Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУА́РЫ
(ад франц. avoir маёмасць, набытак),
1) актывы (грашовыя сродкі, вэксалі, чэкі, пераводы, акрэдытывы), за кошт якіх робяцца плацяжы і пагашаюцца абавязацельствы іх уладальнікаў; у вузкім сэнсе — ліквідная частка актываў (грашовыя сродкі банка на бягучых рахунках, дэпазітах, каштоўныя паперы, якія лёгка рэалізуюцца).
2) Сродкі банка ў замежнай валюце, золаце, якія знаходзяцца на яго рахунках у замежных банках. Сукупнасць такіх сродкаў, што належаць якой-н. краіне, называюць яе замежнымі авуарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУЛЯ́ЦЫЯ
(ад лац. ovum яйцо),
фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУ́ТА,
рака ў Беларусі, у Глыбоцкім і Міёрскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 47 км. Выцякае з воз. Падавута на ПнУ Свянцянскіх град, цячэ па Полацкай нізіне. Даліна шыр. 150—250 м, схілы стромкія. Пойма высокая, шыр. 100—150 м, рэчышча слабазвілістае. Каля 66% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Водапрыёмнік меліярац.сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЯР’Я́НАЎ Валяр’ян Якаўлевіч
(н. 13.8.1919, г. Уладзімір, Расія),
бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і радыёэлектронікі. Д-ртэхн. н. (1964), праф. (1968). Ганаровы чл.Міжнар. Акадэміі прыкладной радыёэлектронікі (1994). Засл. рацыяналізатар Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1954 у Мінскім вышэйшым інж. радыётэхн. вучылішчы, з 1976 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваў тэорыю і практычнае выкарыстанне разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм.
Тв.:
Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЯР’Я́НАЎ Мікалай Піліпавіч
(1912, в. Негаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.10.1942),
герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Зах., Данскім франтах. 5.10.1942 у баі каля хутара Хаванскі Серафімовіцкага р-на Сталінградскай вобл. першы падабраўся да дзота праціўніка і закідаў яго гранатамі. Пры блакіраванні другога дзота ў рашаючы момант бою закрыў амбразуру сваім целам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЯР’Я́НАЎ Юрый Іванавіч
(н. 16.6.1952, р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр. Скончыў Вышэйшае тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім т-ры імя Волкава (1972). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Яму ўласцівы глыбокае адчуванне рэжысёрскай стылістыкі, веданне псіхалогіі сваіх персанажаў, пластычнасць і высокая культура сцэн. мовы. Сярод роляў: Банавантура-Выкрутач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Ак’егет («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Менахем-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема). Аўтар радыёперадач аб музыцы, рэжысёр радыёспектакляў, у т. л. оперы «Агатка» Я.Д.Голанда і М.Радзівіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́
(цюрк. пан, старэйшы брат),
тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ГА
(Bufo marinus),
рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.
Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Мае найб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАБАБЯ́Н Рыгор Гарэгінавіч
(25.6.1911, Гюмры, Арменія — 18.3.1977),
армянскі архітэктар. Засл. дз. маст. Арменіі (1961). У 1950—59 гал. архітэктар Ерэвана. У творчасці абапіраўся на вопыт арм. класічнай архітэктуры, выкарыстоўваў сучасныя канструкцыі. Асн. работы: цэнтр. крыты рынак, Вял. Разданскі мост і аўтавакзал у Ерэване.