ЭЎДЭМАНІ́ЗМ (ад грэч. eudaimonia шчасце, асалода),
вучэнне, якое асновай маралі і вышэйшай мэтай чалавечага жыцця абвяшчае шчасце. Узнік у Стараж. Грэцыі і аб’ядноўваў разнастайныя філас.-этычныя сістэмы. На думку Дэмакрыта, вышэйшая дабрадзейнасць — задавальненне, а сродак яго дасягнення — розум; сутнасць жа задавальнення заключаецца ў стане гармоніі, цішыні і спакоі духу. У этыцы Арыстоцеля шчасце — канчатковая мэта і вынік чалавечага дзеяння, якое накіроўваецца праз розум і прыводзіць не толькі да дасканалага жыцця, але і да ўдасканалення самога чалавека. Эпікур пад шчасцем разумеў задавальненне, а няшчасце бачыў у пакутах; гэта набліжала яго погляды да геданізму, які развіваўся адначасова з Э. Прадстаўнікі некаторых кірункаў этычнай думкі (кінікі, стоікі) асобна вылучалі ў якасці перадумовы шчасця неабходнасць барацьбы са злом і адмоўнымі схільнасцямі чалавека. Стараж.-грэч. Э. быў у значнай меры абстрактны, хоць і адпавядаў высокаму стану развіцця філас.-этычнай думкі. У той жа час ён меў у сабе важны станоўчы момант — палажэнне, што шчасце залежыць ад актыўнага стаўлення чалавека ды жыцця, ад яго ўласных намаганняў, якія павінны накіроўвацца разумнымі этычнымі ідэямі. Т.ч., Э. процістаяў фаталізму.
У новы час ідэі Э. ўспрынялі і развівалі Б.Спіноза, К.Гельвецый. П.Гольбах. Напр., Спіноза сцвярджаў, што кожны павінен дзейнічаць у адпаведнасці са сваёй прыродай незалежна ад знешніх уплываў; такія дзеянні адкрываюць чалавеку шлях да самага высокага шчасця — пазнання Бога і містычнага спалучэння з ім. Гельвецый, схіляючыся да больш геданістычнага і эгаістычнага разумення шчасця. прытрымліваўся думкі, што паколькі людзі імкнуцца да прыемнасцей. то і маральнасць павінна падпарадкоўвацца закону чалавечага інтарэсу. Гольбах звязваў уяўленні аб шчасці з засваеннем людзьмі філас.-навук. ісцін і дзейнасцю выдатных асоб. Ідэі франц. філосафаў знайшлі свой працяг у англ.утылітарызме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРЭ́МІЧЫ,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і с.-г.вытв. кааператыва. За 18 км на У ад г.п. Карэлічы, 212 км ад Гродна, 33 км ад чыг. ст. Гарадзея. 310 ж., 123 двары (2003). Цэх па вытв-сці макаронных вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла рэвалюцыянераў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму, помнік у гонар партызан. Помнікі архітэктуры: Свята-Ушэсцеўская царква (1867), Спаса-Праабражэнская царква (1871), капліца (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — паселішчы эпохі неаліту і бронз. веку.
У 17—18 ст. мястэчка ў Навагрудскім пав., належала Хадкевічам; у 1647 у ім 47 дымоў. У 1768 дзейнічала рачная прыстань, пабудавана драўляная царква. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у 1799—81 гаспадарка. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1862 адкрыта прыходская школа (пазней ператворана ў нар. вучылішча), 2-класная царк.-прыходская жаночая школа. У 1897 у мястэчку 797 ж., 122 двары, валасное праўленне, нар. і царкоўна-прыходскае вучылішча, царква, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, 6 крам, карчма; з 1912 працавала крэдытнае т-ва. Ў маі 1920 польскія вайск. ўлады расстралялі 15 удзельнікаў Ярэміцкага падполля. З 1921 у складзе Польшчы, 613 ж., 134 двары, школа, пошта. У 1921—26 цэнтр гміны Навагрудскага пав., потым у Турэцкай гміне Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мірскага, з 17.12.1956 Карэліцкага раёна. У Вял.Айч. вайну 4.11.1941 ням. фашысты расстралялі 97 жыхароў, у вер. 1943 часткова спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,
абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992.
В.В.Антонаў.
Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.І.Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У 6—1-й ПАЛОВЕ 13 ст.
Утварэнне славянскіх супольнасцей. Гаспадарчае развіццё. У 5—7 ст. славяне ўключыліся ў працэс вялікага перасялення народаў. Славяне займалі землі на Пд ад р. Прыпяць і адсюль рассяляліся па тэр. Беларусі. Рухаючыся пераважна ўздоўж буйных рэк і іх прытокаў, яны паступова дасягнулі вярхоўяў Дняпра, Зах. Дзвіны, Акі, Ладажскага воз. Раннесярэдневяковыя слав. паселішчы на Беларусі найлепш даследаваны ў г. Петрыкаў, в. Снядзін (Петрыкаўскі р-н), каля в. Хотамель (Столінскі р-н). Засяленне славянамі сучасных бел. зямель працягвалася да 10 ст. і пазней. Доўгі час існавала змешанае пражыванне славян з балтамі, адбывалася славянізацыя балтаў. У славян было больш развітае, чым у балтаў, земляробства, намнога раней узніклі гарады і дзяржаўнасць. У 6—8 ст. у іх адбываўся распад родавых адносін, фарміраваліся суседскія сельскія абшчыны. Паводле візантыйскіх аўтараў, у тагачасным слав. грамадстве вылучаліся 3 сац. групы: свабодныя раўнапраўныя ў маёмасна-сацыяльным сэнсе абшчыннікі (іх была выключная большасць), нявольнікі — рабы (дамашняе рабства) і кіруючыя вярхі — племянная слав. знаць. Паўсядзённая пагроза ваенных нападаў з боку чужых плямён выклікала неабходнасць у абарончых збудаваннях. На тэр. Беларусі вядомы гарадзішчы 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы. На Усх.Еўрапейскай раўніне ўтварылася каля 15 племянных «княжанняў», што ўяўлялі сабой раннесярэдневяковыя пранароднасці і адначасова прадзяржавы. На тэр. Беларусі сфарміраваліся супольнасці крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.
Летапісны тэрмін «крывічы» — назва збіральная. Гэта вельмі вял. саюз плямён. Даследчыкі адрозніваюць 3 галіны крывічоў: полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх (ці ізборскіх). Адпаведна гэтаму племяннымі іх цэнтрамі былі Полацк, Смаленск, Пскоў (ці Ізборск). У Полацкай зямлі было племянное княжанне крывічоў-палачан (назва ад р. Палата). Раннія паселішчы крывічоў існавалі ў Віцебску, Лукомлі, Браславе. Дрыгавічы — паўд. суседзі крывічоў мелі сваё княжанне. Паўн. мяжа іх рассялення праходзіла па лініі гарадоў Мінск, Заслаўе, Барысаў. Гал. дрыгавіцкім горадам лічыцца Тураў. Важным цэнтрам быў г. Пінск. Частка дрыгавічоў рассялілася на Брэстчыне. Радзімічы размяшчаліся ўздоўж р. Сож. Іх племянным цэнтрам быў г. Гомель. Напачатку яны плацілі даніну хазарам, потым кіеўскім князям. Ва ўмовах інтэграцыі рознаплемяннога слав. насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-угорскіх плямён ва Усх. Еўропе ствараліся перадумовы працэсу складвання 3 усх.-слав. народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. Заняткамі ўсх. славян былі земляробства, жывёлагадоўля, розныя промыслы. Рэлігійныя вераванні — язычніцкія. Памерлых хавалі ў курганах. Аснову ўсх.-слав. грамадства складалі сяляне-абшчыннікі. Яны былі свабоднымі земляробамі, іх называлі «людзі» («людзіны»). Ва ўсх. славян здаўна існавала патрыярхальнае, дамашняе рабства. Крыніцы здабывання рабоў — вайна, захоп людзей у палон. Рабы ўваходзілі ў склад сям’і, дзе яны былі дамашнімі слугамі і работнікамі. Раба можна было купіць і прадаць, атрымаць за яго выкуп. Але праца рабоў у гаспадарцы славян не адыгрывала такой вял. ролі, як у антычных дзяржавах. Для назвы раба ў славян выкарыстоўваліся словы «чалядзін», «халоп». У 6—9 ст. ва ўсх. славян было дафеадальнае грамадства. У 10—11 ст. складваліся феад. адносіны. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся «смерды», «закупы». Развіццё маёмаснай няроўнасці вяло да фарміравання землеўласнікаў (дружыннікі, баяры). Буйнымі феадаламі станавіліся прадстаўнікі княжацкіх родаў і старшыя дружыннікі.
На тэр. Беларусі ў 9—13 ст. існавала больш за 30 гарадоў. Гарады як цэнтры ўлады, гандлю і рамяства ўзнікалі з умацаваных паселішчаў часоў ваеннай дэмакратыі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Чачэрск), як крэпасці на граніцах з суседнімі княствамі (Мінск, Гродна, Орша, Копысь, Клецк, Друцк, Ваўкавыск, Брэст, Рэчыца), з замкаў (Заслаўе, Барысаў, Брагін, Мсціслаў). Важнай прыкметай горада было існаванне ў ім пасадскай абшчыны. У сярэдзіне 9 ст. ва Усх. Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Князь Рурык зацвердзіўся ў Ноўгарадзе. У 882 яго сваяк Алег захапіў Кіеў. Алег і Ігар былі першымі кіеўскімі князямі, якія падпарадкавалі сваёй уладзе амаль усе племянныя княжанні ўсх. славян. Адносна адзіная Кіеўская Русь у 1130-я г. распалася на асобныя княствы. Адначасова распалася і адзіная ўсх.-слав. народнасць, якая толькі пачала фарміравацца. Гэта садзейнічала працэсу ўтварэння беларускага, рускага (велікарускага), украінскага народаў.
Усходнелітоўскія курганы. Яцвягі. Крайнія паўн.-зах. раёны Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі і часткова інш.) з’яўляюцца спецыфічным рэгіёнам, на гіст.-культ. развіццё якога адчувальны ўплыў зрабілі балта-славянскія кантакты, што пацвярджаюць звесткі археалогіі, тапаніміі і айканіміі. Тут размяшчаюцца ўсходнелітоўскія курганы — пахавальныя помнікі лета-літоўскіх плямён 4—12 ст. Іх арэал абмежаваны на З сярэднім цячэннем Нёмана, на У ён дасягае воз. Свір, на Пд — басейна р. Мяркіс, на Пн — вярхоўяў р. Швянтойі. Для найбольш ранніх курганоў (4—5 ст.) характэрны пахавальны абрад трупапалажэння, потым пашырыўся абрад крэмацыі. Пахавальны інвентар багаты. У пахаваннях 5—8 ст. шмат зброі: наканечнікаў коп’яў, дэталей шчытоў, шпор, страмёнаў, цугляў і інш.; на мяжы 1—2-га тыс. набыло пашырэнне і пахаванне коней. На думку некат. вучоных, у пісьмовых крыніцах 11—13 ст. насельніцтва гэтай тэрыторыі выступае над назвай «літва». На погляд М.Я.Грынблата, вывучэнне этнічнай гісторыі крайніх паўн.-зах. раёнаў Беларусі выявіла пераканаўчыя факты, што большасць жыхароў гэтага рэгіёна з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў.
Неадназначна вырашаецца пытанне пра яцвягаў. Польскія гісторыкі, мовазнаўцы, археолагі абмяжоўваюць старажытную Яцвязь раёнам Сувалкіі ў паўн.-ўсх. Польшчы. У 1-м — пач. 2-га тыс. яны насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў. Некат. даследчыкі (В.В.Сядоў, Ю.У.Кухарэнка і інш.) у арэал яцвягаў уключаюць таксама Падляшша, Брэстчыну, значную частку Верхняга Панямоння. Асноўным іх аргументам з’яўляецца распаўсюджанне тут каменных курганоў і каменных магіл, якія па традыцыі лічацца яцвяжскімі. У каменных курганах 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і слав. тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён. Каменныя магілы датуюцца 11—17 ст. У 15—16 ст. у пахавальным абрадзе з’явіліся новыя элементы — выбітыя на камянях крыжы ў галаве пахаванняў, каменныя крыжы, устаноўленыя замест вял. камянёў. Асн. колькасць каменных магіл знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Магчыма, у каменных магілах пахаваны славянізаваныя (ці абеларушаныя) балты. Яцвязь уяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. У 12—13 ст. яцвягі знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі. Паводле старога звычаю органам іх рода-племяннога ладу былі князь і нобілі (знаць), але сацыяльная дыферэнцыяцыя была выяўлена слаба. У час бою яцвяжскія князі знаходзіліся ў самых небяспечных месцах і нярэдка гінулі. Аснову грамадства складалі свабодныя абшчыннікі — язычнікі. У час ваенных паходаў узнікалі саюзы ці канфедэрацыі князёў і зямель. З паведамленняў Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што ў 13 ст. яцвягі размяшчаліся паміж сярэднім правабярэжжам р. Нараў і сярэднім левабярэжжам Нёмана. У наш час гэта паўн. частка Падляскага ваяводства ў Польшчы. У летапісах не адзначана, каб яцвягі ў 12—13 ст. насялялі якія-небудзь раёны Беларусі. Яны зрабілі 2 набегі на Брэст і адзін на Пінск, але былі адбіты. Галіцка-валынскія князі ўчынілі некалькі буйных паходаў на яцвягаў. Каля 1276 нямецкія рыцары пачалі заваяванне Яцвязі. Пасля працяглай барацьбы яцвягі і суседнія прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі ў 1283—84. Значная колькасць яцвягаў перасялілася ў Літву і Беларусь. У летапісе паведамляецца, што вялікі князь ВКЛ Трайдзень дазволіў прусам (магчыма, і яцвягам) пасяліцца ў наваколлі Гродна і Слоніма.
Полацкае княства — адно з самых старажытных усх.-слав. княстваў-дзяржаў з цэнтрам у Полацку. Існавала ў 10—13 ст. Размяшчалася ў басейнах Зах. Дзвіны, Бярэзіны. Нёмана. Полацк упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862. Да 980 у Полацку княжыў Рагвалод. Наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч забіў Рагвалода і ажаніўся з яго дачкою Рагнедай Рагвалодаўнай. Стаўшы вял. князем кіеўскім, ён аддаў Полацкую зямлю свайму сыну ад Рагнеды Ізяславу Уладзіміравічу, гэта стала пачаткам новай дынастыі полацкіх князёў. У 11 ст. Полацкае княства было даволі моцнае ў ваенных і эканам. адносінах. Пры Брачыславе Ізяславічу ў 1021 да Полацкай зямлі далучаны гарады Усвят і Віцебск. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Пасля Нямігскай бітвы 1067 князі Яраславічы захапілі Усяслава і зняволілі яго ў Кіеўскай вязніцы. У час Кіеўскага паўстання 1068 гараджане вызвалілі яго і абвясцілі вял. кіеўскім князем, але ён неўзабаве вярнуўся ў Полацк. У час княжання Усяслава ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча Полацкае княства пачало распадацца на ўдзелы. У 1-й пал. 12 ст. ўтварыліся Мінскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, у 2-й пал. — Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Стрэжаўскае, магчыма, і Гарадзецкае княствы. Мінскі кн.Глеб Усяславіч спрабаваў сапернічаць з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам і пашырыць свае ўладанні за кошт Тураўскага княства. У 1116 Уладзімір Манамах зрабіў паход на Мінскае і Друцкае княствы, захапіў Друцк, а Оршу і Копысь перадаў Смаленску; у 1119 захапіў Мінск, а яго князя Глеба Усяславіча ўзяў у палон і адправіў у Кіеў. Барацьба Полацка з Кіевам не спынялася і пасля смерці Уладзіміра Манамаха. У 1127 яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.-рус. кааліцыі князёў супраць Полацкага княства; яны ўварваліся ў межы княства чатырма дарогамі — на Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў і Друцк, захапілі некалькі гарадоў. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца Кіеву. Тады Мсціслаў захапіў іх у палон і разам з сем’ямі выслаў у Візантыю (1129). Праз нейкі час яны вярнуліся, і з 1139 уся Полацкая зямля, акрамя Оршы і Копысі, зноў апынулася пад уладай прадстаўнікоў мясц. дынастыі — нашчадкаў Усяслава. Аднак улада князёў у Полацку слабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала ад веча, дзейнасць якога накіроўвалі буйныя феадалы. З дапамогай веча феад. знаць абмяжоўвала ў сваіх інтарэсах уладу князя. На полацкім троне былі сыны Усяслава Давыд і Барыс. У 1132 веча выбрала князем унука Усяслава Брачыславіча — Васільку. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася барацьбой баярскіх груповак, зменай князёў, выступленнямі гараджан. У 1151 і 1159 за трон змагаліся ўнукі Усяслава друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. Пазней полацкім князем стаў віцебскі кн. Усяслаў Васількавіч, які княжыў да 1180. У 1160—70-я г. віцебскія і полацкія князі часова трапілі ў васальную залежнасць ад Смаленскага княства. Паміж імі ўзнікалі міжусобіцы. Разам з тым у перыяд феад. раздробленасці паміж Полацкай і Смаленскай землямі мелі месца кансалідацыйныя тэндэнцыі. Паміж імі пачалі складвацца ўстойлівыя гандл. і культ. сувязі. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны смаленска-полацкі дыялект, які адыграў значную ролю ў складванні бел. народнасці.
Тураўскае княства склалася на тэр. дрыгавічоў. Яно прымыкала да паўд. граніц Полацкай зямлі. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980.
Назву горада летапісец звязваў з імем князя Тура і лічыў, што той з’явіўся на Бел. Палессі тады ж, калі князь Рагвалод у Полацку. З 988 у Тураве княжыў Святаполк Яраполчыч, з 1052 Ізяслаў Яраславіч — заснавальнік тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Пазней тут сталі княжыць яго сыны Яраполк і Святаполк, які ў 1093 заняў і кіеўскі прастол. З 1113 Тураў ва ўладанні вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха, а пасля яго смерці — Вячаслава Уладзіміравіча. Ён удзельнічаў у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацк (1127). У 1142—57, у час барацьбы за кіеўскі прастол, Тураўскае княства часта пераходзіла з рук у рукі. У 1157 кн.Юрый Яраславіч (унук Святаполка Ізяславіча) дамогся незалежнасці Тураўскага княства і аднавіў тут дынастыю Ізяславічаў. У 2-й пал. 12 ст. Тураўскае княства распалася на ўдзелы. Узніклі Пінскае, Дубровіцкае, Клецкае, Слуцкае княствы. У параўнанні з Полацкам грамадска-паліт. лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі, паводле роднасных сувязей, маглі заняць велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. А для непасрэднага кіравання Тураўскім княствам назначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. У Тураве існавала таксама пасада тысяцкага, які быў кіраўніком гар. апалчэння. Важную ролю ў жыцці Тураўскай зямлі адыгрываў Пінск. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам. Многія гісторыкі называюць Тураўскае княства Турава-Пінскім. У час мангола-татарскага нашэсця асн. маса заваёўнікаў прайшла на Пд ад Турава і Пінска.
Палітычная гісторыя іншых зямель Беларусі. На землях Сярэдняга Пабужжа знаходзіліся гарады Брэст (Берасце), Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск (3 апошнія цяпер на тэр. Польшчы). Размяшчаліся гарады на абодвух баках Зах. Буга. Уся гэта прастора ў сярэдневякоўі была аб’яднана вакол свайго гал. горада — Брэста. Першыя летапісныя звесткі пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносяцца да 1019, калі адбывалася жорсткая барацьба паміж князямі за велікакняжацкі прастол. У канцы 12 ст. горад апынуўся ў складзе ўладанняў галіцка-валынскага кн.Рамана Мсціславіча. Гэты князь пашырыў сваю ўладу на Кіеў, стаў магутным валадаром Русі.
Землі Бел. Пасожжа ў 12—13 ст. уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Смаленск быў гал. горадам смаленскіх крывічоў, паходжаннем і культурай блізкіх да полацкіх крывічоў. Напачатку да Смаленскага княства адносілася паўн. частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошаск, цяпер Слаўгарад). У 1116 да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэр. ніжняга цячэння Сажа з Гомелем, Чачэрскам і Рэчыцай у 12—13 ст. уваходзіла ў склад моцнага Чарнігаўскага княства. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. Каля сярэдзіны 12 ст. ў Гомелі і, відаць, у Чачэрску (1159) з’явіліся ўласныя княжацкія прастолы.
Летапісы не паведамляюць, якія плямёны жылі ў Верхнім Панямонні (сучасная Гродзенская вобл. і 3 Мінскай вобл.). Археал. даследаванні сведчаць, што тут змешваліся розныя плямёны. Усх. славяне (дрыгавічы, валыняне, крывічы) суседнічалі і суіснавалі з балцкімі (літоўскімі, яцвяжскімі, прускімі) плямёнамі. Слав. каланізацыя Панямоння адбывалася з розных бакоў. Славяне засноўвалі свае гарады на ўзвышшах з канца 10 ст. (Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна). У 11 ст. ўзнік Слонім. Гэтыя гарады ў 12—1-й пал. 13 ст. сталі цэнтрамі асобных княстваў. Князі з Гродна падтрымлівалі сувязі з Кіевам. Яны неаднаразова выступалі разам з кіеўскімі князямі ў сумесных паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў. У 12 ст. Гродна, відаць, адыгрывала ролю сталічнага горада ў Панямонні. З 13 ст. гэта роля перайшла да Навагрудка. Ён з 12 ст. забудоўваўся багатымі дамамі; некаторыя былі 2-павярховыя, з зашклёнымі вокнамі, а асобныя ўпрыгожаны фрэскамі. У Навагрудак траплялі дарагія вырабы з Візантыі і падуладных ёй краін. Шэраг прычын садзейнічаў узвышэнню Навагрудскага княства ў сярэдзіне 13 ст. У ім быў даволі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі (гэтаму спрыяла і ўрадлівасць глебы), рамяства, гандлю. Крыжацкая і татарская навала напачатку не дасягала Навагрудскай зямлі, якая знаходзілася на значнай адлегласці ад гэтай небяспекі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў аб’яднанні вакол княства інш. зямель.
Крыжацкая і татарская навала. У канцы 12 ст. пачалося пранікненне нямецкіх рыцараў на берагі Рыжскага заліва і ў басейн Зах. Дзвіны. З пач. 13 ст. палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пасылалі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Зах. Дзвіны размяшчаліся гарады-замкі Кукенойс і Герцыке. Імі кіравалі васалы полацкага князя. Полацкія дружыны на чале з кн.Уладзімірамне раз выступалі супраць крыжакоў (1203, 1206, 1216). Але крыжакам удалося захапіць Кукенойс і Герцыке. У 1212 рыжскі біскуп Альберт дамогся спынення выплаты даніны Полацку лівамі. Полацк страціў Ніжняе Падзвінне, і толькі для купцоў захаваўся свабодны шлях па Зах. Дзвіне. Націск крыжакоў на ўсх.-слав. землі паступова ўзмацняўся, чаму садзейнічала аб’яднанне ў 1237 ордэна мечаносцаў, перайменаванага ў Лівонскі ордэн, з Тэўтонскім. У 1-й чвэрці 13 ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага кн.Мсціслава Давыдавіча. Гэта спрыяла згуртаванню сіл, якія процістаялі крыжацкай агрэсіі. Саюз Полацка, Віцебска і Смаленска меў вял. значэнне для абароны зах. зямель Русі ад крыжакоў. Полацк умацоўваў паліт. сувязі з Наўгародскай зямлёй, аб чым сведчыць шлюб кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239. У пераможнай бітве са шведскімі рыцарамі на Няве (1240) вызначыўся Якаў Палачанін, які быў на службе пры двары Аляксандра. Перамога Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 над нямецкімі рыцарамі прыпыніла рух крыжакоў ва ўсх.-слав. землі.
У канцы 1237 унук Чынгісхана Батый пачаў заваёўніцкі паход у землі Русі. Зімой 1239 мангола-татарскія войскі ўварваліся ў паўд.-рус. землі, у 1240 узялі і разрабавалі Кіеў, затым Уладзімір-Валынскі і Галіч. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што вясной 1241 у наваколлі Брэста нельга было «выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюцца меркаванні, што гэта было вынікам уварвання сюды атрада мангола-татараў. Пасля заваявання большай часткі ўсх.-слав. зямель мангола-татарскае войска рушыла ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію і інш. краіны. Нарэшце наступленне мангола-татараў у глыбіню Еўропы стала немагчымым, і яны вымушаны былі ў 1242 павярнуць назад. Барацьба народаў Усх. і Цэнтр. Еўропы пазбавіла краіны Захаду ад спусташальнага мангола-татарскага нашэсця. Княствы на тэр. Беларусі таксама не зведалі яго. Аднак знешнепаліт. сітуацыя, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст., была вельмі небяспечная для літ. і бел. зямель. У гэтых умовах унутрыпаліт. супярэчнасці пачалі адыходзіць на другі план. Усё больш надзённай станавілася задача аб’яднання зямель.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2—3. Мн., 1999—2000;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1 Мн., 1972;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўн. Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Т. 1. Мн., 2000;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерк происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Сев. Белоруссии). М., 1966;
Яго ж. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Вост. Белоруссии. М., 1980;
Лысенко П.Ф. Дреговичи. Мн., 1991;
Яго ж. Туровская земля XI—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001;
Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в XI—XIII вв. Мн., 1989;
Каробушкіна Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X—XIII стст. Мн., 1999.
Г.В.Штыхаў.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЯ ЛІТАРАТУРА
Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.Багамолец, А.Нарушэвіч, Ю.У.Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.Каніскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.Лада-Заблоцкі, А.Міцкевіч, А.Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.Плуг, У.Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.Чачота), лірычнага верша (П.Багрым, Ф.Багушэвіч, Я.Баршчэўскі, Я.Вуль, В.Каратынскі, Я.Лучына, У.Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.Багушэвіч, А.Плуг), мемуараў (А.Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.Падбярэскага да зб. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).
Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, М.Карповіч, К.Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.Ж.Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг. па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).
У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.Багамолец, К.Марашэўскі, М.Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.Бака, К.Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж.бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д.Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).
Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г.літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.
Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.Чарноўскай, К.Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел.нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел.фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.Зан, А.Петрашкевіч, А.Ходзька, Я.Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.Грот-Спасоўскі, Т.Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел.нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.
Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел.фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.Скібіцкім адносна выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.Шпілеўскі, В.Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).
Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры як самаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.Дуніна-Марцінкевіча В.Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.
Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел.маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.Ельскага, М.Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст.маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Ф.Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).
У мясц.перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.Лучына. А.Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.Багушэвіч, А.Ельскі, Я.Лучына, З.Манькоўская, В.Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.Багушэвіч і Я.Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.Тапчэўскі). У творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.Гурыновіч, А.Ельскі, М.Косіч, Я.Лучына, З.Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, здзейсненага А.Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел.літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.
Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння як нац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).
У.І.Мархель.
Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. Парыж. 1834.Тытульны ліст кнігі В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.Фрагменты артыкула К.Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.Багушэвіча. 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 14—18 ст.
Звесткі архіўных крыніц і высокі ўзровень адзінкавых помнікаў, што захаваліся, сведчаць пра росквіт на Беларусі ў 14—15 ст. сярэдневяковага выяўл. мастацтва. Буйнымі маст. цэнтрамі ВКЛ былі Полацк, Смаленск, Слуцк, Пінск, Уладзімір Валынскі. Ствараліся абразы, выкананыя ў тэхніцы тэмпернага жывапісу, ці ў рэльефнай пластыцы, і жывапісныя мініяцюры ў богаслужэбных кнігах. Найб. ранні з захаваных твораў іканапісу палеска-валынскага рэгіёна — абраз Маці Божай Дарагабужскай (мяжа 13—14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. на Пінскім Палессі сфарміраваўся высокамастацкі цэнтр: абразы «Успенне», «Маці Божая Перыўлепта (Іерусалімская)», «Спас Пантакратар». Вядомы імёны пінскіх майстроў пач. 16 ст. — мастак Навоша і разьбяр «поп Ананія», якія выконвалі заказы пінскага князя Фёдара Яраславіча. Самае ранняе дакумент. сведчанне пра іканастасы ў бел. храмах — апісанне Троіцкай царквы аднайм. Слуцкага манастыра (1495). Узоры кніжнай мініяцюры, выкананыя ў 14—16 ст., дазваляюць вылучыць бел. рукапісы ў асобную школу 3 пераемнасцю почыркаў і разнастайнасцю аўтарскіх манер, пра што сведчаць шматлікія евангеллі: Лаўрышаўскае, Мелішаўскае (абодва 14 ст.), Жыровіцкае (канец 15 ст.), Жухавіцкае (канец 15 — пач. 16 ст.), Шарашоўскае (сярэдзіна 16 ст.). Унікальнае месца ў гісторыі мастацтва займаюць мініяцюры Радзівілаўскага (Кёнігсбергскага) летапісу, створаныя ў канцы 15 ст. У рукапісе 617 мініяцюрных малюнкаў, якія з’яўляюцца сапраўднай выяўл. энцыклапедыяй. У выніку кантактаў з краінамі Еўропы на Беларусі з’явіліся заходнееўрапейскія рукапісныя кнігі і першадрукі (шматколерныя ініцыялы ў рукапіснай Бібліі з Гродна, 14 ст.). Большасць твораў фрэскавага жывапісу 15 — пач. 16 ст., звязаныя з маст. гісторыяй Беларусі, знаходзяцца на тэр. сучаснай Польшчы. Напр., фрэскі замкавай Свята-Троіцкай капэлы ў Любліне напісаны паводле правасл. канонаў і блізкія да тагачаснага іканапісу ВКЛ; размалёўкі Супрасльскай Дабравешчанскай царквы (каля 1557), у стварэнні якіх удзельнічалі Нектарый Сербін (?) і, магчыма, манахі, што прыйшлі ў Супрасль з Гродна. Найб. раннія захаваныя прыклады круглай гатычнай скульптуры ў маст. спадчыне ВКЛ, відаць прывезены з Польшчы і Германіі. Сведчаннямі мясц. традыцыі разьбы з’яўляюцца дробная пластыка, якая працягвала стылістыку папярэдніх часоў: каменныя рэльефы — абразкі з Турава (14 ст.), цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай (15 ст.), разьбяныя драўляныя абразкі пінскага майстра Ананія (пач. 16 ст.). Плоскарэльефная буйнафарматная скульпт. пластыка сустракалася ў правасл. храмах 14—15 ст.
Найб. яскравай нац. праявай Рэнесансу ў маст. культуры Беларусі сталі друкаваныя кнігі на царкоўнаслав. і бел. мовах. Пачаткам бел. друкаванай графікі з’явілася выданне Ф.Скарынай у Празе 20 кніг Бібліі (1517—19), багата аздобленых сюжэтнымі ілюстрацыямі, застаўкамі і ініцыяламі. Развіццю мастацтва друкаванай кнігі спрыяла кнігавыдавецкая дзейнасць С.Буднага, В.Цяпінскага, І.Фёдарава; друкарні розных канфесій, якія ў канцы 16 — пач. 17 ст. дзейнічалі ў Лоску, Слуцку, Любчы і інш. З 1575 у Вільні працавалі друкарня езуіцкай акадэміі, фундаваная М.К.Радзівілам Сіроткам, і друкарня Мамонічаў, засн. пры ўдзеле Пятра Мсціслаўца — выдатнага майстра дрэварыту ўсходнеслав. старадрукаў («Евангелле», 1575). Шэраг навацый на мяжы 16—17 ст. звязаны з дзейнасцю ў Нясвіжы і Вільні Т.Макоўскага, які выкарыстоўваў тэхніку металагравюры для падрыхтоўкі карты ВКЛ (выдадзена ў 1613 у Амстэрдаме), гравюр з відамі гарадоў, антымінсаў і інш.
У 16 ст.бел. іканапіс захоўваў сваю традыц. стылістыку, але паралельна ў асобных творах праявілася ўздзеянне рэнесансу: абразы «Спас» з Быценя і «Параскева Вялікапакутніца» са Случчыны. У пач. 17 ст. ў бел. абразах зніклі каўчэг, ляпныя арнаменты на німбах: абразы Маці Божай Адзігітрыі Мінскай (15 ст.; у пач. 17 ст. цалкам перапісаны і аздоблены разным па ляўкасе арнаментам з сеткавым малюнкам), «Узнясенне» (пач. 17 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя», «Спас» (абодва 1640), «Маці Божая Замілаванне» (1646). У канцы 16 ст. новыя імпульсы развіцця набыў алтарны касцельны жывапіс: «Маці Божая Снежная» з Нясвіжа, «Маці Божая Ларэтанская (Коданская)» (пач. 17 ст.) і інш.
Дзейнасць у ВКЛ заходнееўрапейскіх мастакоў спрыяла пашырэнню тыповых форм рэнесансавага мастацтва.
Над выкананнем архітэктурна-скульпт. і медальерных заказаў працавалі таксама італьян. майстры Ф.Фларэнціец, Б.Берэчы, Дж.М.Моска (Падавана; надмагілле біскупа П.Гальшанскага ў Вільні, каля 1550), Б.З. дэ Джыяноціс (надмагілле канцлера А.Гаштольда, 1539—41). У 1544—48 ням. мастак, блізкі да Лукаса Кранаха Малодшага, выканаў у Вільні мініяцюрныя партрэты Барбары Радзівіл і Жыгімонта II Аўгуста з шасцю членамі каралеўскай сям’і. Пасля 1514 невядомы ням. мастак стварыў жывапіснае палатно «Бітва пад Оршай» — першы ў мастацтве ВКЛ батальны твор, напісаны з дакумент. дакладнасцю. У традыцыях ням. алтарнага жывапісу выкананы абраз «Пакланенне трох каралёў» (пасля 1514) з касцёла ў в. Дрысвяты Браслаўскага р-на. У 16 ст. ад партрэтаў «на ўспамін», якія насілі ў медальёнах, ад мініяцюрных партрэтаў-дарункаў (вял. князя Аляксандра) партрэт развіўся да буйнафарматных жывапісных твораў: Кацярыны Слуцкай (1580), віленскага біскупа Ежы Радзівіла (1590-я г.), Юрыя Радзівіла, М.К.Радзівіла Сіроткі (абодва пач. 17 ст.). На апошняй стадыі рэнесанснага перыяду росквіт партрэта прасочваецца не толькі ў жывапісе, а і ў графіцы (металаграфічныя партрэты Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы, выкананыя і еўрап. і мясц. гравёрамі), медальерным мастацтве.
У перыяд станаўлення ранняга барока ў ВКЛ (канец 16—1-я пал. 17 ст.) дасягнула росквіту мемарыяльная пластыка. Паводле кампазіцыйнай структуры тагачасным надмагільным помнікам характэрна спалучэнне рэнесансавага скульпт. адлюстравання нябожчыка з раннебарочнай архітэктурна-пластычнай кампазіцыяй усяго мемарыяльнага збудавання: помнік С.Радзівілу ў бернардзінскім касцёле ў Вільні (1618—23). Тып скульпт. эпітафіі з укленчанымі ля крыжа постацямі вядомы ў Зах. Еўропе, у мастацтве Беларусі прадстаўлены адзіным захаваным прыкладам — надмагіллем мужа і жонкі Вольскіх у касцёле в. Крамяніцы Зэльвенскага р-на (2-я пал. 1620-х г.).
У Нясвіжскім касцёле Божага Цела надмагільная скульпт. пластыка мае іншы характар. Нясвіжскія надмагіллі адлюстроўваюць захапленне італьян. мастацтвам і рэнесансавыя густы іх заказчыка — М.К.Радзівіла Сіроткі: надмагільныя пліты сабе і памерламу сыну-немаўляці (каля 1590), жонцы (пасля 1596), сыну Крыштофу Мікалаю (1607—08). Тут захаваўся самы ранні ў ВКЛ прысценны каменны алтар Св. Крыжа, выкананы ў 1578 у стылі маньерызму італьян. скульптарам Дж.Кампаньі паводле праекта архітэктара Ч.Франка. У мастацтве эпохі барока галоўным стала імкненне да сінтэзу, арганічнага спалучэння ў адным ансамблі сродкаў розных відаў мастацтва, асэнсавання маст. асяроддзя як складанага адзінства багатых прасторавых кампазіцый: насценныя размалёўкі спалучаліся з лепкай са стука, іканапіс — з разьбой па дрэве, пазалотай і чаканкай па метале. Унутр. прастора храма ўсё больш ускладнялася. Маст. дамінанту касцёлаў утвараў гал. алтар, які найчасцей вырашаўся ў форме сімвалічнай «нябеснай брамы» — трыумфальнай аркі-каланады: гал. алтар касцёла ў в. Воўпа Ваўкавыскага р-на (паміж 1633 і 1639), алтар у в. Будслаў Мядзельскага р-на (майстар П.Грэмель, 1643—49). Драўляная скульптура не была ізалявана ад кампазіцыйнай структуры алтароў, ніш, каплічак, у якіх змяшчаліся постаці, разлічаныя на франтальнае ўспрыняцце. Сярод тыповых сюжэтаў скульптуры найб. пашыраны ўкрыжаванні (напр., твор сніцара К.Круповіча, 1696), выявы Маці Божай і Іаана Багаслова, якія смуткуюць ля крыжа, фігуры Георгія Пераможцы, архангела Міхаіла, святых Казіміра і Станіслава, Яна Непамука, скульптуры-алегорыі (хрысц. дабрачыннасцей, 4 кантынентаў і інш.). Вялікай папулярнасцю карысталіся скульпт. выявы Хрыста ў пакутах. Да найб. выразных прыкладаў развітых ансамбляў пач. 18 ст. належаць комплексы разьбяных драўляных алтароў у Гродзенскім касцёле езуітаў (1709) і Пінскім францысканскім касцёле (1710—20-я г.).
Маст. цэнтрам бел. цэркваў быў іканастас. У 17 ст. ў правасл. і уніяцкіх храмах ён набыў новае маст.-пластычнае вырашэнне, якое вызначалася багаццем і пышнасцю дэкар. аздобы, пазалоты: іканастасы Успенскай царквы Жыровіцкага манастыра (канец 17 ст.?) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы (1669—72). Найб. ўвага аддавалася выкананню разьбы царскіх варот. Прыклады такой разьбы дазваляюць прасачыць эвалюцыю яе стылю ад плоскарэльефных узораў (царскія вароты царквы ў в. Варанілавічы Пружанскага р-на, Юр’еўскай царквы ў Віцебску да гарэльефных, з багатым ажурным дэкорам, жывапіснымі клеймамі, ракайлевымі і класіцыстычнымі матывамі на царскіх варотах 18 ст. Вынайдзеныя рашэнні бел. майстры пашырылі і ў Расіі, стварыўшы там у 2-й пал. 17 ст. шэраг разных іканастасаў. Каменныя уніяцкія і правасл. храмы, узведзеныя ў сярэдзіне 18 ст., былі аздоблены мураванымі каменнымі іканастасамі: у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Талачыне, Сафійскім саборы ў Полацку (перабудаваны ў 1738—62), Спаса-Праабражэнскім саборы ў Магілёве (1755—62, не захаваўся; аўтар праектаў абодвух іканастасаў — І.К.Глаўбіц). Ствараліся выдатныя творы ў матэрыяле стука: дэкарацыі інтэр’ераў касцёлаў Іаана Хрысціцеля ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на (кіраўнік М.Жылевіч, 1684—1700), дамініканцаў у Стоўбцах (не захаваўся, сярэдзіна 18 ст.), алтар Троіцкага касцёла ў Ружанах (каля 1788). Арыгінальнасцю і багаццем сюжэтаў вызначаліся насценныя размалёўкі драўляных правасл. храмаў 17 ст.: Богаяўленскага сабора Аршанскага Куцеінскага манастыра і Святадухаўскай царквы Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра, Віцебскай Троіцкай царквы Маркава манастыра (пасля 1690, выкананнем размалёвак кіраваў мастак П.Ігнатовіч?), мураванай Магілёўскай Богаяўленскай царквы (пабудавана ў 1633—36) і інш.
У сярэдзіне — 2-й пал. 18 ст.манум. жывапіс дамінаваў у сістэме маст. сродкаў афармлення храмавай прасторы: размалёўкі езуіцкіх (у Гродне, Нясвіжы і Мінску) і кармеліцкіх касцёлаў (у Магілёве, Мсціславе і Бялынічах). Ім уласцівы познабарочная стылістыка, выкарыстанне прынцыпаў «квадратур» — кампазіцый, ілюзію глыбіні якіх стваралі пададзеныя ў перспектыўным скарачэнні архітэктурныя кулісы (размалёўка Нясвіжскага касцёла Божага Цела, 1750—53, мастак К.Д.Гескі і пры ўдзеле інш. прыдворных радзівілаўскіх мастакоў). Сценапіс кармеліцкіх касцёлаў усх. Беларусі (1750—60-я г.) вылучаўся паэтычнай апавядальнасцю, жанравасцю. У 1772 фрэскавыя размалёўкі Крыжаўзвіжанскай царквы Жыровіцкага манастыра выканаў мастак-базыльянін Шашалевіч, удала спалучыўшы ілюзорную перспектыву на фрэсцы з рэальнай перспектывай храма. Характэрнай з’явай позняга барока стала замяшчэнне стукавага дэкору — насценнымі размалёўкамі ў тэхніцы грызайль, архітэктурна-скульптурных алтароў ілюзорным сценапісам. У канцы 18 ст. ў фрэскавых размалёўках каталіцкіх, правасл. і уніяцкіх храмаў пераважалі рысы класіцызму (касцёл піяраў у в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на, цэрквы ў Вейне і Слаўгарадзе Магілёўскай вобл.).
Гал. жанрамі ў станковым жывапісе Беларусі 17—18 ст. з’яўляліся партрэт і алтарная карціна. Алтарны жывапіс знаходзіўся на раннебарочным этапе пад пэўным уплывам мясц. іканапіснай традыцыі. Два напісаныя на дошках алтарныя абразы з касцёла ў в. Шылавічы Ваўкавыскага р-на — «Святая сям’я» (1620-я г.) і «Бязгрэшнае зачацце» (да 1644) выразна дэманструюць кампазіцыйныя, каларыстычныя і жывапісныя асаблівасці бел. раннебарочнага алтарнага жывапісу. Да сярэдзіны 17 ст. ў алтарным жывапісе перасталі выкарыстоўваць дошкі, ляўкас, пазалоту фону. У карцінах на палатне, напісаных у часы сталага і позняга барока («Святы Аўгусцін» і «Святая радзіна з дзіцем Іаанам Хрысціцелем і яго бацькамі»), дамінуюць патэтыка і экспрэсія, экзальтаванасць, выкарыстоўваюцца цёмныя фоны, характэрная для барока энергічная святлоценявая лепка формы. У 17—18 ст. створаны нясвіжскі партрэтны збор, куды ўваходзілі партрэты каралёў (у т. л. Станіслава Аўгуста Панятоўскага, напісаны Ю.К.Гескім, 1768), продкаў і пародненых з Радзівіламі знакамітых родаў, а таксама серыя «партрэтаў у лаўровым вянку» (больш за 120). У збор увайшлі і асобныя партрэты з інш. радзівілаўскіх збораў (напр., «Партрэт Катажыны з Патоцкіх і Марыі Лупу» І.Шрэтэра, 1648). Узоры высокай жывапіснай тэхнікі дэманстраваў у сваіх партрэтах і алтарных карцінах Б.Стробель, які ў 1630-я г. працаваў у Вільні: партрэты Уладзіслава IV (каля 1635), Я.Радзівіла (1633—34) і У.Д.Астрожскага (1630—36). У 1630—70-я г. гданьскі мастак Д.Шульц выканаў у ВКЛ шэраг заказаў, у т. л. алтарныя карціны для Гродзенскага манастыра брыгітак (1630-я г., не захаваліся), рэпрэзентатыўны партрэт Я.Радзівіла (каля 1652). Да сярэдзіны 17 ст. стала тыповым адлюстраванне мадэлі ў касцюме паводле нац. моды ў стандартнай застылай позе — т.зв. сармацкі партрэт. Сармацкія партрэты складалі аснову шляхецкіх галерэй, былі абавязковай дэталлю пахавальнай цырымоніі, змяшчаліся ў касцёлах і цэрквах як партрэты фундатараў гэтых храмаў, напр., М.Завішы з Агінскіх (не захаваўся) і яе мужа І.Завішы (пасля 1738). Партрэты фундатараў у храмах набывалі значэнне мемарыяла, жывапіснай эпітафіі (выявы К. і А.М. Весялоўскіх і іх прыёмнай дачкі Г.Сапегі з Гродзенскага брыгіцкага касцёла, 1630-я г.). У партрэтах фундатараў вял. роля адводзілася атрыбутам, дадатковым адлюстраванням, тлумачальным подпісам, яны канкрэтызавалі змест твораў (напр., на партрэце канца 17 ст. віцебскага кашталяна А.К.Гансеўскага адлюстраваны засн. ім храм і інш.). У касцёле св. Ганны ў Кодані (пад Брэстам), фундаваным Сапегамі, знаходзіўся т.зв. сапегаўскі іканастас — зманціраваныя ў адзін суцэльны шчыт адлюстраванні прадстаўнікоў роду Сапегаў. Гэта партрэтная галерэя ў родавым храме-ўсыпальні налічвала 76 адлюстраванняў (1706, не захаваліся).
З 2-й пал. 18 ст. ў жывапісе Беларусі праявіліся прыкметы эстэтыкі Асветніцтва (партрэты А.М.Пузыны з Агінскіх і вучонага-езуіта Т.Жаброўскага, 1770-я г.). Развіццю жывапісу Беларусі ў канцы 18 ст., засваенню стылістыкі класіцызму пры захаванні познабарочных рыс спрыяла дзейнасць у Літве і Беларусі ў 2-й пал. 18 ст. па-еўрапейску адукаваных жывапісцаў Ш.Чаховіча, А.Грушэцкага (працаваў пры двары А.Тызенгаўза ў Гродне), І.Прэхтэля, Г.Грубера (у 1784—1805 выкладаў архітэктуру і жывапіс у Полацкай езуіцкай акадэміі), Л.Смуглевіча і яго сына Ф.Смуглевіча, які стаў першым прафесарам створанай у 1797 кафедры жывапісу Віленскага універсітэта. Бел. барочныя абразы 17 ст. вызначаліся жыццесцвярджальнай напоўненасцю і псіхалагічнай глыбінёй: «Маці Божая Рымска-Лідская (Замілаванне)» (1656), «Адзігітрыя» (Маці Божая Баркалабаўская), «Маці Божая» з Басценавіч. Найб. яскравыя рысы іканапісу 17 ст. — манументальнасць, прапарцыянальная яснасць кампазіцыі, пабудаванай з матэматычнай дакладнасцю і свабодай, адсутнасць празмернай дэталізацыі: «Вялікапакутніца Параскева» з в. Бездзеж Драгічынскага р-на (1659), «Сімяон Стоўпнік», «Прарок Ілья» (абодва сярэдзіна 17 ст.). На бел. абразах 17—18 ст. часцей пазначаліся імёны заказчыкаў, а імёны мастакоў падпісаны толькі ў рэдкіх выпадках (напр., аўтар абраза «Нараджэнне Маці Божай» Пётр Яўсеевіч з Галынца, 1649). У іканапісных майстэрнях захоўвалася пераемнасць у творчасці майстроў асобных рэгіянальных цэнтраў. Традыцыі бел. іканапісу прадоўжаны ў абразах «Ян Непамук» (1732) і інш. Творы магілёўскіх мастакоў-іканапісцаў вылучаліся высокім выканаўчым майстэрствам, тэхнічнай дасканаласцю, выразнай жывапіснай мадэліроўкай твараў святых, дэкаратыўнасцю і колеравай насычанасцю адзення («Маці Божая Адзігітрыя», «Св. Мікола», «Дэісус», абраз «Узнясенне», выкананыя Фамой Сілінічам, 1808). Для многіх абразоў Случчыны ў 17 ст. ўласціва ўскладненая ідэйная праграма, арыгінальная іканаграфія, адметны «ўсходні» тып твараў, іх вытанчаная адухоўленасць. Слуцкі іканапіс сярэдзіны 18 ст. прадстаўлены ў першую чаргу творамі мастака В.Маркіянавіча (вядома больш за 10 яго твораў, 1759—66), выкананых з выкарыстаннем тэхнікі ляпной арнаментацыі, а не разных фонаў па ляўкасе, як у папярэднія часы. Такую ж тэхналогію лепкі па ляўкасе выкарыстоўваў у сярэдзіне 18 ст. і невядомы мастак-іканапісец, які працаваў на Палессі: трохчасткавы абраз-складзень «Маці Божая са св. Наталляй і Архангелам Рафаілам» (1760), «Св. Варвара», «Іаан Прадцеча», «Тройца старазапаветная» і інш. Наіўна-баракальная манера характэрна палескаму іканапісцу Томашу Міхальскаму, які працаваў у наваколлі Кобрына і Ковеля. Яго творам уласцівы тыповыя для Зах. Палесся пасярэбраныя аграфленыя фоны, спроба перадачы складаных рухаў фігур, кантрастная колеравая гама, блізкая да нар. эстэтыкі. Творы мастакоў добрай вывучкі ўсё больш набліжаліся да зах. барочнага жывапісу, шмат абразоў стваралася на палатне як станковыя алтарныя карціны. Пашырылася тэхніка рэльефнай разьбы па ляўкасе, калі замест жывапісу ўся паверхня, акрамя твараў і рук персанажаў, вырашалася як суцэльны рэльеф, пасярэбраны ці пакрыты пазалотай, што імітавала сярэбраныя шаты («Спас Уседзяржыцель», 17 ст.). Абразы, прызначаныя для небагатых вясковых храмаў, у 18 ст. стваралі мастакі-прымітывісты, якія ў сваіх творах увасаблялі простанар. ўяўленні («Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 1744; «Дабравешчанне са святой Параскевай» і інш., творы т.зв. латыгаўскага майстра і інш.). Актуальная на працягу ўсёй эпохі марыяльная тэматыка бел. барочнай гравюры прадстаўлена шматлікімі медзярытамі і дрэварытамі з цудатворных абразоў Маці Божай. Яны вельмі розныя паводле маст. якасцей (ад медзярытаў прафес. майстроў да нар. дрэварытаў-лубкоў), разнастайныя па функцыянальным прызначэнні і форме (кніжная ілюстрацыя, вялікія серыйныя гравюры на асобных лістах і маленькія адбіткі для паломнікаў). У іх ліку першае графічнае адлюстраванне абраза Маці Божай Жыровіцкай у віленскім выданні (1628), серыя графічных аркушаў, прысвечаных абразу Маці Божай Ражанастоцкай, тытул і медзярыты з адлюстраваннем Багародзічных свят з «Разарыуму», выкананыя А.Тарасевічам у Глуску (1672), гравюра П.Бацэвіча і Л.Тарасевіча, прысвечаная абразу Маці Божай Жыровіцкай (1682). У ліку першых твораў раннебарочнай эмблематычнай гравюры ў ВКЛ былі 5 дрэварытаў, прысвечаных Я.К.Хадкевічу, змешчаныя ў панегірыку, выдадзеным у акад. (езуіцкай) віленскай друкарні (1621).
У кніжнай і станковай гравюры Беларусі 17—18 ст.найб. пашыранай тэхнікай паступова станавіўся медзярыт. У дрэварыце ў гэты час працавалі мастакі правасл. Віленскай, Еўінскай, Куцеінскай (да канца 1650-х г.), Магілёўскай брацкай друкарань і нар. гравёры-прымітывы (напр., супрасльскі гравёр П.Комар). Магілёўскія майстры канца 17 — пач. 18 ст. В.Вашчанка, Ф.Ангілейка, А.Пігарэвіч і інш. выкарыстоўвалі дрэварыт, зыходзячы з кансерватызму магілёўскіх правасл. братчыкаў, практычнасці (дрэварыт не трэба было друкаваць асобна ад тэксту) і сваіх навыкаў. Іх дрэварыты, невялікія па памерах, з досыць простым лінеарным малюнкам, пераклікаюцца са стылем дрэварытаў папярэднікаў (напр., куцеінскіх гравёраў), простанар. па характары кампазіцыямі, што развівалі традыц. тэмы правасл. іканаграфіі, часам асобныя тэмы зах. паходжання. Кіраўнік магілёўскай друкарні ў 1693—1704 М.Вашчанка свае графічныя творы выконваў у тэхніцы медзярыту («Манархія турэцкая», 1678; 42 гравюры для «Акафістаў і канонаў», 1693), удала злучаючы традыцыі ўсходнехрысц. іканаграфіі з дэталямі, сугучнымі заходнееўрап. прачытанню хрысталагічных і марыяльных сюжэтаў. Майстры-гравёры, што працавалі ў 17 ст. ў Вільні, аддавалі перавагу металагравюры і стваралі складаныя па змесце і тэхнічным выкананні эмблематычныя, партрэтна-панегірычныя творы і ілюстрацыі для выданняў віленскай езуіцкай акад. друкарні. У іх ліку К.Гётке (выканаў тытульную гравюру, прысвечаную ўслаўленню Я.С.Тышкевіча, 1642), Л.Вілатц («Партрэт Валовіча», 1669), Л.Кршчановіч («Партрэт полацкага епіскапа Мадалінскага», 1674), І.Шчырскі (ілюстрацыі да панегірыка Ц.Жахоўскага, 1683). З бел. майстроў металагравюры найб. плённымі і дасканалымі былі браты А. і Л. Тарасевічы з Глуска: тытульныя гравюры і складаныя шматфігурныя цыклы ілюстрацый, партрэтна-эмблематычныя кампазіцыі і адлюстраванні цудатворных абразоў Маці Божай (1670—80-я г.). Да лепшых твораў бел. барочнай металагравюры належаць выдадзены ў Слуцку «Партрэт мінскага харунжага К.Клакоцкага» А.Тарасевіча (1685), «Партрэт ашмянскага прыстольніка Г.Зямлі» (мяжа 1680—90-х г.), тытульная ілюстрацыя да «Служэбніка», выдадзенага ў супрасльскай базыльянскай друкарні (1695) Л.Тарасевіча. У 18 ст. ў Вільні працавала больш за 20 мастакоў-гравёраў, сярод іх — Ф.Бальцэвіч — аўтар вялікай гравюры з адлюстраваннем св. Казіміра (1749), партрэтаў, экслібрысаў і рэлігійных карцінак, прызначаных для простага народа. Адным з самых грандыёзных праектаў у бел. графіцы эпохі барока з’явілася выданне ў Нясвіжы альбома «Ікона (выява) роду князёў Радзівілаў» (1758), які ўключаў 165 буйнафарматных аднатыпных партрэтных гравюр на метале, падрыхтаваных прыдворнымі мастакамі і гравёрамі на чале з Г.Ляйбовічам (1700—70).
Серыя малюнкаў-сепій Ф.Смуглевіча «Архітэктурныя віды Вільні» (1785) належыць ужо іншаму, новаму перыяду гісторыі мастацтва, калі аўтарскі малюнак пачынае ўспрымацца паўнавартасным творам мастацтва і набывае самастойную маст. каштоўнасць. З узнікненнем у 17—18 ст. на Беларусі школьных і прыватнаўласніцкіх тэатраў у маёнтках магнатаў развівалася тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва. У тэатрах працавалі мастакі: езуіт Мацей Бейтнік (Мінск), І.Мараіна, Ян Бой (Слонім), Дж. дэла Мома, А.Главацкі, Э.Ванжура (Шклоў); у Нясвіжы дэкарацыі розных тыпаў стваралі мастакі М.Скржыцкі, Гескія, Нікалаеўскі.
Партрэт Ф.Скарыны. Біблія. 1517—19.Іосіф. Скульптура алтара ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. 1633—44.Невядомы мастак. Спас Уседзяржыцель. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая II заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр.не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам. забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам. рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСТВА,
саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.
У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛі г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб.стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэ т.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.
У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм. Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».
У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз.т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап.ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс.чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн.сял. гаспадарак (каля 50 млн.чал.) — 75 млн. дзесяцін.
У Беларусі ў Д. пераведзена шляхтаВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі па сял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап.ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс.дзес., Радзівілаў 178 тыс.дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс.дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс.дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс.дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;
Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНІЦТВА,
1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.