возера на мяжы Ушацкага і Лепельскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,14 км², даўж. 2,9 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд і ПнЗ да возера прымыкаюць балотныя масівы. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на Пд і ПнЗ забалочаныя. Дно возера мае некалькі ўпадзін глыб. 10—15 м. Востраў пл. 0,3 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей мул. Злучана на Пд пратокай з воз. Цеменіца, на ПнЗ сцёк па канале ў воз. Атолава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),
военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды патэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.П.Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ,
прылада для арыфм. вылічэнняў (складання і аднімання). Маюць прамавугольную раму з папярочнымі пруткамі з рухомымі круглымі костачкамі. Выкарыстоўваюцца для простай лічыльнай работы і як наглядны дапаможнік.
Кожны пруток з 10 костачкамі адыгрывае ролю дзесятковага разраду ліку. Першакрыніцай Л. з’яўляецца т. зв. дашчанае лічэнне, якое ўзнікла ў Расіі ў 16 ст. З пераходам да арабскіх лічбаў у канцы 17 — пач. 18 ст. Л. набылі сучасны выгляд з захаваннем аднаго няпоўнага раду. Кітайскія Л. (суан-пан), якімі карыстаюцца таксама ў Індакітаі і Японіі, захавалі свой стараж. выгляд с падлікам адзінак у кожным разрадзе па 5, а затым пяцёркамі. Гл. таксама Абак.
Лічыльнікі: а — сучасныя; б — дашчанае лічэнне (паводле чарцяжа 17 ст.); в — суанпан (кітайскія лічыльнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЎРЭНС, Лорэнс (Lawrence) Эрнест Арланда (8.8.1901, г. Кантан, штат Паўд. Дакота, ЗША — 27.8.1958), амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1934). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1942). Скончыў ун-т штата Паўд. Дакота (1922). З 1926 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Берклі (з 1930 праф.), адначасова з 1936 дырэктар Радыяцыйнай лабараторыі. Навук. працы па паскаральнай тэхніцы, ядз. фізіцы і яе выкарыстанні ў біялогіі і медыцыне. Выказаў ідэю стварэння магн. рэзананснага паскаральніка элементарных часціц — цыклатрона і пабудаваў яго першую мадэль (1930), атрымаў дэйтроны (1933). Удзельнік стварэння атамнай бомбы. У яго гонар названы хім. элемент лаўрэнсій. Нобелеўская прэмія 1939.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 426—429.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Аляксандр Паўлавіч) (н. 13.4.1952, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1994). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1974). З 1993 вучоны сакратар аддз. жывёлагадоўлі і вет. медыцыны Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1994 заг. лабараторыі і нам. дырэктара Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па антыгенным складзе ўзбуджальніка туберкулёзу і атыпічных мікабактэрый, выдзяленні і ачышчэнні антыгенаў мікабактэрый, сродках і метадах дыягностыкі і прафілактыкі туберкулёзу чалавека і жывёл.
Исследование сыворотки крови здоровых коров, больных туберкулезом и инфицированных атипичными микобактериями в перекрестном иммуноэлектрофорезе и иммуноферментном анализе (у сааўт.) // Ветеринарная наука — производству: Науч. тр.Бел. НИИ эксперим. ветеринарии. 1998. Вып. 33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯБЕ́ЦКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 28.1.1982),
дзеяч рэв. і нац.вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл.зах.-бел.к-тапа падрыхтоўцы Еўрап.сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦКМіжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НАВА (Ала Канстанцінаўна) (н. 3.5.1937, Мінск),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1973). Скончыла БДУ (1960). З 1961 у ІМЭФАН Беларусі, з 1993 у навук.-метадычным цэнтры «Гульні і цацкі». Навук. працы пастараж.бел. скульптуры, сучасным бел.нар. мастацтве. Адзін з аўтараў артыкулаў для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 9, М., 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—3, 1987—89), зб-каў «Помнікі старажытнабеларускай культуры» (1984), «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (1985) і інш.
Тв.:
Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Старажытнабеларуская скульптура. Мн., 1991;
Народная спадчына — дашкольнікам. Мн., 1998 (у сааўт.);
La sculpture sur bois en RSS de Biélorussie // Le bois dans l’architecture et la sculpture slaves. Paris, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯНО́К»,
бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4 або 4/4, тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выконваецца жанчынамі ў суправаджэнні шматлікіх варыянтаў аднайм. песні. Харэаграфічны малюнак і элементы рухаў імітуюць сяўбу, праполку, вырыванне, рассціланне, сушку лёну, выраб пражы, палатна і пашыў вопраткі. У в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. «Л.» выконваюць юнакі і дзяўчаты, якія становяцца ў 2 рады адзін супраць аднаго. Пачынаюць танец дзяўчаты, а хлопцы падпяваюць, потым ролі мяняюцца. Танец зафіксаваны ў 19 ст. ў Віцебскай вобл. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Сцэн. варыянт створаны ў пач. 20 ст. К.Алексютовічам. «Л.» выкарыстаны ў балеце «Салавей» М.Крошнера. Падобны танец вядомы таксама ў Цвярской вобл. Расіі, у Эстоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПУНО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (6.6.1857, г. Яраслаўль, Расія — 3.11.1918),
расійскі матэматык і механік. Акад. Пецярбургскай АН (1901, чл.-кар. 1900). Брат Б.М.Ляпунова і С.М.Ляпунова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1880). У 1885—1902 у Харкаўскім ун-це, з 1902 у Пецярбургу. Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, метадах якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі імавернасцей, тэорыі формы планет і інш. пытаннях тэарэт. механікі, матэматыкі і астраноміі. Стварыў строгую тэорыю ўстойлівасці раўнавагі і руху мех. сістэм, якія вызначаюцца канечным лікам параметраў, распрацаваў тэорыю фігур раўнавагі вадкасці, якая верціцца, і ўстойлівасці гэтых фігур. Даказаў цэнтр. лімітную тэарэму тэорыі імавернасцей (Ляпунова тэарэма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ЖАНО́ЧАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1889—92 (арх. П.Камбураў, М.Маркаў). Мураваны 3-павярховы П-падобны ў плане будынак на высокім цокалі. Да яго цэнтр. часткі далучаны больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутр. дворык. У цэнтры па восі гал. ўвахода размяшчалася царква (не захавалася), злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр гал. фасада вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохвугольным шчытом, 1-ы паверх аддзелены гарыз. цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, 3-га паверха — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі.
Т.І.Чарняўская.
Магілёўскага губернскага праўлення будынак. Чарцёж галоўнага фасада.