цэхаў.

т. 17, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧОЛАЧНАЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ МЕТА́ЛЫ,

хімічныя элементы гал. падгрупы II групы перыяд. сістэмы элементаў Дз.​І.​Мендзялеева: кальцый Са, стронцый Sr, барый Ва, радый Ra. Аксіды Ш.м. (паводле тэрміналогіі алхімікаў — «землі») надаюць вадзе шчолачную рэакцыю (адсюль назва). Атамы Ш.м. маюць на знешняй абалонцы па 2 5-электроны і 6 p-электронаў; ступень акіслення +2. Хім. актыўнасць Ш.м. нарастае ад кальцыю да радыю.

т. 17, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫЛЬНЯМЕ́Р,

прылада для неперарыўнага (ці перыядычнага) вымярэння шчыльнасці рэчыва ў розных тэхнал. працэсах. Адрозніваюць вагавыя (гл. Пікнометр), паплаўковыя (гл. Арэометр), дынамічныя (вымярэнні па хуткасці выцякання газу з тонкай адтуліны), радыеізатопныя (па інтэнсіўнасці паглынання ці рассеяння бэта- або гама-прамянёў), ультрагукавыя (па залежнасці скорасці гуку ад шчыльнасці асяроддзя) і інш. Выкарыстоўваюцца Ш. ў навук. даследаваннях і вытв. працэсах.

т. 17, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗЕКУ́ЦЫЯ (ад лац. exsecutio выкананне),

1) у праве шэрагу краін — выкананне прыгавору суда (аб пакаранні смерцю, продажы маёмасці даўжніка і інш.).

2) Цялеснае пакаранне, якое, напр., у Рас. імперыі да канца 19 ст. ўжывалася да салдат, матросаў (гл. ў арт. Шпіцрутэны) і прыгонных сялян.

3) Карныя меры ўнутры дзяржавы або адной дзяржавы ў адносінах да другой.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЛО́ГА (лац. ecloga ад грэч. eklogē адбор, выбар),

1) лірычны твор, пабудаваны ў форме дыялогу, у якім пераважалі быт. сцэнкі з вясковага жыцця; жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі. У сярэдневяковай Італіі асобныя Э. ставіліся на сцэне. Вядомы ант. Э. Феакрыта, Вергілія («Буколікі»), рус. Э. А.​П.​Сумарокава (18 ст.).

2) Зборнік законаў Візантыі, выдадзены ў 8 ст.

т. 18, кн. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСІТРО́Н [ад лац. excito узбуджаю + (элек)трон],

ртутны вентыль з аднакратным узбуджэннем катоднай плямы, якая падтрымліваецца за кошт эл. дугі на дапаможны анод. Момант запальвання асн. дугі кіруецца з дапамогай сеткі. Выкарыстоўваецца для выпрамлення пераменнага току прамысл. і павышанай частот высокага напружання (да 130 кВ). Імпульсныя Э. выкарыстоўваюцца як камутатары ў індуктыўных накапляльніках энергіі і лінейных мадулятарах.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)